Вы тут

Чыт@ць нельга спыніцца. Дзе тут паставіць коску, каб не вынесці прысуд сучаснасці?


Адказ ведае спецыяліст, для каго чытанне — жыццёвая неабходнасць, імкненне душы, глыток свежага паветра і прафесійнае зацікаўленне. Дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна Таццяна Адамян разумее, чаму сяброўства з кнігай дае карысць. Бо яшчэ англійскі публіцыст Джозеф Адзісан быў перакананы, што чытанне для розуму — тое самае, што фізічныя практыкаванні для цела. Ці памятае пра гэта пакаленне лічбы, якое падпарадкавана хуткасці, імгненнасці ўспрымання інфармацыі? Ці вернемся мы да ўдумлівага аналізу прачытанага? І якая тут роля кніжніцы? Пра гэта размаўляем з дырэктарам Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна Таццянай Адамян.


Таццяна Мікалаеўна, ці не думаеце, што бібліятэка сёння губляе пазіцыі перад усёмагутнасцю інтэрнэту і эфектыўнасцю высокіх тэхналогій?

— Маё цвёрдае перакананне не толькі як кіраўніка кніжніцы, але і як чалавека, які сам чытае: бібліятэка будзе заўсёды. Але з улікам змянення сацыяльнай ролі ў грамадстве. Напрыклад, у канцы ХХ стагоддзя, у 1970—1980-я гады, галоўнай фунцыяй бібліятэкі была інфармацыйная. Аднак інтэрнэт істотна паўплываў на сучаснасць і кардынальна змяніў функцыі кніжніцы. Таму на першы план ужо выходзяць не інфармацыйная і асветніцкая, а сацыяльная. Роля кніжніцы ў грамадстве змянілася. Вядома, бібліятэкі павінны ісці ў нагу з часам, развівацца разам з грамадствам. Фонды будуць, у тым ліку і папяровыя, але, мабыць, у меншай ступені, чым сёння. Пры багацці баз даных, розных носьбітаў інфармацыі бібліятэкі застануцца. Мяркуйце самі: сёння, як бы там ні было, з улікам паўнатэкставых баз даных, колькасць (экзэмплярнасць) выпушчанай літаратуры на папяровых носьбітах прэвалюе над электроннымі.

— Ёсць шмат людзей, якія пасля прачытання адметнай кнігі адкрывалі новую эру свайго жыцця, гаварыў амерыканскі пісьменнік Генры Тора. Вам знаёма гэта? Каму аддаяце перавагу: аўтарам айчынным ці сусветным?

— Люблю проста добрыя кнігі. Калі выбіраць паміж класікай і сучаснасцю, аддаю перавагу сучаснасці. Апошняе, што прачытала, — дзве кнігі беларускай журналісткі Інесы Плескачэўскай — «Без жалезнай заслоны», «Як разгадаць Кітай». Я атрымала вялікае задавальненне, у прыватнасці, ад кнігі пра Кітай, бо такое мала дзе прачытаеш: гэта погляд чалавека знутры, які ў Кітаі доўгі час жыў. Што датычыць нашых мясцовых аўтараў, то нядаўна, на вялікі жаль, пайшоў з жыцця віцебскі паэт і перакладчык Уладзімір Папковіч. Дык літаральна за месяц да скону перадаў мне сваю кнігу «Шлях з адзіноцтва» — гэта пераклады з нямецкай паэзіі. Люблю і мастацкую літаратуру: і расійскіх сучасных аўтараў, і замежных, тых, што на слыху, іншым разам звяртаю ўвагу на кнігі, якія атрымалі ўзнагароды. Апошняе, што чытала, — кніга шведскага аўтара Фрэдрыка Бакмана «Трывожныя людзі». Гэтую кнігу прэзентавалі ў лютым на міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы.

— А з расійскіх аўтараў?

— Чытаю і жаночую прозу, напрыклад, Дзіну Рубіну. Пры ўсіх неадназначных меркаваннях пра гэты жанр лічу, што калі жаночы раман добры, то чаму б не пачытаць: тут сітуацыі з паўсядзённага жыцця, якія здараюцца з кожным. І карысна прасачыць, каб зрабіць высновы і ўзяць вопыт на ўзбраенне.

— Такім чынам, гэтую літаратуру не варта называць нізкасортнай, як некаторыя сцвярджаюць?

— Як для мяне, калі жаночы раман не прытарна салодкі, а дабротны, з настроем, то чытаю, бо пад розную сітуацыю хочацца рознага чытва. Але зусім лёгкае, напрыклад Данцову, не чытаю.

— А беларускую пісьменніцу Наталлю Батракову?

— Яна, дарэчы, гады два назад была ў нас у бібліятэцы. Кнігі Наталлі Батраковай «Плошча згоды» і «Імгненне бясконцасці» мне спадабаліся асабліва: у іх — мая вучоба ва ўніверсітэце, мая маладосць...

— А можна сказаць, што лепш выбраць лёгкі жаночы раман, чым пасядзець у інтэрнэце?

— Да інтэрнэту ў мяне неадназначнае стаўленне. Чытаць кнігі з экрана — не маё, хаця моладзь на гэта глядзіць па-іншаму. Але калі інтэрнэт прапаноўвае да прагляду відэаэкскурсіі па свеце, па музеях, то чаму б у інтэрнэце не пасядзець?

— Вы ўжо прыстасаваліся да пандэмійных абмежаванняў? Ці скарацілася колькасць чытачоў?

— У мінулым годзе ў сакавіку было прынята рашэнне аб спыненні абслугоўвання чытачоў у чытальных залах. І цэлы квартал тады чытальныя залы былі зачынены, працаваў толькі абанемент, куды прыходзіла вельмі многа чытачоў. Мы штодзённа падавалі статыстыку ў наша ўпраўленне культуры: было і 100, і 150, і нават да 200 чалавек у дзень. Людзі званілі мне і ў аддзел культуры, і ва ўпраўленне з пытаннем, чаму не працуюць чытальныя залы. Таму тое, што мы аказаліся такімі запатрабаванымі (гэта меркаванне не толькі маё, але і іншых калег), адчувалася. Бо тым, хто прывык чытаць, без гэтага было цяжка.

Каб кнігі адразу не перадаваць з рук у рукі чытачам, пакідалі ў падсобным памяшканні на каранцін да пяці дзён. Выданні, якія здаваліся, прымалі ў асобным памяшканні. Пасля пяцідзённага каранціну кнігі зноў расстаўляліся ў агульны фонд. Сёння мы працуем паўнацэнна, адкрыты чытальныя залы і абанемент. Але калі глянуць агулам, чытачоў стала менш. Бо дагэтуль дзейнічаюць рэкамендацыі не збіраць масавыя мерапрыемствы.

Але ўсё роўна запланаванае ажыццяўляем, хай малымі групамі, у іншых формах.

— У электронных?

— Так. Яшчэ больш мы павярнуліся да інфармацыйнага асяроддзя, вялікая падмога ў гэтым выпадку — відэасувязь. Што датычыць павышэння кваліфікацыі, то шмат у анлайн: семінары, трэнінгі, вучоба, кантакт з калегамі. Мы супрацоўнічалі і з Пскоўскай бібліятэкай, і са Смаленскай. Выратоўвае Zoom. Цікавы быў у нас сумесны міжнародны семінар па інклюзіі — абслугоўванні інвалідаў. Стала больш электронных выставак. Калі планавалі абласны вэбінар «Арганізацыя прававога выхавання ва ўмовах сучаснай бібліятэкі», вызначалі форму правядзення: анлайн ці афлайн. У вынікі сышліся на анлайн. Задзейнічалі раёны, вобласці. Амаль усе бібліятэчныя сістэмы (іх у нас 23) падключыліся. Такая форма работы стала сёння папулярнай як ніколі.

— Фактычна, настаў новы этап бібліятэчных зносін. Без гэтага ўжо не абысціся?

— Сапраўды, іншы ўзровень у рабоце бібліятэк: і ў камунікацыі з чытачамі, і ў павышэнні прафесіяналізму. Канечне, нішто не заменіць жывую прысутнасць, але анлайн-канферэнцыі, семінары будуць працягваць развівацца. У канцы мінулага года, у лістападзе, мы традыцыйна праводзілі міжнародную навукова-практычную краязнаўчую канферэнцыю. Як правіла, яна заўсёды пацвярджала свой міжнародны статус: прыязджалі госці з Латвіі, Расіі, з усёй нашай краіны. Гэтым разам, абмяркоўваючы фармат правядзення, не хацелі абмяжоўвацца толькі анлайнам, таму прынялі ўдзельнікаў са свайго рэгіёна, з Віцебска: бібліятэкараў, краязнаўцаў, навукоўцаў з універсітэта Машэрава, музейшчыкаў, архівістаў.

Мы дастаткова шчыльна працуем з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. Сумесна закупляем базы даных. І праз віртуальную чытальную залу нашы карыстальнікі маюць да іх бясплатны доступ. На сёння наша бібліятэка падпісана на расійскую базу даных «Інтэгрум». НББ рэгулярна шукае новых партнёраў, новыя базы і прапаноўвае нам для тэсціравання.

— Як прапагандаваць чытанне, калі бібліятэкі аптымізуюць? Гэтая опцыя шкодная або такога патрабуе час?

— Увогуле, любая сістэма не можа быць закансервавана і заставацца нязменнай дзесяцігоддзямі. Тым больш сёння, калі звышхутка ўсё мяняецца дзякуючы ў першую чаргу камп’ютарызацыі. Таму можна сцвярджаць, што аптымізацыя той ці іншай сістэмы, у тым ліку бібліятэчнай, неабходна. Мы ўсе сочым за статыстыкай і ведаем, што сельскага насельніцтва становіцца менш прыкладна на 2-3 % у год. Такім чынам, працэс аптымізацыі зразумелы. Але ва ўсім павінна быць залатая сярэдзіна, разумны, узважаны падыход на месцах. Трэба прааналізаваць кожную сітуацыю, кожную ўстанову і толькі потым прымаць рашэнне. Каб без шкоды чытачам. Так сама і з сістэмай камплектавання. Аддзел камплектавання напаўняе бібліятэкі раёна. І ў залежнасці ад вылучанага фінансавання раённыя кніжніцы закупляюць літаратуру і размяркоўваюць яе па філіялах. Вядома, найбольшая колькасць літаратуры ў раённых бібліятэках, якія не зачыняць ніколі і не аптымізуюць. Адно з галоўных пытанняў — фінансаванне. Тут варта падзякаваць за даручэнне Прэзідэнта аб 12 %, якія вылучаюцца на камплектаванне ад агульнага бюджэтнага фінансавання на год. Гэта добрая дапамога для кніжніц і гарантыя таго, што літаратура будзе закупляцца сістэмна.

— Ці ёсць у вас дэвіз?

— Што датычыць мяне як чытача, то блізкае такое выказванне Эмілі Брантэ: «Адбярыце ў мяне кнігі, і я прыду ў адчай». Без кніг і чытання не змагу. А што датычыць эфектыўнага кіравання ўстановай, то важна рухацца кожны дзень: хоць некалькі крокаў, але ісці наперад. Бо дарогу адолее той, хто ідзе. Увогуле, я вельмі люблю бібліятэку, кнігі. У гэтай прафесіі я ўсё сваё жыццё, пасля заканчэння ўніверсітэта культуры ў 1986 годзе. Кніга можа быць і адкрыццём, і крыніцай вострай эмпатыі, і сонцам, і, натуральна, нагодай для роздуму. Кожная кніга — гэта неспадзяванасць.

— У сённяшні век лічбавізацыі ці многа губляюць тыя, хто не чытае, хто не звяртаецца да кнігі?

— Самаадукацыя павінна ісці ўсё жыццё. Таму няважна, як ты чытаеш: з папяровай кнігі, з тэлефона, планшэта, галоўнае — чытаць. Калі чалавек не чытае — спецыяльную літаратуру, мастацкую, мастацтвазнаўчую, па псіхалогіі — спыняецца яго развіццё. Калі чалавек сёння не чытае нідзе і ніяк, ён не развіваецца. Для мяне гэта непрымальна. Аднойчы ў мяне спыталі, ці чытаю я сама, працуючы ў бібліятэцы. Дзіўнае пытанне. Я бібліятэкар, які чытае!

— Сапраўды, бібліятэкар, які не чытае, — штосьці з разраду ўтопіі.

— Тым больш ты заўсёды разам з кнігамі і не трэба шукаць магчымасці з імі сустрэцца. Хочаш — мастацтва, музыка, тэатр, псіхалогія, філасофія, гісторыя, асобы — усё пад рукамі і чакае, каб зрабіць цябе лепшым.

— Раней кніга лічылася адмысловым падарункам. А сёння?

— Пры вялікім багацці кніжнага рынку і электронных паслуг магу канстатаваць, што цікавасць да кнігі як да падарунка знізілася. Больш за тое, сыходзіць старэйшае пакаленне, пакідаюць кватэры маладым, а яны пазбаўляюцца ад хатніх бібліятэк. Гэта сумна. Але кнігі здольны выратаваць мы, бібліятэкары, бо прымем іх заўсёды. Таму, калі хтосьці робіць рамонт і звоніць нам, ці можам прыняць, пагаджаемся з радасцю. Калі нам аднойчы прывезлі некалькі мехаў з кнігамі, сярод іх аказаліся збор твораў Талстога, Дзюма, якога калісьці было не дастаць, іншыя вядомыя аўтары. Сярод той часткі грамадства, якая разумее каштоўнасць кніг, а менавіта паліграфічнага афармлення (сёння ёсць асобнікі проста неверагодныя, фантастычныя!), кнігі як падарунак ацэняць, хаця масавага характару гэта не носіць.

— Чалавецтва развіваецца па сінусоідзе: уверх, потым спад. Ці азначае гэта, што рана ці позна людзі здаволяцца электроннымі выгодамі і вернуцца да першакрыніцы — кнігі, калі не трэба будзе прымушаць чытаць. Альбо ўжо цяжка абстрагавацца ад лічбы?

— Сёння людзі сярэдняга пакалення і старэй разумеюць, што папяровую кнігу, якую трымаеш у руках для задавальнення, нічым не заменіш. Моладзь жа захоплена лічбавым фарматам, але калі яна займее сваіх дзяцей, то зразумее, што малому не будзеш чытаць з тэлефона ці планшэта. Бо наколькі гэта цікава, не кажучы пра зручнасць?

— Вы з аптымізмам глядзіце на будучыню бібліятэк альбо гатовы да розных сцэнарыяў?

— Адназначна ўспрымаю прафесійную будучыню з аптымізмам. Але бібліятэка, якую ведала пакаленне сярэдняе і старэйшае, такой ужо не застанецца. Узяць хаця б афармленне ўнутранай прасторы: сёння не патрэбна вялікая колькасць сталоў і стулаў, вялікія чытальныя залы — час паказвае, што трэба развівацца ў іншым кірунку. Але не абысціся без камфортных умоў, каб займацца тут сваімі хобі, разгортваць дзейнасць клубных аб’яднанняў. А гэта выразны паварот ад інфармацыйнай функцыі да сацыяльнай. Бібліятэкі, каб выжыць, павінны шукаць сваю ролю ў грамадстве і развівацца ў адпаведнасці з яго запытамі.

Гутарыла Наталля СВЯТЛОВА

Фота з уласнага архіва Т. Адамян і сайта Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Культура

Пошук вечнага жыцця

Пошук вечнага жыцця

Шмат разоў, збочыўшы з брэсцкай трасы, праязджаючы ад Міра да Карэліч, царкву на могілках каля вёскі Загор'е выхопліваеш літаральна за лічаныя секунды.

Спорт

Ірына Курачкіна заваявала серабро Алімпійскіх гульняў!

Ірына Курачкіна заваявала серабро Алімпійскіх гульняў!

 У фінале спаборніцтваў па жаночай барацьбе яна ўступіла японцы Рысака Каваі. 

Грамадства

Ацэнка дзеянняў урада і давер да апазіцыі — Мусіенка пракаментаваў вынікі сацапытання

Ацэнка дзеянняў урада і давер да апазіцыі — Мусіенка пракаментаваў вынікі сацапытання

Па заказе ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал» — АНТ з 5 па 21 ліпеня Аналітычны цэнтр ЕсооМ з прыцягненнем фонду «Украінская палітыка» правёў

Палітыка

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

З беларуска-літоўскай граніцы працягваюць паступаць весткі, ад якіх проста кроў стыне ў жылах.