Вы тут

Выхадзец са знакамітай палескай вёскі, прафесар Аляксандр Вабішчэвіч напісаў кнігу пра родныя мясціны


Аднойчы, калі Уладзімір Караткевіч быў у экспедыцыі па гэтым краі, ён разгаварыўся з тутэйшым жыхаром. А той жартам сказаў пісьменніку па-рубельску: «Гэто ж наш Кітай». Адсюль і выраз: Кітай-вёска — з-за яе велічыні найперш. Яно і не дзіва, да сярэдзіны ХХ стагоддзя Рубель на Століншчыне быў самай вялікай вёскай Беларусі. Пра ўсё гэта — у новым гісторыка-краязнаўчым нарысе доктара гістарычных навук Аляксандра ВАБІШЧЭВІЧА.


«Мая рубельская «Памяць»

Прафесар Вабішчэвіч загадвае кафедрай славянскіх народаў у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А. С. Пушкіна, паходзіць, як ужо было сказана, з Рубеля. Паводле яго слоў, ідэя напісаць кнігу нарадзілася даўно, калі Аляксандр Мікалаевіч ў складзе групы аўтараў рыхтаваў да выдання матэрыялы раённай кнігі «Памяць». Тая «Памяць» выйшла ў 2003 годзе. «А гэта мая рубельская «Памяць», — сказаў ён пра кнігу «Вёска Рубель на Століншчыне». Рэцензенты ўжо назвалі яе паўнавартаснай манаграфіяй. Нарыс пабудаваны з выкарыстаннем мноства архіўных матэрыялаў, дакументаў, успамінаў жыхароў. У ім прысутнічае храналогія — ад старажытных часоў да нашых дзён. Але гэта найперш твор, напісаны з вялікай любоўю да яго герояў — жыхароў Рубеля розных эпох.

Вабішчэвіч сабраў звесткі пра герояў-франтавікоў, узнагароджаных падчас вайны, і герояў-працаўнікоў, расказаў, як рубельцы адраджалі населены пункт пасля пажараў 1932-га і 1944-га гадоў. Не абышоў нават галоўную мясцовую трагедыю пасляваеннага часу, калі з-за парушэння тэхнікі бяспекі загінула адразу 10 жанчын і дзяўчат. Паводле яго слоў, у гісторыі аднаго асобна ўзятага Рубеля адлюстравалася гісторыя ўсяго Палесся, ды і краіны ў цэлым.

Гісторык Вабішчэвіч прыводзіць звесткі пра тое, што людзі ў гэтых мясцінах сяліліся з першабытных часоў. А першая пісьмовая згадка пра Любру, так называўся Рубель раней, датаваная 1458 годам. Тады княгіня Ганна, удава вялікага князя ВКЛ Свідрыгайлы даравала прывілей жыхару Масляку (Машляку), што стаў пачынальнікам роду Машлякевічаў. Потым — прывілей ад Ганны, пазней — ад Яраславічаў, пінскіх князёў, далей — ад Боны атрымлівалі іншыя прадстаўнікі тутэйшых шляхецкіх родаў — Пашкевічаў, Разановічаў, Вабішчэвічаў. У межах Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, і нават у пачатку ХХ стагоддзя вёска складалася з дзвюх частак — шляхецкая і сялянская. Але і шляхціцы рубельскія, і сяляне займаліся адной справай — расцілі хлеб. Ды шляхецкае паходжанне ўсё ж давала сябе адчуваць у штодзённым быце, а яшчэ пры заключэнні шлюбаў, калі прадстаўнікі саслоўяў імкнуліся знайсці пару сярод сваіх. Ну а потым усё паступова зраўнавалася. Але, паводле пераканання аўтара, ва ўсе часы ў рубельцаў была адна агульная рыса — уменне працаваць самаахвярна, настойліва.

Працаўнікі, якіх пашукаць

Гэтая рыса асабліва праявілася пасля пажару 1932 года, калі большая частка вёскі згарэла, і ў 1944-м, калі акупанты пры адступленні спалілі Рубель датла. Жыхары не ўпадалі ў роспач, а закасвалі рукавы і адраджалі родны кут. Як толькі адбудавалі жытло, дыхнулі вальней, сталі дэманстраваць працоўны гераізм. Дакументы сведчаць пра тое, што рубельскі калгас адразу стаў адным з перадавых. Ужо ў 1950-я гады месцічы — актыўныя ўдзельнікі ВДНГ. За працоўныя подзвігі калгаснікам дастаўся цэлы россып узнагарод. Напрыклад, даярка Софія Машлякевіч атрымлівае ордэн Леніна, некалькі дзясяткаў калгаснікаў — іншыя ордэны і медалі. Узнагароды, як вядома, калгаснікам давалі за цяжкую працу. А рубельцы заўсёды былі працавітыя ды цягавітыя. Акрамя звычайных сельскіх клопатаў, амаль да канца ХХ стагоддзя яны перыядычна пераадольвалі наступствы паводак. Бо нярэдка вясной наравістая Гарынь залівала двары, знішчала пасевы, аж пакуль не ўзвялі дамбы.

Працаваць умелі, на лёс не скардзіліся, дапамогі ні ў каго не прасілі. Вёска расла, і ўжо не хапала работы, не хапала дроў для паліва, не хапала сенажаці для жывёлы. А калі стаў адчувацца дэфіцыт зямлі, бо колькасць насельніцтва пераваліла за пяць тысяч, яны знайшлі выйсце ў паездках на заработкі. Мужчыны ехалі ў складзе будаўнічых арцеляў па ўсім Савецкім Саюзе, а ў вёсцы казалі: «Паехаў на цаліну, на Сібір». Гэтыя вахты часта працягваліся некалькі месяцаў, а то і паўгода. Жанчыны часам выпраўляліся на сельгасработы ва Украіну. Адтуль, акрамя грошай, нярэдка везлі салому, сена, збожжа, будматэрыялы. З далёкіх паездак прывозілі, здаралася, жонак: ёсць цяпер у Рубелі гаспадыні з Удмуртыі, з іншых рэгіёнаў. На чужыне беларусы паказалі сябе сумленнымі, працавітымі, адказнымі работнікамі, таму і бралі іх ахвотна. Таму і ездзілі шмат.

Пад заступніцтвам святога Міхаіла

Але ўжо недзе з сярэдзіны 1970-х гадоў пачынаецца адток моладзі ў горад. Сталі больш выязджаць на вучобу, з часам рассяліліся па ўсёй былой вялікай краіне. І цяпер у розных краінах ёсць цэлыя рубельскія дыяспары. З Рубеля выйшлі многія выдатныя вучоныя, медыкі, педагогі, дзеячы культуры, інжынеры, святары.

Пра святароў варта сказаць асобна. Рэлігійнаму жыццю вёскі прысвечаны цэлы раздзел кнігі. Праваслаўны прыход тут дзейнічае з ХVІ стагоддзя. Свята-Міхайлаўская царква, пабудаваная ў 1796 годзе, цудоўным чынам заставалася некранутая ў час пажараў. Нават у 1944-м годзе, калі згарэлі ўсе 730 двароў, царква засталася. Яе спрабавалі зачыніць у часы ваяўнічага хрушчоўскага атэізму, але людзі не далі, адстаялі. Такім чынам, царкоўны звон ніколі не пакідаў Рубель. А людзі лічаць, што тут асаблівая, богавыбраная мясціна. І архангел Міхаіл ахоўвае, засцерагае гэтую зямлю. Яму нават паставілі помнік каля царквы.

Так сталася, што з Рубеля вельмі шмат юнакоў стала паступаць у духоўныя навучальныя ўстановы. Цяпер, паводле няпоўных даных, больш за 200 праваслаўных святароў, чыім месцам нараджэння значыцца вёска Рубель, служыць у Беларусі, Расіі, Украіне, іншых краінах блізкага і далёкага замежжа. Згаданы помнік архістрацігу Міхаілу паставілі па ініцыятыве названых святароў.

Акрамя таго, ужо каля сотні гадоў налічваецца ад пачатку гісторыі баптысцкай абшчыны вёскі. Ёсць малітоўны дом Евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Таксама дзейнічае абшчына адвентыстаў сёмага дня. І ўсе абшчыны тут жывуць у згодзе, вяскоўцы разам працуюць на палях, вучаць дзяцей у адной школе. Мірнае суіснаванне характэрнае для асяроддзя рубельцаў, для іх менталітэту.

Навуковы падыход

Нездарма ж рэцэнзент, прафесар Здановіч, назваў твор манаграфіяй. Пры падрыхтоўцы кнігі была праведзена вялікая навукова-даследчая работа. Захаваны храналагічны прынцып. Аўтар расказвае пра жыццё вёскі ў перыяды ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, потым — у складзе Польскай дзяржавы, і як ужо гаварылася, у ваенныя гады, у савецкі перыяд, у ХХІ стагоддзі. Прыведзены цікавыя дакументы часоў Расійскай імперыі. Гаворка пра так званыя рэвізскія казкі 1795-га і 1811-га гадоў. У першай даецца перапіс шляхецкіх сем'яў у 51 двары, у другім (1811 — звесткі пра 53 сялянскія сям'і. Ёсць пералік жыхароў з 22 двароў вёскі Хотамель. І ўсё гэта нечыя продкі! Інфармацыя, несумненна, зацікавіць тых чытачоў, хто шукае і аднаўляе свой радавод.

Добрыя водгукі атрымалі і раздзелы анамастыкі і тапанімікі. Нарыс утрымлівае не толькі характэрныя прозвішчы, але і мянушкі, што нярэдка перадаваліся з пакалення ў пакаленне. А яшчэ прыведзены назвы, якія знікаюць — як па-мясцоваму называюць урочышчы, лясы і іх участкі, лугі, сенажаці, вадаёмы. У кожнай вёсцы ёсць такія назвы, і яны няўмольна знікаюць, калі адыходзяць у нябыт іх носьбіты. А ў выпадку з Рубелем застануцца хоць бы ў кнізе Вабішчэвіча. Заўсёды можна будзе разгарнуць і пачытаць, некалі гэта стане вельмі каштоўнай інфармацыяй.

Гераізм і трагедыя

Вялікі раздзел кнігі прысвечаны падзеям Другой сусветнай вайны. Спісы франтавікоў, партызанаў, асобна тых, хто загінуў, хто быў узнагароджаны. Многае з пералічанага ўзята з кнігі «Памяць». Эксклюзіўным з'яўляецца спіс узнагароджаных ордэнамі і медалямі, складзены на падставе архіўных дакументаў і электроннай базы Мінабароны Расійскай Федэрацыі. Там змешчаны не толькі загады, але і ўзнагародныя лісты, дзе даецца апісанне дзеянняў, за якія чалавек прадстаўлены да ўзнагароды. Усё гэта трэба было пераправерыць, сістэматызаваць. Сустрэліся факты, калі рубельцы паказвалі цуды гераізму, адвагі, смеласці. Напрыклад, Фёдар Зіноўчык быў узнагароджаны адразу двума ордэнамі — Чырвонай Зоркі і Чырвонага Сцяга. Як сведчыць дакумент, у баі пад Берлінам ён знішчыў больш за 60 салдат праціўніка. Гэта сюжэт для прыгодніцкага фільма.

Цяпер многія школьнікі шукаюць сведчанні подзвігу сваіх дзядоў і прадзедаў, а тут ёсць гатовы цікавы матэрыял, які можна выкарыстаць не толькі для сямейнага летапісу, але і на школьных, іншых мерапрыемствах. Гэта надзвычай важна. Памяць пра вайну, пра франтавікоў, партызанаў, падпольшчыкаў падтрымліваецца ў сем'ях, у вясковай грамадзе.

— Як і памяць пра іншыя падзеі, асабліва трагічныя. Гэта ніяк нельга было абысці, калі гаварыць пра калгасную гісторыю Рубеля, — разважае Аляксандр Вабішчэвіч. — 12 чэрвеня 1963 года з парома на рацэ зваліўся грузавік. Патанула дзесяць жанчын і дзяўчат, якія ехалі на праполку льну. Тая трагедыя да гэтай пары ў памяці вяскоўцаў. Тут сышлося многае: чалавечы фактар, ігнараванне правілаў тэхнікі бяспекі, памылка калгасных кіраўнікоў. Гэта ўрок многім пакаленням, напамін пра тое, як важна берагчы сябе, клапаціцца аб правілах бяспекі на любой вытворчасці.

Самыя каштоўныя водгукі

Сёння ў Рубелі жыве больш за тры тысячы чалавек, вёска развіваецца, акрамя калгаснай, ёсць іншыя вытворчасці. Пра ўсё, у тым ліку пра сваё жыццё, гаварылі людзі на прэзентацыях кнігі, якіх адбылося ўжо чатыры. Пра кнігу расказвалі, акрамя Брэста ў Рубелі, у Хотамелі, дзе прысутнічалі яе жывыя героі альбо тыя, хто іх ведае. Іх водгукі аўтар лічыць самымі цікавымі і найбольш каштоўнымі. Напрыклад, дырэктар Хотамельскай школы напісала потым у электронным лісце, што ўжо трэці раз штудзіруе кнігу з алоўкам у руках. Кіраўнік адной з буйных будаўнічых фірмаў Брэста, выхадзец з Рубеля, расказаў, што яго маці чытала з вялікай цікавасцю: «Я ж усіх ведаю, пра каго напісана!» — сказала жанчына. А маці бібліятэкара чытала да дзвюх гадзін ночы, не магла адарвацца. Яшчэ адна бабуля сказала, што да яе прыходзяць суседкі, і яны ладзяць калектыўнае чытанне.

Потым пайшлі водгукі ў інтэрнэце. Нездарма рубельская дыяспара існуе па ўсім свеце. Ужо напісалі з Аўстрыі, Канады, Расіі, Украіны. Адгукнуўся нашчадак роду Насанчукоў, якія жылі ў Рубелі да вайны. Насанчукі — даволі заможны род яўрэйскіх прадпрымальнікаў. У іх былі млын, піларама. Жылі яны ў Рубелі даўно, спраўна вялі свой бізнес. А 9 жніўня 1941 года з мясцовымі яўрэямі расправіліся паліцаі. Усіх мужчын і хлопцаў схапілі і расстралялі, іх пахавалі ва ўрочышчы Барок. Тады загінулі 53 чалавекі. Жанчын пагналі ў Столін, дзе тыя жылі ў гета да канца 1942 года, пакуль яно не было знішчана. Міхаіла, сына Насанчука, тады не аказалася дома, ён быў «на рыбе». Яму своечасова падказалі, што трэба хавацца. Ён пэўны час хаваўся на хутары ў селяніна Аўдзея Сірошыка. Потым усё ж трапіў у гета, але дзякуючы таму, што ў яго быў залаты бацькаў гадзіннік, падкупіў аднаго паліцая, той ноччу вывеў хлопца за горад. Неўзабаве ён аказаўся ў партызанскім атрадзе, потым ваяваў у рэгулярнай арміі, дайшоў да Берліна. Пасля вайны Міхаіл перасяліўся ў Канаду. Памёр у 1984 годзе. Фактычна, Міхаіл адзіны з рубельскіх яўрэяў, хто ўратаваўся падчас халакосту.

Дык вось, яго сын Мюрэй ў 2001 годзе наведаў Рубель, паставіў помнік 53-м расстраляным яўрэям. Там пазначаны прозвішчы ўсіх загінулых. Калі кніга выйшла, ён напісаў, што хоча яе набыць. «Пакуль яшчэ не ведаю, як перадаць, але ж неяк прыдумаем, — кажа Аляксандр Мікалаевіч. — Ён яшчэ ў той прыезд расказваў, што на агародзе аднаго з рубельцаў знайшоў камень з былога дзедавага млына. Камень той падняў, пацалаваў, забраў з сабой. Можна ўявіць, колькі расказваў бацька пра родныя мясціны, што заразіў любоўю, цікавасцю сына, які тут раней ніколі не быў».

Прафесар Вабішчэвіч змясціў на адной са старонак і свой радавод, у якім перамяшаліся некалькі фамілій палескай шляхты. Кніга «Вёска Рубель на Століншчыне» — не толькі плён работы двух дзесяцігоддзяў работы. Адчуваецца, што яна стала асаблівай вяхой жыцця аўтара: «Гэта даніна павагі маім продкам і маім землякам», — рэзюмуе ён.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота з архіва Аляксандра Вабішчэвіча

Загаловак у газеце: Пра любімы Рубель

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

З беларуска-літоўскай граніцы працягваюць паступаць весткі, ад якіх проста кроў стыне ў жылах. 

Грамадства

Ва ўстановах адукацыі чакаюць сваіх абітурыентаў

Ва ўстановах адукацыі чакаюць сваіх абітурыентаў

Вызначыцца з выбарам прафесіі і месцам навучання можна да 7 жніўня ўключна.

Спорт

«Максім сказаў і зрабіў». Бацькі і трэнеры пра алімпійскі поспех Максіма Недасекава

«Максім сказаў і зрабіў». Бацькі і трэнеры пра алімпійскі поспех Максіма Недасекава

У сераду ў Мінск вярнуўся бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у скачках у вышыню Максім Недасекаў.

Грамадства

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

А яшчэ нармальны рабочы дзень, адпачынак і права на «бальнічны»...