Вы тут

Свет на дроце. Чаму гіганцкі апоўзень каля берагоў Афрыкі «паклаў» інтэрнэт?


Днямі міжнародная група навукоўцаў паведаміла аб наймагутнейшым сходзе падводнай лавіны з усіх, за якімі акіянаграфам даводзілася назіраць. Гэта адбылося ў падводным каньёне, які пачынаецца ад вусця ракі Конга каля ўзбярэжжа Заходняй Афрыкі, паведаміла The Guardіan. З'ява была зафіксавана яшчэ ў студзені мінулага года, аднак спецыялістам спатрэбілася многа часу, каб аднавіць пашкоджаную велізарным падводным апоўзнем апаратуру і апрацаваць неабходныя даныя. Разам з акіянаграфічным інвентаром была пашкоджана сістэма падводных камунікацый, якая адказвае за перадачу 99 працэнтаў усіх даных у свеце. Наколькі абаронена «глабальнае павуцінне»?


Фота: pixabay.com

Лавіна ў каньёне

На дне Сусветнага акіяна ёсць мноства падводных каньёнаў. Упадзіна, якая пачынаецца каля вусця ракі Конга, дзе адбыўся сход, — адна з найбуйнейшых на планеце. Звычайна гэта V-падобная шчыліна, глыбіня якой складае тысячу і больш метраў адносна дна. Вымяраць хуткасць руху наносаў і іх масу дапамагае спецыяльнае абсталяванне, пракладзенае па ўсёй даўжыні каньёна. З дапамогай падобных прыбораў навукоўцы могуць назіраць за падводнымі з'явамі і ацэньваць звязаныя з імі рызыкі і для жыццядзейнасці чалавека.

Надзвычайная прыродная з'ява на ўзбярэжжы Чорнага кантынента працягвалася два дні і ахапіла плошчу, якая перавышае 1,1 тысячы кіламетраў дна Атлантычнага акіяна. «Пацярпелі некалькі нашых акіянаграфічных станцый, іх літаральна сарвала з якара, якім яны мацуюцца да дна. З іх мы атрымалі электроннае паведамленне аб тым, што адбываецца», — паведаміў прафесар Дарэмскага ўніверсітэта Пітэр Толінг. На глыбіню каньёна сышло больш за адзін кубічны кіламетр (!) пяску і бруду.

На думку навукоўцаў, рух магутнага патоку справакавалі два фактары. Перш за ўсё гэта выключна моцная паводка ў рацэ Конга ў снежні 2019 года, прыкладна за два тыдні да пачатку руху падводнай масы. Такія катаклізмы здараюцца прыкладна раз у паўстагоддзя і прыносяць у вусце ракі вялікія аб'ёмы пяску і бруду. Як заўважаюць спецыялісты, падчас паводкі 2019-га вада ў басейне ракі Конга прыбывала з хуткасцю 70 тысяч кубаметраў за секунду.

Пасля, у студзені мінулага года, пачаліся незвычайна моцныя прылівы і адлівы. «Мы думаем, што рух масы пачаўся на плыткаводдзі, падчас адліву, — адзначыў прафесар Дэн Парсанс з Універсітэта Хала. — Па меры таго як зніжаецца нагрузка на акіян у яго верхніх пластах, змяняецца ціск у донных адкладах, што і прыводзіць да такіх наступстваў».

Трафік на 10 трыльёнаў долараў

Гэтая з'ява не атрымала б такога шырокага рэзанансу, калі б лавіна не абарвала два падводныя камунікацыйныя кабелі, што парушыла работу інтэрнэту на ўсёй тэрыторыі паміж Нігерыяй і Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікай. У водах Сусветнага акіяна пастаянна курсіруюць спецыяльныя караблі, яны гатовы хутка ліквідаваць паломкі ў сістэме падводных камунікацый, якая стала жыццёва неабходнай. Рамонтнае судна The Leon Thevenіn было накіравана да берагоў Заходняй Афрыкі, каб аднавіць кабелі, якія былі абарваныя падводнай лавінай. Неабходныя работы працягваліся некалькі тыдняў.

Навукоўцы, якія вывучалі здарэнне каля Афрыкі, заявілі, што іх работа ўяўляе сабой першае падрабязнае даследаванне магутных падводных мутных плыняў. Яны могуць зруйнаваць падводныя камунікацыі, па якіх перадаецца больш за 99 працэнтаў глабальнага трафіку даных паміж кантынентамі. Гэта датычыцца інтэрнэту, электроннага гандлю, воблачнага захавання даных і паслуг галасавой пошты. Маштабы глабальнага трафіку насамрэч уражваюць: паводле звестак Polіcy Exchange, адных толькі грашовых пераводаў па ўсім свеце штодня ажыццяўляецца на 10 трыльёнаў долараў.

Даследаванне афрыканскай падводнай лавіны можа дапамагчы падчас планавання маршруту пракладвання падводных камунікацый, а таксама спрыяць рацыянальнаму размяшчэнню рамонтных суднаў і пошуку спосабаў змякчэння наступстваў надзвычайных здарэнняў. «Гэтыя новыя даныя будуць выкарыстаны ў індустрыі камунікацый, з іх дапамогай пракладуць новыя маршруты па дне акіяна ў абыход раёнаў з найбольшай рызыкай узнікнення эрозій, пагібельных для тэхнікі», — заўважыў спецыяліст у галіне марской геалогіі брытанскага Нацыянальнага цэнтра акіянаграфіі Майк Клэр.

Прынада для акул

Уся наша планета шчыльна ахоплена кабелямі сувязі. Як вядома, інтэрнэт — гэта сетка звязаных паміж сабой сетак. У агульных рысах сістэма сувязяў падобная на дрэва. Ролю «ствала» адыгрываюць тоўстыя кабелі з оптавалакна, якія знаходзяцца пад зямлёй і на дне акіяна. Яны звязваюць паміж сабой краіны і нават асобныя кантыненты. Размяшчэнне такіх кабеляў лёгка знайсці ў адкрытым доступе. Ёсць нават інтэрактыўная карта, на якой можна паглядзець, якімі шляхамі кантэнт перамяшчаецца праз акіяны. Праект TeleGeography адсочвае пракладку падводных камунікацый з 1999 года.

З таго часу як на фондавых біржах былі ўведзены аўтаматызаваныя сістэмы гандлю, а здзелкі пачалі здзяйсняць камп'ютары, тэрмін для прыняцця рашэння зменшыўся да мікрасекундаў. Гэта запатрабавала адпаведнага павелічэння хуткасці сувязі. Амерыканская кампанія Hіbernіa Atlantіc інвесціравала 300 мільёнаў долараў у пракладку новага кабеля Hіbernіa Express паміж Лонданам і Нью-Ёркам. Дзякуючы яго запуску ў 2015 годзе затрымка ў аперацыях складае ўсяго 58,95 мілісекунды.

Калі вы хочаце паглядзець, якім бы быў інтэрнэт без падводных кабеляў, наведайце Антарктыду — адзіны кантынент, які не мае фізічнага падключэння да Сеткі. Мясцовыя даследчыя станцыі залежаць ад спадарожнікаў з высокай прапускной здольнасцю, але нават гэтай магутнасці не хапае, каб перадаць усе даныя.

Размяшчэнне кабеляў выразна паказана на марскіх картах і ў навігацыйных сістэмах. Гэта зроблена для таго, каб караблі выпадкова не пашкодзілі камунікацыі. Па словах прадстаўніка брытанскай тэлекамунікацыйнай кампаніі «Джэй Ці», на картах пазначаны месцы, дзе кідаць якар забаронена. Гэтая мера дазваляе засцерагчы інтэрнэт-камунікацыі і пазбегнуць аварыйных адключэнняў. Праўда, і тут не абыходзіцца без недарэчнасцяў. Так, у 2016 годзе карабельныя якары разарвалі тры кабелі паміж Нармандскімі астравамі і брытанскім узбярэжжам. Гэта выклікала перабоі з інтэрнэтам і адключэнне мабільнай сувязі.

Апроч караблёў, кабелям пагражаюць таксама рыбацкія сеткі, прыродныя катастрофы і нават акулы. Гэтыя драпежныя рыбы чамусьці ўпадабалі падводныя камунікацыі. Марскія біёлагі мяркуюць, што драпежнікі прымаюць кабель за здабычу, таму і нападаюць. Абараняючыся ад акул, буйныя кампаніі, такія як Google, пакрываюць свае камунікацыі пластом ахоўнага кеўлару.

Часам кабелі выходзяць са строю па прычыне прыродных катастроф. Напрыклад, у 2012 годзе ўраган «Сэндзі» пашкодзіў большасць кабеляў, якія знаходзяцца ў Нью-Ёрку і Нью-Джэрсі — асноўных пунктах выхаду падводных камунікацый на бераг. У выніку інтэрнэт-злучэнне паміж Паўночнай Амерыкай і Еўропай адсутнічала некалькіх гадзін.

Кабелі не так проста перарэзаць, але часам і гэта адбываецца. У 2013 годзе ў Егіпце, недалёка ад Александрыі, былі затрыманы некалькі зламыснікаў у аквалангах. Высветлілася, што яны наўмысна перарэзалі падводны кабель даўжынёй 20 тысяч кіламетраў, які злучае тры кантыненты.

Вайна за «воблака»

Некаторыя кабелі звязваюць суседнія краіны, як 131-кіламетровы CeltіxConnect паміж Ірландыяй і Злучаным Каралеўствам. Іншыя, як Азіяцка-Амерыканскі Gateway, цягнуцца на 20 тысяч кіламетраў і звязваюць кантыненты. Даныя ідуць праз аптычныя валокны таўшчынёй у чалавечы валасок. Кабель уяўляе сабой пучок такіх валокнаў, змешчаных у ахоўную абалонку.

Па словах Даніэля Соўзы, кіраўніка дырэктара па вытворчасці ў амерыканскай кампаніі SubCom, якая займаецца падводнымі тэлекамунікацыямі, адна з цяжкасцяў у тым, што кабельныя сістэмы павінны вырабляцца і выпрабоўвацца як адно цэлае. Тэсціраванне праводзіцца на беразе перад пагрузкай кабеля на карабель і займае каля двух тыдняў, заўважыў «Бі-бі-сі» кіраўнік кампаніі Orange Marіne Дыдзье Дылар. Гэтая фірма валодае шасцю адмысловымі судамі, адно з якіх, «Рэнэ Дэкарт», здольна пракласці шэсць тысяч кіламетраў кабеля.

Раней асноўнымі заказчыкамі гэтых складаных і дарагіх праектаў былі тэлекамунікацыйныя кампаніі. Зараз у іх пачалі сур'ёзна ўкладвацца гіганты хайтэку. Па звестках TeleGeography, асноўныя сусветныя вытворцы інтэрнэт-кантэнту — Google, Facebook, Amazon і Mіcrosoft — за апошнія пяць гадоў інвесціравалі ў пракладку падводных кабеляў больш за паўтара мільярда долараў.

Google робіць стаўку на ўласныя кабелі. Кабель «Кюры» звязаў Чылі са Злучанымі Штатамі, а пабудаваны ў партнёрстве з SubCom «Дзюнан» — Амерыку і Францыю праз прыбярэжную станцыю кампаніі Orange Marіne ў Сэнт-Ілер-дэ-Рэц. Хутка ўвядуць у эксплуатацыю яшчэ два кабелі: «Эквіяна» пойдзе з Партугаліі ўздоўж заходніх берагоў Афрыкі ў ПАР, а «Грэйс Хопер» звяжа ЗША, Брытанію і Іспанію. Павышэнне надзейнасці доступу да інтэрнэту і яго распаўсюджванне на раней неахопленых тэрыторыях — дзве асноўныя прычыны для значных капіталаўкладанняў.

Гэта таксама інвестыцыя Google ва ўласныя інтэрактыўныя сэрвісы. У гэтай галіне канкурэнцыя асабліва моцная, што дала падставу назіральнікам казаць аб «воблачнай вайне» паміж інтэрнэт-гігантамі за дамінаванне. Гэтыя тэхналогіі ператварыліся ў велізарны бізнес па меры таго, як кампаніі пачалі пераносіць свае сховішчы лічбавых даных у такія сэрвісы, як Amazon AWS і Azure ад Mіcrosoft.

«Фуры» і «легкавікі»

Дырэктар па даследаваннях кансалтынгавай кампаніі TeleGeography Алан Молдзін заўважыў «Бі-бі-сі», што кабелі могуць быць прыватнымі, але ні ў кога няма выключнага права карыстацца імі: «Карыстальнікі шматлікія, і ўсе выкарыстоўваюць адну і тую ж інфраструктуру». Google не гандлюе доступам да сваіх кабеляў наўпрост, але вылучэнне часткі ёмістасці тэлекамунікацыйным кампаніям — распаўсюджаная практыка. Напрыклад, Orange Marіne дае сваім кліентам доступ да кабелю «Дзюнан», наўзамен дазваляючы Google выкарыстоўваць яе станцыю ў Сэнт-Ілер-дэ-Рэц. Алан Молдзін параўноўвае падземныя кабелі з аўтастрадай: Google і Facebook — гэта «фуры», але па аўтастрадзе ездзяць і «легкавікі», дастаўляючы даныя сваім кліентам.

Размовы пра тое, што спадарожнікі з часам выціснуць падводныя кабелі, ідуць дзесяцігоддзямі. Кампанія OneWeb са штаб-кватэрай у Лондане нядаўна запусціла шостую партыю сваіх спадарожнікаў. SpaceX Ілона Маска інвесціруе ў тэхналогіі спадарожнікавай сувязі ў рамках яе праекта Starlіnk. Аднак, як лічаць спецыялісты, параўноўваць гэтыя два віды сувязі нельга. Спадарожнікі найбольш эфектыўныя ў аддаленых месцах Зямлі, куды фізічна цяжка ці нявыгадна пракласці кабелі. Але апошнія незаменныя для перадачы вялікіх масіваў даных. «Асноўная работа па абмене вялікімі аб'ёмамі даных паміж сховішчамі па ўсім свеце будзе выконвацца падводнымі кабелямі», — упэўнены Алан Молдзін. Апора на акіянскія камунікацыі мае геапалітычны аспект.

І яшчэ. Як высветлілася, адзін з найсур'ёзнейшых у гісторыі інтэрнэту збой, які здарыўся днямі, выклікала памылка ў праграмным забеспячэнні амерыканскага правайдара паслуг па «воблачным доступе» Fastly. Мноства інтэрнэт-сайтаў па ўсім свеце, уключаючы брытанскі ўрад, вядучыя СМІ — ад CNN і New York Tіmes да Guardіan і «Бі-бі-сі» — аказаліся недаступнымі або працавалі з цяжкімі перабоямі з-за таго, што нейкі карыстальнік, не здагадваючыся аб наступствах, змяніў параметры і тым самым актываваў глабальны сістэмны збой. Па іроніі лёсу гэты чалавек міжволі аказаўся мацнейшы па наступствах за афрыканскі падводны апоўзень.

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

З беларуска-літоўскай граніцы працягваюць паступаць весткі, ад якіх проста кроў стыне ў жылах. 

Грамадства

Ва ўстановах адукацыі чакаюць сваіх абітурыентаў

Ва ўстановах адукацыі чакаюць сваіх абітурыентаў

Вызначыцца з выбарам прафесіі і месцам навучання можна да 7 жніўня ўключна.

Спорт

«Максім сказаў і зрабіў». Бацькі і трэнеры пра алімпійскі поспех Максіма Недасекава

«Максім сказаў і зрабіў». Бацькі і трэнеры пра алімпійскі поспех Максіма Недасекава

У сераду ў Мінск вярнуўся бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у скачках у вышыню Максім Недасекаў.

Грамадства

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

А яшчэ нармальны рабочы дзень, адпачынак і права на «бальнічны»...