Вы тут

Чаму ў аграгарадку не свецяць ліхтары


У рэдакцыю даслаў ліст наш чытач Аляксей Андрэеў, які папрасіў удзяліць увагу яго просьбе. У мінулым годзе мы дапамаглі вырашыць пытанне, што хвалявала не толькі заяўніка, але і ўсіх жыхароў аграгарадка Гасцілавічы, дзе было выключана начное вулічнае асвятленне. Пасля публікацыі ў нашай газеце ліхтары зноў заззялі.


Гэтым разам сутнасць праблемы не памянялася.

«Ужо не першы год улады Лагойскага раёна практыкуюць адключэнне вулічнага асвятлення ў сельскіх населеных пунктах у летні перыяд ноччу. У прыватнасці, сёлета ліхтары былі патушаны ў канцы красавіка і не гараць да гэтай пары. Як паказвае практыка, іх уключаць бліжэй да першага верасня», — піша наш чытач.

Ён задае заканамернае пытанне: навошта адначасова пакідаць у цемры вуліцы ва ўсіх вёсках раёна? На неаднаразовыя звароты мужчына атрымлівае адны і тыя ж адказы: маўляў, праводзяцца рамонтныя работы. «Але ж яны не могуць весціся адначасова на ўсіх электрасетках. Ды яшчэ на працягу трох-чатырох месяцаў! І чаму рамонт усёй інфраструктуры патрабуецца так часта — кожны год?» — здзіўляецца Аляксей Андрэеў.

Бягучы рамонт ліхтароў праводзіцца практычна круглы год. Калі яны перагараюць, то жыхары падаюць заяўку ў сельсавет на іх замену.

У сваю чаргу, сельсавет звяртаецца ў электрасеткі, якія мяняюць няспраўны ліхтар. Пры гэтым суцэльная цемра пануе па начах толькі ў вёсках і аграгарадках раёна. У самім Лагойску ліхтары гараць цэлую ноч.

Аграгарадок Гасцілавічы — не глухое месца. Населены пункт знаходзіцца за сорак кіламетраў ад Мінска і за тры кіламетры ад цэнтра — Лагойска. Тут жыве больш як 500 чалавек. Ёсць сярэдняя школа, дзіцячы сад, Дом культуры з кіназалай, аддзяленне сувязі, магазін, аўтазаправачная станцыя і нават стадыён. Гасцілавічы — цэнтр сельскагаспадарчага прадпрыемства «Лагойскі». Здавалася б, жыві ды радуйся. Але, як кажуць, бочку мёду псуе кропля дзёгця.

— Мне як пенсіянеру познім вечарам страшна выйсці за вароты свайго дома, паколькі некаторыя аднавяскоўцы выпускаюць на прагулку сабак, — працягвае Аляксей Андрэеў. — Пры гэтым у нашым населеным пункце шмат бадзяжных жывёлін, якія туляцца на ўскрайку вёскі. Былі выпадкі, калі дзікія жывёлы наведваліся нават у двары да людзей. А тым часам многія землякі вяртаюцца дамоў з работы позна, апошняй маршруткай. Таму маім суседзям даводзіцца асвятляць сабе дарогу кішэннымі ліхтарыкамі. Хвалюе і тое, што можа павялічыцца колькасць розных правапарушэнняў.

У свой час «Звязда» пісала, што ў сувязі са скаргамі жыхароў Мінскай вобласці супрацоўнікі Генпракуратуры правялі праверку па пытаннях абгрунтаванасці такіх адключэнняў. Было ўстаноўлена, што на тэрыторыі шэрагу рэгіёнаў Міншчыны на працягу некалькіх гадоў распаўсюджана практыка прыпыняць падачу вулічнага асвятлення ў сельскіх населеных пунктах летам у цёмныя часы сутак. Адзначалася, што райвыканкамы не толькі ведалі пра гэта, але і самі прымалі адпаведныя рашэнні, матывуючы іх эканоміяй сродкаў. Хоць, па інфармацыі пракуратуры, у выніку адключэння асвятлення эканомія сродкаў нязначная.

Разам з тым пракуратура адзначала, што такая сітуацыя не лепшым чынам уплывае на крымінагенную абстаноўку.

Нязначная эканомія сродкаў непараўнальная з затратамі на раскрыццё правапарушэнняў і злачынстваў, лячэнне і рэабілітацыю пацярпелых, кампенсацыю страт, якія панеслі грамадзяне ў сувязі з атрыманымі траўмамі. Генпракуратура тады ўнесла прадстаўленне ў Мінаблвыканкам з патрабаваннем забяспечыць захаванне нормаў заканадаўства аб дзяржаўных сацыяльных стандартах.

У Беларусі дзейнічаюць мінімальныя дзяржстандарты, якія ўключаюць і ўдзельную вагу асветленых вуліц — не менш 80 % ад іх агульнай колькасці ў населеным пункце. Калі вёска невялікая, то на адной вуліцы павінны гарэць не менш за два ліхтары, а таксама павінна асвятляцца зона каля аб'ектаў сацыяльнага, культурна-бытавога прызначэння. Для зусім маленькіх вёсачак з адной вуліцай прадугледжаны два ліхтары — на ўездзе і выездзе. Больш за тое, пастановай Савета Міністраў ад 30 мая 2003 года № 724 аблвыканкамам даручалася праводзіць аналіз работы па абслугоўванні насельніцтва ў гарадах і раёнах у адпаведнасці з дзяржстандартамі не радзей, чым раз на паўгода.

— Апошні раз я звяртаўся ў пракуратуру Мінскай вобласці, — сцвярджае наш чытач. — Маё пісьмо было пераадрасавана ў Лагойскі райвыканкам, дзе мне адказалі, што адключэнне вулічнага асвятлення ў аграгарадку Гасцілавічы звязана з правядзеннем рамонту і тэхнічным аслугоўваннем сетак. Акрамя таго, дадалі, што арганізацыя, сезоннасць і час работы вулічнага асвятлення, а таксама выкананне сацыяльнага стандарту № 7 «Удзельная вага асветленых вуліц» вызначаюцца мясцовымі выканаўчымі камітэтамі.

Карэспандэнт патэлефанавала ў Лагойскі сельвыканкам, каб высветліць, ці сапраўды ў аграгарадку Гасцілавічы адключана вулічнае асвятленне. Там факт пацвердзілі, а вось на пытанне, калі тут заззяюць ліхтары, адказалі, што не раней за верасень.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Прэв’ю — pixabay.com

Загаловак у газеце: З усімі выгодамі, але без вулічнага асвятлення

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?