Вы тут

Чым карысным займаюцца на канікулах дзеці ў горадзе


У сталіцы Падзвіння карэспандэнт «Звязды» высветліў, чым карысным займаюцца падчас канікул дзеці і падлеткі, якія не з'ехалі да сваякоў у вёску або ў аздараўленчы лагер.


«Краіне дзяцінства» — восьмы дзясятак

У юных віцяблян і жыхароў прыгарада круглы год ёсць магчымасць бясплатна наведваць Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі. Аўтар гэтых радкоў у дзяцінстве сам наведваў гэтую ўстанову. Там мяне навучылі, у прыватнасці, гуляць у шашкі, даглядаць кветкі, ствараць «разумныя цацкі». Тады гэтае месца было вядома пад назвай «Абласны Палац піянераў і школьнікаў». Летась гэтай дзяржаўнай установе дадатковай адукацыі споўнілася 70 гадоў. Сёння гэта шматпрофільная ўстанова з багатым выбарам прапаноў.

У Віцебскім абласным палацы дзяцей і моладзі арганізавана работа больш за 390 аб'яднанняў па інтарэсах, у якіх займаецца каля 4000 навучэнцаў. Сваімі ведамі, творчым майстэрствам, тэхнічнымі навыкамі дзеляцца каля 190 педагагічных работнікаў, з іх прыкладна 130 педагогаў дадатковай адукацыі.

Мясцовая ўлада ўклала ў капітальны рамонт з мадэрнізацыяй будынкаў вялікія сумы. У прыватнасці, у мінулым годзе з абласнога бюджэту на гэта патрацілі каля 3,2 мільёна рублёў. Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў у жніўні браў удзел у цырымоніі здачы пад ключ адрамантаваных карпусоў палаца на вуліцы Фрунзэ, узведзеных у канцы 1960-х гадоў. Яшчэ раней прывялі ў парадак будынак у цэнтры горада, які быў пабудаваны праз некалькі гадоў пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны.

Ад віртуальнасці да драўняных гульняў

Тут ёсць тое, пра што яшчэ нядаўна пісалі фантасты. Напрыклад, шлемы віртуальнай рэальнасці: дзяцей вучаць ствараць віртуальны свет. У палацы і мультфільмы робяць — гэта магчыма на занятках у дзіцячай студыі мультыплікацыі. Тут ствараюць і праграмуюць робатаў, каб яны потым выступалі на спаборніцтвах. Напрыклад, рыхтуюць робатаў-сумаістаў, робатаў-гоншчыкаў з пераадольваннем перашкод, робатаў-біятланістаў.

Журналісту «Звязды» паказалі 3D-прынтар, які выкарыстоўваўся падчас першай хвалі пандэміі, каб друкаваць медыкам празрыстыя маскі з пластыку. Рука тэрмінатара, зробленая падлеткамі, — яшчэ адзін доказ, што будучыня тут ужо здзяйсняецца.

Не менш уражваюць і работы гурткоўцаў з дрэва. Іх вучаць ствараць бяспечныя для здароўя цацкі і гульні, якія набываюць усё большую папулярнасць. Тут ёсць нават музычны камін з падсветкай.

Вельмі развіта ў віцебскім палацы класічнае мадэляванне — аўто, самалётаў, караблёў, падводных лодак. Ёсць і басейн, каб праводзіць турніры па запуску суднаў.

У юных натуралістаў — шыкоўныя кабінеты для атрымання тэарэтычных ведаў, а для практыкі праводзяцца заняткі ў цяпліцах, у рамках праекта «Зялёная школа».

Гуляць у КВЗ, навучыцца аператарскай справе і майстэрству працаваць у кадры, стаць юным карэспандэнтам друкаваных СМІ або папулярным блогерам — гэтыя магчымасці дае палац. Яшчэ — займацца вакалам, харавымі спевамі, у тэатры мініяцюр, ва ўзорным дзіцячым тэатральным калектыве, у эстраднай і вакальна-эстраднай студыі, у харэаграфічных калектывах, у прыватнасці школе брэйк-данса.

У структуры палаца нават маецца аздараўленчы лагер «Дружныя рабяты» пад Віцебскам.

Якія яны, піянеры XXІ стагоддзя?

У Віцебскім абласным палацы дзяцей і моладзі — былым Палацы піянераў, і цяпер знаходзіцца галоўны піянерскі «офіс» рэгіёна. Сучасная піянерская арганізацыя, калі хто не ведае, гэта не нешта «нафталінавае», сцвярджае Ірына Еленская, старшыня Віцебскага абласнога Савета грамадскага аб'яднання «Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя». Гэта магчымасць цікава бавіць час, навучыцца таму, што можа спатрэбіцца ў дарослым жыцці, праявіць свае лідарскія здольнасці, кажа яна.

Летам піянеры ходзяць у паходы, працягваюць цімураўскую працу, бяруць удзел у патрыятычных акцыях. У прыватнасці, нядаўна ўпершыню правялі «Зарніцу» на сапраўдным ваенным палігоне «Лосвіда» 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай Чырванасцяжнай, ордэна Леніна, ордэна Кутузава ІІ ступені паветрана-дэсантнай брыгады імя 60-годдзя СССР. Традыцыйна хлопчыкі і дзяўчынкі бяруць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і святкаванні Дня Незалежнасці.

Штогод усё больш удзельнікаў у працоўнай акцыі па зборы другаснай сыравіны «Зробім свет чысцейшым!», ахвотных выйграць «Конкурс малых грантаў арганізацыйных структур БРПА». Самае масавае мерапрыемства ў Віцебскай вобласці і гонар абласной піянерскай арганізацыі — фестываль «Патрыёты.by». Таксама праводзіцца злёт валанцёрскіх і цімураўскіх атрадаў «Адкрытае сэрца».

Лета з міліцыяй

У Віцебску не забываюць і пра дзяцей, якія прыцягнулі ўвагу міліцыі. Старшы інспектар па асаблівых даручэннях групы арганізацыі работ інспекцыі па справах непаўналетніх аддзела прафілактыкі ўпраўлення правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі УУС Віцебскага аблвыканкама маёр міліцыі Раман Бардзееў паведаміў, што, як і ў мінулым годзе, у чэрвені запрацуе змена ў летніку «Чайка». Каля трыццаці хлопчыкаў і дзяўчынак бясплатна на працягу дваццаці дзён змогуць цікава правесці час. Адпаведную ініцыятыву падтрымалі ў аблвыканкаме. У праграме — спартыўныя і інтэлектуальныя мерапрыемствы, паказальныя выступленні супрацоўнікаў падраздзяленняў міліцыі, сустрэчы з прадстаўнікамі МНС.

Арганізавана работа і ваенна-патрыятычнага лагера на базе 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады. Дзеці і падлеткі на свае вочы ўбачаць, як служаць у арміі. Іх чакаюць агнявая і страявая, паветрана-дэсантная падрыхтоўкі, засваенне навыкаў выжывання ў асаблівых умовах.

Летам функцыянуюць клубы для падлеткаў і пры адным з РАУС Віцебска, а таксама Віцебскага раёна. Там міліцыянеры не толькі вядуць прафілактычныя размовы з падлеткамі, але і вучаць прыёмам самаабароны, кулявой стральбе, сілавым практыкаванням. Плануюць арганізаваць абласны футбольны турнір «Нас аб'ядноўвае спорт» — для дзяцей, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. Яны знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і засталіся без апекі бацькоў. У другой палове чэрвеня адбудуцца веласіпедныя прагулкі падлеткаў з супрацоўнікамі міліцыі. Падчас падарожжа будуць прыпынкі каля вяровачнага комплексу, дзе юныя ўдзельнікі пераадолеюць нялёгкі шлях над зямлёй. Прапануецца магчымасць паўдзельнічаць у міліцэйскай эстафеце: прабегчы ў бронекамізэльцы, шлеме, паспаборнічаць на трапнасць стральбы з пнеўматычнай зброі. Потым — сяброўскае чаяпіцце. Будзе і экскурсія ў Віцебскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей, наведванне мемарыяльнага комплексу ў вёсцы Шапуры, падвядзенне вынікаў акцыі ў Віцебску з уручэннем прызоў.

Калі падапечныя міліцыі заняты карыснымі, добрымі справамі, у іх няма часу, жадання, ды і сіл парушаць закон, а значыць, і ў дарослым жыцці яны будуць імкнуцца пазбягаць правапарушэнняў, лічыць Раман Бардзееў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Лета. Дзеці. Горад

Выбар рэдакцыі

Спорт

Ірына Курачкіна заваявала серабро Алімпійскіх гульняў!

Ірына Курачкіна заваявала серабро Алімпійскіх гульняў!

 У фінале спаборніцтваў па жаночай барацьбе яна ўступіла японцы Рысака Каваі. 

Грамадства

Ацэнка дзеянняў урада і давер да апазіцыі — Мусіенка пракаменціраваў вынікі сацапытання

Ацэнка дзеянняў урада і давер да апазіцыі — Мусіенка пракаменціраваў вынікі сацапытання

Па заказе ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал» — АНТ з 5 па 21 ліпеня Аналітычны цэнтр ЕсооМ з прыцягненнем фонду «Украінская палітыка» правёў

Палітыка

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

З беларуска-літоўскай граніцы працягваюць паступаць весткі, ад якіх проста кроў стыне ў жылах. 

Грамадства

Ва ўстановах адукацыі чакаюць сваіх абітурыентаў

Ва ўстановах адукацыі чакаюць сваіх абітурыентаў

Вызначыцца з выбарам прафесіі і месцам навучання можна да 7 жніўня ўключна.