Вы тут

Фестываль маладых


У сценах Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі з 3 да 7 мая праходзіў IV Міжнародны велікодны фестываль.


Студэнцкі струнны аркестр.

Ідэя бярэ пачатак у 2017 годзе, калі найстарэйшая музычная ВНУ краіны адзначала юбілейную дату — 85-годдзе з дня заснавання. У сувязі з гэтым у рэктара акадэміі Кацярыны Дулавай узнікла задума ўнікальнага творчага праекта, які б адлюстроўваў хрысціянскія каштоўнасці, ідэю пераемнасці пакаленняў і дэманстраваў «зрэз усяго, што адбываецца ў акадэмічнай музычнай адукацыі нашай краіны». За чатыры гады існавання ў праекце ўдзельнічала вялікая колькасць музыкантаў: ад заслужаных выкладчыкаў да зусім юных талентаў, найлепшых вучняў музыкальных школ і каледжаў. Фестываль атрымаў высокую адзнаку на дзяржаўным узроўні — прэмію «За духоўнае адраджэнне».

Адкрываючы першы канцэрт музычнага форуму сёлета, Кацярына Мікалаеўна адзначыла: «Гэта фестываль творчасці маладых, фестываль пераемнасці пакаленняў, таму што мы пачуем і пабачым найлепшыя творчыя сілы — тых, хто яшчэ толькі ўзрастае, тых, хто ўжо мае лаўрэацтва буйных міжнародных конкурсаў, і тых, хто ўжо выкладае — нашых выдатных настаўнікаў».

І сапраўды, прыемным сюрпрызам стаў багаты россып таленавітых удзельнікаў: студэнтаў і маладых педагогаў акадэміі, якія ўжо з’яўляюцца лаўрэатамі шматлікіх прэстыжных конкурсаў. Нязменнай засталася і галоўная ідэя фестывалю — далучэнне да вечных духоўных каштоўнасцей нацыянальнага
і сусветнага музычнага мастацтва.

Уражваў дыяпазон жанравага ахопу. Была прадстаўлена тэатральная, камерная, аркестравая, харавая музыка, а таксама шэдэўры савецкай песеннай эстрады.

У першы вечар слухачы мелі магчымасць далучыцца да спадчыны выбітнага рускага кампазітара Пятра Чайкоўскага. У выкананні студэнтаў опернай студыі пад кіраўніцтвам рэжысёра Ірыны Гаранец і дырыжора Юрыя Караваева прагучала славутая опера «Іаланта».

Выбар твора быў невыпадковы. У сваёй апошняй оперы Чайкоўскі сфармуляваў важную хрысціянскую, гуманістычную думку — ідэю перамогі над вечным змрокам праз самаахвяраванне, любоў і спачуванне, ідэю жыццесцвярджальнай веры ў светлы пачатак.

Арганічна ўжыліся ў свае ролі маладыя артысты — студэнты і выпускнікі Акадэміі музыкі. Рэалістычна перадала вобраз Іаланты студэнтка магістратуры Альбіна Тонкіх. У ролі караля Рэнэ выступіў саліст Вялікага тэатра оперы і балета Дзмітрый Капілаў. Цікава, што менавіта з гэтай партыяй ён калісьці выпускаўся з Акадэміі музыкі. Ролю Лауры выконвала салістка Вялікага тэатра Вольга Маліноўская. Адпавядалі высокаму прафесійнаму ўзроўню і студэнты, якія ўзялі ўдзел у пастаноўцы: Міхаіл Кляпец, Аляксандр Эндэка, Раман Аглоблін, Наталля Тоўсцік, Надзея Міцэвіч, Руслан Маспанаў, Аляксандр Кустаў. Магчыма, у хуткім часе трупа Вялікага тэатра папоўніцца новымі яркімі імёнамі.

Ідэя пераемнасці пакаленняў знайшла адлюстраванне і ў другім вечары, які быў прысвечаны памяці дырыжора, выкладчыка Пятра Віктаравіча Вандзілоўскага. Выступаў студэнцкі камерны аркестр Акадэміі музыкі, рабоце з якім маэстра прысвяціў 20 гадоў. Сёння справу працягвае яго вучань Вячаслаў Ларын. Па яго словах, «Пётр Віктаравіч — настаўнік, які навучыў любіць: музыку, прафесію, людзей навокал. Гэта чалавек, які сам натхнёна
распасціраў крылы і ўмеў распасцерці іх сваім вучням. Гэта музыкант, які заўсёды, незалежна ад знешніх і ўнутраных фактараў, узяўшы ў рукі дырыжорскую палачку, знаходзіўся ў стане ўлюбёнасці і ўнутранага гарэння».

Усё жыццё Вандзілоўскага было звязана з Акадэміяй музыкі. Скончыўшы ВНУ па дзвюх спецыяльнасцях — «баян» і «оперна-сімфанічнае дырыжыраванне», у 1997 годзе ён узначаліў кафедру аркестравага дырыжыравання. Пад яго кіраўніцтвам былі выкананы творы многіх вядомых беларускіх кампазітараў: Дзмітрыя Смольскага, Галіны Гарэлавай, Віктара Войціка, Аляксандра Літвіноўскага, Уладзіміра Кур’яна.

На канцэрце нябачная прысутнасць настаўніка стваралася дзякуючы асабліваму відэаафармленню сцэны, увасобленаму Ліліяй Шкарупай. На заднім фоне сцэны ўсталявалі экран, на якім адлюстроўваўся партрэт Пятра Віктаравіча. Творчая пераемнасць была заўважна ў выбары праграмы вечара, значную частку якой складала беларуская музыка.

Падчас канцэрта маладых выкладчыкаў.

Сваё майстэрства маладыя педагогі Акадэміі музыкі прадэманстравалі і ў трэці вечар. Шэдэўры сусветнай камернай музыкі гучалі ў выкананні Наталлі Кароцінай, Юліі Ермалаевай, Вольгі Паповай, Ганны Горбач, Ільі Пятрова, Максіма Шкулепы, Дар’яна Шахаба, Веранікі Прадзед, Паліны Чарнеўскай, Кацярыны Пукст, Анастасіі Храпіцкай, Ірыны Лой, Мікалая Церана, Паліны Фарасцяной, Крысціны Мікалаевай-Рудкевіч. Атрымала працяг яшчэ адна добрая традыцыя фестывалю — уручэнне ўзнагарод найлепшым студэнтам.

Безумоўна, складана ўявіць велікодны фестываль без харавой музыкі. 6 мая адбыўся канцэрт, у якім прынялі ўдзел самыя разнастайныя калектывы: ад царкоўных да вучэбных. Нягледзячы на эпідэміялагічныя абмежаванні, прадыктаваныя часам, арганізатары прадэманстравалі, што музыка не мае межаў. Дзякуючы сучасным тэхнічным сродкам, акрамя хору «ANIMA» Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра (рэгент — Ірына Калеснікава), Студэнцкага хору Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (дырыжор — Інеса Бадзяка), гледачы па відэасвувязі змаглі атрымаць асалоду ад майстэрства хору студэнтаў Ніжагародскай дзяржаўнай кансерваторыі імя М. І. Глінкі (дырыжор — Барыс Маркус), Грузінскага нацыянальнага ансамбля песні і танца SHAVNABADA (кіраўнік — Давід Цынцадзэ), Акадэмічнага хору факультэта музыкі ўніверсітэта мастацтваў COLLEGIUM MUSICUM (дырыжор — Драгана Ёванавіч). Такім чынам, адбылося сапраўднае культурнае падарожжа.

Да закрыцця фестывалю таксама падрыхтавалі штосьці асаблівае. 7 мая, напярэдадні 76-й гадавіны Дня Перамогі, пранікнёна і кранальна прагучалі ваенныя песні, якія выканалі студэнты-вакалісты і духавы аркестр БДАМ (кіраўнік М. Расоха).

Асаблівую атмасферу канцэртам надавала гучанне званоў, якімі запрашалі слухачоў у залу. Свой прафесіяналізм у майстэрстве перазвону дэманстравалі вучні Багдана Бярозкіна — кіраўніка аддзялення званароў Мінскага духоўнага вучылішча і выкладчыка Акадэміі музыкі.

Праграма велікоднага фестывалю атрымалася вельмі насычанай. Дзякуючы канцэртам гледачы змаглі далучыцца да хрысціянскіх традыцый праз адвечную музычную класіку, адчуць настрой светлай вялікай сядміцы — свята душы.

Любоў СЫЦЬКО

Фота даслана аўтарам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».