Вы тут

Замалёўка Галіны НІЧЫПАРОВІЧ


Галіна НІЧЫПАРОВІЧ

Яшчэ з зімы Макар планаваў паставіць новы плот ад суседа, бо ягоныя куры, ліха на іх, так і пруцца ў агарод, так і лупяць жончыны грады. Няма ратунку! Праз дзень-другі Васіліна збіраецца сеяць гародніну, а тут… Скруціла яму паясніцу, што ні сесці, ні ўстаць,

хоць крыкам крычы.

А дзянёк сонечны. За акном шапоча клейкімі лісточкамі бярозка. Макар пасадзіў яе ў той дзень, калі нарадзілася першая ўнучка. Цёплы вецер залятае ў расчыненую фортку, але мужчыну гэта не радуе. Гаспадар ён дбайны. Кожная рэч знае сваё месца. Любая работа ў радасць. Ды што цяпер рабіць?

У хату зайшла жонка.

— Ой-ёй-ёй, Васілінка! — застагнаў ён, лежачы на ложку. — Дай ты мне якіх лекаў. Трываць далей няма сілы. Хоць што-небудзь!

Выцершы рукі аб фартух, кабета злазіла ў аптэчку, выцягнула нейкую бутэлечку, падала Макару. Начапіўшы на нос акуляры, ён узяўся чытаць этыкетку.

— Так, «Настойка пярцовая»… Вонкавая... Але ж у яе тэрмін прыдатнасці сышоў. Мусіць, вычхалася і ўжо не дапаможа? — звярнуўся да жонкі, але той і след прастыў. Вя- дома ж, вясна: столькі работы!.. — Горш не будзе. Куды ўжо? Ат, вазьму на язык, — вырашыў мужчына.

Здаецца, толькі дакрануўся да вадкасці, а так апаліла, так запякло, нібыта ад гарачай патэльні! Макар цёр язык рукавом, пасля ручніком, мыў вадой, што стаяла ў кубку…

— Добра пячэ, — прызнаў нарэшце, — значыць, можна і паясніцу лячыць. Быць таго не можа, каб не дапамагло!

Марна, аднак, спадзяваўся: ні ў той дзень, ні назаўтра не палепшала.

— Ну, чаго ты ляжыш ды стогнеш? — не давала яму спакою Васіліна. — Збірайся і едзь у бальніцу, а то зараз хуткую выклічу.

 — Яшчэ чаго прыдумала! — абурыўся гаспадар. — Я што, хворы? Сам дабяруся.

Лёгка было сказаць, ды няпроста зрабіць. Бальніца — далекавата ад вёскі, кіламетраў за дзесяць. Каб крыху зрэзаць шлях, паехаў праз лес. Ды на чым? На ровары, які трэсла на кожнай выбоінцы і на кожным карэньчыку! У Макара аж у вачах пацямнела. Змок, як мыш,

пакуль дабраўся на месца. Потым доўга сядзеў у чарзе.

Калі нарэшце трапіў на прыём і расказаў, што баліць, лекар супакоіў:

— Не хвалюйся, даражэнькі, паратунак ад гэтай хваробы ёсць — гадамі правераны. Зараз выпішу рэцэпт.

З гэтай паперкай Макар і пайшоў у аптэку, дзе яму падалі ў акенца… «Настойку пярцовую».

— Во ліха! — паскардзіўся ён аптэкарцы, — мне ж такія лекі Васіліна, мая жонка, «прапісала». І чаго я тады ў бальніцу пёрся, чаго ў чарзе тут сядзеў?..

У хуткім часе Макар паправіўся. Ці настойка дапамагла (свежая, прыдатная), ці тое, што пакруціў педалі, зрабіў добрую гімнастыку? Нездарма ж людзі кажуць: «Рух можа замяніць чалавеку любыя лекі». А можа, рухавасці ды здароўя паддалі суседскія куры, якія сквапна паглядалі на Васілінін свежа пасаджаны гарод?..

Уздзенскі раён, в. Магільна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».