Вы тут

Зладзюжкі і зладзеі. Як першыя ператвараюцца ў другіх, і як хто ім у гэтым дапамагае


Калегу ў канцы красавіка вельмі далікатна абакралі. Як так? Расказваю. У яго дача дзесьці ці то пад Нясвіжам, ці то пад Капылём — вясковая дзедава хата. Хата сапраўды «дзедава»: вокны ў ёй старыя, драўляныя, на новыя шклопакеты ніхто не мяняў. На адным акне дачнікі паставілі расаду, а самі з'ехалі да наступных выхадных. Прыязджаюць праз тыдзень — шыба ў акне акуратна выстаўлена, памідоры ў скрынцы, якія перашкаджалі злодзею залезці, гэтаксама акуратна з падаконня перастаўлены на ложак... Злодзею, дакладней, зладзюжку, патрэбна было зусім няшмат. Ён забраў чакушку гарэлкі, што стаяла на кухні ў шафцы, і шакаладку, што там жа ляжала на стале. Прычым выпіў і закусіў «не адыходзячы ад касы», пакінуўшы пустую бутэльку і абгортку на той жа кухні. Больш з хаты нічога не вынес. Хоць там вялікага багацця і няма, але ж пажывіцца пры жаданні можна было. Сякерай, напрыклад. Ці качаргой.


Фота: pixabay.com

Міліцыю гаспадары ўсё ж выклікалі — не кожны ж дзень у акне шыбу вымаюць. Злодзея вылічылі хутка — мясцовы выпівоха ўжо даўно быў на прыкмеце, да таго ж суседзі бачылі, як ён каля падворка круціўся. Той нават і не аднекваўся: так, залез, бо надта ж хацелася выпіць... Паглядзеўшы на яго, дачнікі пісаць заяву не сталі: што з яго возьмеш, дый урону ўсяго на сем рублёў, якія ён вярнуў, — не садзіць жа чалавека ў турму за шакаладку. (Падазраю, што галоўным аргументам на карысць злодзея была пашкадаваная ім расада, бо мог жа і звярнуць.) Карацей, зладзюжка нават не спалохаўся, а «пацярпелыя» расказвалі гэтую гісторыю хутчэй як анекдот, паблажліва пасмейваючыся...

Праўда, роўна да таго часу, пакуль, прыехаўшы ў канцы мая ў вёску, не даведаліся, што іхні зладзюжка ўжо зрабіўся сапраўдным злодзеем: абнёс у навакольных вёсках некалькі хат, прычым ужо не па дробязі. У таго скраў бензапілу, у таго — трымер, у бабулі вынес з хлеўчыка дзвюх гусей. З адной хаты знёс дваццаць бутэлек гарэлкі (гаспадыня-дачніца збіралася ў вёсцы сыну вяселле рабіць). «Як жа ты данёс?» — здзіўлена спыталіся следчыя, бо несці накрадзенае дадому трэба было ноччу кіламетры чатыры праз лес. «Цяжка, — уздыхнуў злодзей. — Але я спынюся, прысяду, глытну крыху з бутэлькі ды далей іду...»

Нягледзячы на нежартоўны ўрон, які нанёс гэты таварыш людзям, усё роўна крыху смешна, праўда? Можна нават у «Народ на провадзе» гэтую гісторыю напісаць. Але, калі сур'ёзна, пасміхацца тут асабліва няма з чаго. Намалявалася праблема, якую можна абазначыць так: як блазны становяцца мярзотнікамі і хто ім у гэтым дапамагае.

Яно ж у вёсцы так здаўна вядзецца: заўсёды ёсць некалькі чалавек недарэк або п'яніц, што выклікаюць не столькі абурэнне, колькі кпіны. А і праўда: ляжыць сабе чалавек на грудку, не дайшоўшы да хаты, сабакі каля яго заднюю лапу падымаюць — чаму б не пасмяяцца. А можа, і пашкадаваць: разбудзіць ды памагчы ўстаць на ногі. Заўтра ён прыйдзе прасіць пахмяліцца, ты яму паблажліва скажаш: ідзі адсюль, ён і пойдзе. А калі надумае з двара пацягнуць тое, што дрэнна ляжыць, — выспятка пад зад яму — вось і ўсё пакаранне. Блазен, што з яго возьмеш... Так было спрадвек.

Дакладней, так было раней, пакуль у вёсцы жыло шмат маладых дужых людзей, і гэтыя самыя блазны былі ў колькасці арыфметычнай пагрэшнасці ад агульнага. Але ў многіх невялікіх вёсках сітуацыя сёння крыху іншая. Жывуць пастаянна там у асноўным людзі сталага веку, якія пастаяць за сябе не вельмі могуць, таму недарэкі, што ў вёсках не перавяліся, а, наадварот, размножыліся, пачуваюць сябе пеўнямі. І галоўнае — беспакаранымі. Не таму, што міліцыя не знойдзе, — таму, што ў міліцыі падставы затрымліваць можа не знайсціся.

Магчыма, памятаеце, я ўжо ўзнімала гэтую тэму, калі падобную гісторыю даслала ў рэдакцыю чытачка з Навагрудскага раёна. Яна адмовілася пазычыць п'яніцу грошы на апахмел, і пакрыўджаны дзяцюк скраў у яе тэлефон. Не каб прадаць — апарат быў стары, танненькі, — а проста каб папсаваць бабулі нервы: выйшаўшы за двор, ён проста выкінуў тэлефон у куст. Бабуля выклікала міліцыю — і вы думаеце, яму за тое нешта было? Нічога, хіба лёгкі спалох. Бо мабільнік быў танны і прадаваць зладзюжка яго не збіраўся. Не дацягвае да крымінальнай справы...

Гэта калі пра бабулю. А што ж маладзейшыя-здаравейшыя, спытаеце. Яны ж хоць у нейкай колькасці ёсць, а як на дачы летам папрыязджаюць, дык і ўвогуле шмат. Мне нядаўна яшчэ адну гісторыю пра вясковых зладзеяў падкінулі. Якія ў моцнага нестарога гаспадара пакралі са склепа ўсё, што там было: і моркву, і бульбу, і буракі. Урон быў даволі буйны: адной бульбы — дзесяць мяхоў. Усё на крымінальную справу цягнула. Злодзея знайшлі, а справу... заводзіць не сталі. Бо абкрадзены падумаў-падумаў, дый паменшыў колькасць украдзенага. Пашкадаваў, дый жыць у адной вёсцы пасля з гэтым чалавекам давядзецца. А ён ужо не блазен, і не зладзюжка, ён — злодзей. Якога трэба калі не пабойвацца, дык асцерагацца і па магчымасці ніякіх спраў з ім зусім не мець...

Хто яму і іншым «героям» напісанага тут дапамог на больш высокую ступень нягодніцтва ўскараскацца — прапаную дадумаць самім чытачам.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ці апраўдае сваю назву апошні месяц зімы? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Ці апраўдае сваю назву апошні месяц зімы? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Люты — ад лацінскага «фебруарыс», што азначае «ачышчэнне». 

Грамадства

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Каму, калі, што, дзе і як можа давяраць пра сябе сучасны чалавек.

Грамадства

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Раней было прасцей: скончылася ў доме соль — ідзеш у краму і купляеш, і ўсё зразумела.