Вы тут

Гармонія і светлы май


Калі ехаць у Крупкі па трасе M1, то ў пэўны момант можна заўважыць указальнік, які паведамляе пра існаванне ў горадзе галерэі імя Барыса Аракчэева, мастака і педагога, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі. Як стваралася раённая галерэя, хто займаецца выстаўкамі і што можна ўбачыць, наведаўшы музей сёння, — чытайце ў матэрыяле.


Фрагмент пастаяннай экспазіцыі.

Кропка маршруту

Крупская мастацкая галерэя працуе ўжо 16 гадоў — далёка не кожны горад можа пахваліцца такой установай. А пачалося ўсё ў 2005-м, калі стараннямі раённых улад, мясцовых мастакоў, работнікаў культуры і мастацтвазнаўцы Галіі Фатыхавай у Крупках адбылося адкрыццё гэтага філіяла — аддзялення Крупскага гісторыка-краязнаўчага музея.

Урачыстаць была прысвечана вялікай даце — 60-годдзю з Дня Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Меркавалася, што ў самай вялікай зале будуць размешчаны палотны Барыса Аракчэева, а ў астатніх залах — карціны мясцовых мастакоў. Гэта была адна з найпершых падобных устаноў культуры для райцэнтраў Мінскай вобласці.

Адкрыццё галерэі прызначылі на 6 мая, запрасілі шмат гасцей… Барыс Аракчэеў і яго жонка прыехалі загадзя і прывезлі падарункі — батальнае палатно «Генерал Кульнёў і гродзенскія гусары ў бітве пад Клясціцамі. 1812» (1992), а таксама «Нацюрморт з бэзам» (1984) і «Нацюрморт з лубінам» (1984). Напярэдадні Барыс Уладзіміравіч дапазна сам нацягваў батальнае палатно на падрамнік, прыбіваў яго, устаўляў у рамку, размяшчаў-мацаваў на сцяне ў зале галерэі. Жонка ва ўсім дапамагала. Дарэчы, работа над гэтай карцінай доўжылася 36 месяцаў. Два гады мастак рабіў замалёўкі, эскізы, складаў кампазіцыі і год пісаў. Памеры карціны не дазваляюць выстаўляць яе непасрэдна на галерэйных плошчах, таму маштабныя работы Барыса Аракчэева дэманструюць у адной з залаў краязнаўчага музея.

Надвор’е ў Крупках 6 мая 2005 года выдалася сырым, халодным, з дажджом і моцным ветрам. Але адчуваўся святочны настрой, вялікая значнасць падзеі, усхваляванасць. Было вельмі шматлюдна. Сярод першых наведвальнікаў галерэі — шаноўныя ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. На ўрачыстым мітынгу слова атрымаў і сам Барыс Уладзіміравіч, удзельнік вайны.

Мастак часта прыязджаў на Крупшчыну: рабіў замалёўкі, пазней шмат выстаўляўся ў галерэі… Непадалёк ад Крупак знаходзяцца родныя мясціны яго жонкі Галіны Ягораўны, туды ж на лецішча з сям’ёй прыязджаў майстар.

— Тое, што шлях Барыса Уладзіміравіча з Мінска на летнія пленэры штогод пралягаў менавіта праз горад Крупкі, сапраўды было прадугледжана звыш, — адзначае Хрысціна Жукава, навуковы супрацоўнік Крупскай мастацкай галерэі імя Барыса Аракчэева. — Мастаку самім лёсам было наканавана наведаць гэтыя цудоўныя мясціны, пазнаёміцца з тутэйшымі людзьмі. Ён павінен быў убачыць гэты маляўнічы, як працяг яго пейзажаў, край, каб потым вяртацца сюды зноў і зноў…

Галерэя, што пачала насіць імя Барыса Аракчэева ў 2015 годзе, і зараз філіял Крупскага гісторыка-краязнаўчага музея, якім кіруе Тамара Бальбот. Памяшканне знаходзіцца на трэцім паверсе будынка. Працуюць дзве залы. Асноўная экспазіцыя прысвечана жыццю і творчасці Барыса Уладзіміравіча. Другая зала — выставачная: тут штомесяц змяняюцца экспазіцыі. З кожным годам калекцыя жывапісу папаўняецца творамі таленавітых беларускіх мастакоў. Сёння ў яе фондах захоўваецца больш як 100 работ, 16 з іх — аўтарства Барыса Аракчэева. Сярод апошніх — «Праязджаючы Таржок. А. С. Пушкін» (1997—1999), «Від з сельскага двара» (2010), «Па вадзе пайшоў туман» (2009), «Венера і бэз» (1995) і іншыя. Знаходзяцца ў пастаяннай экспазіцыі і некаторыя асабістыя рэчы творцы, напрыклад, эцюднік і кісці, якія мастак вырабляў з лыжных палак: пры дапамозе такіх было зручней ствараць буйныя па памеры карціны.

«Па вадзе пайшоў туман», 2009 г.

Спрычыніцца  да лёсу спадчыны

— Мець уласную галерэю з работамі такога высокага ўзроўню — вялікі гонар, гэтага жадаў бы любы музей, — падкрэслівае Хрысціна Жукава, якая фактычна штодня займаецца папулярызацыяй творчасці Барыса Аракчэева.

Увогуле ж арганізатарам выставак, імпрэз, прэзентацый, прысвечаных Барысу Уладзіміравічу, з’яўляецца малодшая дачка мастака Аксана Аракчэева. Яскравая, таленавітая мастачка, ілюстратар дзіцячых кніг, Аксана Барысаўна частая госця галерэі ў Крупках. У фондзе знаходзіцца 7 работ творцы, якая штогод ладзіць у галерэі тэматычныя выставачныя праекты.

Сёння галерэя вядзе актыўную выставачную дзейнасць. Вельмі папулярны святочныя і літаратурна-музычныя праграмы, конкурсы, майстар-класы. Знайшла сваіх аматараў і дзіцячая мастацка-адукацыйная праграма «У госці да Маляванкі». І ўсё гэта толькі малая частка розных імпрэз, якія праходзяць у крупскай галерэі. Перад установай стаяць зразумелыя, але часам няпростыя задачы: знаёміць наведвальнікаў з творамі выяўленчага мастацтва, захоўваць наяўную ў фондах калекцыю карцін і папаўняць яе, прадстаўляць гледачам работы як іншагародніх, так і мясцовых мастакоў.

Напрыклад, мінулым летам супрацоўнікамі быў запушчаны новы маштабны культурны праект ART-Krupki. У межах ініцыятывы ў цэнтры горада, каля культурнай рэзідэнцыі паноў Свяцкіх, была арганізавана летняя арт-пляцоўка. Яе стваральнікі імкнуліся ператварыць звычайны шпацыр па горадзе ў культурны паход па цікавых выстаўках ды імпрэзах, якія на паркавых пляцоўках прапаноўвала Крупская мастацкая галерэя.

— Для сям’і гэта адзін з варыянтаў добрага баўлення часу — і карысна, і прыемна, — падкрэслівае Хрысціна Жукава і дадае: горад павінен зразумець, як моцна мастацтва яго ўзбагачае.

Тады дапамагалі і музейныя работнікі: сумесна праводзіліся цікавыя экскурсіі, музейныя і мастацка-адукацыйныя заняткі, квэсты. Арганізоўваліся творчыя сустрэчы, перформансы, прэзентацыі, майстар-класы. Гэтым летам праект працягне сваю працу, але будзе пашыраны. Зменіцца і назва: цяпер гэта Krupki (Art & History). Так, на вуліцы можна будзе пазнаёміцца не толькі з мастацтвам, але і з багатай гісторыяй Крупшчыны.

— Будуем вялікія планы, будзем цешыць і дзівіць крупчан новымі праектамі. Верым у будучыню! Мастацкая галерэя імя Барыса Аракчэева будзе і далей рабіць усё магчымае для папулярызацыі беларускага мастацтва, культуры і гісторыі, — упэўнена Хрысціна Жукава. — Вельмі люблю сваю працу за тое, што заўсёды знаходзішся сярод прыгажосці, якая натхняе. Прафесія ў мяне творчая: падабаецца прыдумляць нешта новае, незвычайнае… Хочацца, каб у наведвальніка з’явілася цікавасць да мастацтва, каб запомнілася наша галерэя.

Для Хрысціны Жукавай Крупская мастацкая галерэя імя Барыса Аракчэева — першае працоўнае месца, якому дзяўчына аддала амаль 5 гадоў. Скончыла гістарычны факультэт БДПУ імя Максіма Танка, займаецца краязнаўствам, але вельмі цікавіцца мастацтвам і ўвесь час імкнецца ўдасканальваць веды ў гэтай сферы.

— Калі я прыйшла працаваць у Крупскую мастацкую галерэю, на мяне вялікае ўражанне аказала творчасць Барыса Аракчэева, — дзеліцца Хрысціна. — Былыя супрацоўнікі галерэі распавялі, чым запомніўся ім Барыс Аракчэеў: на рэдкасць вельмі сціплы чалавек, вабіў усіх дабрынёй, ласкавасцю і ветлівасцю. Мяне ўсё больш і больш захоплівае творчасць майстра. У сваіх шматлікіх карцінах мастак апеў чароўную беларускую прыроду, паказаў гераічнае мінулае краіны, стварыў галерэю выдатных партрэтаў. Работы Барыса Аракчэева перадаюць гармонію светабудовы.

«Марыя» (эцюд да карціны  «Медсёстры. Брэст. 1941»), 1961 г.

Бэз — значыць Аракчэеў…

Кожны раз, плануючы чарговую экспазіцыю твораў Барыса Аракчэева, дачка Аксана рыхтуе для паказу новыя і новыя работы бацькі, каб упершыню прадставіць іх публіцы. На выстаўках, што праходзілі апошнім часам ці праходзяць зараз у Купалаўскім і Багдановічаўскім музеях, а таксама ў галерэі ў Крупках, можна ўбачыць сапраўдныя рарытэты — не толькі мастацкія, але і гістарычныя.

— У нашай майстэрні — вялікая скарбніца татавых работ, — адзначае Аксана Аракчэева. — Да таго ж яго карціны захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Музеі гісторыі Мінска і многіх іншых. Ён шмат працаваў і пакінуў сапраўды вялікую спадчыну.

Фарміраванне асобы мастака пачалося з чарцяжа. Падчас службы ў войску ён маляваў плакаты і чарціў карты. Вернісаж «Быў месяц май», прысвечаны 95-годдзю з дня нараджэння майстра, раскрывае бачанне аўтарам некаторых старонак барацьбы савецкага народа супраць фашыстаў, а таксама Перамогі. Як згадвае Аксана Аракчэева, будучы мастак не ўдзельнічаў у баях, а рыхтаваў байцоў. У маі 1945-га служыў у Бабруйскай крэпасці.

— Май — гэта Перамога, май — квітнеючы бэз. Барыс Акракчэеў — значыць бэз, падкрэсліваюць аматары мастацтва, — згадвае Аксана Барысаўна. — З творамі, сабранымі ў праекце «Быў месяц май», крупскі глядач яшчэ не знаёмы. Многія карціны экспануюцца ўпершыню — іх не бачылі нават у Мінску.

Якраз сярод такіх — «Сад, які квітнее» (1979), «Майскае цвіценне» (2008), «Пейзаж са сцежкай у квітнеючым садзе» (2009), «Квітнее бэз» (1970-я), «Марыя» (эцюд да карціны «Медсёстры. Брэст. 1941», 1961), эскіз карціны «Партызанскія завеі» (1967), эцюд да карціны «Роднае поле» (1961), які можна лічыць ключавым для выстаўкі. Дарэчы, у свой час мастак праілюстраваў кнігу «Гераічная абарона», дзе сабраны ўспаміны сведкаў пра трагічныя падзеі ў Брэсцкай крэпасці. Адзін з твораў той серыі — «Казематы неўміручасці 22 чэрвеня 1941 года» (1960) — таксама частка выстаўкі.

Дапаўняюць тэматычную экспазіцыю шынель, у якім Барыс Аракчэеў служыў і вярнуўся дадому, зробленая мастаком падстаўка для эцюдніка і іншыя рэчы. На жаль, у самой галерэі пакуль няма абсталявання для дэманстрацыі экспанатаў. Напрыклад, у экспазіцыі маглі б змяшчацца ордэны мастака ці цікавыя дакументы, але месца для іх прадстаўлення пакуль не знайшлося. Між тым маецаа копія знакамітага палатна «Бэз ля студні» (1958), якая знаходзіцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Пазней Барыс Аракчэеў зрабіў шмат «рэміксаў» на гэтую тэму. Суправаджаюць праект кадры са стужкі «Быў месяц май» (1970) Марлена Хуцыева.

Дарэчы, уваходны білет для школьнікаў і студэнтаў каштуе ўсяго 50 капеек, для дарослых — 1 рубель. Квіток болей чым танны, але да якасці твораў ці адметнасці экспазіцый гэта ніякага дачынення не мае.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.