Вы тут

Клубніцы і чарэшня — шукаем, дзе танней


Сезон клубніц і чарэшні пачаўся! Калі вы хочаце падтрымаць імунітэт, пазбавіцца ад лішніх кілаграмаў або проста назапасіць вітамінаў — пара на рынак. Дарэчы, дыетолагі сцвярджаюць, што ягады лепшыя за садавіну: яны не выклікаюць закісання ў страўніку і ўтрымліваюць антыаксіданты, якія дапамагаюць даўжэй заставацца маладымі.


У дзяцінстве лета — гэта цэлае жыццё, а цяпер — усяго толькі тры зарплаты. Але такія-сякія прыкметы «летніх канікулаў» усё ж захаваліся і для дарослых. У горадзе лета пачынаецца з сезона клубніц, цана на якія за некалькі тыдняў змяняецца ад дарагой да больш-менш бюджэтнай. Потым надыходзіць сезон чарэшні. Сёлета, напэўна, з-за зацяжной халоднай вясны, абодва «ягадныя сезоны» супалі.

Клубніцы

— Клубніцы беларускія, — кажа прадавец Святлана.

Яе кіёск з гароднінай-садавіной размешчаны ў адным са спальных раёнаў сталіцы. Брэсцкія клубніцы Святлана прадае па 10.90. Дорага, на рынку танней. Затое каля дома, нікуды не трэба ехаць. Клубніцы ў гэтым годзе сапраўды ўдалыя — салодкія, духмяныя.

— Для клубніц добра, што ў маі было нягорача і пры гэтым няшмат дажджоў, — тлумачыць Ірына. Яна гандлюе ягадамі на «Камароўцы». — Для клубніц такі май — тое, што трэба. Ягады паспелі выспець паступова, назапасіўшы дастатковую колькасць цукроў і вітамінаў. Вось калі б пры тым надвор'і, якое было ў канцы мая, зарадзілі дажджы, клубніцы маглі б пачаць гніць.

На адкрытых радах галоўнага сталічнага рынку цяпер клубнічны сезон. Як сцвярджаюць прадаўцы, у дзень з аднаго пункта сыходзіць кілаграмаў 50—60 гэтых ягад. Яшчэ нядаўна прадавалі клубніцы з Грэцыі, цяпер усе гэтыя ягады на адкрытым рынку — брэсцкія. Клубніцы — вельмі далікатныя ягады, везці іх да пункта продажу ў сезон імкнуцца на максімальна кароткія адлегласці. А пакупніку лепш прасіць фасаваць ягады ў скрыначкі, а не ў пакеты — так яны лепш захоўваюцца па дарозе дадому.

Клубніцы — любімыя ягады дыетолагаў, прафесіяналаў б'юці-сферы і кардыёлагаў. Калорый мала, а карысці — шмат. Напрыклад, даказана, што яны здольны забяспечыць прафілактыку анкалогіі страўнікава-кішачнага тракту. А яшчэ рэгулярнае ўжыванне клубніц зніжае рызыку развіцця інфарктаў і інсультаў, паколькі ягады чысцяць арганізм ад халестэрыну.

— Таннець клубніцы будуць?

— Гэта залежыць ад цэн у фермераў, — тлумачыць Ірына. — Учора па 7,50 прадавалі, сёння — па 9. Там дажджы ў іх пайшлі. Калі будзе мала ягад, яны будуць даражэйшыя. Але таннейшых, чым на «Камароўцы», не знойдзеце, — запэўнівае суразмоўніца.

Расцэнкі такія: на латках па горадзе клубніцы — ад 10,90 да 10 рублёў, на адкрытым рынку — у залежнасці ад памеру ягад, іх стану, сорту і месца ў радах ад 9,50 да 7,50.

Купляючы клубніцы, найперш трэба глядзець не на ягады, а на латок, расказалі на рынку. Калі на сценках латка ёсць кавалачкі расціснутых ягад, клубніцы наўрад ці свежыя. Ну і, вядома, калі ёсць магчымасць, старанна агледзьце ягады, якія вам паклалі ў скрыначку або мяшок — нават адна «гнілушка» можа «заразіць» спорамі астатнія. Дома клубніцы варта адразу ж перабраць, выдаліць усё, што выклікае сумненні (іх трэба тут жа з'есці або выкарыстаць, напрыклад, у начынцы для пірагоў). Мыць клубніцы перад захоўваннем не варта — яны раскіснуць, а захоўваць можна ў халадзільніку дні тры. Для больш працяглага захоўвання ягады замарожваюць. Ну і закаткі ніхто не адмяняў.

Чарэшня

А вось чарэшню ў Мінск вязуць здалёк. Яна даражэйшая за клубніцы — як, зрэшты, і ўсе папярэднія гады. Сёлета на латках па горадзе чарэшня пакуль што па 16, 15, 13 і 12 рублёў.

— Па 12 — гэта, напэўна, малдаўская, яе на «Камароўцы» пашукайце, — мяркуе Святлана. — У мяне такой няма. У мяне чарэшня ўзбекская. Па 15-16 — адборная, суперсалодкая, а па 13 — з кіслінкай. А малдаўскую чарэшню я наогул не люблю. Яе трэба перабіраць — яна з «мясам» ідзе.

— У сэнсе — з «мясам»?

— З чарвячкамі.

— Дык кажуць, гэта азначае, што ягада экалагічна чыстая.

— Можа, і так, але я, напрыклад, грэбую такую экалагічна чыстую ягаду есці.

У чарэшні мала цукру і мала вугляводаў, затое — антыаксіданты, цэлы спектр вітамінаў (у прыватнасці, шмат вітаміну С), шмат жалеза і яшчэ яна пазбаўляе ад ацёкаў. Так што, калі фінансы дазваляюць, гэта аптымальныя ягады для правядзення разгрузачнага дня. Праўда, яны яшчэ і моцны алерген, так што малым дзецям іх можна есці толькі з года і не больш за дзве ягадкі на адзін прыём. =Дарослым у дзень не варта есці больш за 200 грамаў, а ў разгрузачны — больш за паўкіло (у ідэале — 400 грамаў чарэшні на адзін такі дзень).

Малдаўскай чарэшні на «Камароўцы» мы не знайшлі. Дарэчы, акрамя Узбекістана і Малдовы, яшчэ яе вязуць да нас з Азербайджана, Сербіі, Іспаніі, Грэцыі, паўднёвых рэгіёнаў Расіі (Краснадарскі край, Растоўская вобласць), і нават з Паўднёвай Амерыкі. Сёлета на адкрытых камароўскіх гандлёвых радах уся чарэшня — іспанская і ўзбекская. Цэны «кусаюцца» і тут — 10,99, 9,99 за кілаграм, можна знайсці па 8,99, калі пашукаць. У канцы дня з дарагой чарэшні (якая па 11 рублёў) могуць скінуць капеек 70-80.

Сезон чарэшні звычайна пачынаецца на беларускіх рынках з пачаткам чэрвеня. Сёлета прадавалі ягады на «Камароўцы» ўжо ў пачатку сакавіка — праўда, па нерэальных цэнах: 220 рублёў за кілаграм чарэшні з Перу, 209 рублёў за кілаграм ягады з Чылі. Цэны тлумачылі цяжкасцямі транспарціроўкі. Тыя, хто паспрабаваў гэтую экстрэмальна дарагую чарэшню (купілі дзве ягадкі за 5 рублёў), пісалі ў сетцы: маўляў, чарэшня як чарэшня, проста буйная і мякаць больш шчыльная, чым звыклыя нам сарты. У маі чарэшня (ужо з нашага, паўночнага паўшар'я) каштавала 25-26 рублёў за кілаграм, і да чэрвеня «спусцілася» да вышэйназванага ўзроўню цэн.

Дарэчы, не ў сезон ягады купляць не варта: часам для яе захаванасці выкарыстоўваецца кансервант дыфеніл, які не карысны для здароўя ад слова «зусім». Каб праверыць, ці апрацавана чарэшня гэтым кансервантам, дастаткова заліць яе ў місцы гарачай вадой. Калі праз пяць хвілін на паверхні вады з'явіцца плёнка — ягада была апрацавана кансервантам. Каб пазбавіцца ад яго, можна замачыць ягады ў растворы соды на 10 хвілін (на 1 л вады — 1 ч. л. соды).

У свеце існуе каля 4 тысяч відаў і сартоў гэтых ягад. Ад сорту залежаць кіслінка або слодыч, колер, шчыльнасць ці вадзяністасць мякаці.

— Пакуль прадаюць раннія сарты чарэшні, яны не такія салодкія, — дзеліцца інфармацыяй прадавец Раміль. — Праз тыдзень-два чарэшня будзе смачнейшая. Але наўрад ці моцна патаннее, я думаю.

Пакуль што ўся чарэшня на рынку — чырвоная. Жоўтая з'яўляецца пазней, таму што не надта добра пераносіць транспарціроўку, і яе імкнуцца везці бліжэй.

— Цёмная чарэшня заўсёды саладзейшая, а светлая больш карысная — у ёй больш вітаміну С, — распавядае прадавец Марына. — Часам пакупнікі думаюць, што цёмная чарэшня больш спелая, але афарбоўка ягад можа проста залежаць ад сорту. Мы звычайна прапануем пакупніку паспрабаваць ягадку.

— А як правільна выбіраць чарэшню?

— Трэба ў першую чаргу глядзець на «хвосцікі», — кажа суразмоўніца. — Яны павінны быць не сухія, зялёнага колеру. Карычневыя і сухія пладаножкі — значыць, ягада нясвежая. Пераспелыя ягады лёгка адвальваюцца ад «хвосцікаў». Яшчэ важна, каб костачка была невялікая. Калі яна занадта буйная, чарэшню здымалі няспелай і яна даспявала ў дарозе або на складзе. Тое ж самае, калі чарэшня аднаго сорту мае розную афарбоўку: ягадка святлейшая — ягадка цямнейшая. Дробныя дэфекты на ягадах — увагнутасці, драпіны — таксама паказчык дрэннай якасці чарэшні.

Дарэчы, на кожную партыю ягад у прадаўца павінны быць дакументы. У іх напісана, дзе сабраная чарэшня, калі яе збіралі, паказаны тэрмін прыдатнасці партыі.

Захоўваць чарэшню лепш за ўсё, замарозіўшы яе (костачкі перад замарозкай варта выдаліць). Лічыцца, што ў свежым выглядзе якасная чарэшня захоўваецца ў халадзільніку да 7-10 дзён. Калі хопіць сілы волі, можаце праверыць.

І іншыя летнія радасці

Абрыкос — не ягада, але абысці яго ўвагай нельга: абрыкосы — таксама першае прывітанне гэтага лета. Хоць сезон абрыкосаў надыдзе крыху пазней. Пакуль мінчанам прапануюцца ў асноўным турэцкія абрыкосы — буйныя, але цвердаватыя, ад 12 да 12,50 за кілаграм (у асноўным, у кіёсках па горадзе), і іспанскія, памерам меншыя, ад 11 да 13 рублёў за кілаграм (галоўным чынам, на рынках).

— Абрыкосы пакуль так сабе, — паведамляе прадавец Святлана. — Самыя смачныя — узбекскія, але яны будуць пазней. Яны не такія крупныя, як турэцкія, светленькія, невялікія, далікатна-жоўтага колеру.

Кошт залежыць ад якасці, знешняга выгляду і часу сутак. Перад закрыццём у будны дзень на «Камароўцы» атрымалася знайсці абрыкосы нават па 5,99. А яшчэ на рынках ужо актыўна гандлююць нектарынамі і персікамі новага ўраджаю (яны таксама іспанскія), па 7,50 за кілаграм. Так што лета нарэшце прыйшло.

Аляксандра АНЦЭЛЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.