Трагедыя адбылася 19 чэрвеня 1944 года. Акупанты, заціснутыя з усіх бакоў савецкімі войскамі і партызанскімі злучэннямі, адступалі. Ужо амаль пераможаныя, беглі і... працягвалі рабіць сваю чорную справу. Усіх дальвінцаў сагналі ў адну з хат і падпалілі. У полымі загінулі 44 чалавекі: двое мужчын, 13 жанчын, 29 дзяцей. Да вызвалення Беларусі заставаліся лічаныя дні...
Чорны панядзелак
Адзінаму, каму пашчасціла не апынуцца ў тым вогнішчы, быў 13-гадовы Коля Гірыловіч. За некалькі гадзін да трагедыі маці адправіла яго падмяніць бацьку, які кіламетры за два ад вёскі пасвіў каня. Тады хлопчык яшчэ не ведаў, што гэты факт выратуе яму жыццё...
Як толькі ў Дальве пачуліся выбух і выстралы, Коля Гірыловіч узяўся распутваць каня. Але жалезныя ланцугі не паддаваліся хлапчуковым рукам, і тады ён кінуўся ў бок вёскі, над якой ужо ўзнімаўся вялізны слуп дыму. Як ён сам пазней прызнаецца, калі б паскакаў на кані, то апынуўся б у Дальве акурат тады, калі акупанты жорстка распраўляліся з мірнымі жыхарамі — яго аднавяскоўцамі і самымі блізкімі людзьмі. У тым жудасным вогнішчы загінулі мама, тата, дзядуля і тры яго малодшыя браты: Косця, Жэня, Валодзя. У 13 гадоў хлопчык застаўся адзін. З адкрытай ранай на сэрцы, якая ніколі не загойвалася.
«Я прыбег агародамі, праз жыта — дзверы ў хаце адчынены, лётае пух ад падушак, пабітае шкло, а на стале раскладзены лыжкі, — успамінаў той страшны дзень Мікалай Гірыловіч. — Выбег з хаты — нікога навокал, толькі праз дым убачыў у канцы вёскі дзве крытыя машыны. Мусіць, думаю, забралі людзей. Але не, аднавяскоўцы ўжо дагаралі...»
Ён пазнаў маці па залатых зубах — у яе адзінай на ўсю вёску былі такія. Яна разам з адным з сыноў ляжала ўбаку ад згарэлага дома: відаць, атрымалася вырвацца, але іх усё роўна напаткала варожая куля. Дзесяць дзён і начэй дальвінцы ляжалі пад адкрытым небам — ланцугі адступаючых немцаў цягнуліся і цягнуліся праз ужо мёртвую вёску, не даючы магчымасці пахаваць нябожчыкаў. 29 чэрвеня, калі савецкія танкі былі побач, у Дальву прыйшлі жыхары навакольных вёсак, партызаны — людзей пахавалі ў брацкай магіле.
Той жудасны летні дзень, калі здарылася трагедыя, Мікалай Гірыловіч называў чорным панядзелкам. Ён шмат абдумваў яго, пракручваў да драбніц і часта задаваўся пытаннем: чаму ён застаўся жывы, чаму не апынуўся побач са сваёй сям'ёй у тым кастрышчы? І сам жа знаходзіў адказ: «Гасподзь пакінуў мне жыццё, каб было каму расказаць...»
І ўвекавечыць. Менавіта дзякуючы Мікалаю Гірыловічу ў Дальве з'явіўся мемарыяльны комплекс. Усё яго далейшае жыццё было звязана з захаваннем памяці аб родных і аднавяскоўцах, аб вёсцы, якая не адрадзілася. Мікалай Пятровіч быў сябрам нашай газеты. Невыпадкова, пачынаючы з 1990-х гадоў, «Звязда» была інфармацыйным партнёрам усіх работ, якія праводзіліся на мемарыяльным комплексе.
44 бярозы
У 2006 годзе Мікалай Пятровіч пайшоў з жыцця. Аднак яго справу працягваюць любімыя жанчыны — жонка, дачка і ўнучка. Напярэдадні 90-гадовага юбілею гэтага выключнага чалавека, які б адзначыў сёння, і 77-й гадавіны трагедыі ў Дальве мы сустрэліся з яго ўдавой.
— Усе прыйшлі да пенсіі з лецішчамі і машынамі, а мы — з мемарыяльным комплексам, — з парогу жартуе Рыма Гірыловіч. — Першая зарплата Мікалая Пятровіча пайшла на жалезную агароджу вакол брацкай магілы. Калі ж пачалося будаўніцтва мемарыяла, выдаткі з сямейнага бюджэту павялічыліся, але ў нас нават не ўзнікала пытання, што гэта лішняе і непатрэбнае. Мікалай трапіў у вельмі добрую сям'ю, якая заўжды яго падтрымлівала.
Дарэчы, Рыма Гірыловіч паходзіць з інтэлігентнага роду. Яна — унучка першага рэдактара «Нашай нівы» Аляксандра Уласава, сваячка стваральніка «Беларускай граматыкі» Браніслава Тарашкевіча. Не дзіва, што яе бацькі не адразу змірыліся з рашэннем дачкі выйсці замуж за селяніна. Затое сама Рыма Ігараўна ніколі аб гэтым не пашкадавала: больш добрага і сціплага чалавека яна не сустракала.
— Мікалай не адразу расказаў, што яго бацькі, дзядуля і браты загінулі як хатынцы, — гаворыць Рыма Гірыловіч. — Гэта быў такі боль, які ён пранёс праз усё сваё жыццё.
Мікалай Гірыловіч заўсёды лічыў, што расказаць пра Дальву і ўвекавечыць памяць яе жыхароў — яго місія. Упершыню ён задумаўся аб гэтым падчас адкрыцця мемарыяльнага комплексу «Хатынь», куды на Могілкі Вёсак прывёз дальвінскую зямлю. Дарэчы, Хатынь з Дальвай раздзяляе ўсяго некалькі кіламетраў. Абедзве вёскі адносяцца да Лагойскага (раней Плешчаніцкага) раёна.
Узводзіўся мемарыял у Дальве на грамадскіх пачатках. Дапамагалі школьнікі, моладзь, вайскоўцы, Дзяржтэлерадыё БССР, дзе Мікалай Гірыловіч працаваў начальнікам апаратна-студыйнага комплексу. Ён, заслужаны сувязіст Беларусі, быў знаёмы з вядомым скульптарам Андрэем Бембелем, які выкладаў у тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Той і прапанаваў правесці сярод студэнтаў конкурс на найлепшы праект мемарыяла. Перамог нікому невядомы тады Уладзімір Церабун, які праз шмат гадоў калі не перасягне, то дагоніць свайго настаўніка. Мемарыяльны комплекс у Дальве стаў дыпломнай работай скульптара. У ліпені 1973 года адбылося яго адкрыццё.
Сёння гэта гісторыка-культурная каштоўнасць (не без намаганняў Гірыловіча, вядома), філіял мемарыяльнага комплексу «Хатынь», сімвал памяці аб бязвінна загінулых мірных жыхарах, вёска-помнік.
На месцы былой вёскі красуюць 44 бярозы — менавіта столькі людзей загінула тым жудасным чэрвеньскім днём. На месцы, дзе раней стаялі хаты, — зрубы з цэменту. На 16-метровай сцяне памяці — імёны загінулых дальвінцаў, двое дзяцей былі з суседніх населеных пунктаў.
Дальва лічылася невялікай вёскай: усяго 12 хат. Затое жылі ўсе дружна, сярод аднавяскоўцаў шмат было сваякоў. Таму не дзіва, што ніхто нікога не выдаваў, калі ў хатах начавалі партызаны. Мікалай быў сувязным партызанскага атрада «Барацьба» брыгады «Народныя мсціўцы» імя Варанянскага. Чым маглі, дапамагалі партызанам і бацькі Гірыловіча: рэгулярна пяклі для іх хлеб, давалі прытулак. А калі падчас вялікай карнай экспедыцыі 1944 года сховішча спатрэбілася дальвінцам, партызаны іх размясцілі ў сваім лагеры. У Дальву жыхары вярнуліся за тры дні да трагедыі...
Штогод напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Беларусі ў Дальве ладзіцца агітпрабег, у дзень трагедыі вёскі праводзіцца мітынг-рэквіем. Дзякуючы намаганням Гірыловіча, у Дальву пракладзена дарога, праведзена электрычнасць і тэлефонная сувязь, устаноўлены і асвечаны праваслаўны крыж, працуе музей. Ён — ганаровы грамадзянін Лагойска. Імем Гірыловіча названа адна з лагойскіх вуліц. Акрамя таго, Мікалай Пятровіч напісаў кнігу «Дальва — сястра Хатыні». Аднак галоўнае, з чым атаясамліваецца яго імя, — гэта вёска-помнік, якая сустракае наведвальнікаў наступнымі словамі:
Спаліў нас вораг чэрвеньскай парою —
Дзядоў, жанчын, падлеткаў і дзяцей.
Даруйце, людзі добрыя, за тое,
Што не сустракаем вас як гасцей.
Вераніка КАНЮТА,
Фота з архіва газеты «Звязда»
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.