Вы тут

Аляксей Дудараў: Спажывецкую філасофію трэба выкараняць


7 чэрвеня адзначыў 75-годдзе Беларускі саюз тэатральных дзеячаў, які вядзе свой слаўны радавод ад Беларускага тэатральнага таварыства, заснаванага ў 1946 годзе легендарнай народнай артысткай СССР Ларысай Александроўскай. БСТД — адно з самых аўтарытэтных грамадскіх аб’яднанняў у творчай галіне Беларусі.


На сёння ў ім існуе 24 першасныя арганізацыі, у тым ліку 7 абласных. Сярод членаў саюза — народныя і заслужаныя артысты, дактары мастацтвазнаўства і філасофіі, лаўрэаты прэміі «За духоўнае адраджэнне» і прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва.

БСТД робіць сёння шмат карыснага: падтрымлівае ветэранаў сцэны, віншуе тэатральных работнікаў з прафесійнымі святамі, ладзіць з гэтай нагоды нефармальныя сустрэчы, папулярызуе і падтрымлівае таленавітых творцаў са сталіцы і рэгіёнаў, іх спектаклі і творчыя пошукі ў вядучых СМІ і на сваім сайце bstd.by, выплачвае стыпендыі «Тэатральная дынастыя» прадстаўнікам вядомых беларускіх тэатральных і творчых сем’яў.

Кожны год БСТД вызначае найлепшых у прафесіі і ўручае свае прызы. У 2020-м з-за пандэміі ўзнагароды не былі ўручаны, але ўсе яны — «Крыштальная Паўлінка», «Крыштальны анёлак» і астатнія — дачакаюцца сваіх уладальнікаў. Ды і наогул, БСТД падтрымлівае ў тэатральнай супольнасці дух таварыства і творчасці, нагадваючы, што тэатральную справу лепш рабіць талакой. Таму пры саюзе існуе савет, у які ўваходзяць вядучыя тэатральныя дзеячы краіны.

Пра сённяшнія перспектывы тэатральнага саюза, яго клопаты і турботы «ЛіМ» запрасіў паразмаўляць яго старшыню, вядомага драматурга Аляксея Дударава.

— Аляксей Ануфрыевіч, як сябе адчувае сёння БСТД у параўнанні з іншымі творчымі саюзамі? Здаецца, ён не ў горшай форме?

— Наш саюз, як і іншыя беларускія творчыя суполкі, знаходзіцца ў тых жа самых умовах, што і грамадскія аб’яднанні. А іх у нас больш за тры тысячы. Безумоўна, некалі мы былі на асобым рахунку і ў дзяржавы, і ў грамадства, але тыя часы прайшлі. Калі Ларыса Пампееўна Александроўская арганізоўвала Беларускае тэатральнае таварыства, грамадства да творцаў ставілася інакш. На маю думку, сёння трэба з розумам выкарыстоўваць тое, што маем, што зрабілі да нас нашы папярэднікі. На магу сказаць, што мы «праядаем» зробленае да нас, гэта не зусім так. Нашы думкі — як рупліва размяркоўваць назапашанае, каб гэта прыносіла хоць бы мінімальны прыбытак, які можна выдаткоўваць на статутную дзейнасць. Напрыклад, для нас як для грамадскага аб’яднання было ўжо непад’ёмна ўтрымліваць у саюзе пансіянат «Тэатральны», ды яшчэ выдаваць па нармальным кошце туды пуцёўкі. Дзякуй Богу, што дзяржава ў нас яго набыла, і цяпер там створаны ўмовы для іншых людзей сталага веку, якія добра папрацавалі. Пансіянат не прапаў, ён уладкаваны. Але такі груз быў бы не пад сілу і камерцыйным аб’яднанням. А наш саюз — структура зусім не камерцыйная, і камерцыйнай дзейнасцю мы не займаемся.

— Прабачце, але часам складваецца ўражанне, што нашы творцы так і засталіся па сваім светапоглядзе ў мінулым і бясконца настальгіруюць і па халяве, і па савецкім перыядзе.

— Няма таго, што раньш было. Мне, можа, таксама хочацца вярнуцца ў мінулае. Па-першае, таму што быў тады маладзейшы, па-другое, у савецкі час ствараліся мастацкія творы, а не прадукцыя. Сёння ў літаратурным асяродку ёсць свая канкурэнцыя. Усе грамадскія аб’яднанні існуюць у роўных умовах. Напрыклад, аб’яднанне «Ахова птушак ацькаўшчыны» займаецца вельмі добрай справай. Чым яна горшая за БСТД? Нічым. Наадварот, я не магу ўявіць краявіды Беларусі без бусла ці чаплі.

— Можна сказаць, што БСТД у тым ці іншым выглядзе займаецца аховай тэатральнага асяродка і яго насельнікаў?

— Гэта проста прыгожыя словы. Насамрэч робім тое, што ў нашых сілах. Але калі, напрыклад, з нейкім артыстам ці артысткай у тэатры не працягваюць кантракт… Што можа зрабіць тэатральны саюз? Нічога. Ён і не павінен нічога рабіць, таму што вырашаць, каму працаваць ці не працаваць у тым ці іншым тэатры — справа дырэктара і мастацкага кіраўніка. Калі яны не бачаць акцёра ў трупе — прабачце, мы нічога не зробім. Я ж не павінен тэлефанаваць галоўнаму рэжысёру: ён мяне пашле і будзе мець рацыю. І ва ўсім астатнім так.

— Але ўсё ж такі саюз можа ўплываць на наш тэатральны кантэкст: кожны год ён раздае свае прызы да Міжнароднага дня тэатра, адзначае найлепшых… Існуе і працуе Савет БСТД. Хто, дарэчы, там у складзе?

Уключаючы мяне, нас дзевяць чалавек. Гэта Валянцін Елізар’еў, Эдуард Герасімовіч, Наталля Гайда, Аляксандр Кашпераў і іншыя дзеячы. Па статуце савет збіраецца два разы на год, але апошнім часам, у сувязі з пандэміяй, усе пытанні мы вырашалі ў дыстанцыйным фармаце — рассылалі лісты з апытаннем па пошце. Статут дазваляе такое рабіць. Каму ўручаць нашы прызы «Крыштальную Паўлінку», «Крыштальны анёлак» і іншыя, каму прысудзіць нашу стыпендыю «Тэатральная дынастыя», мы вырашаем толькі калегіяльна.

— Ці падтрымлівае Беларускі саюз тэатральных дзеячаў стасункі з расійскімі калегамі?

— Мы сябруем з Міжнароднай канфедэрацыяй тэатральных саюзаў і яе кіраўніком, генеральным дырэктарам Міжнароднага тэатральнага Чэхаўскага фестывалю Валерыем Шадрыным.

— Аляксей Ануфрыевіч, а калі параўноўваюць ваш саюз з расійскім і разнастайнай дзейнасцю яго кіраўніка Аляксандра Калягіна, што адказваеце?

— Усё залежыць ад фінансаў. Можна, напрыклад, параўнаць заробак артыстаў нашых тэатраў і артыстаў «Камедзі Франсэз». Нешта мне падказвае, што ў «Камедзі Франсэз» заробак большы. Што з таго? Гэта ўсё роўна, што ўсё жыццё жыць і зайздросціць свайму суседу, які два разы на год ездзіць на Канары. У яго такая сям’я і такія магчымасці, а ў цябе — свая сям’я і свае фінансы. На кожным з’ездзе я чую папрокі на гэты конт. Мне здаецца, што жыць трэба сваім розумам і гэтую спажывецкую філасофію выкараняць. Дзяржава нам нічога не павінна. Калі ласка, падавайце заяўкі на стажыроўкі і майстар-класы ў расійскі ці яшчэ які саюз. Уся інфармацыя ў наш час ёсць у інтэрнэце. Асабліва дзіўна чуць мне прэтэнзіі ад маладых акцёраў ці рэжысёраў, якія яшчэ ніякім чынам не праявілі сябе ў прафесіі.

— Кажуць, што ў творчасці ўвогуле надышоў час адзіночак і грамадскія аб’яднанні не патрэбны?

Калі хтосьці хоча так думаць, я не магу яму гэта забараніць. На мой погляд, гэта не так. Любы творчы саюз дае ўпэўненае адчуванне сябе ў прафесійнай супольнасці, дае магчымасць набыць прафесійныя і чалавечыя кантакты, сустрэць аднадумцаў і апанентаў, пасябраваць ці паспрачацца з імі. Як мы зразумелі ў пандэмію, чалавечыя зносіны — адна з самых вялікіх каштоўнасцей, нягледзячы ні на якія тэхналогіі. Па маім адчуванні, творчыя перспектывы ў нашага саюза ёсць, да нас прыходзіць тэатральная моладзь, якая цікавіцца не грашыма, а тэатрам. І дзякуй Богу.

— Чытачам «ЛіМа», напэўна, будзе цікава даведацца і пра навіны Аляксея Дударава як драматурга? Хутка ў вас прэм’ера ў Коласаўскім тэатры?

— Так, 24 і 29 чэрвеня ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Я. Коласа ў Віцебску пройдзе прэм’ера спектакля «Пёс Белага вострава» па маёй аднайменнай п’есе. Рэжысёрам стала Святлана Навуменка. Гэта яе другая пастаноўка па названай п’есе (першы спектакль з поспехам прайшоў у Мінску на сцэне Новага драматычнага тэатра). З аднаго боку, гэта гісторыя пра тэатральнае закуліссе, а з іншага — пра чалавечыя мары і надзею.

З віцебскім тэатрам у мяне шматгадовае плённае супрацоўніцтва. Тут у розныя гады ішлі амаль усе мае п’есы. І «Вечар», і «Парог», і «Радавыя». За «Вечар» тэатр атрымаў Дзяржаўную прэмію… Вельмі дарагая для мяне сцэна. З поспехам ідзе драматычная балада «Не пакідай мяне...», прэм’ера якой адбылася ў 2015 годзе.

— Па вашым адчуванні, якое становішча ў беларускім тэатральным працэсе?

— Складанае. Творцам цяжка, як і ўсім. Трэба выжываць.

— Нацыянальная тэатральная прэмія зноў будзе выбіраць найлепшых…

— І гэта выдатна!

— На мінулай вы ўзначальвалі прафесійнае журы. Якія ўражанні засталіся?

— Не адчуў, што беларускі тэатр у росквіце. А ты, дарэчы, адчуў?

— Не, але адчуванне творчага пошуку было.

— Пошук — іншая справа. Пошук на тое і пошук, што можна іншым разам пайсці не туды, і не туды зазірнуць, і не тое зрабіць, але потым усё роўна вярнуцца на патрэбны кірунак. Для мяне як для драматурга любы твор сапраўдны, калі ў ім ёсць спачуванне чужому болю, і абавязкова перспектыва. Дасканалы ён ці не — справа дзясятая. Але боль павінен быць! Такі, які быў у п’есах Купалы, Коласа, Крапівы, Макаёнка, Дзялендзіка, Матукоўскага, Петрашкевіча, у п’есах ваша пакорнага слугі «Парог», «Вечар», «Радавыя». Без болю за чалавека, яго лёс, яго сусвет мастацтва няма.

Гутарыў Валянцін ПЕПЯЛЯЕЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну

Як выглядае «беларускі Праванс», дакладна ведаюць жыхары глыбінкі Гомельскай вобласці.

Эканоміка

«Прадам утульную кватэру, а куплю яшчэ лепшую». А пра падаткі вы не забыліся?

«Прадам утульную кватэру, а куплю яшчэ лепшую». А пра падаткі вы не забыліся?

Адна мая добрая знаёмая вырашыла палепшыць свае жыллёвыя ўмовы — прадаць сваю двухпакаёвую кватэру і купіць трохпакаёвую.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

БЛІЗНЯТЫ. Калі ёсць цікавыя ідэі, то менавіта цяпер яны будуць запатрабаваныя і нарэшце ажыццёвяцца. Тыдзень прынясе знаёмствы з новымі людзьмі, спатканні, вандроўкі і шмат яркіх уражанняў. Асабістае жыццё рэзка зменіцца, прычым менавіта так, як вы марылі. Вы больш не будзеце самотныя, сітуацыя вырашыцца на вашу карысць.

Грамадства

Ці варта засцерагацца ад вяртання анамальнай спякоты? Дзмітрый Рабаў расказаў пра надвор’е на астатнюю частку лета

Ці варта засцерагацца ад вяртання анамальнай спякоты? Дзмітрый Рабаў расказаў пра надвор’е на астатнюю частку лета

«Верхавіна лета» прайшла, і ўжо мала хто памятае, што першая дэкада чэрвеня была халаднаватай і з замаразкамі.