Вы тут

Летась у Беларусі было аказана больш як 6,5 млн электронных паслуг


Летась у Беларусі было аказана больш як 6,5 млн электронных паслуг, і іх пералік паступова павялічваецца. Атрымаць 76 адміністрацыйных працэдур мытных і падатковых органаў, пагранічнай службы, міністэрстваў унутраных спраў і сувязі, найбольш запатрабаваныя даведкі і шэраг іншых дакументаў ад дзяржаўных органаў краіны беларусы могуць, не выходзячы з дому, праз адзіны партал электронных паслуг. Плануецца, што неўзабаве электроннай стане і медыцынская картка, а таксама з'явіцца тэлемедыцынскае кансультаванне пацыента з урачом праз інтэрнэт. Што робіцца ў галіне лічбавых паслуг у краіне, расказалі спецыялісты.


pixabay.com

Асабісты ключ ці ўнікальны ідэнтыфікатар

Пералік працэдур, якія можна атрымаць у электронным выглядзе, вызначаны пастановай Саўміна № 271. У электронны выгляд паэтапна плануецца перавесці яшчэ каля 300 працэдур, што прадугледжана распараджэннем прэм'ер-міністра краіны, разлічаным да 2021 года. Дакумент вызначае галіновыя дзяржорганы, якія павінны перавесці працэдуры ў электронны выгляд, а таксама тэрміны гэтай работы, расказала Наталля ФІЛІПАВА, намеснік
міністра юстыцыі:

— Раней большасць працэдур была разлічана на суб'ектаў гаспадарання, а дзякуючы распараджэнню электроннымі мусяць стаць найбольш запатрабаваныя людзьмі паслугі. Гэта, напрыклад, даведка аб стане асобы, якая мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў; аб займаным памяшканні і складзе сям'і; аб месцы жыхарства; аб даванні аднаразовай субсідыі на будаўніцтва ці набыццё жылля. Праз электронную форму можна запрасіць у Беларусь іншаземца; аплаціць падаходны падатак фізічнай асобы; вярнуць празмерна сплачаныя мытныя плацяжы. А таксама здзейсніць шэраг працэдур у сферы рэгістрацыі зямельных надзелаў і нерухомасці.

На пачатку лета пастановай Саўміна № 294 пералік адміністрацыйных працэдур павялічыўся яшчэ на 16 паслуг. Сярод іх, напрыклад, даведка аб наяўнасці (адсутнасці) выканаўчых лістоў ці іншых патрабаванняў аб спагнанні з заяўніка запазычанасці па падатках або іншых нявыкананых абавязках; даведка аб выплаце (утрыманні) падаходнага падатку з фізічных асоб, каб пазбегнуць двайнога падаткаабкладання; даведка аб даходах для вырашэння пытання аб перадачы дзіцяці на ўсынаўленне.

Для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў стала даступнай, напрыклад, электронная выдача (засведчанне) даведкі аб пастаянным месцазнаходжанні беларускай арганізацыі, каб пазбегнуць двайнога падаткаабкладання. Рэгістрацыя радыёэлектронных сродкаў і (або) высокачастотных прылад, якія з'яўляюцца крыніцай электрамагнітнага выпраменьвання, грамадзянскага назначэння. Выдача дазволу на правядзенне аэрафотаздымкі і аэрамагнітнай здымкі. А таксама выдзяленне, выключэнне рэсурсу нумарацыі, узгадненне перадачы рэсурсу нумарацыі і некаторыя іншыя працэдуры.

Каб атрымаць доступ да адзінага партала ў залежнасці ад канкрэтнай адмінпрацэдуры, заяўнік павінен мець асабісты ключ электроннага лічбавага подпісу або ўнікальны ідэнтыфікатар (логін і пароль), дадала намеснік міністра:

— Асабісты ключ электроннага лічбавага подпісу можна атрымаць у Нацыянальным цэнтры электронных паслуг www.nces.by, а ўнікальны ідэнтыфікатар выдаецца пры асабістым звароце ў службу «Адно акно» ці таксама ў Нацыянальным цэнтры электронных паслуг. У электронным выглядзе можна, напрыклад, атрымаць пропуск на права ўезду, часовага знаходжання ў пагранічнай паласе ці зарэгістраваць іншаземца, які часова знаходзіцца ў Беларусі. Апошняя паслуга, дарэчы, бясплатная ў электронным выглядзе, але платная — пры асабістым звароце.

Служба «Адно акно» пры гэтым не знікне, упэўнена прадстаўніца Мінюста, бо ёсць частка насельніцтва, якім або проста патрэбны жывыя стасункі, або яны не могуць ці не ўмеюць карыстацца інтэрнэтам.

— Нават калі ўсе адміністрацыйныя працэдуры пяройдуць на электронную пляцоўку, супрацоўнікі «Аднаго акна» стануць своеасаблівымі пасрэднікамі паміж уладай і чалавекам. Яны змогуць скарыстацца ўласным ключом, увайсці ў асабісты кабінет чалавека і здзейсніць адміністрацыйную працэдуру, — тлумачыць Наталля Філіпава.

Крыптаграфічная ахова і давераны трэці бок

Воблачныя тэхналогіі — не справа будучыні, а сённяшнія рэаліі, іх трэба выкарыстоўваць, вывучаць і ўкараняць ва ўсіх сферах жыцця, упэўнена Таццяна ТУРОМША, намеснік дырэктара па камерцыйных пытаннях Нацыянальнага цэнтра абмену трафікам. Менавіта цэнтру прадастаўлена права рэалізацыі адукацыйных паслуг у сферы аховы інфармацыі і інфармацыйнай бяспекі.

— Створана ўжо 12 праграм, а за апошнія месяцы навучанне прайшлі некалькі спецыялістаў і кіраўнікоў краіны, — паведаміла яна. — Гэтыя курсы запатрабаваны, бо спецыялісты могуць атрымаць самыя аператыўныя звесткі ад лектараў-практыкаў у галіне прадухілення кіберзлачынстваў, абмяняцца вопытам будаўніцтва сістэм інфармацыйнай бяспекі непасрэдна ў сваіх арганізацыях, атрымаць кваліфікаваныя тлумачэнні па заканадаўстве ў галіне тэхнічнай і крыптаграфічнай аховы інфармацыі. Ужо даступны курсы для спецыялістаў, якія ўзаемадзейнічаюць непасрэдна з персанальнымі данымі грамадзян.

У Беларусі выдадзена звыш за 900 тысяч электронна-лічбавых подпісаў, і гэта ўжо набыло масавы характар і стала сапраўдным інструментам, да якога прывыкае грамадства, заўважыў Сяргей РУДНЕЎ, першы намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг:

— Лічбавы подпіс будзе і на ІD-картцы беларуса, якая разлічана на дзесяць гадоў. У працэс яе выкарыстання ў розных сферах увойдзе ўсё насельніцтва краіны. Аднак перш чым пераходзіць цалкам на анлайн-паслугі, мы павінны навучыцца карыстацца гэтымі інструментамі. Калі будзе створана тэхналагічная інфраструктура для выкарыстаня подпісу, галоўнае, каб грамадства перайшло на новы этап. Толькі пасля гэтага эвалюцыйнага шляху мы зможам казаць, што афлайн-узаемадзеянне мы перапыняем. Мы разлічваем, што насельніцтва ўспрыме магчымасць выкарыстання ІD-карткі з электронным лічбавым подпісам з радасцю, бо гэта дазволіць кожнаму з нас не траціць асабісты час на наведванне розных дзяржорганаў і структур. Гэты інструмент можна будзе выкарыстоўваць і ў бізнесе — шэраг працэсаў, якія сёння патрабуюць асабістай прысутнасці, можна будзе цалкам перавесці ў анлайн і атрымліваць неабходную інфармацыю праз дзве–тры хвіліны.

Выкарыстанне беларускага лічбавага подпісу не абмежавана граніцамі краіны. Іншаземец таксама можа атрымаць наш подпіс, праўда, яму першы раз прыйдзецца асабіста прыехаць у рэгістрацыйны цэнтр, каб яго атрымаць. А ўжо потым прадаўжаць яго
дзеянне анлайн.

— Пытанні прызнання подпісаў іншых краін таксама ў цэлым вырашаны, — заўважыў спецыяліст. — Існуе тэхналогія даверанага трэцяга боку. Каб яе выкарыстоўваць, неабходна дзве ўмовы: тэхналагічнае забеспячэнне ўзаемадзеяння давераных трэціх бакоў розных краін-удзельніц, а таксама пагадненне аб прызнанні такога ўзаемадзеяння юрыдычна значным.

Работа па прызнанні электроннага лічбавага подпісу пратэсціравана з Расіяй і Казахстанам, ёсць напрацоўкі ў гэтым кірунку з Азербайджанам.

Электронная медыцына і штучны інтэлект

Лічбавая трансфармацыя працэсаў адбываецца ў Беларусі і ў медыцыне. Традыцыйнай стала рэспубліканская сістэма тэлемедыцынскага кансультавання, з дапамогай якой праходзяць кансіліумы, электронны рэцэпт і выкарыстанне рэгістраў, якія забяспечваюць аўтаматызацыю ўнутраных бізнес-працэсаў у ахове здароўя ведамства, адзначыў Віктар СІДАРЭНКА, загадчык сектара праграмна-інфармацыйнага забеспячэння Міністэрства аховы здароўя:

— Сярод перспектыў на 2021—2025 гады ў медыцыне тры мерапрыемствы: стварэнне адзінай службы кіравання хуткай медыцынскай дапамогі з выкарыстаннем геаінфармацыйных тэхналогій, арганізацыя сэрвісу па кіраванні службай пералівання крыві (тут акцэнт будзе найперш на фінансава-гаспадарчую частку, але прадугледжаны і вялікі медыцынскі блок: ад каго і калі атрымана данацыя, тэрмін яе захоўвання). Наладжванне тэлемедыцынскага кансультавання па новым прынцыпе: не ўрач — урач, а ўрач — пацыент. Дзякуючы гэтаму любы беларус зможа на дыстанцыі, са свайго дому ці нават з адпачынку атрымаць кансультацыю свайго ўрача, а таксама атрымаць пэўную медвыпіску, прадоўжыць дзеянне электроннага рэцэпта. У выніку мы хочам атрымаць дакладную маршрутызацыю пацыента, каб зняць нагрузку з першаснага звяна. Каб людзі не хадзілі ў паліклінікі па самых нязначных пытаннях.

Летась у ведамстве пачалі ствараць цэнтралізаваную інфармацыйную сістэму аховы здароўя. Гэта тэхналагічная платформа, якая аб'яднае ўсе арганізацыі аховы здароўя. Цэнтральным элементам платформы стане электронная медыцынская картка чалавека. Вялікі блок прысвечаны міжведамаснаму ўзаемадзеянню з органамі МУС, ЗАГС, таму што ў картцы плануюць адлюстраваць усю інфармацыю пра пацыента ад нараджэння да смерці і нават пасля — пасмяротны анамнез будзе захоўвацца ў сістэме для навуковых і статыстычных мэт і стварэння штучнага інтэлекту.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Лічбавы подпіс, медыцынская картка, падаткі, даведкі...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну

Як выглядае «беларускі Праванс», дакладна ведаюць жыхары глыбінкі Гомельскай вобласці.

Эканоміка

«Прадам утульную кватэру, а куплю яшчэ лепшую». А пра падаткі вы не забыліся?

«Прадам утульную кватэру, а куплю яшчэ лепшую». А пра падаткі вы не забыліся?

Адна мая добрая знаёмая вырашыла палепшыць свае жыллёвыя ўмовы — прадаць сваю двухпакаёвую кватэру і купіць трохпакаёвую.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

БЛІЗНЯТЫ. Калі ёсць цікавыя ідэі, то менавіта цяпер яны будуць запатрабаваныя і нарэшце ажыццёвяцца. Тыдзень прынясе знаёмствы з новымі людзьмі, спатканні, вандроўкі і шмат яркіх уражанняў. Асабістае жыццё рэзка зменіцца, прычым менавіта так, як вы марылі. Вы больш не будзеце самотныя, сітуацыя вырашыцца на вашу карысць.

Грамадства

Ці варта засцерагацца ад вяртання анамальнай спякоты? Дзмітрый Рабаў расказаў пра надвор’е на астатнюю частку лета

Ці варта засцерагацца ад вяртання анамальнай спякоты? Дзмітрый Рабаў расказаў пра надвор’е на астатнюю частку лета

«Верхавіна лета» прайшла, і ўжо мала хто памятае, што першая дэкада чэрвеня была халаднаватай і з замаразкамі.