Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Гісторый у пошце то пуста, то густа, і ўсе яны, вядома ж, розныя. Адны, бывае, адразу просяцца... у архіў, іншыя — на старонкі газеты, трэція — у адмысловую папачку, каб там «адляжацца», пачакаць свайго часу. Дык вось, нядаўна дзве гісторыі там «сустрэліся»: гэта значыць, да той, што чакала сваёй чаргі, прыйшла новая. Што цікава, у абедзвюх адзін і той жа аўтар, а тэксты — як неба і зямля, бо першую чалавек, відаць, сам пісаў — з любоўю, з веданнем «справы» і роднай мовы, а вось другую (можа, не могучы?) — ужо камусь дыктаваў… Адкуль выснова: хочаце нешта расказаць, напісаць — не адкладвайце гэта на потым. Пішыце! Свет захаваўся таму, што смяяўся. І думаў.


Чароўныя ўласцівасці перцу

Гэтую гісторыю я пачуў у гарадской лазні. Расказаў яе, можна сказаць, сябар па парылцы, сталы чалавек. Мне (чаго не зробіш для любімай рубрыкі ў любімай газеце?!) засталося толькі запісаць. Такім чынам...

«Мы, падлеткі, не любілі дзядзьку Лявона, — гучала ў нашай парылцы. — Хата яго была першай пры ўездзе ў вёску, альбо апошняй пры выездзе. Гэта — як палічыць... Галоўнае, што за ёй, прычым непадалёку рос вялізазны дуб, пад якім вечарамі збіралася ўся дзятва. І не проста каб «патусіць», як сёння кажуць. Да найтаўсцейшага з дубовых сукоў там ланцугамі мацавалася шырокая дошка — атрымліваліся арэлі. На зіму яны здымаліся, а як толькі сыходзіў снег, хлопцы іх выцягвалі са схованкі і гуртам, урачыста, «адкрывалі сезон»: неслі на месца — мацавалі на дуб. Гэта была традыцыя, якой трымалася не адно пакаленне вясковай моладзі. А там, дзе яна, там, вядома ж, і крык, і смех, і піск дзяўчат — амаль да паўночы... Ды яшчэ і кожны вечар.

Дзядзьку Лявона гэта, відаць, раздражняла, не давала заснуць. І тады ён забываўся, што сам жа вырас пад гэтым дубам, — хапаў нейкую чапялу ці вілкі, бег да арэляў, разганяў адтуль шумнае «вараннё» — псаваў яму вечар, што маладым, вядома ж, не падабалася. Яны думалі, як адпомсціць і...

Дзядзька быў вялікі аматар лазні, прычым парыўся абавязкова адзін, балазе, што лазня была свая і стаяла наводшыбе, у канцы гарода.

Што надумалі хлопцы? Яны сабралі малых (нам гадоў па восем было) і далі піянерскае даручэнне: па-першае, назіраць за тым, як дзядзька будзе тапіць лазню; па-другое, чакаць, пакуль, натапіўшы, ён туды зойдзе з венікам, а назад выйдзе без (звычайна ён у хату хадзіў па бялізну); па-трэцяе, у гэты момант хуценька матнуцца ў лазню, каб у тазік, дзе распарваецца венік, усыпаць вось гэты парашок (нам уручылі чырвоны молаты перац у шкляной бутэлечцы) і паспець размяшаць...

Мы пастараліся і ўсё зрабілі, як трэба, потым — сядзім у засадзе, чакаем, што ж будзе далей. І... нічога такога: дзядзька, бачым, з бялізнай пад пахай пайшоў у лазню, мыецца, відаць...

Мы ўжо з засады павылазілі, нам збрыдзела нечага чакаць! І тут — кіно і немцы: з прылазніка куляй вылятае дзядзька; голы, з нейкім звярыным рыкам нясецца ў бок хаты, крычыць там: «Вадой, вадой аблівай!»... Праўда, гэтага мы ўжо не бачым...

«Пацярпелы» потым сам расказаў (і не нам, вядома ж), як па прывычцы залез на палок, як добранька пасядзеў-прагрэўся там, як стаў аблівацца потам і падкінуў парку, як нарэшце ўзяўся за венік — стаў біць ім па нагах, па жываце, як адчуў, што ўсё цела стала гарэць нібы на агні... «Добра, што жонка дома была і вада ў вёдрах халодная...»

Ну а далей дзядзька «абследаваў» венік і тазік — знайшоў прычыну. Але ж вінаватых шукаць не стаў. Больш за тое, перастаў з чапялою бегаць да дуба. «Ведаеце, — мужчынам казаў, — пасля той працэдуры як быццам памаладзеў, з дзясятак гадоў з сябе скінуў... І засынаць лепей стаў: галава да падушкі і ўсё».

Вось такія нечаканыя былі наступствы. І, можна сказаць, засталіся, бо ў вёсцы, калі нехта шпарка бяжыць, да сёння пытаюць: «Ты гэта куды — як Лявонка з лазні?»

Валерый Гаўрыш,

г. Чавусы.


За каханне! І на гэтым свеце, і на... тым!

У народзе кажуць: «Не лягчэй будзе жыць, калі станеш галасіць». Гэта, між іншым, чыстая праўда! І добра, што нашы людзі не проста ведаюць яе, а яшчэ і кіруюцца. Я па Аляксандраўне сваёй мяркую — добрай даўняй прыяцельцы.

...Нядаўна ў яе гадавіна была — па смерці мужа. З сынам яны на могілкі з'ездзілі, завезлі кветкі, «праведалі» нябожчыка. Пашкадавалі яшчэ, што пасядзець не выпадае: сыну тэрмінова на работу трэба было...

Такім чынам, маці адна прыехала дамоў (людзей не збярэш — вірус), успомніла, што ў запасе ёсць бутэлька віна. Дастала з секцыі два бакалы — для сябе і свайго Антонавіча, узяла бутэльку...

Як на тое ліха, штопар зламаўся. Ну не ісці ж у пазыкі?

Узяла малаток і малы дыванок, выйшла з імі на лесвічную пляцоўку — адбіла ў бутэлькі горла, на ўсялякі выпадак працадзіла кагор, наліла ў фужэры...

Узняўшы свой, падзякавала мужу за сына, за пражытыя разам гады, за тое, што, любячы, ён зносіў усе яе недахопы... Выпіла свой бакал. Мужаў застаўся на стале...

Пасядзела. Не без таго — крыху паплакала, а ўрэшце, уздыхнуўшы, падумала, што не прападаць жа дабру: трэба выпіць і мужаў бакал! Але ж спачатку, як быццам, нешта сказаць (пры тым, што галоўнае сказана?).

Міжволі ўспомніла, што ў іх з чалавекам агульная прыяцелька была. Падабаўся ёй Антонавіч! І не хавала: так, здаецца, і закруціла б нейкі раман, але...

На той свет яна першай сышла. На правах старажыла магла там Антонавіча сустрэць. «Дык ты не губляйся там, — дазволіла мужу ўдава. — Не крыўдзі жанчыну. Мяне, можа, доўга чакаць»

На гэтым слове яна асушыла другі бакал і ўзялася за хатнія справы.

...Не ведаю, як вам, а мне дык было смешна слухаць гэтую гісторыю: міжволі ўспомнілася: «Божа, дай мне сілы змірыцца з тым, што змяніць не магу, дай мужнасці змяніць тое, што магу, і мудрасці, каб адрозніць адно ад другога».

Альвіна Чайкоўская,

г. Гомель.


Даюць — бяры...

Здалёк пачну: у адной жанчыны хлеба не было — пайшла ў краму. Бачыць, а там, пры ўваходзе, мужчынка ляжыць — сімпатычны, хоць і п'яны... «Буду ісці назад, падбяру», — вырашыла жанчына. І, як быццам, хутка вярнулася, а мужчынкі няма: нехта апярэдзіў... Яна з той крыўды як не мацюкнулася: «Можна падумаць, я месяц хлеба не ела!»

Гэта, як вы зразумелі, анекдот. Зараз — чыстая праўда.

Суседзі мае Жэка і Маня розную садавіну-гародніну вырошчваюць, на Дзявятках (гэта ў Рагачове базар такі) прадаюць. Гэтай вясной, як казалі, бульба з буракамі добра ішлі — з мінулага ўраджаю: на новы ў людзей пакуль грошай няма...

Але ж святы — гэта ў нас святое! Мы іх з размахам любім адзначаць, не эканомячы. Хоць у сёлетнім маі, можа, і варта было, бо святаў там шмат — адно перацякала ў другое. А напярэдадні продажы раслі. І не толькі ў крамах.

...На базары найбольшым попытам Жэкаў хрэн карыстаўся. Адмысловы прадукт! Гэта не толькі пакупнікі прызнаюць, нават яго канкурэнты. Што не дзіва: у Жэкі свой фірмовы рэцэпт, свая правераная часам тэхналогія, дзе да грамулечкі ўсё ўзважана і прамерана, дзе вытрымана кожная драбяза, не кажучы ўжо пра тэмпературны рэжым пры заквасцы буракоў...

Дык вось сёлета Жэка дзесяць літраў хрэну зрабіў і ўсе чыста прадаў! Нават мала было: пастаянным кліентам і тым не хапіла!

А між тым найвышэйшую адзнаку атрымаў не гэты прадукт — зусім іншы.

...Значыць, перад Вялікаднем суседзі зноў сабраліся на Дзявяткі, загрузіліся розным таварам. Для асартыменту (хрэн — само сабой...) Маня шніт-цыбулі настрыгла. Сімпатычнай такой — з тоненькім пер'ем. На базары засталося толькі разлажыць усё ды... прадаць: гаспадару — бульбу, моркву, буракі ды свой хрэн, гаспадыні — яйкі, фасолю, гарбузы і тую цыбульку (у прадаўцоў там нават канкурэнцыя: хто больш грошай выручыць...)

А народ між тым ужо падыходзіць, тым-сім цікавіцца...

— Што гэта за цуд такі?! — пытае нейкая цётка, разглядаючы цыбульку. (Гаспадар толькі касавурыцца, бо казаў, што на гэтую «фігню» ніхто і не паглядзіць.)

А цётка, між тым, купіць збіраецца, праўда, на зваротным шляху... Па базары, маўляў, паходзіць...

І, галоўнае, не падманула: і сапраўды вярнулася — хвілін праз 20.

— А дзе цыбулька? — пытаецца.

— Няма, — кажа ёй Маня. — Разабралі ўсю.

Такога «аблому» жанчына, відаць, не чакала:

— Во блін! — ляпнула ўголас. — Можна падумаць, я год базару не бачыла...

...Жыццё, як анекдот? Што цікава, пра Жэкаў хрэн так ніхто ні разу не сказаў, нават той, каму не хапіла!

Адкуль выснова: бачыш нешта патрэбнае, — хоць мужчынку, хоць вітамінку — бяры, не чакай, пакуль возьмуць іншыя.

Соф'я Кусянкова,

в. Лучын, Рагачоўскі раён.

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Прэв’ю — pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».