Вы тут

Кнігу пра самабытнасць драўлянага хрысціянскага дойлідства Беларусі прадставілі ў НАН


Прэзентацыя кнігі «Драўлянае хрысціянскае храмабудаўніцтва Беларусі» Тамары Габрусь адбылася сёння ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі, перадае БелТА.


Выданне прысвечана ўнікальнаму культурнаму феномену — драўлянаму сакральнаму дойлідству Беларусі, складанасці яго гістарычнага лёсу і мастацкай своеасаблівасці. Аўтарам разглядаюцца помнікі драўлянага храмабудаўніцтва розных хрысціянскіх канфесій як агульная культурная спадчына беларускага народа, прапануецца новая мастацтвазнаўчая сістэматызацыя і класіфікацыя храмаў па іх архітэктоніцы і канцэпцыі формаўтварэння.

«Маёй задачай было раскрыць самабытнасць драўлянага дойлідства Беларусі, а таксама прычыны гэтай самабытнасці. Раней вывучэннем гэтага пытання з пункту гледжання архітэктурных даследаванняў сур’ёзна не займаліся. У мяне пайшло пяць гадоў на сістэматызацыю вялікага пласта інфармацыі для стварэння гэтай кнігі. Аднак сама гэта тэма натхняе мяне паўстагоддзя ўжо — з таго часу, як я ўпершыню ўбачыла драўляную царкву», — падзялілася аўтар.

Для навуковага аналізу Тамара Габрусь выкарыстоўвае як існуючыя помнікі, так і вядомыя па дакументальных архіўных крыніцах. «Яна вылучыла адметныя базавыя архетыпы, прааналізавала генезіс і творчую эвалюцыю кампазіцыйных мадыфікацый айчынных драўляных храмаў і асобна пастаўленых званіц. Аўтарам таксама акрэслены самабытныя эстэтычныя і канструкцыйныя прыёмы, звязаныя з этнічным жыллёвым і прыгонным будаўніцтвам, рознабаковыя рэлігійна-семантычныя каноны і мастацка-стылявыя ўплывы. Акрамя таго, у кнізе апісваецца рэгрэс нацыянальных традыцый драўлянага храмабудаўніцтва Беларусі ў часы Расійскай імперыі, савецкі і постсавецкі перыяды, адлюстраваны перспектыўныя магчымасці творчага выкарыстання нацыянальнай будаўнічай традыцыі ў сучаснай сакральнай архітэктуры», — расказалі ў акадэміі.

«Выданне Тамары Габрусь фундаментальнае, дэталёвае, у ім яна паказала сябе як архітэктар, мастак, паэт і філосаф. Многія значныя работы па гісторыі архітэктуры — не толькі манаграфічныя, але і шматтомныя — напісаны з яе ўдзелам. Сярод іх „Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі“, „Страчаная спадчына“, „Архітэктура Беларусі: нарысы эвалюцыі ва ўсходнеславянскім і еўрапейскім кантэксце“. Тамара Віктараўна пакінула свой глыбокі след у навуцы архітэктуры і гісторыі мастацтва», — сказаў дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры акадэмік Аляксандр Лакотка.

Кніга суправаджаецца змястоўнай бібліяграфіяй, спісам драўляных храмаў, тлумачальным слоўнікам асноўных тэрмінаў і паняццяў драўлянага храмабудаўніцтва, змяшчае вялікую колькасць сучасных і архіўных фотаздымкаў розных гадоў, малюнкаў Напалеона Орды, Дзмітрыя Струкава і Язэпа Драздовіча, планаў і рэканструкцый збудаванняў.

Матэрыялы гэтага даследавання могуць быць карыснымі для вучоных у галіне мастацтвазнаўства, гісторыі архітэктуры і рэлігіі, а таксама для шырокага кола чытачоў. Выданне адзначана дыпломам другой ступені нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі» ў намінацыі «Навука і веды».

У прэзентацыі прынялі ўдзел прадстаўнікі прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук, супрацоўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, інстытутаў гісторыі, філасофіі, фізікі НАН, выдавецкага дома «Беларуская навука», рэдакцый часопісаў «Роднае слова», «Наша вера».

Акрамя таго, наведвальнікі мерапрыемства змаглі азнаёміцца з кніжнай выстаўкай, на якой прадстаўлены выданні, прысвечаныя архітэктуры Беларусі, помнікам драўлянага дойлідства. У асобным раздзеле будуць экспанавацца працы Тамары Габрусь.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.