Вы тут

На факультэце журналістыкі БДУ прайшлі конкурсы для юных фатографаў і карэспандэнтаў


Аднымі з найлепшых у іх аказаліся вучаніцы слонімскай сярэдняй школы № 8 Мілена СМАГІНА, а таксама маладзечанскай сярэдняй школы № 11 Ангеліна САРОКА.


Фо­та­ра­бо­та «Маё на­тхнен­не» Мі­ле­ны Сма­гі­най.

— Мая цікавасць да фатаграфіі ўзнікла яшчэ ў дзяцінстве, але прафесійна займаюся ёю на працягу двух гадоў, — кажа 16-гадовая Мілена, — з тых часоў, як бацькі падарылі мне доўгачаканы фотаапарат. У асноўным здымаю партрэты і прыроду. Таксама вельмі падабаецца макраздымка (здымка раслін або насякомых з павелічальнай лінзай). Мая мама прапанавала паўдзельнічаць у конкурсе, бо яна ведае, наколькі я люблю фатаграфаваць. Творчае спаборніцтва праводзілася ў два этапы. Свае работы можна было дасылаць па трох намінацыях: «Прырода», «Людзі» і «Нязведаная Беларусь». Я абрала другую. Здымак, які адпраўляла, атрымаўся спантанна. Памятаю, у той дзень мне прыйшла доўгачаканая пасылка з новым аб'ектывам. Як толькі ён апынуўся ў мяне, мы з малодшай сястрой пабеглі на вуліцу зрабіць пару пробных кадраў. Ёй вельмі падабаецца фатаграфавацца, а мне, зразумела, патрабуецца практыка. Так і атрымаўся здымак, які я назвала «Маё натхненне». Калі дасылала яго на конкурс, не была ўпэўнена, што стану адным з пераможцаў.

Мі­ле­на Сма­гі­на.

Пазней маме патэлефанаваў завуч нашай школы і паведаміў, што мы запрошаны на ўзнагароджанне. Навіна аб гэтым вельмі парадавала мяне. Там і даведалася, што мая фотаработа заняла другое месца.

Дарэчы, Мілена дагэтуль удзельнічала ў міжнародных конкурсах «Новыя вяршыні», дзе стала лаўрэатам першай ступені, Musіc Star Of Slovenіa (лаўрэат другой ступені) і іншых.

Ангеліна Сарока таксама пачала фатаграфаваць і здымаць відэаролікі з падлеткавага ўзросту.

«Кас­цёл Ба­га­ро­дзі­цы» Ан­ге­лі­ны Са­ро­кі.

— Брала плёнкавы фотаапарат бацькоў і «пстрыкала» ўсё, што бачыла. Потым пачала выкарыстоўваць «мыльніцу», мабільны тэлефон. А ў дзявятым класе мама падарыла на дзень нараджэння камеру Nіkon. З тых часоў імкнуся злавіць прыгожыя жывыя кадры ў любым месцы. Можа, не заўсёды атрымліваецца тое, што хачу, аднак я ж толькі вучуся, спрабую сябе ў розных жанрах. І вось калі наведвала Школу маладога журналіста на факультэце журналістыкі БДУ, нам расказалі пра рэспубліканскі фотаконкурс. Мне спадабалася тэма нязведанай Беларусі. Настаўнік гісторыі параіў некаторыя куткі ў Маладзечанскім раёне, аб якіх я нават не чула. Неяк з бацькамі мы заехалі ў аграгарадок Хохлава, каб зрабіць фота Касцёла Святой Багародзіцы. Было пахмурнае надвор'е, і, здаецца, яно надало асаблівую атмасферу майму здымку. Іншым разам з сяброўкай і маімі бацькамі мы паехалі ў Гарадок, каб убачыць гарадзішча і стары вадзяны млын. Мне падабаюцца падарожжы. А такія месцы зусім побач, і можа здавацца, што ў іх няма нічога незвычайнага. Але я бачу ўсё па-іншаму. У выніку за сваю фотаработу касцёла Багародзіцы атрымала на конкурсе дыплом другой ступені.

Ан­ге­лі­на Са­ро­ка.

Ангеліна таксама ўдзельнічала ў раённых і ў міжнародных конкурсах. Сярод апошніх — «Планета жывёл» і «Восеньская мелодыя».

— Што датычыцца рэспубліканскага конкурсу юных журналістаў, у якім я ўзяла ўдзел, то гэта было вельмі лагічным рашэннем, — дадала 17-гадовая гераіня. — Бо я вызначылася з прафесіяй яшчэ ў восьмым класе. Запісалася ў гурток журналістыкі ў сваім горадзе і толькі яшчэ больш пераканалася ў тым, што гэтая прафесія — для мяне. Да таго ж здымаю відэаролікі на YouTube, яны аб маім жыцці: ёсць парады падлеткам, гутарковыя душэўныя відэа, каверы на розныя песні, бываюць часам ролікі забаўляльнага плана. Сёлета стала «студэнткай БДУ на тыдзень», наведвала Школу маладога журналіста раз на месяц. Мне падабаецца атмасфера на факультэце журналістыкі, выкладчыкі, хлопцы і дзяўчаты. Таму не сумняваюся, што буду паступаць менавіта туды.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Загаловак у газеце: Удалы кадр, або Фота як першы крок да прафесіі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».