Вы тут

Да пачатку VІІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі засталося зусім мала часу


Форум, нагадаем, пройдзе ў Маскве і Маскоўскай вобласці з 29 чэрвеня да 1 ліпеня пад эгідай Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі. Па папярэдніх звестках, у рабоце форуму, дакладней, у яго пленарным пасяджэнні 1 ліпеня, прымуць удзел прэзідэнты абедзвюх дзяржаў. У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў форуму стане навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва ў эпоху лічбавізацыі.


На нядаўняй нарадзе ў Савеце Рэспублікі была яшчэ раз удакладнена праграма форуму, разгледжаны яе вузлавыя пункты, абмеркаваны спіс і склад дэлегацый, вызначана кола асноўных прамоўцаў. Члены арганізацыйнага камітэта, сенатары і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, запрошаныя прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, зацікаўленых арганізацый пагадзіліся з тым, што работа будзе праходзіць у некалькіх профільных секцыях.

У рэжыме відэаканферэнцыі ў студыях абласных цэнтраў прысутнічалі старшыні аблвыканкамаў і абласных Саветаў дэпутатаў. У дэлегацый беларускіх рэгіёнаў асаблівая і пачэсная задача: перайсці ў супрацоўніцтве з расійскімі калегамі на якасна новы ўзровень, знайсці дадатковыя рынкі збыту прадукцыі. А гэта рэальна. У абласцях Беларусі працягваецца работа над кантрактамі для падпісання. Некаторыя з іх ужо заключаны ў рамках падрыхтоўкі да форуму. І сапраўды, навошта цягнуць, калі ёсць магчымасць пачаць рэалізацыю дамоўленасцяў ужо цяпер, бо час — гэта грошы.

На эканамічным фоне пройдзе і сустрэча спікераў верхніх палат беларускага і расійскага парламентаў Наталлі Качанавай і Валянціны Мацвіенкі з кіраўнікамі абласцей дзвюх краін. Там мяркуецца падпісаць шэраг важных пагадненняў, накіраваных на паглыбленне менавіта рэгіянальных сувязяў. Ад беларускіх рэгіёнаў рыхтуецца больш за дваццаць такіх дакументаў. Напрыклад, Віцебская вобласць прывязе ў Маскву пяць праектаў пагадненняў, Мінская і Магілёўская — па чатыры, Гродзенская — тры і г. д. Зараз увогуле вядзецца работа над фармалізацыяй 58 дамоўленасцяў аб супрацоўніцтве, з іх поўнасцю гатовыя да заключэння 17 пагадненняў.

Запланавана сумеснае пасяджэнне Савета дзелавога супрацоўніцтва дэлегацый Беларускай і Расійскай гандлёва-прамысловых палат. Размова пойдзе аб далейшым паглыбленні эканамічнай інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы. Мяркуецца таксама падпісанне ўзаемавыгадных пагадненняў і камерцыйных кантрактаў паміж прадпрыемствамі. Увогуле, ёсць усе шанцы заключыць на форуме кантракты на агульную суму ў 700 мільёнаў долараў. Але пры ўдалай рабоце дэлегацый рэгіёнаў можна разлічваць і на больш важкую лічбу — 900 мільёнаў.

Форум будзе праходзіць у гібрыдным фармаце: адна частка мерапрыемстваў — у анлайн-рэжыме, другая — у вочным.

Леанід ЛАХМАНЕНКА

Загаловак у газеце: У абласцях рыхтуюць кантракты

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?