Вы тут

Інструкцыя па выкарыстанні самога сябе. Чаму пры самавызначэнні не варта марнаваць час на дасягненне чужых мэт?


Як сумясціць у будучай прафесіі чытанне кніг і кіберспорт і ці можна гэта зрабіць? Такое нечаканае пытанне прагучала ад юнага ўдзельніка сустрэчы, што прайшла ў рамках Тыдня прафесійнай адукацыі. На працягу сямі дзён эксперты расказвалі школьнікам на рэальных прыкладах, што дае чалавеку прафесійная адукацыя, якія магчымасці адкрываюцца перад выпускнікамі каледжаў і ліцэяў, дзе можна працаваць і павышаць сваю кваліфікацыю пасля заканчэння сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай навучальнай установы і як можа быць арганізавана інклюзіўнае адукацыйнае асяроддзе.

Далучыўшыся да Тыдня прафесійнай адукацыі анлайн, усе ахвотныя змаглі пабываць на віртуальных экскурсіях па каледжах і ліцэях Мінска, Оршы, Гродна і Маладзечна, а таксама ўбачыць, як працуюць самыя сучасныя беларускія прадпрыемствы. Усе мерапрыемствы прайшлі ў рамках праекта «Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне ў Беларусі» і былі прымеркаваны да старту ўступнай кампаніі 2021 года. Праект фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізоўваецца ў партнёрстве з міністэрствамі адукацыі, працы і сацыяльнай абароны і РІПА.


Ад юнгі — да капітана

«Прафесійная адукацыя: новая рэальнасць і старыя ўяўленні» — так была сфармулявана тэма сустрэчы, падчас якой сваімі гісторыямі поспеху падзяліліся з падлеткамі прадстаўнікі самых розных прафесій.

Адзін з іх — Ілья ПРОХАРАЎ, прадпрымальнік, саўладальнік крафтавай пякарні і кавярні Bro Bakery, расказаў, як выбіраў прафесію ў школьныя гады.

— Прызнаюся, што на момант здачы выпускных экзаменаў яшчэ не ўяўляў, кім сябе бачу і ў якой прафесіі хачу рэалізавацца, таму мой выбар быў дастаткова выпадковым. Я паступіў у БДУ на філалагічны факультэт, скончыў яго, але, на жаль, ні дня не працаваў па атрыманай спецыяльнасці. Займаўся журналістыкай і PR. Амаль дваццаць гадоў прысвяціў рабоце ў холдзінгу «Атлант М». На момант заканчэння там сваёй кар'еры быў топ-менеджарам і памочнікам генеральнага дырэктара, займаўся піярам і брэндзінгам. І вось з топ-менеджарскай пасады я пайшоў, каб засвоіць новую для сябе сферу. На той момант у мяне была адна завершаная вышэйшая адукацыя (філалагічная) і яшчэ адна — незавершаная (вучыўся на рэжысёра дакументальных фільмаў). А зараз я ўладальнік бізнесу. Але перш чым адкрыць сваю пякарню, прайшоў курсы перападрыхтоўкі і скончыў цяперашні каледж хлебапячэння. У мяне ёсць пасведчанне, дзе напісана, што я — пекар.

Навошта пайшоў у прафесійную адукацыю? Проста, перш чым адкрыць свой бізнес, вырашыў навучыцца таму, што робяць не яго заснавальнікі, а звычайныя работнікі, бо лічу, што сапраўдны капітан карабля можа атрымацца толькі з юнгі. Пажадана прайсці гэты шлях з самага нізу і да самага верху, каб ведаць усе этапы працэсу хлебапячэння, на якія ты наймаеш людзей. А яшчэ мне было важна зразумець, як менавіта наша сістэма адукацыі рыхтуе пекараў. Вымушаны канстатаваць, што яна цалкам ігнаруе існаванне невялікіх пякарань. У каледжы рыхтуюць кадры выключна для хлебазаводаў — вялікіх прадпрыемстваў з неперарыўным цыклам, якія выпякаюць па некалькі тон хлебабулачнай прадукцыі ў суткі. А кадры для хлебнай вытворчасці з ручной працай рыхтуюць толькі на кароткатэрміновых курсах, праўда, якасць падрыхтоўкі работнікаў, якія іх скончылі, пакідае жадаць лепшага. Таму мы прымаем на працу цяпер усіх, хто хоча працаваць з хлебам, і лічым, што на ўласным прадпрыемстве зможам выбудаваць адукацыйны працэс так, што выявім схільнасці кожнага нашага работніка, каб той займаўся менавіта тым, што ў яго атрымліваецца найлепш, і яму было камфортна на рабочым месцы. А мы атрымаем узамен ад яго максімальную аддачу.

На жаль, вялікая колькасць сучасных выпускнікоў пад уплывам бацькоўскіх жаданняў ці пад уплывам чужога меркавання імкнуцца атрымаць менавіта вышэйшую адукацыю і пайсці ў сферу разумовай працы. Я гэта абсалютна разумею і прымаю, таму што сам калісьці разважаў і паступаў менавіта так, як яны. Але я бачу сёння выразную тэндэнцыю: работнікі ручной працы знікаюць, гэтая ніша абсалютна пустая. Па законах рынку я буду вымушаны плаціць усё больш высокую заработную плату для таго, каб прыцягнуць у сваю пякарню работнікаў. І я практычна ўпэўнены, што мы ў найбліжэйшы час падыдзем да такой мяжы, калі работнікі ручной працы будуць мець даход, супастаўляльны і нават намнога больш высокі, чым выпускнікі ВНУ. Ужо сёння пекар, які атрымлівае дзве тысячы рублёў і больш, — не штосьці звышнатуральнае, а амаль стандарт.

Цяпер у мяне працуюць 25 чалавек, з іх прыкладна палова маюць профільную адукацыю, а многія прыйшлі ў пякарню з іншых сфер. Сярод іх ёсць былы банкаўскі работнік, былы намеснік галоўнага рэдактара газеты, выкладчык англійскай мовы. Яны прыходзяць, каб кардынальна змяніць сферу сваёй дзейнасці. Кажуць, што прасядзелі ў офісе пятнаццаць гадоў і больш там не вытрымаюць. У іх узнікла патрэба ў нейкай стваральнай працы, вынікі якой бачныя адразу. Але мы не хаваем, што праца пекара фізічна цяжкая: гэта 12-гадзінная змена на нагах з падыманнем цяжкасцяў у памяшканні з высокай тэмпературай. Трэба казаць людзям праўду адразу, каб у іх потым не было расчаравання.

Адказнасць і кайф

— А я зусім не здзіўлена, што выкладчыкі англійскай мовы працуюць у пякарні, — заўважыла Наталля ДЗІЧКОЎСКАЯ, кіраўнік першай у Беларусі Школы прыгажосці і натуральнага амаладжэння, член міжнароднага альянсу ароматэрапеўтаў, аўтар кніг і стваральнік брэнда натуральнай касметыкі Parі Satіss. — У дзяцінстве я марыла быць настаўніцай і гуляла з лялькамі ў школу. Пасля яе заканчэння паступіла ў цяперашні лінгвістычны ўніверсітэт. Падчас вучобы ў нас быў папулярны жарт: «Скончы «іняз» і здзіві аднакурснікаў месцам сваёй працы». Выкладчыка англійскай мовы вы можаце сустрэць сёння ў любой сферы дзейнасці...

Сваю дзіцячую патрэбу я, па сутнасці, задаволіла — некалькі гадоў выкладала ў БДУ. Навучалася ў магістратуры, потым — у аспірантуры і за гэты час паспела сысці ў адзін дэкрэт, а потым — у другі. І вось калі я знаходзілася ў другім, зразумела, што мне падабаецца займацца чымсьці зусім іншым. Хоць замежныя мовы я і люблю, але маё новае захапленне прыносіць мне нашмат больш задавальнення. «Рэінкарнацыя» адбылася прыкладна на дзявятым месяцы цяжарнасці, а штуршок ёй дала мая акушэрка. Яна сказала, што тая касметыка, якую я раблю ўласнымі рукамі, прынясе свету нашмат больш карысці, чым мая дысертацыя па англійскай літаратуры. І я пайшла і зарэгістравала ІП.
Пачала рабіць сайт, у зачаткавым стане была мая школа і інтэрнэт-крама. Думаеце, я кінула БДУ? Не, таму што пра гэта трэба было б прызнацца сваёй маці. А да такога нечаканага павароту ў маім жыцці нават я не была гатовая. У нашай сям'і ніколі не было бізнесменаў — адны навукоўцы. Два гады я не прызнавалася, што адкрыла свой бізнес, таму што рэакцыя мамы была прадказальная. Што гэта за прафесія — ароматэрапеўт? А школа натуральнай касметыкі? Што ў працоўную кніжку напішуць?

Таму я ўсё сумяшчала, скончыла аспірантуру, адпрацавала размеркаванне, абаранілася. А потым пайшла ў вольнае плаванне. І сёння я шчаслівы чалавек, гэта было найлепшае самастойнае рашэнне ў маім жыцці. Я зразумела, што раней ішла пракладзенай дарогай і выконвала ўскладзеныя на мяне сям'ёй чаканні. А потым стала жыць сваім жыццём. Няхай з рызыкай і адказнасцю, але мая новая рэчаіснасць нашмат цікавейшая. Канешне, у кожнага свой працэнт авантурызму, і кожны можа вытрымаць сваю «дозу» адказнасці. Гэта цяжка, але я адчуваю сапраўдны кайф.

У нашай школе дзецям не дазваляюць здзяйсняць памылкі, іх наўмысна падкрэсліваюць чырвонымі чарніламі, каб ты бачыў, які ж ты неразумны. Таму страх перад памылкай ва ўсіх вялікі. А трэба проста верыць у дзіця, тады ў яго вырастаюць крылы. Калі старшакласнік хоча быць музыкантам, а яму кажуць ісці ў айцішнікі, бо тым шмат плацяць, то шанцаў адкрыць свет і рэалізаваць сябе ў такіх падлеткаў няшмат. На нас быў ціск з боку бацькоў і соцыуму, а цяпер да гэтага дадаліся яшчэ сацыяльныя сеткі. Там навязваюць стэрэатыпы аб модных і паспяховых прафесіях.

Усё ж такі вельмі важна быць шчырым з самім сабой, што дазволіць вам не марнаваць час на дасягненне чужых мэт. Тым больш што сёння ёсць шмат спосабаў пратэсціраваць сябе і свае схільнасці. І чым больш падрабязную «інструкцыю па выкарыстанні самога сябе» вы складзяце, чым лепш будзеце разумець сябе, тым менш шанцаў, што станеце рыбай, якая спрабуе залезці на дрэва і пастаянна параўноўвае сябе з малпамі, у якіх гэта атрымліваецца нашмат лепш. Калі вы нешчаслівыя, у жыцці трэба абавязкова штосьці мяняць. А грошы ляжаць не толькі ў плоскасці вышэйшай адукацыі. Вы зможаце зарабіць іх там, дзе вам будзе цікава, дзе вы раскрыеце свой патэнцыял і станеце мегаспецыялістам.

Дзе твая іскра?

Шлях ад муляра да галоўнага інжынера будаўнічай кампаніі «Інфарэал» прайшоў Сяргей ДЗЕМ'ЯНКОЎ. Ён расказаў, што ў 1986 годзе паступіў у будаўнічы тэхнікум і пасля яго заканчэння пайшоў працаваць на будоўлю:

— Спачатку мулярам, потым майстрам і прарабам. Рухаўся ад прыступкі да прыступкі, пазнаваў увесь працэс будоўлі, так бы мовіць, знутры.

У нашай прафесіі ёсць вялікі плюс: працуючы будаўніком, ты заўсёды можаш прадэманстраваць, што зрабіў. Калі мы будавалі «Славянскі квартал» у пачатку праспекта Пераможцаў, самай высокай кропкай на будоўлі быў вежавы кран: кранаўшчык знаходзіўся ў сваёй кабіне на вышыні 123 метры. Мушу заўважыць, што нават заробак пекара не параўнаецца з заробкамі кранаўшчыка, які мае прафесійна-тэхнічную адукацыю. Для таго каб падняцца на сваё працоўнае месца, яму патрабуецца 20 хвілін. Аднойчы наш кранаўшчык спускаецца пасля працоўнага дня на зямлю і кажа ў захапленні: «Ніколі не думаў, што буду глядзець на самалёты зверху ўніз». Высветлілася, што самалёт, які ўдзельнічаў у парадзе, пралятаў пад ім.

Зараз на нашым аб'екце працуюць 500 чалавек: ёсць сярод іх і медыкі, і педагогі, і кіроўцы. Бетоншчык, напрыклад, зарабляе ў нас ад 4 тысяч рублёў. Але мы пастаянна займаемся пошукам кадраў. Дарэчы, за баранкай вялікага бетонавоза ў нас працуе жанчына, якая раней была... педагогам. І ў яе гэта выдатна атрымліваецца.

Маладыя часта, калі чагосьці не ведаюць, баяцца пра гэта пытацца. А вы не бойцеся! Цікаўнасць — рухавік прагрэсу і гарантыя вашага асабістага росту. Калі ты нічым не цікавішся, значыць, гэта не тваё, шукай сябе там, дзе будзе іскра. Калі вы памыліліся з выбарам, не бойцеся сабе ў гэтым прызнацца і патлумачыць сваю пазіцыю іншым. У Германіі, напрыклад, усё часцей 40—50-гадовыя людзі кідаюць сваю прафесію і сыходзяць у іншае вымярэнне. І гэтая тэндэнцыя прасочваецца ў многіх краінах.

Музыка і аўтасэрвіс

— Вельмі добра, калі чалавек цікаўны, — пагаджаецца намеснік начальніка цэха Мінскага завода колавых цягачоў Аляксандр ШЭЛЕГ. — Мой транспартны цэх займаецца аўтамабільнымі перавозкамі, перавозкамі ўнутры прадпрыемства (гэта электракаляскі, аўтапагрузчыкі і электрапагрузчыкі). Таксама ў нас працуюць і слесары, якія ўсю гэту тэхніку абслугоўваюць. Ёсць вельмі сур'ёзныя спецыялісты, якія задаволеныя і ўзроўнем свайго заробку, і месцам на кар'ернай лесвіцы. Хто хоча расці — для гэтага ў нас створаны ўсе ўмовы. Ёсць хлопцы, якія прыходзілі працаваць слесарамі па рамонце аўтамабіляў, а зараз у іх ужо ёсць некалькі прафесій. Працуючы ў цэху, яны атрымалі дадаткова прафесію муляра і акрамя рамонту аўтамабіляў займаюцца яшчэ і іх афарбоўкай, кузаўным рамонтам. Хтосьці займаецца яшчэ і зварачнымі работамі.

Я ў свой час таксама быў цікаўным. Скончыў музычную школу, «харавыя спевы і дырыжыраванне», але мяне таксама цікавілі і механізмы, таму пасля 9 класа пайшоў вучыцца ў прафесійна-тэхнічны каледж. Сёння гэта Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаўніцтве і аўтасэрвісе. Прайшоў узровень прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Па размеркаванні трапіў на завод колавых цягачоў. І тут адчуў, што гэта маё. А калі атрымліваў прафесійна-тэхнічную адукацыю, скончыў яшчэ і курсы кухараў, нават пабываў на практыцы ў адным з мінскіх рэстаранаў. Для мяне гэта было цікава. Калі ж пераканаўся, што я — на сваім месцы, атрымаў вышэйшую адукацыю па сваім профілі. Такім чынам, пачынаў са слесара па рамонце аўтамабіляў, потым быў механікам, начальнікам участка, старшым майстрам, а цяпер я — намеснік начальніка транспартнага цэха. Дарэчы, музыка засталася са мной — цяпер гэта маё хобі.

Рабочая прафесія: перазагрузка

— Калі футуролагі разважаюць пра будучыню, то кажуць, што, выбіраючы прафесію, трэба быць гатовымі выконваць функцыі, якіх сёння яшчэ няма. Але не ўсе прафесіі знікнуць, — заўважыў рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Валерый ГАЛУБОЎСКІ. — Ёсць цэнтры прагназавання ў еўрапейскіх краінах і ў Расіі. Мы звяраем з імі свае гадзіннікі, каб ведаць, як нам развіваць у сістэме адукацыі прафесіі і кваліфікацыі. Паводле прагнозаў, 70—80 працэнтаў існуючых сёння прафесій застануцца, але трансфармуюцца пад уздзеяннем «лічбы». Маладым людзям, якія стаяць перад прафесійным выбарам, трэба прыслухацца да сябе і адказаць на пытанні. Хто я: даследчык або хачу быць, напрыклад, спецыялістам па рамонце электрамабіляў? Падумайце, наколькі цікава вам будзе расці ў абранай сферы, а час усё роўна прымусіць вас дабраць патрэбныя кампетэнцыі. Хачу падкрэсліць, што патрэба ў прадстаўніках рабочых прафесій і спецыялістах сярэдняга звяна пастаянна нарастае. А стэрэатып, што прафесійна-тэхнічная адукацыя — толькі для няўдачнікаў, сёння не актуальны.

Сучасны рабочы — гэта эрудзіраваны, высокакваліфікаваны спецыяліст, які, акрамя прафесійных ведаў, павінен валодаць спецыфічнымі навыкамі ў сумежных галінах, у тым ліку разбірацца ў інфармацыйных тэхналогіях, робататэхніцы і г. д. Мяжа паміж рабочым і інжынерам усё больш размываецца. Сёння токар, які працуе на сучасным станку з лічбавым праграмным кіраваннем, у адной асобе і тэхнолаг, і наладчык, і аператар, які кантралюе прыладу. А мехатронік — спецыяліст-дыягностык, які можа вызначыць няспраўнасць механізма і правесці дробны рамонт: ён ведае і механіку, і пнеўматыку, і электроніку... Паняцце «рабочая прафесія», як і стаўленне да яе прадстаўнікоў, патрабуе ў нашым грамадстве «перазагрузкі».

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?