Вы тут

Дэпутаты абмеркавалі, як на практыцы палепшыць жыццё пажылых людзей


У свеце кожную секунду сваё шасцідзесяцігоддзе адзначаюць два чалавекі. За апошнія 30 гадоў колькасць людзей, старэйшых за 60 гадоў, падвоілася. Мяркуецца, што да 2050 года кожны пяты чалавек перасягне гэты ўзрост. Не выключэнне ў такой тэндэнцыі і Беларусь. У сувязі з гэтым летась была зацверджана нацыянальная стратэгія «Актыўнае даўгалецце — 2030», якая прадугледжвае шэраг мер па пашырэнні магчымасцяў пажылых грамадзян і стварэнні ўмоў для рэалізацыі іх патэнцыялу, у тым ліку ў працы і навучанні. Як гэтыя меры будуць працаваць на практыцы, а таксама якія яшчэ змены патрабуюцца ў заканадаўстве, абмяркоўвалі на выязным пасяджэнні члены Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па працы і сацыяльных пытаннях, якое прайшло на базе Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна Мінска.


pexels.com

Прафесійныя кампетэнцыі, камп'ютарная і фінансавая адукаванасць

Падчас выязнога пасяджэння парламентарыі азнаёміліся з вопытам сумеснай работы тэрытарыяльнага цэнтра і БДПУ імя М. Танка. На базе цэнтра, дарэчы, існуе кафедра ўніверсітэта, студэнты праходзяць тут практыку, працуюць валанцёрамі, а пасля заканчэння ВНУ могуць і ўладкавацца на пастаянную працу. Дэпутатаў цікавіла, чаму маладыя людзі выбіраюць прафесію ў сацыяльнай сферы, якія кампетэнцыі атрымліваюць ва ўніверсітэце, ці супадаюць яны з запытамі пажылых людзей і, нарэшце, ці адпавядаюць патрэбы, якія прад'яўляе рынак працы, з магчымасцямі, што дае адукацыя.

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па працы і сацыяльных пытаннях Людміла КАНАНОВІЧ канстатавала, што сёння ў Беларусі ўдзельная вага людзей ва ўзросце 65 гадоў і старэй складае 14,9 %. Як вядома, па класіфікацыі ААН насельніцтва краіны лічыцца старым, калі гэта лічба складае 7 %. Пры гэтым колькасць пажылых грамадзян у Беларусі, як і ва ўсім свеце, расце.

— У сувязі з гэтым далейшае ўстойлівае развіццё магчымае за кошт як пазітыўных змен дэмаграфічнай сітуацыі, так і больш эфектыўнага выкарыстання патэнцыялу грамадзян пажылога ўзросту. Гэта вельмі важна, бо прадстаўнікі старэйшых пакаленняў з'яўляюцца носьбітамі ведаў, вопыту, жыццёвай мудрасці — тых асноў, якія неабходныя нам для развіцця краіны і сёння, і ў будучыні. Беражлівае і паважлівае стаўленне да людзей пажылога ўзросту, на мой погляд, — гэта характарыстыка менталітэту беларускага народа, — адзначыла Людміла Канановіч.

Парламентарый падкрэсліла, што заканадаўцы мусяць прыняць удзел у вырашэнні такіх пытанняў, як забеспячэнне правоў пажылых грамадзян, стымуляванне больш працяглага працоўнага жыцця, фарміраванне камфортнага ўзроўню іх даходаў, забеспячэнне магчымасці для навучання на працягу ўсяго жыцця, стварэнне ўмоў для здаровага, бяспечнага жыцця і актыўнага даўгалецця, развіццё сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай адаптыўнай інфраструктуры і асяроддзя жыццядзейнасці. Гэтыя задачы і пакладзены ў аснову Нацыянальнай стратэгіі «Актыўнае даўгалецце — 2030».

Людміла Канановіч нагадала, што прадстаўнікі Пастаяннай камісіі Нацыяльнага сходу па працы і сацыяльных пытаннях правялі вялікую работу над гэтым дакументам, у тым ліку сустракаліся з навукоўцамі, прадстаўнікамі дзяржорганаў, абмяркоўвалі спрэчныя моманты.

— Канцэпцыя разлічана на пяцігоддзе, і падчас яе рэалізацыі плануецца стварэнне ўмоў для стымулявання больш працяглага працоўнага жыцця праз увасабленне прынцыпу «адукацыя праз усё жыццё». Гэта дазволіць нам падтрымаць узровень кваліфікацыі работнікаў перадпенсійнага і пенсійнага ўзросту ў актуальным стане. Канешне, запатрабаваным бачыцца кірунак па камп'ютарнай адукаванасці сярод пажылога насельніцтва для эфектыўнага карыстання электроннымі паслугамі, а таксама павышэнне фінансавай адукаванасці насельніцтва для выпрацоўкі сваёй жыццёвай стратэгіі пасля сыходу на заслужаны адпачынак, — расказала парламентарый.

Заканадаўства не ўтрымлівае нормаў дыскрымінацыі па ўзросце

Цэлы раздзел Нацыянальнай стратэгіі «Актыўнае даўгалецце — 2030» скіраваны на пашырэнне магчымасцяў пажылых людзей для ўдзелу ў грамадскім жыцці, занятках фізкультурай і спортам, турызмам і творчасцю, а таксама на развіццё сістэмы медыка-сацыяльнай і герыятрычнай дапамогі, пашырэнне формаў сацыяльнага абслугоўвання непасрэдна па месцы жыхарства пажылых людзей, удасканаленне інфраструктуры і сферы паслуг, якія будуць адаптавацца з улікам патрэб пажылога насельніцтва.

— Важна адзначыць, што наша нацыянальнае заканадаўства не ўтрымлівае нормаў дыскрымінацыі па ўзросце, а, наадварот, усяляк стымулюе інтэграцыю пажылых грамадзян у грамадскае жыццё. Але практыка паказвае, што заканадаўчыя рашэнні не заўсёды працуюць у поўную моц. Таму мы сёння абмяркоўваем гэтыя праблемныя моманты. І наступны наш крок — работа над падрыхтоўкай змен у закон «Аб сацыяльным абслугоўванні». Мяркуецца, што мы прыступім да іх у 2022 годзе. Планаваныя змены датычацца ўдасканалення сістэмы сацыяльнага абслугоўвання, забеспячэння адраснасці сацыяльных паслуг, развіцця сістэмы догляду, а таксама павышэння эфектыўнасці выкарыстання бюджэтных сродкаў, што выдзяляюцца на фінансаванне сацыяльнага абслугоўвання і падтрымку грамадзян, якія ажыццяўляюць догляд. Сістэма павінна развівацца так, каб паслугі былі даступныя і запатрабаваныя, рэзюмавала Людміла Канановіч.

Кіраўнік адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Мінска Таццяна Калядка адзначыла, што працягласць жыцця насельніцтва ў той ці іншай краіне — пэўны крытэрый ацэнкі дабрабыту дзяржавы.

— Мы сапраўды сёння падтрымліваем, садзейнічаем і ажыццяўляем комплекс дадатковых мерапрыемстваў для якаснага жыцця нашага насельніцтва, асабліва пажылых і тых, у каго ёсць захворванні і інваліднасць, — падкрэсліла яна.

Дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна г. Мінска Вольга Катава пазнаёміла ўдзельнікаў пасяджэння з работай установы. У базах цэнтра больш за 33 тысячы грамадзян, якія сюды звярталіся. У Маскоўскім раёне сталіцы 2882 адзінокія грамадзяне пажылога ўзросту, 5656 пажылых людзей, якія жывуць адны, 432 адзінокія і адзінока пражываючыя інваліды першай групы, 78 ветэранаў ВАВ.

Прафесійных кадраў патрэбна больш

Эфектыўная рэалізацыя стратэгіі «Актыўнае даўгалецце — 2030» залежыць ад кадраў, выказала меркаванне дэкан факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Вера Мартынава. Яна расказала, што ўжо тры дзесяцігоддзі БДПУ імя М. Танка першым у краіне вядзе падрыхтоўку спецыялістаў сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай сферы. У цяперашні час гэта такія спецыяльнасці, як «Сацыяльная работа», «Сацыяльная педагогіка», «Сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога». Выпускнікі ўсіх трох спецыяльнасцяў працуюць у тым ліку і ва ўстановах сацыяльнай абароны насельніцтва. Дэкан падзялілася думкай, што такіх спецыялістаў краіне патрэбна больш:

— На мой погляд, варта пашырыць падрыхтоўку спецыялістаў па сацыяльнай рабоце ў краіне. Мы прааналізавалі сітуацыю: наш факультэт задавальняе ўсяго 17 % заявак, якія паступаюць на нашых выпускнікоў. У прыватнасці, мы выпусцілі дзесяць маладых спецыялістаў па спецыяльнасці «Сацыяльная работа», якія навучаліся на бюджэтнай форме і маюць дзяржаўнае размеркаванне. У краіне 147 ЦСАН, пры тым, што набор 2021 года — 312 чалавек, з іх на бюджэтнай форме навучання — 98 чалавек. Яны будуць мець дзяржаўнае размеркаванне. Гэта невялікія лічбы, каб задаволіць патрэбу тэрытарыяльных цэнтраў у спецыялістах з прафесійнай падрыхтоўкай.

Намеснік дырэктара Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна г. Мінска Анастасія Урбановіч расказала пра работу цэнтра з пажылымі грамадзянамі, а таксама выказала прапановы зацікаўліваць патэнцыйных апекуноў пажылых і недзеяздольных грамадзян магчымымі льготамі, напрыклад, датэрміновым выхадам на пенсію, матэрыяльнымі выплатамі, дадатковымі днямі да адпачынку.

— Адной з нашых задач было прааналізаваць баланс рынку занятасці і адукацыі, бо ёсць меркаванне, што ўтварыўся разрыў у падрыхтоўцы і кампетэнцыях кадраў з сучаснымі патрэбамі. Мы ўбачылі, што педуніверсітэт рухаецца ў правільным кірунку, удасканальвае дзейнасць у падрыхтоўцы работнікаў для сферы сацыяльнай абароны. У сваёй рабоце яны выкарыстоўваюць новыя тэндэнцыі, такія як сацыяльнае прадпрымальніцтва, што вельмі важна. Паслуга павінна аказвацца таму, хто мае ў ёй патрэбу, мусіць быць запатрабаванай, якаснай і сучаснай. Члены нашай камісіі папрацуюць у сваіх акругах з сацыяльнымі цэнтрамі, і ўсе прапановы, што ў нас збяруцца па ўдасканаленні заканадаўства, мы будзем улічваць падчас работы над зменамі нарматыўных дакументаў, — падвяла вынік Людміла Канановіч.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: ...І доўгіх актыўных гадоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?