Вы тут

Ад запалак да спадарожнікавага маніторынгу, або бізнес на Віцебшчыне


У Падзвінні зарэгістравана каля 23,6 тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў і 8,2 тысячы арганізацый малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Летась доля бізнесу ў аб'ёме паступленняў у бюджэт вобласці склала 22,3 % (прыкладна 425,6 мільёна рублёў).


Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг перавысіла 8,3 мільёна рублёў, або 26,7 % ад усяго выручанага.

Паводле інфармацыі Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Віцебскай вобласці, каля 40 % прадпрымальніцкіх структур займаюцца аптовым і рознічным гандлем, а таксама рамонтам аўтамабіляў і матацыклаў, 12 % спецыялізуецца на транспартных паслугах, складаванні, паштовай і кур'ерскай дзейнасці. У прамысловасці занята 8 %, у навуковай і тэхнічнай дзейнасці — 7 %, столькі ж — у будаўніцтве...

Сёлета адной з пазачарговых сесій Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў народныя выбраннікі прагаласавалі за тое, каб за пяцігодку для падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу з бюджэту было вылучана каля 10,7 мільёна рублёў.

Паводле слоў старшыні камітэта эканомікі аблвыканкама Веранікі Забалуевай, больш за 85 % з гэтай сумы накіруюць на падтрымку структур, якія спрыяюць распачынанню і развіццю бізнесу. Сярод іх — «Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу», «Аршанскі рэгіянальны цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва і нерухомасці», полацкі «Цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва» і гэтак далей. Падтрымліваецца і дзейнасць інкубатараў, якія дапамагаюць тым, хто хоча праявіць дзелавую ініцыятыву.

Закон «Аб прадпрымальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь» быў прыняты трыццаць гадоў таму, у маі. На поўначы краіны ў гонар гэтага юбілею правялі розныя мерапрыемствы.

У прыватнасці, у абласным цэнтры арганізавалі акцыю з удзелам прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання, бізнес-саюзаў і камерцыйных арганізацый — займаліся азеляненнем тэрыторыі прадпрыемства, дзе будуць вырабляць унікальныя ветэрынарныя прэпараты. Безумоўна, серыя «Зялёная лінія — альтэрнатыва антыбіётыкам» ад ТАА «Белкаралін» стане вельмі запатрабаванай, бо пакупнікі ў ліку іншага змогуць займацца «чыстай» жывёлагадоўляй. Удзел чалавека ў вытворчым працэсе звядуць да мінімуму, і па сутнасці, у будучыні менавіта такія прадпрыемствы стануць звычайнымі. Завод будзе функцыянаваць на тэрыторыі свабоднай эканамічнай зоны «Віцебск». Прадпрыемства мае статус рэзідэнта Парка высокіх тэхналогій. Прадукцыя, якая ўжо вырабляецца, каля сямнаццаці гадоў паспяхова рэалізоўваецца ў Беларусі, Расіі, Казахстане...

Адной з іншых новых вытворчасцяў на тэрыторыі СЭЗ «Віцебск» стане выраб запалкавай саломкі і пачкаў. У якасці прыярытэтных рынкаў збыту разглядаюцца Індыя, Афрыка, Паўднёвая Амерыка. Дарэчы, цікава, што ініцыятару гэтага праекта належыць кампанія SOCALCO SARL (Конга), якая ўваходзіць у групу кампаній DEWJІ Іnternatіonal і з'яўляецца найбуйнейшым вытворцам запалак на афрыканскім кантыненце.

У Падзвінні прадпрымальніцкія структуры, калі працягваць размову пра вытворчасць, вырабляюць, бадай, усё: ад шкарпэтак да сельскагаспадарчых агрэгатаў.

Вельмі багаты выбар і паслуг, у тым ліку нават касмічных. Віцебская кампанія «Рэсурскантроль» прапаноўвае GPS-маніторынг транспарту. Спадарожнікавае назіранне дазваляе павысіць эфектыўнасць выкарыстання аўтапарка, фіксаваць фактычныя выдаткі, кіраваць імі на аснове атрыманых аналітычных даных, скараціць выдаткі на ўтрыманне аўто... А яшчэ магчыма аптымізаваць лагістыку, як і аператыўна атрымліваць неабходную інфармацыю для прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў. З зорнай вышыні прасачыць, каб не злівалі паліва, каб вадзіцелі не эксплуатавалі чужую тэхніку для сваіх мэт... Спрабаваць жа неяк падмануць «зорнае вока» — толькі дарма час траціць...

Менавіта павелічэнне колькасці навукаёмістых вытворчасцяў і паслуг — прыярытэтныя вектары развіцця прадпрымальніцтва. Адпаведна, тыя, хто застанецца ў гэтай нішы бізнесу, атрымаюць ад улады асаблівую падтрымку.

У Віцебску працягваецца рэалізацыя праграмы па стварэнні «сіліконавай даліны». З бюджэту ў праект інвеставалі каля 4 мільёнаў рублёў. У гэтым парку інфармацыйных і інавацыйных тэхналогій ужо бягучым летам чакаюць рэзідэнтаў, якіх не толькі пракансультуюць, але і акажуць усебаковую дапамогу. У прыватнасці, для аптымізацыі дзейнасці дадуць ільготы па выплаце падаткаў і розныя іншыя прэферэнцыі. А калі пойдзе размова пра навукаёмістую, інавацыйную дзейнасць, тады, можна сказаць, рэзідэнтаў чакае «падатковы» рай.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Прэв’ю — pixabay.com

Загаловак у газеце: «Зорнае вока» не падманеш

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».