Вы тут

Выкладчыкі і навучэнцы сельскагаспадарчага каледжа ствараюць тэхнічныя ноу-хау


У Высокаўскім дзяржаўным сельскагаспадарчым каледжы працуюць сапраўдныя рацыяналізатары і вынаходнікі. Іх работы не раз адзначаліся на выставах рэспубліканскага ўзроўню і, галоўнае, знаходзілі прымяненне на практыцы. А самай вялікай узнагародай для выкладчыкаў становяцца водгукі былых выпускнікоў, якія гавораць, што праз гады на сваёй вытворчасці ўкаранілі нешта з прыдуманага разам у вучэбных цэхах і лабараторыях.


Снегаход і роварпадмятальшчык

Выкладчык з 38-гадовым стажам Валерый ЮНЧЫЦ адзначае, што навучэнцы, якія займаліся такой тэхнічнай творчасцю, становяцца спецыялістамі з асаблівым складам мыслення. Яны не адчуваюць сябе бездапаможнымі пры сутыкненні з любой праблемай, а ўключаюць мазгі, нешта прыдумваюць, здзяйсняюць маленькае адкрыццё альбо вынаходніцтва. Паводле яго пераканання, ёсць падлеткі з прыроджаным інжынерным складам розуму, але, каб яго развіць, трэба пакруціць рукамі гэтыя гайкі, нешта скласці са старых матацыклаў ды мапедаў, якія звычайна прыносяцца са звалкі.

Вось з такога прыкладна матэрыялу тут сабралі матацыкл-снегаход. Гэта матацыкл, які націскам рычага выпускае лыжы, нібы шасі.

— З гаража мы выязджаем на колах, лыжы падымаюцца ўверх, — расказвае Валерый Іванавіч. — Наша машына ідзе як звычайны матацыкл. Потым ва ўмовах снегу апускаем лыжы, колы пры гэтым уздымаюцца. Заехалі, пакаталіся на лыжах, пад'ехалі да асфальту, зноў апускаем колы. Ззаду ёсць яшчэ гусенічны механізм для забеспячэння ўстойлівасці на снезе. Ва ўсёй гэтай канструкцыі адносна новы толькі рухавік. Ён застаўся ад матацыкла, які быў пашкоджаны пры пажары, пры гэтым сам рухавік захаваўся. Астатняе знайшлі практычна на сметніках. Вось гэтая гусеніца знятая са спісанай машыны для прыгатавання кармоў. Нешта аддаюць знаёмыя, якія ведаюць пра патрэбы каледжа. Найперш мы з вучнямі вычышчаем, раўняем любую дэталь, прыводзім яе ў парадак. А потым усё разлічваем, рыхтуем чарцяжы, робім механізм па навуцы. Напрыклад, на гэты матарызаваны снегаход пайшоў у нас прыкладна год работы. На рэспубліканскай выставе тэхнічнай творчасці некалькі гадоў таму мы з ім занялі другое месца.

Згаданы матацыкл — любімая справа не толькі выкладчыка, але і навучэнцаў. Яго падладзіць, падкруціць з задавальненнем прыходзяць навучэнцы Юрый Данілюк і Мікіта Казачук. Хлопцы расказалі яшчэ пра адзін незвычайны на выгляд агрэгат, які яны ўмоўна называюць «трыцыкл». На выраб указанай машыны іх натхніў хворы чалавек. Убачылі, як цяжка перасоўвацца яму з хворымі нагамі і спіной, і вынайшлі такую матарызаваную павозку з маторам: у ёй сядзенне, нібы ў вазку, з прыступкай для ног. Тут чалавек можа адчуваць сябе вольна, пры жаданні знаходзіцца амаль у паўляжачым становішчы. Задумана — зроблена. І цяпер агрэгат ужо ў рабочым стане, але на стадыі дапрацоўкі знаходзіцца ў адным з вучэбных цэхаў установы.

Цяпер студэнцкі гурток вынаходнікаў працуе над распрацоўкай сістэмы, якая папярэджвае замярзанне паліва для трактара «Беларус 1221». Праз некаторы час сённяшнія вучні пойдуць на работу ў сельгаспрадпрыемствы. Хто ведае, можа, некаторыя з іх стануць потым інжынерамі сельгасвытворчасці і давядуць да канца ідэю, народжаную ў аўдыторыі, ужо на практыцы. Бо хоць і сказаў ім адзін кансультант з вытворчасці, што зімы ў нас апошнім часам амаль не бывае і наўрад ці будзе актуальная распрацоўка, але ўжо сёлета былі 20-градусныя маразы. Ніхто не можа гарантаваць, што не вернуцца і 30-градусныя тэмпературы, што для дызельнага паліва становіцца экстрэмальнымі ўмовамі.

Звяртаю ўвагу на не зусім звычайны ровар, да якога збоку прымацаваны шчоткі.

— Гэта наш «ровар-дворнік», — усміхаецца Валерый Юнчыц. — Машына, якая прыбірае тратуар. Яе задумалі і ажыццявілі пад кіраўніцтвам выкладчыкаў самі вучні. Калі з'явілася патрэба навесці парадак у ваколіцы інтэрнатаў, хлопцы прыдумалі, як аблегчыць сабе задачу. Цяпер едзеш, круціш педалі, а шчоткі круцяцца і падмятаюць тратуар, дарожкі. А яшчэ да веласіпеда можна чапляць невялікі прычэп ды вывозіць смецце ў месца захавання адходаў.

Агрэгат для пасадкі бульбы

У музеі каледжа знаходзіцца цэлая калекцыя машын і механізмаў, якія можна выкарыстоўваць у падсобнай гаспадарцы, на дачных участках. Аўтарства іх у асноўным належыць Валерыю Юнчыцу.

Невялікая, лёгкая машына для пасадкі бульбы, на першы погляд, нагадала вазок з супермаркета. Выкладчыкі тэарэтычнай механікі разлічылі параметры сілы, з якой трэба прасоўваць агрэгат. Плуг робіць баразну, зверху з металічнага каша падае ў разору бульба, а ніжні механізм закрывае пасевы. Усё проста і разам з тым зручна. Рэгулюецца глыбіня пасадкі, адлегласць, а сілы трэба прыкладаць значна менш, чым рабіць усё ўручную.

Тут жа — прыстасаванне для абмалочвання кукурузы: кідаеш пачаткі, а на выхадзе атрымліваецца чыстае зерне. Таксама невялікі кампактны агрэгат для выкарыстання не ў прамысловых маштабах, а ў невялікай сялянскай гаспадарцы. А ручны прыбор для дыскавання глебы незаменны для асенніх і веснавых работ у агародзе. Пры такім дыскаванні глеба становіцца рыхлай, мяккай.

— Усё, што вы бачыце, не ўзята з інтэрнэту, а прыдумана і сканструявана на падставе практыкі. Мы жывём у сельскай мясцовасці, маем агароды, апрабоўваем на іх свае ноу-хау, — падкрэслівае Валерый Іванавіч.

Побач з сажалкай займае сваё месца агрэгат для акучвання бульбы — невялікі лёгкі плужок з ручкамі і колам. Механізм са спружынай рэгулюе глыбіню — ідзеш і акучваеш. Прыстасаванне даволі лёгкае, з работай справіцца нават жанчына.

На паліцах яшчэ — станок для разразання бляхі, здымнікі, дамкраты, іншыя самыя розныя механізмы, якія спатрэбяцца добраму гаспадару ў гаражы альбо ўласнай майстэрні.

Пірог у палявых умовах

Фактычна гатовы для серыйнай вытворчасці ўзор уяўляе сабой печ, якая здольная працаваць у паходна-палявых умовах. Удзельнікі і наведвальнікі розных выстаў назвалі яе цуда-печкай, бо аналагаў гэтай унікальнай распрацоўцы няма. Яе аўтар — выкладчык каледжа Анатоль ЮРКО.

Пачалося з таго, што заўзяты аматар турызму ў адным з паходаў сутыкнуўся з праблемай прыгатавання рыбы. Анатоль Васілевіч даўно ходзіць у паходы з сябрамі-турыстамі. Нярэдка групай яны жывуць у самых аддаленых мясцінах паўтара-два тыдні. Расказваў, што аднойчы злавілі шмат рыбы, у радыусе 10 кіламетраў населенага пункта не было — не ведалі нават, каму аддаць. А ва ўмовах гарачага лета рыба доўга не захоўваецца. Вось тады і нарадзілася ідэя стварыць такую печ, якая можа працаваць у палявых умовах. Паступова з'явілася печ, крыху падобная на куфар.

— Тут усё разбіраецца, усё здымаецца, — гаворыць распрацоўшчык. — Яе можна без праблем пакласці ў багажнік машыны, на месцы хутка скласці і падрыхтаваць да работы.

Печ функцыянуе на дровах. Яна варыць, смажыць, запякае, сушыць, можа быць выкарыстана для вэнджання і вялення. У палявых умовах замяняе мангал, духавую шафу, рускую печ. Накрыўка здымаецца і за хвіліну духоўка ператвараецца ў рашотку для барбекю. Ёсць комін, прыстасаванне для паступлення дыму ад апілак пры вэнджанні, пры гэтым канал паступлення дыму ад спальвання дроў перанакіроўваецца. Такім чынам, непатрэбны дым не пападзе на прадукты. Анатоль Васілевіч гаворыць, што ўсе стравы атрымліваюцца смачнымі, як з рускай печы. Нават пірог спрабавалі спячы, і ўсё атрымалася. Зараз аўтар дапрацоўвае свой праект і аснашчае яго электронікай. Такім чынам, печ зможа працаваць ад сонечных батарэй, з'явіцца магчымасць, напрыклад, паварочваць штыр для прыгатавання курыцы альбо качкі на ражне.

Печ можа выкарыстоўвацца як турыстамі, так і геолагамі ў экспедыцыях, нават дачнікамі ў дварах. Гэта экалагічны і эканамічны варыянт розных спосабаў прыгатавання ежы. Зараз печ знаходзіцца на выставе ў Мінску, а яе аўтар рыхтуе пакет дакументаў для афармлення патэнта. Застанецца знайсці інвестара і запусціць у серыйную вытворчасць. Печ пабывала на розных форумах тэхнічнай творчасці, і яе вынаходніку часам задавалі прамое пытанне: «А не баіцеся, што заўтра нехта выпусціць ваш узор без вас?» На што ён адказвае, што не выключае магчымасці, але ж спадзяецца атрымаць патэнт і захаваць за сабой аўтарства распрацоўкі.

Дырэктар Высокаўскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійна-тэхнічнага каледжа Аляксандр ШУРХАЙ гаворыць:

— У нашай навучальнай установе заўсёды заахвочвалася самая розная творчасць. Як вынік, выкладчыцкі калектыў мае шмат самых розных вынаходніцтваў, якія наўпрост могуць прэтэндаваць на серыйную вытворчасць. Гэтая традыцыя налічвае не адно дзесяцігоддзе, і мы яе годна працягваем. Нават гурток па мастацкай творчасці для дзяўчынак радуе нас сваімі знаходкамі. Хоць, здавалася б, што тут можна сказаць новага? Ну, напрыклад, нашы арыгінальныя снапы на абласных дажынках ужо 19 гадоў запар займаюць першае месца на конкурсах работ сярод профільных навучальных устаноў. Ёсць меркаванне, што гэта наогул усё пайшло ад нас. Раней на дажынкі звычайна прывозілі сноп, перавязаны каляровымі стужкамі. А нашы вучаніцы яшчэ на самы першы фестываль-кірмаш зрабілі сапраўдны твор мастацтва з саломы. За намі пацягнуліся іншыя. І цяпер з такіх снапоў атрымліваюцца цэлыя выставы.

Вось і ў холе каледжа стаяць прыгожыя кампазіцыі з дажынак розных гадоў. Камянецкая вежа са злакаў выглядае арыгінальна. Не адстаюць ад яе іншыя сімвалы сталіц дажынак.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Высокае — горад вынаходнікаў

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.