Вы тут

НеЧарнобыль, або Вяртанне дадому


На Гомельшчыне працягваецца абмеркаванне праекта новай праграмы адраджэння чарнобыльскіх зямель. Адпаведнае даручэнне даў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Выпрацаваць дакумент неабходна да верасня, а галоўная задача новай праграмы — збалансаванае і комплекснае развіццё раёнаў Гомельскага рэгіёна, якія найбольш пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС.


Дырэктар фермерскай гаспадаркі з патрыятычнай назвай «Родны шлях» Мікалай Чубянок. Фота Вікторыі Мароз.

Ад праекта да выразнай дарожнай карты

У праграму ўключаны Хойніцкі, Брагінскі, Нараўлянскі, Лельчыцкі і Ельскі раёны. Пакуль агучаны прамежкавыя вынікі будучай праграмы. Акцэнт зроблены на вызначэнне канкрэтных аб'ектаў, на якія будзе нацэлена работа, і мерапрыемствы, што плануюць рэалізаваць.

— Асноўны акцэнт павінен быць зроблены на прамысловую вытворчасць, — падкрэсліў старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей падчас нарады па абмеркаванні праекта новай праграмы адраджэння чарнобыльскіх зямель. Так, важна вызначыць у раёнах прадпрыемствы, куды будуць накіраваны асноўныя сілы па мадэрнізацыі, удасканаленні працэсу, стварэнню новых вытворчасцей, перспектыве адкрыцця новых працоўных месцаў. Напрыклад, у Нараўлянскім раёне далейшае развіццё павінна атрымаць ААТ «Чырвоны Мазыранін».

Новыя сучасныя аб'екты павінны з'явіцца ў сферы аграпрамысловага комплексу, падкрэсліў губернатар. У адным з раёнаў плануюць пабудаваць рабатызаваны комплекс, у іншых — новыя фермы, даільныя малочныя блокі. Адзін з найважнейшых кірункаў сацыяльных гарантаў для людзей, безумоўна, — развіццё сістэмы аховы здароўя. Сярод канкрэтных задач — завяршэнне рамонтных работ у хірургічным корпусе Хойніцкай ЦРБ, рамонт тэрапеўтычнага корпуса. У праграме ўдзелена ўвага аб'ектам аховы здароўя ў кожным з раёнаў: ад грунтоўных рамонтных работ у будынках да тэхнічнага перааснашчэння.

Акрамя таго, пастаўлена задача вызначыць у раёнах па шэсць буйных населеных пунктаў, на развіццё тэрыторыі якіх будуць накіраваны асноўныя рэсурсы. Усё нацэлена на тое, каб удасканаліць інфраструктуру, вытворчасць, неабходныя сацыяльна значныя кірункі. Таксама кіраўніцтва рэгіёна абмеркавала працяг комплексу мер па радыяцыйнай абароне, развіцці лесааднаўлення, меліярацыі тэрыторыі і землеўпарадкаванні.

Генадзь Салавей падкрэсліў, што пры фарміраванні праекта новай праграмы неабходна канкрэтызаваць мерапрыемствы, выпрацаваць выразную дарожную карту, па якой далей працаваць у кожным з абраных раёнаў.

— Дзяржава ўкладала і ўкладвае нямала ў развіццё пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС тэрыторый, але патрэбна аддача, — адзначыў старшыня аблвыканкама.

Памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Мікалай Рагашчук, у сваю чаргу, звярнуў увагу, што пры фарміраванні праграмы важна ўлічыць і магчымасці, рэсурсы той ці іншай тэрыторыі, арганізацыі, структуры. Старшыня камітэта эканомікі Гомельскага аблвыканкама Ігар Аслюк падкрэсліў, што зараз уносяцца прапановы па прэферэнцыях для суб'ектаў гаспадарання, якія плануюць развівацца і будавацца на дадзеных тэрыторыях. Задача — максімальна збалансаваць выгадныя ўмовы для суб'ектаў усіх формаў уласнасці.

Паралельна ў рэгіёне працягваецца работа па рэалізацыі зацверджанай Дзяржаўнай праграмы па пераадоленні наступстваў катастрофы на ЧАЭС на 2021—2025 гады. Сярод асноўных мэт праграмы — безумоўнае забеспячэнне патрабаванняў радыяцыйнай бяспекі і паскоранае сацыяльна-эканамічнае развіццё, адраджэнне забруджаных тэрыторый. Важным пытаннем таксама застаецца прыцягненне (пад строгім кантролем вучуных) зямель у гаспадарчы абарот.

Родны шлях як адказны выбар

Цікава, як перспектыўныя кірункі адраджэння чарнобыльскіх зямель, што разглядаюцца на самым высокім ўзроўні, пераклікаюцца з работай і жыццём людзей непасрэдна ў раёнах Гомельшчыны, якія найбольш пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС. Менавіта гэтаму аспекту «Звязда» прысвячае свой новы праект «НеЧарнобыль». Герой сённяшняга матэрыялу — удзельнік VІ Усебеларускага народнага сходу. Ён прадстаўляў бізнес Гомельшчыны. Гэта дэлегат ад Хойніцкага раёна Мікалай Чубянок — дэпутат Стралічаўскага сельскага Савета, дырэктар фермерскай гаспадаркі з патрыятычнай назвай «Родны шлях». Больш чым дзесяць гадоў таму былы мінчанін прамяняў сталіцу на Хойнікі, сваю малую радзіму, з якой у дзяцінстве іх разлучыў Чарнобыль.

— Мы з'ехалі пасля аварыі на ЧАЭС у Смалявічы, там скончыў школу. Потым сустрэў сваё каханне ў Мінску. Аказалася, мая Алена, будучая на той момант жонка, як і я, родам з Хойнікаў. Ажаніліся і жылі ў сталіцы, а потым вырашылі вярнуцца ў родныя мясціны.

Сёння Мікалай Чубянок і яго «Родны шлях» вядзе на Хойнікшчыне паспяховую вытворчасць, забяспечвае сваім работнікам належную зарплату. Але яго гісторыя — гэта яшчэ і прыклад таго, як ацэньваецца самаадданая праца на складанай чарнобыльскай зямлі, як заслугоўваецца давер людзей і мясцовых улад, якія аказваюць дапамогу і гатовыя падтрымаць.

— Пачыналі мы з фірмы па продажы частак на грузавую спецтэхніку. У 2014 годзе раённыя ўлады прапанавалі адкрыць фермерскую гаспадарку. Нам выдзелілі ў бясплатную арэнду на 25 гадоў памяшканні былой малочна-таварнай фермы ў вёсцы Губарэвічы, што на тэрыторыі Стралічаўскага сельскага Савета. Асноўная ўмова — стварэнне рабочых месцаў, мы яе выканалі, — тлумачыць Мікалай Чубянок.

Але перш чым завесці свой статак, давялося нямала папрацаваць на разбітых ушчэнт кароўніках і падсобных памяшканнях: комплекс збудаванняў былой фермы некалькі гадоў не эксплуатаваўся, і ад яго, па сутнасці, засталіся толькі сцены. Паступова ўсё прывялі да ладу, адрамантавалі ў адпаведнасці з патрабаваннямі сучасных тэхналогій жывёлагадоўлі. Кароў набывалі ў людзей, закупілі малакаправод і ўсё неабходнае абсталяванне. На працягу двух з паловай года атрымлівалі малако класа «экстра». З часам змянілі стратэгію, вырашылі больш актыўна развіваць раслінаводства, каб у першую чаргу быць са сваімі кармамі. Прадалі ўсю жывёлу, каб набыць тэхніку.

— Пасля звароту на «прамую лінію» да губернатара нам выдзелілі зямлю, на якой мы другі год ужо вырошчваем уласныя кармы — кукурузу, збожжавыя і бабовыя, — поўнасцю забяспечваем свой новы ўжо статак, — дзеліцца фермер і распавядае, як рады магчымасці апрацоўваць, сеяць, прыбіраць ураджай. Пад пасадкі культур адведзена 1300 гектараў. А вось тое, што мясцовыя ўлады падтрымліваюць намаганні фермера і пры неабходнасці аказваюць яму дапамогу, дае стымул развівацца далей, але, безумоўна, нясе і павышаную адказнасць.

Між тым малако, якое даюць каровы хойніцкага фермера, чыстае і праходзіць усе кантрольныя пробы. Праходзяць адпаведныя даследаванні і ўсе кармы для жывёлы.

— Доім малакаправодам, па якім малако паступае ў халадзільную ўстаноўку і пры гэтым не кантактуе са знешнім асяроддзем. Рэалізоўваем малако на Палескі вытворчы ўчастак ААТ «Мілкавіта». Што датычыцца якасці малака — толькі гатункам «экстра». Увогуле, працаваць цяпер проста ідэальна: раніцай малако здаём, пасля абеду грошы на рахунку. Не горш чым у Германіі. Калісь марыў, каб так працавалі, зайздросціў нямецкім фермерам, за вопытам работы якіх уладося паназіраць, — матывуе Мікалай Валянцінавіч.

Вытворчасць малака — асноўны, але не адзіны кірунак дзейнасці «Роднага шляху». Аказваюць транспартныя паслугі сельгаспрадпрыемствам на жніве, падчас нарыхтоўкі кармоў.

Гастарбайтары — назад да сем'яў

Сёння ў фермерскай гаспадарцы Чубянка працуе 25 чалавек. Фактаў парушэння дысцыпліны няма наогул. Нягледзячы на неабходнасць укладання значных сродкаў у развіццё сельгасвытворчасці, на зарплаце работнікаў фермер не эканоміць.

— Адзначу, што калектыў у нас падабраўся вельмі добры. Дарэчы, 90 % нашых работнікаў — былыя гастарбайтары: многім давялося ездзіць працаваць на будоўлі ў суседнюю краіну. Мы здолелі іх зацікавіць і замацаваць тут, на радзіме. Вярнуліся назад да сем'яў і, кажуць, вельмі шчаслівыя, — зазначае Мікалай Чубянок. — Між тым у нас ёсць дамоўленасць з кіраўнікамі гаспадарак у раёне — не пераманьваць спецыялістаў. Навучаем, выхоўваем сваіх, бо кадры, вядома, — гэта ўсё! Сваіх работнікаў прывозім на работу з найбліжэйшых вёсак і горада. Я выдатна разумею, што праца на зямлі складаная, таму выхадны ў нядзелю — жалезны закон. Ёсць у нас і свая сістэма стымулявання работнікаў.

Дзеліцца Мікалай Валянцінавіч і сваім меркаваннем пра тое, што неабходна, каб людзі заставаліся жыць і будаваць сем'і на вёсцы.

— Безумоўна, галоўнае — развіццё інфраструктуры. Мяркую, гэты фактар уплывае на тое, што людзі імкнуцца пасяліцца бліжэй да горада. Самае каштоўнае на вёсцы — гэта працавітыя, сумленныя ў рабоце людзі, якія павінны быць упэўнены, што і ў глыбінцы будзе месца для працы, — упэўнены фермер. І ўсё ж ён лічыць родную Хойнікшчыну вельмі папулярнай сярод пачынаючых прадпрымальнікаў.

— Ніхто не спяшаецца ў Мінск ці Гомель, наадварот, маладыя хлопцы адкрываць свае фермерскія гаспадаркі, прыязжаюць да мяне пераймаць вопыт, просяць дапамагчы тэхнікай. У гэтым кірунку таксама ёсць над чым папрацаваць. Трэба пашыраць і выпрацоўваць новыя падыходы крэдытнай палітыкі дзяржбанкаў, бо фермерам-пачаткоўцам у глыбінцы вельмі складана, — лічыць хойніцкі фермер. Гэтую думку ён абгрунтоўваў падчас падрыхтоўкі прапаноў да абмеркавання на Усебеларускім народным сходзе. — Для фермерскіх гаспадарак вельмі важна мець пачатковую фінансавую падушку, далей яны самі будуць развівацца і выкарыстоўваць ужо ўласныя сродкі для афармлення якіх-небудзь пазык, затое зямля будзе «працаваць» і даваць працоўныя месцы людзям у раёне.

Сам жа кіраўнік фермерскай гаспадаркі «Родны шлях» цяпер прыкладае ўсе сілы, каб павялічыць пагалоўе жывёлы.

— Кіраўніцтва раёна і вобласці прапрацоўвае пытанне, каб ужо сёлета даць нам у давернае кіраванне КСУП «Арэвічы», якое, на жаль, сёння на апошніх месцах у раёне. У гаспадарцы 3,5 тысячы галоў дойнага стада. Ужо зараз мы актыўна працуем з МТФ, рыхтуем людзей да работы. План на бягучы год — адрамантаваць усе памяшканні МТФ у Губарэвічах, дзе размешчана наша пагалоўе. Вельмі шмат работы — толькі не лянуйся!

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ці варта засцерагацца ад вяртання анамальнай спякоты? Дзмітрый Рабаў расказаў пра надвор’е на астатнюю частку лета

Ці варта засцерагацца ад вяртання анамальнай спякоты? Дзмітрый Рабаў расказаў пра надвор’е на астатнюю частку лета

«Верхавіна лета» прайшла, і ўжо мала хто памятае, што першая дэкада чэрвеня была халаднаватай і з замаразкамі.

Грамадства

Усё што трэба ведаць пра пляжны сезон

Усё што трэба ведаць пра пляжны сезон

У апошнія тыдні на краіну абрынулася небывалая спякота... 

Калейдаскоп

Чым апырскаць памідоры ад фітафторы, калі на іх ужо завязі і кветкі

Чым апырскаць памідоры ад фітафторы, калі на іх ужо завязі і кветкі

Як і любую іншую хваробу, фітафтароз лягчэй папярэдзіць, чым лячыць.

Культура

Беразіно: цэнтр на шляху «з вараг у грэкі»

Беразіно: цэнтр на шляху «з вараг у грэкі»

Радзімазнаўства. Адрасы пісьменства. Сумесны праект Мінаблвыканкама і «Звязды».