Вы тут

Ігар Карпенка: Экзамен па гісторыі Беларусі можа стаць абавязковым пры паступленні ў ВНУ


Прайшлі парламенцкія слуханні «Нацыянальная сістэма адукацыі: стан, заканадаўчае рэгуляванне, шляхі ўдасканалення», дзе, у прыватнасці, абмяркоўвалі ўзаемадзеянне прадпрыемстваў з установамі прафесійнай адукацыі, удасканаленне адукацыйнага працэсу ў ВНУ з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, магчымасці дадатковай адукацыі ў папулярызацыі і развіцці навыкаў і ўменняў адораных дзяцей і моладзі, ролю маладзёжнага руху ў фарміраванні грамадзянскай адказнасці навучэнцаў. Адна з новых прапаноў, якая прагучала ад Міністэрства адукацыі і магчыма, будзе ўведзена, — абавязковы экзамен па гісторыі Беларусі пры паступленні у ВНУ.


Вярнуць настаўнікам высокі статус

У слуханнях прымалі ўдзел дэпутаты і сенатары, прадстаўнікі міністэрстваў і дзяржаўных камітэтаў, абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў, іншых дзяржаўных органаў, устаноў адукацыі, прадпрыемстваў і грамадскіх аб'яднанняў, студэнты.

— Нам трэба высветліць, наколькі папраўкі, што ўносяцца ў Кодэкс аб адукацыі, адказваюць патрэбам сённяшняга дня і што нам трэба рабіць у далейшым для дасягнення гэтай мэты, — адзначыў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА.

Ён падкрэсліў, што неабходнасць перамен у адукацыі сапраўды наспела, але гэта не азначае, што трэба адмовіцца ад падыходаў у гэтай сферы, якія на практыцы даказалі сваю эфектыўнасць. Гаворка хутчэй ідзе пра тонкую наладку некаторых важных элементаў айчыннай школы, якая дазволіць ёй больш паспяхова функцыянаваць.

Уладзімір Андрэйчанка адзначыў, што вынікам лічбавізацыі эканомікі стала бурная кадравая рэвалюцыя. Многія прафесіі ўжо ў недалёкай будучыні або зусім знікнуць, або іх заменіць штучны інтэлект.

— І калі мы не прымем своечасовых мер, то нашы ВНУ рызыкуюць выпускаць спецыялістаў, якія проста будуць нікому не патрэбны. У прынцыпе ўжо цяпер шматлікія кампаніі самастойна рыхтуюць кадры, таму што гэта хутчэй і танней, чым іх перавучваць, — падкрэсліў спікер.

Ён звярнуў увагу, што сёння нярэдка і настаўнікі, і вучні перагружаныя, а мэтай педагагічнага працэсу становіцца не ўсебаковае раскрыццё асобаснага патэнцыялу, а падрыхтоўка да тэста, бацькі пры гэтым вымушаны прыцягваць рэпетытараў. Засяродзіўся Уладзімір Андрэйчанка і яшчэ на адной праблеме:

— Платай чалавецтва за прагрэс становіцца тое, што ў сучасных падлеткаў, якія значны час праводзяць у інтэрнэце, трансфармуюцца памяць і разумовыя здольнасці, зніжаецца матывацыя да вучобы, развіваецца трывожнасць і ўзнікаюць сур'ёзныя праблемы са здароўем. Таму сучасныя тэхналогіі трэба ўспрымаць не як панацэю, а як інструмент, якім і педагогі, і іх вучні павінны навучыцца правільна карыстацца, каб па-новаму і з карысцю арганізаваць навучальны працэс для ўсіх яго ўдзельнікаў. Напрыклад, мы ўсвядомілі карысць аддаленага навучання, якое выратавала нас падчас пандэміі. Але гэта не павінна стаць нормай пры навучанні ў звыклых умовах.

Відавочнае і пытанне прэстыжу педагагічнай прафесіі, і пытанне аўтарытэту педагога ў грамадстве, якія зніжаюцца. На думку Уладзіміра Андрэйчанкі, адукацыя стала камерцыялізаванай і ўспрымаецца людзьмі выключна як паслуга або тавар. Але ж прафесія педагога патрабуе вялікага самаадрачэння, і трэба выкарыстоўваць усе магчымасці, каб вярнуць настаўнікам той высокі статус, які яны на самай справе заслугоўваюць.

Яшчэ адна важная праблема, на якую спікер заклікаў звярнуць пільную ўвагу, — інтэграцыя нацыянальнай сістэмы адукацыі ў сусветную адукацыйную прастору.

— У прынцыпе ў нас дастаткова нядрэнны ўзровень адукацыі. Але мы рыхтуем спецыялістаў, якія пасля завяршэння нашых універсітэтаў часта імкнуцца працягнуць адукацыю, а пасля і працаваць у іншых краінах. Думаецца, што сапраўдная мэта нашага ўдзелу ў Балонскім працэсе, праграмах па абмене студэнтамі і іншых мерапрыемствах такога роду павінна быць у тым, каб менавіта нашы навучальныя ўстановы станавіліся ўсё больш прывабнымі для замежнікаў. Толькі так мы зможам павысіць свае стаўкі ў барацьбе за кантроль над інтэлектуальнымі рэсурсамі, — падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка.

Экзамен па гісторыі Беларусі можа стаць абавязковым пры паступленні ў ВНУ

Такую прапанову выказаў міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА.

— Улічваючы важнасць гістарычных ведаў у фарміраванні светапогляду падрастаючага пакалення, Міністэрства адукацыі ініцыіруе ўключэнне экзамену па гісторыі Беларусі як абавязковага пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі, — сказаў ён.

Міністр адзначыў, што нацыянальная сістэма адукацыі адпавядае ўсім патрабаванням, якія прад'яўляе да яе грамадства і дзяржава. Захоўваюцца і будуць заставацца нязменнымі асноўныя прынцыпы: дзяржаўная падтрымка, справядлівасць і роўны доступ да якаснай адукацыі, мэтавы набор, гарантыя першага працоўнага месца. Рэалізоўваецца таксама найважнейшы прынцып «адукацыя праз усё жыццё». Па паказчыках у сферы адукацыі Беларусь трывала замацавалася ў групе найбольш развітых краін. Аб прэстыжнасці і якасці адукацыі сведчыць і рост экспарту адукацыйных паслуг: больш за 27 тысяч замежных грамадзян з 109 краін выбралі для сябе навучанне ва ўстановах адукацыі нашай краіны.

Цяжкасці з кваліфікаванымі і ініцыятыўнымі кадрамі

Пра выкарыстанне новых форм навучання і ўдасканаленне адукацыйнага працэсу расказаў рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Вадзім БОГУШ.

— У складанай эпідэміялагічнай абстаноўцы больш за 90 % ВНУ Беларусі выкарыстоўваюць дыстанцыйныя адукацыйныя тэхналогіі, у тым ліку ў дзённай форме атрымання адукацыі. Наш вопыт паказвае, што для ўвядзення дыстанцыйнай формы як самастойнай формы атрымання вышэйшай адукацыі нароўні з завочнай і вочнай адукацыяй, што прадугледжана новай рэдакцыяй Кодэкса аб адукацыі, ужо сфарміравана неабходная тэхналагічная і метадычная база.

Генеральны дырэктар ААТ «Мінскі трактарны завод» Віталь ВОЎК расказаў пра ўзаемадзеянне прадпрыемства з установамі адукацыі. Ён адзначыў, што за апошнія пяць гадоў тысячы студэнтаў ВНУ і навучэнцаў прафесійна-тэхнічных устаноў прайшлі тут вытворчую практыку. Больш за 350 маладых спецыялістаў штогод прыходзяць працаваць на МТЗ. Аднак гэтага недастаткова, і кожны год прадпрыемства адчувае цяжкасці з кваліфікаванымі і ініцыятыўнымі маладымі работнікамі. Звярнуўся кіраўнік МТЗ і да праблемы матэрыяльна-тэхнічнай базы сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных устаноў, адзначыўшы, што прадпрыемствы перааснашчаюцца хутчэй, чым навучальныя ўстановы. За апошнія тры гады МТЗ паставіў установам адукацыі больш за 70 адзінак сваёй новай тэхнікі.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Спорт

Ірына Курачкіна заваявала серабро Алімпійскіх гульняў!

Ірына Курачкіна заваявала серабро Алімпійскіх гульняў!

 У фінале спаборніцтваў па жаночай барацьбе яна ўступіла японцы Рысака Каваі. 

Грамадства

Ацэнка дзеянняў урада і давер да апазіцыі — Мусіенка пракаменціраваў вынікі сацапытання

Ацэнка дзеянняў урада і давер да апазіцыі — Мусіенка пракаменціраваў вынікі сацапытання

Па заказе ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал» — АНТ з 5 па 21 ліпеня Аналітычны цэнтр ЕсооМ з прыцягненнем фонду «Украінская палітыка» правёў

Палітыка

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

З беларуска-літоўскай граніцы працягваюць паступаць весткі, ад якіх проста кроў стыне ў жылах. 

Грамадства

Ва ўстановах адукацыі чакаюць сваіх абітурыентаў

Ва ўстановах адукацыі чакаюць сваіх абітурыентаў

Вызначыцца з выбарам прафесіі і месцам навучання можна да 7 жніўня ўключна.