Вы тут

Работу мінскіх раёных органаў разглядзелі на паседжанні Савета Рэспублікі


Адбылося выязное пашыранае пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі, падчас якога разглядалі эфектыўнасць і вынікі работы Мінскага райвыканкама, Мінскага раённага Савета дэпутатаў са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб у 2020 годзе і за пяць месяцаў 2021 года.


Фота: БелТА

Майстар-клас ад сенатараў

Пасяджэнню папярэднічала грунтоўная падрыхтоўка. У апараце Савета Рэспублікі пастаянна вывучаюць пошту, змест скаргаў, статыстыку, рэгіянальныя асаблівасці і характар зваротаў грамадзян. Такі аналіз і падказаў адрас правядзення пасяджэння — Мінскі раён. Ён прысталічны. І ў гэтым яго вялікая своеасаблівасць і спецыфіка ў параўнанні з іншымі раёнамі краіны. Тут высокая шчыльнасць насельніцтва.

— На тэрыторыі Мінскага раёна пражываюць амаль 260 тысяч чалавек, многія з іх працуюць у Мінску. Сумарная плошча яго — 360 населеных пунктаў — больш чым у тры разы пераўзыходзіць тэрыторыю сталіцы. Адсюль і шмат праблем, пра якія ў сваіх зваротах паведамляюць жыхары раёна, — лічыць старшыня Мінскага райвыканкама Уладзімір Юргевіч.

Напярэдадні пасяджэння члены прэзідыума спецыяльна правялі адзіны дзень прыёму грамадзян у асобных сельскіх выканкамах раёна. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава прымала наведвальнікаў у Бараўлянскім сельскім выканкаме, яе намеснік Анатоль Ісачанка — у Заслаўскім гарадскім выканкаме, старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргей Сівец — у Мачулішчынскім пасялковым выканкаме, старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рачкоў — у Сеніцкім сельскім выканкаме. Была атрымана аператыўная і актуальная інфармацыя менавіта па тэме пасяджэння. У пэўным сэнсе гэта быў майстар-клас ад сенатараў.

Зразумела, вынікі адзінага дня таксама былі ўважліва прааналізаваны, абагульнены і выкарыстоўваліся ў ходзе работы пасяджэння, у якім разам з сенатарамі ўзялі ўдзел дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, абласнога, раённага і сельскіх Савета дэпутатаў, кіраўнікі прадпрыемстваў і гаспадарак, а таксама прадстаўнікі ўпраўленняў райвыканкама і раённых службаў. Адну з высноў гэтага аналізу агучыла Наталля Качанава: прыкладна 70 працэнтаў зваротаў грамадзян маглі быць вырашаны мясцовай уладай раёна самастойна, без удзелу вышэйстаячых інстанцый. Дык чаму нярэдка па дробнай праблеме жыхары пасёлкаў звяртаюцца, скажам, у Савет Рэспублікі?

Адказ дала Наталля Качанава: прычына — у няўменні ці нежаданні асобных кіраўнікоў уважліва працаваць з людзьмі. А чалавек — галоўнае. Трэба ўмець слухаць і чуць чалавека. У гэтым поспех працы любога кіраўніка на любым узроўні. Бо ад таго, як складваецца работа са зваротамі грамадзян на месцах, залежыць стаўленне людзей да ўлады ў цэлым. І аб яе эфектыўнасці нярэдка мяркуюць па тым, як працуе мясцовая жыллёва-камунальная гаспадарка, якая вада ў кране, якія вуліцы, дарогі, дахі дамоў і аўтобусныя маршруты, сказала старшыня Савета Рэспублікі.

Фота: БелТА

Запыт на крэатыўных

Зразумела, што істотна скараціць колькасць зваротаў можна толькі ў выніку ліквідацыі прычын, якія вымушаюць людзей пісаць у інстанцыі, тэлефанаваць на прамыя лініі, дасылаць электронныя меседжы. Падчас размовы спікер верхняй палаты парламента неаднойчы звяртала ўвагу прысутных на жыццёвую неабходнасць актывізацыі дэпутацкага корпуса ў раёне і сельсаветаў у барацьбе з прычынамі зваротаў. У гэтым сэнсе выступленне старшыні Мінскага раённага Савета дэпутатаў Юліі Бялянкінай было, як гаворыцца, у тэму. Яна паведаміла аб тым, як забяспечваецца разгляд зваротаў грамадзян у райсавеце, як ажыццяўляецца з гэтай нагоды ўзаемадзеянне з іншымі дзяржаўнымі органамі, структурамі тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, прадпрыемствамі, установамі, арганізацыямі, аб'яднаннямі.

У час размовы ўзнікла пытанне аб пэўных нюансах сумяшчэння працоўных абавязкаў кіраўніка і абавязкаў дэпутацкіх: ці не замінаюць яны адзін аднаму? Бо і першае, і другое патрабуе намаганняў, а грамадская работа адымае нямала часу. Паводле слоў дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства «Водаканал Мінскага раёна», дэпутата Мінскага раённага Савета Дзмітрыя Дразда, дзейнасць у райсавеце не перашкаджае выкананню яго службовых абавязкаў.

Старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая ў сваім даволі эмацыянальным выступленні адзначыла, што ў вобласці народныя абраннікі Саветаў усіх узроўняў нацэлены на нефармальную работу з насельніцтвам. Актыўна практыкуецца выезд на месца для разгляду зваротаў, бо яны — зона адказнасці Саветаў. І гэта дае плён. Пасля пасяджэння Прэзідыума Савета Рэспублікі будуць зроблены высновы.

У заключным слове Наталля Качанава заклікала дэпутацкі корпус Беларусі, а гэта 18 100 чалавек, больш крэатыўна, рашуча і смела праяўляць сабе справамі. З яе пункту гледжання сёння павінна яшчэ больш ініцыятыў зыходзіць ад дэпутатаў, якія бліжэй за ўсё да людзей. Трэба іх больш інфармаваць аб працы на месцах, аб тым, як вырашаюцца праблемы, пра якія сігналізуюць людзі. Тады будзе менш пытанняў ад насельніцтва і спекуляцый. Увогуле роля дэпутацкага корпуса можа быць больш знакавай, і ў рабоце са зваротамі грамадзян — таксама, — сказала спікер.

А што датычыцца дадзенага пашыранага пасяджэння Прэзідыума Савета Рэспублікі, то, паводле яе слоў, гэта толькі пачатак. Такую форму работы трэба практыкаваць і ў іншых раёнах нашай краіны і яе сталіцы, падкрэсліла Наталля Качанава.

Леанід ТУГАРЫН

Загаловак у газеце: Тэрыторыя адказнасці Саветаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».