Вы тут

Прыёмныя камеры, кантэйнеры — што яшчэ патрэбна для правільнага збору смецця?


Летась на смеццевым палігоне сталіцы было захавана 578,8 тысячы тон камунальных адходаў. На прадпрыемствах «Экарэз» і «Спецкамунаўтатранс» адсартавана больш як 3,5 тысячы тон паперы і кардону, звыш 4 тысяч тон шкла, больш за 3,1 тысячы тон палімераў і каля 350 тон зношаных шын. Практычна ва ўсіх сталічных дварах устаноўлены еўракантэйнеры для збору другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР), а дэпазітна-закладную сістэму па здачы ў тараматы алюмініевых бляшанак, ПЭТ-бутэлек і шклянак плануецца ўкараніць у 2021—2022 гг. Пра сістэму раздзельнага збору смецця і камунальных адходаў расказала Настасся ВАРАБ'ЁВА, намеснік генеральнага дырэктара па добраўпарадкаванні, санітарным ўтрыманні жыллёвага фонду і рабоце з насельніцтвам Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі.


Сметніцы — у кожны двор

Летась у красавіку рашэннем Мінгарвыканкама была зацверджана схема абарачэння з камунальнымі адходамі ў сталіцы, згодна з якой у сектары індывідуальнай забудовы прадугледжаны толькі кантэйнерны спосаб збору і вывазу смецця. Жыхарам для гэтага выдалі па два 120-літровыя кантэйнеры: для цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА) і другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР) — шкла, паперы і пластыку. Усяго мінчане атрымалі 28 657 такіх кантэйнераў. З іх 12 987 — сметніцы для ДМР, якімі забяспечана 92 % падвор'яў. Кантэйнеры для ЦКА маюць абсалютна ўсе гаспадары прыватных сядзіб.

— Сёлета плануецца на 100 % забяспечыць усіх і кантэйнерамі для другасных рэсурсаў. Перавозчыкі маюць намер перадаць жыхарам 914 кантэйнераў: 482 — для збору ДМР і 432 — для ЦКА — там, дзе адной такой сметніцы недастаткова, — падкрэсліла Настасся Вараб'ёва.

Дзякуючы гэтаму ў Мінску значна падрос працэнт выкарыстання другасных рэсурсаў: ад 25,7 % у 2019-м да 27 % — летась, а сёлета плануюць дарасці да 30 %.

У законе аб абарачэнні з адходамі ўказана, што фізічныя асобы абавязаны забяспечыць збор адходаў і іх раздзяленне па відах, калі абслуговая арганізацыя стварыла для гэтага ўмовы. А сёння яны ёсць і ў сектары індывідуальнай забудовы, і ў шматкватэрным фондзе. У апошнім устаноўлена 8480 кантэйнераў для збору ДМР, прычым асобна для шкла, паперы і пластыку. Аднак актуальнай застаецца праблема безадказнага стаўлення да гэтага патрабавання, заўважыла спецыяліст:

— Усе адходы з кантэйнераў для збору ДМР вывозяцца спачатку на лініі сарціроўкі, дзе з іх вымаецца другасная сыравіна для перапрацоўкі. Аднак у такім смецці часта сустракаецца, і даволі шмат, цвёрдых камунальных адходаў, якія не падлягаюць перапрацоўцы.

І кансервацыя смеццеправодаў

У сталічных дварах летась зрабілі 389 модульных канструкцый для збору адходаў. Гэта закрытая з чатырох бакоў металапрофілем пляцоўка з агароджай. Модуляў існуе некалькі відаў: для раздзельнага збору адходаў з трыма кантэйнерамі для шкла, паперы і пластыку, для буйнагабарытнага смецця, тры віды модуляў для ЦКА. Сёлета ўстаноўку модульных канструкцый плануюць працягваць.

Як і кансервацыю смеццеправодаў: у Мінску застаецца яшчэ 7795. Каб закансерваваць іх, патрэбна згода большай часткі жыхароў і ўласнікаў кватэр у доме. За першы квартал сёлета ўжо закансервавана 67 ствалоў смеццепровадаў. Для жыхароў, якія пагадзіліся пазбавіцца ад смеццеправодаў і побач з дамамі якіх няма кантэйнерных пляцовак для смецця, модульныя канструкцыі ўсталююць у першую чаргу.

— Бывае, што ў двары немагчыма абсталяваць кантэйнерную пляцоўку. Тады практыкуецца стварэнне смеццепрыёмных камер, на якіх за кошт жыхароў ладзяць кодавы замок або робяць у смеццевай камеры дзверцы, якія дазваляюць выкінуць камунальнае смецце ў кантэйнер, што знаходзіцца ў камеры, — удакладніла Настасся Вараб'ёва.

Задача па мінімізацыі выкарыстання пластыкавай тары і замене яе папяровай ці кардоннай у краіне ўжо пакрысе рэалізоўваецца, падкрэсліла яна. У многіх кафэ хуткага харчавання і на запраўках выкарыстоўваецца кардонны посуд замест пластыкавага, у буйных крамах у продажы ёсць пакеты для пакупак з тканіны.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Крокі да цывілізацыі

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.