Вы тут

15 чэрвеня стартуе прыёмная кампанія ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі


Сёлета прыём будуць весці 125 устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі па больш чым 250 прафесіях. Акрамя таго, адукацыйныя праграмы па падрыхтоўцы рабочых рэалізуе 41 установа адукацыі іншых узроўняў (каледжы, філіялы ВНУ). У структуры прыёму будуць захаваны тэндэнцыі мінулых гадоў: спецыяльнасці рэальнага сектара эканомікі складуць амаль 75 працэнтаў.


pixabay.com

У звязцы з заказчыкамі кадраў

Усяго на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі плануецца прыняць 26,7 тысячы чалавек, з іх за кошт сродкаў бюджэту — 26,6 тысячы. Лічбы прыёму ў параўнанні з мінулым годам не толькі не зменшыліся, а, наадварот, крыху падраслі — прадстаўнікі рабочых прафесій заўсёды ў дэфіцыце.

— Установы прафтэхадукацыі працуюць у вельмі цеснай звязцы з арганізацыямі-заказчыкамі кадраў і аператыўна абнаўляюць кваліфікацыі, — падкрэсліла начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандра ПЯТРОВА. — Напрыклад, сёлета распачнецца падрыхтоўка па 135 новых для асобных навучальных устаноў прафесіях і прыпыніцца падрыхтоўка па 150 прафесіях. Мы імкнёмся максімальна наблізіцца да патрабаванняў, якія дыктуе рынак працы: як у колькасным, так і ў якасным плане.

На сённяшні дзень у краіне функцыянуе 51 рэсурсны цэнтр на базе ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Узровень прафесійнай адукацыі павінен адпавядаць узроўню развіцця вытворчасці або апярэджваць яго — менавіта такая ідэя была пакладзена ў аснову іх стварэння. Тут канцэнтруюцца ўсе неабходныя рэсурсы (і матэрыяльныя, і кадравыя, і навукова-метадычныя) для забеспячэння высокай якасці падрыхтоўкі спецыялістаў і рабочых для высокатэхналагічных, навукаёмістых, экспартаарыентаваных і імпартазамяшчальных вытворчасцяў. Прычым доступ да дарагога абсталявання маюць навучэнцы з розных навучальных устаноў, дзе рыхтуюць спецыялістаў па аналагічных спецыяльнасцях. Даступнасць забяспечваецца праз сеткавае ўзаемадзеянне ўстаноў прафесійнай адукацыі.

Стандарты заўтрашняга дня

Як адзначыла Аляксандра Пятрова, далучэнне нашай краіны ў 2014 годзе да сусветнага руху WorldSkіlls адкрыла перад сістэмай прафесійнай адукацыі новыя магчымасці. Галоўная мэта WorldSkіlls — папулярызацыя рабочых прафесій у сучасным грамадстве, у тым ліку праз правядзенне нацыянальных і міжнародных спаборніцтваў, якія яшчэ называюць алімпіядай у прафесійным майстэрстве. У сусветнага руху WоrldSkіlls ёсць дэвіз «Удасканальвай свет прафесійнымі навыкамі».

Кожныя два гады праходзіць сусветнае першынство ў шасці сферах: транспарт і лагістыка, будаўніцтва і тэхналогіі будаўнічай вытворчасці, тэхналогіі вытворчасці і тэхналогіі машынабудавання, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, творчыя прафесіі і сацыяльна-бытавое абслугоўванне. Але спаборніцтвы праводзяцца не дзеля саміх спаборніцтваў. Іх фармат
выкарыстоўваецца для таго, каб спрыяць распаўсюджванню ў свеце міжнародных прафесійных стандартаў

Прафесійныя стандарты WоrldSkіlls — гэта стандарты заўтрашняга дня. А сусветнае першынство — своеасаблівы выклік для нацыянальнай сістэмы прафесійнай адукацыі, паколькі патэнцыяльныя інвестары ацэньваюць перш-наперш нашу краіну. Для таго каб выпускаць канкурэнтаздольную на знешніх рынках прадукцыю, патрабуюцца не толькі сучасныя тэхналогіі, але і спецыялісты самай высокай кваліфікацыі, якія змогуць працаваць на сучасным абсталяванні. А каб зразумець, наколькі кампетэнцыі, якімі валодаюць навучэнцы і выпускнікі беларускіх устаноў адукацыі, адпавядаюць сусветным стандартам падрыхтоўкі спецыялістаў, трэба выкарыстоўваць міжнародныя індыкатары якасці.

«Некаторыя рабочыя спецыяльнасці або ўжо зніклі, або блізкія да знікнення. Замест іх з'яўляюцца іншыя, з прынцыпова новым узроўнем падрыхтоўкі».

Беларусь паспела ўзяць удзел у трох сусветных чэмпіянатах — у Сан-Паўлу (Бразілія, 2015 год), у Абу-Дабі (ААЭ, 2017 год) і ў Казані (Расія, 2019 год). Дарэчы, на апошнім сусветным першынстве Беларусь у агульнакамандным заліку заняла 15-е месца з 63. Плюс нашы хлопцы і дзяўчаты атрымалі чатыры медалі выдатніка за прафесійнае майстэрства. Беларуская зборная ўдзельнічала ў 33 кампетэнцыях, пачынаючы ад дэманстрацыі кулінарных шэдэўраў і да тэхналогій у будаўніцтве.

З ліцэя — на алімпіяду

— Многія нашы ўстановы прафесійнай адукацыі з'яўляюцца базай для падрыхтоўкі ўдзельнікаў як нацыянальных, так і міжнародных чэмпіянатаў, — дадала Аляксандра Пятрова. — Таму ў маладых людзей, якія стануць іх навучэнцамі, ёсць магчымасць не толькі атрымаць запатрабаваную на рынку працы прафесію, але і паўдзельнічаць у алімпіядным руху.

Адна з такіх устаноў — Мінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 5 транспартнага будаўніцтва.

— У гэтым годзе мы набіраем 227 чалавек (на базе дзевяці і адзінаццаці класаў), — расказала яго дырэктар Інеса КУЗЬМІНА. — У ліцэі рыхтуюць спецыялістаў для будаўнічай галіны, электраманцёраў па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання, электраманцёраў ахоўна-пажарнай сігналізацыі, электрамантажнікаў па электраабсталяванні, сілавых і асвятляльных сетках, электрагазазваршчыкаў. Сёлета мы крыху павялічылі набор на спецыяльнасці электратэхнічнага профілю, таму што летась яны былі ў абітурыентаў асабліва запатрабаваныя. Дарэчы, маладыя людзі паступаюць да нас па конкурсе сярэдняга бала атэстата. А ўсіх іншагародніх хлопцаў і дзяўчат мы забяспечваем месцам у інтэрнаце.

Як заўважыла Інеса Кузьміна, ліцэй вельмі актыўна ўдзельнічае ў руху WorldSkіlls, што дае яму шмат пераваг. Так, за пяць гадоў была цалкам абноўлена ўся яго матэрыяльна-тэхнічная база. «Пры падрыхтоўцы да спаборніцтваў нашы майстры вытворчага навучання разам з навучэнцамі праходзілі стажыроўку ў Швецыі і Фінляндыі. Сёння мы рыхтуемся да ўдзелу ў сусветным чэмпіянаце ў Шанхаі. Гэта вельмі важны момант, бо мы развіваемся і рухаемся наперад. Вельмі важна сёння ўмець працаваць не толькі галавой, але і рукамі, такія спецыялісты востра запатрабаваныя, а па нашых выпускнікоў работадаўцы стаяць у чарзе. У ліцэі ўжо прайшло размеркаванне — ніводны выпускнік не застаўся без рабочага месца».

Да плюсоў навучання ў прафтэхустанове Інеса Кузьміна аднесла таксама бясплатнае харчаванне навучэнцаў, забеспячэнне іх бясплатнай спецвопраткай і бясплатнымі падручнікамі.

pixabay.com

Тэхнічная эліта

У Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе плануюць набраць каля 300 чалавек. Навучанне тут вядзецца на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Рыхтуюць фрэзероўшчыкаў, аператараў станкоў з праграмным кіраваннем, слесараў па рамонце аўтамабіляў, аўтамеханікаў, наладчыкаў станкоў і маніпулятараў з праграмным кіраваннем, тэхнікаў-мехатронікаў, аперацыйных лагістаў.

— Лічбы набору мы не змянялі, але перанакіравалі вектар нашай дзейнасці ў вобласць машынабудавання, — расказаў намеснік дырэктара каледжа па вучэбнай рабоце Дзмітрый БУЛАВІЦКІ. — Дарэчы, на базе каледжа дзейнічае Рэсурсны цэнтр навучання работнікаў машынабудавання і аўтасэрвісу. А ў яго структуры адкрыты адзіны сертыфікаваны ў краінах СНД цэнтр Festo (FACT) па тэхналогіях індустрыі 4.0 і мехатроніцы.

«Узровень прафесійнай адукацыі павінен адпавядаць узроўню развіцця вытворчасці або апярэджваць яго».

Каледж з'яўляецца каардынатарам такіх напрамкаў руху WorldSkіlls, як мехатроніка, такарна-фрэзерныя работы на станках з лічбавым праграмным кіраваннем і аўтасэрвіс.

Пры навучанні рабоце на станках з лічбавым праграмным кіраваннем навучэнцы ў рэсурсным цэнтры спачатку адпрацоўваюць свае ўменні на камп'ютары, імітуючы апрацоўку дэталі. На экране яны візуальна могуць убачыць, напрыклад, як ламаецца такарны разец, фактычна акунаюцца ў свет віртуальнай майстэрні. У іх ёсць магчымасць пазнаёміцца з канструкцыяй станка з праграмным кіраваннем, так бы мовіць, знутры. Зняўшы віртуальныя ахоўныя прыстасаванні, можна ўбачыць нават больш, чым на рэальным абсталяванні, азнаёміцца з прынцыпамі работы ўсіх асноўных вузлоў станка.

На другім этапе навучання выкарыстоўваюцца сімулятары (трэнажоры): камп'ютарная праграма можа змадэляваць любую аварыйную сітуацыю, і калі навучэнец дапускае памылку, то праграма яму на гэта ўказвае. І толькі потым навучэнцаў дапускаюць у майстэрню з рэальным абсталяваннем. Ёсць і трэці ўзровень — праектаванне, калі спецыяліст павінен напісаць праграму для пэўнай дэталі і зрабіць трохмерны чарцёж. Такім чынам, токар, які працуе на сучасным станку з лічбавым праграмным кіраваннем, у адной асобе і тэхнолаг, і наладчык, і аператар, што кантралюе прыладу.

У многіх краінах свету сёння вядуцца размовы пра перагляд падыходаў да рабочых спецыяльнасцяў і кваліфікацый. Некаторыя рабочыя спецыяльнасці або ўжо зніклі, або блізкія да знікнення. Замест іх з'яўляюцца іншыя, з прынцыпова новым узроўнем падрыхтоўкі. Цяпер, каб выконваць на вытворчасці спецыяльныя функцыі, рабочаму недастаткова валодаць толькі пэўнымі навыкамі — трэба мець шырокі дыяпазон ведаў у сумежных галінах.

Межы паміж узроўнямі адукацыі размываюцца. Ёсць прафесіі, дзе рабочаму хапае прафесійна-тэхнічнай адукацыі, але ёсць прафесіі, і іх становіцца ўсё больш, дзе ад рабочага персаналу патрабуецца наяўнасць сярэдняй спецыяльнай і нават вышэйшай адукацыі. Невыпадкова ў многіх кампетэнцыях на чэмпіянаце прафесійнага майстэрства WorldSkіlls выступаюць студэнты ВНУ і навучэнцы каледжаў.

Прыём дакументаў ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі прадоўжыцца да 20 жніўня.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Працаваць і галавой, і рукамі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну

Як выглядае «беларускі Праванс», дакладна ведаюць жыхары глыбінкі Гомельскай вобласці.

Эканоміка

«Прадам утульную кватэру, а куплю яшчэ лепшую». А пра падаткі вы не забыліся?

«Прадам утульную кватэру, а куплю яшчэ лепшую». А пра падаткі вы не забыліся?

Адна мая добрая знаёмая вырашыла палепшыць свае жыллёвыя ўмовы — прадаць сваю двухпакаёвую кватэру і купіць трохпакаёвую.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

БЛІЗНЯТЫ. Калі ёсць цікавыя ідэі, то менавіта цяпер яны будуць запатрабаваныя і нарэшце ажыццёвяцца. Тыдзень прынясе знаёмствы з новымі людзьмі, спатканні, вандроўкі і шмат яркіх уражанняў. Асабістае жыццё рэзка зменіцца, прычым менавіта так, як вы марылі. Вы больш не будзеце самотныя, сітуацыя вырашыцца на вашу карысць.

Грамадства

Ці варта засцерагацца ад вяртання анамальнай спякоты? Дзмітрый Рабаў расказаў пра надвор’е на астатнюю частку лета

Ці варта засцерагацца ад вяртання анамальнай спякоты? Дзмітрый Рабаў расказаў пра надвор’е на астатнюю частку лета

«Верхавіна лета» прайшла, і ўжо мала хто памятае, што першая дэкада чэрвеня была халаднаватай і з замаразкамі.