Вы тут

«Мы вывучаем асяроддзе»: прэзентацыя фестывалю «Манумент»


Зусім хутка ў Мінску адкрыецца фестываль «Манумент». Падчас прэс-канферэнцыі арганізатары падзяліліся планамі, а таксама падрабязна расказалі аб манументалізме.


Глеб Отчык, старшыня Беларускага саюза мастакоў, кажа:

— Мастакі-манументалісты адрозніваюцца ад проста жывапісцаў тым, што ствараюць роспісы, вітражы і фрэскі. Гэта не камерцыйны від мастацтва, таму можна казаць аб тым, што манументалісты працуюць для душы. Менавіта ў гэтым і палягае ўнікальная рыса фестывалю: наведвальнікі ўбачаць патаемнае, вельмі асабістае мастацтва.

Нельга забыць аб беларускіх заснавальніках кірунку. Асновы былі закладзены Аляксандрам Кішчанкам, Маем Данцыгам, Гаўрыілам Вашчанкам і Уладзімірам Стальмашонкам. Мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч дадае:

— Узлёт айчыннага манументальнага мастацтва прыйшоўся на 1970—1980-я гады. У 1961-м была створана кафедра ў тэатральна-мастацкім інстытуце, а ў 1969-м — секцыя манументальна-дэкаратыўнага мастацтва пры Саюзе мастакоў. То-бок у сямідзясятыя гэты пласт мастацтва ўжо сфарміраваўся і меў вялікую папулярнасць. На сёння гэта можа здавацца не такім ужо відавочным, але ўявіць нашу гарадскую прастору без манументальнага мастацтва немагчыма.

На пытанне «Чаму мы не можам абысціся без манументалізму?» адказаў куратар фестывалю Васіль Зянько:

— Манументалізм існуе ў нашай паўсядзённасці. Яго можна сустрэць і ў метро, і ў будынках дзяржаўных устаноў, і ў музеях. Мастакі фарміруюць знешні і ўнутраны вобраз гарадской архітэктуры, аблічча нашай культуры і краіны.

— Пяць гадоў я быў у журы конкурсу, які праводзіцца ў Фларэнцыі, — дадае Глеб Отчык. — Звярну вашу ўвагу на тое, што шэсцьдзясят працэнтаў сусветнай манументальнай культурнай спадчыны засяроджана ў Італіі. І вось калі ты сустракаеш дзяцей, якія выхоўваюцца сярод фрэсак, вітражоў і іншых эстэтычна каштоўных рэчаў, то разумееш, што яны вырастуць людзьмі з правільным светаўспрыманнем. А калі мы існуем у шэрых панэльках і ў нас нічога няма — аб чым тады можа ісці гаворка? Мы павінны выходзіць з ліфта і бачыць пано, якое распавядае аб прыродзе Беларусі, аб нашых нацыянальных асветніках. Толькі тады ў нас узнікне зусім іншы візуальны густ. Падчас фестывалю мы паспрабуем падрабязней асвятліць гэтую праблему.

Фестываль «Манумент» будзе складацца з шэрагу міні-праектаў. Наведвальнікі ўбачаць жывапіс, скульптуры і інсталяцыі мастакоў-манументалістаў.

Праграма фестывалю

17 чэрвеня, Палац мастацтваў. Адкрыццё агульнага праекта-форума «Манумент».

21 чэрвеня, галерэя «Мастацтва». Выстава графікі мастакоў-манументалістаў.

22 чэрвеня, галерэя «БелАрт». Асобны выставачны праект мастака-манументаліста Алеся Сушы.

23 чэрвеня, мастацкая галерэя твораў Л. Д. Шчамялёва. Праекты мастакоў Каміля Камала і Сямёна Дамарада.

24 чэрвеня, выставачная зала імя А. Бембеля. Персанальная выстава мастака-манументаліста Віктара Нямцова.

30 чэрвеня, арт-гасцёўня «Высокае месца». Выстава работ маладых мастакоў-манументалістаў.

Выстава работ студэнтаў кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва БДАМ. Арганізатары ўдакладняць дату правядзення пазней.

Падчас форуму запланаваны сустрэчы з мастакамі і аўтарскія экскурсіі. Таксама будзе арганізаваны круглы стол, тэма якога прысвечана захаванню культурнай спадчыны манументальнага мастацтва.

Арына КАРПОВІЧ

Прэв’ю — pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».