Вы тут

Чарговыя кропкі над «і». Агучана шмат рэзананснай інфармацыі пра пасадку самалёта Ryanair, прысутнічаў і Раман Пратасевіч


Сёння ў Нацыянальным прэс-цэнтры прайшоў брыфінг МЗС, арганізаваны з удзелам прадстаўнікоў сілавых ведамстваў, дыпламатаў, замежных і айчынных СМІ. Было агучана шмат рэзананснай інфармацыі, якая датычылася і сітуацыі з пасадкай у Мінску самалёта кампаніі Ryanair, і нібыта прымусовай высылцы беларускіх палякаў. Само па сабе навіной было з’яўленне на брыфінгу ў якасці спікера затрыманага былога рэдактара забароненага ў Беларусі экстрэмісцкага тэлэграм-канала Рамана Пратасевіча, які зноў гаварыў тое, што не вельмі прыемна было чуць нашым апанентам.


Раман Пратасевіч расказаў, што яго ніхто не прымушае даваць інтэрв’ю СМІ і супрацоўнічаць са следствам.

«Я магу сказаць шчыра, што ніякага гандлю са следствам у мяне было. Любы мой удзел, у тым ліку і ў гэтым мерапрыемстве, з’яўляецца выключна добраахвотным, як і інтэрв’ю спадару Маркаву (кіраўнік тэлеканала АНТ — „Зв“.) Мяне ніхто не прымушае. І мяне ніхто ніколі не прымушаў да поўнага супрацоўніцтва са следствам. Гэта выключна мой выбар і маё рашэнне», — сказаў Раман Пратасевіч.

Па яго словах, супрацоўніцтва з органамі выклікана разуменнем, якую шкоду ён нанёс краіне і дзяржаве і хоча зрабіць усё, каб выправіць гэтую сітуацыю.

Пакідаючы праект Nexta і Варшаву, Раман Пратасевіч спадзяваўся, што будзе працаваць фатографам у штабе Святланы Ціханоўскай у Вільнюсе і сустрэне там ідэйных людзей. «Я першыя пару месяцаў бачыў вакол сябе людзей, такіх жа як і я, якія верылі ў тое, што яны робяць. На жаль, пазней сітуацыя стала моцна мяняцца. Чым меней станавіліся пратэсты, тым больш пачалося ўнутраных распрыяў, незразумелых мне палітычных гульняў, якіх я пытаўся пазбягаць, і асабістых амбіцый. Тыя рэчы, у якія я верыў, пачалі ператварацца ва ўласныя разборкі», — акцэнтаваў увагу журналіст, дадаўшы, што ён увогуле хацеў сысці з палітычнай дзейнасці.

Раман Пратасевіч заўважыў, што ён не будзе палітычным прыхільнікам Прэзідэнта Беларусі, але паважае яго як чалавека, які змог вытрымаць ціск: «Я не кажу, што поўнасцю пераходжу на бок дзяржавы, а расказваю прычыну таго, чаму я супрацоўнічаю са следствам».

Чуткі, якія пачалі распаўсюджваць некаторыя тэлеграм-каналы пра тое, што быццам яго ў СІЗА КДГ збіваў Прэзідэнт, малады чалавек назваў жартам. Наконт слядоў на руках, якія заўважылі падчас інтэрв’ю тэлеканалу АНТ, Раман Пратасевіч сказаў, што гэта былі сляды сцяжак, што надзелі пры затрыманні, бо наручнікаў у праваахоўнікаў не было.
«Наконт здароўя. Нават я пры знаходжанні ў СІЗА чуў шмат фэйкаў, што распаўсюджвалі пра маё здароўе. Я хачу сказаць, што я выдатна сябе адчуваю, я ў выдатным настроі. У мяне няма ніякіх скаргаў, калі хтосьці ў гэтым сумняваецца, я гатовы з дазволу следчых прайсці любую незалежную медыцынскую эскпертызу,— сказаў Раман Пратасевіч.— Ніхто мяне не біў, нават пальцам не кранаў».

Ён звярнуўся да СМІ з просьбай не распаўсюджваць чуткі, бо заложнікамі сітуацыі сталі яго бацькі, якія ў Польшы знаходзяцца ў інфармацыйным вакууме. "Я разумею, у якой сітуацыі знаходзяцца зараз мае бацькі. І мае словы прадыктаваны клопатам пра іх. Са мною ўсё ў парадку. А яны аказваюцца заложнікамі сітуацыі. Я выдатна бачу, што іх выкарыстоўваюць. Яны ездзяць з акцыямі пратэсту, і за іх спінамі стаяць канкрэтныя палітычныя дзеячы«,— дадаў ён. Затрыманы журналіст адзначыў, што яго бацькі могуць вярнуцца дадому бяспечна.

Раман Пратасевіч расказаў, што афіцыйныя паказанні зараз ён дае толькі беларускім следчым. Старшыня Следчага камітэта Дзмітрый Гара дадаў, што прадстаўнікі сілавых ведамстваў замежных краін не падавалі запытаў для ўдзелу ў працэсуальных дзеяннях з Раманам Пратасевічам і не патрабавалі яго выдачы.

Адказваючы на адно з пытанняў журналістаў, Раман Пратасевіч паведаміў, што яшчэ да таго, як ён аказаўся ў Беларусі, справы апазіцыйнага дзеяча Паўла Латушкі былі «дрэнныя».

«Зыходзячы з той інфармацыі, якой я валодаю, а я меў зносіны са многімі людзьмі, Паўлу Паўлавічу пастаўлены ўльтыматум з боку польскіх уладаў. Польшча і Літва вядуць прамую канкурэнцыю па беларускім пытанні.

Калі ў літоўскага боку існуе штаб Святланы Ціханоўскай, то адпаведна ў афіцыйнай Варшавы ёсць толькі Латушка. Таму што ён не праяўляў ніякай актыўнасці, яму была пастаўлена ўмова, што да верасня ён павінен актывізавацца і паказаць сваю падтрымку, правесці ўласныя акцыі», — заявіў Раман Пратасевіч і дадаў, што цяперашнія акцыі на граніцах Беларусі, звязаны з асобай Паўла Латушкі.

Пратасевіч трымаўся свабодна, жартаваў і нават загадаў прысутным палітычную загадку. «Гэта жанчына, палітык, яна жыве ў адной з еўрапейскіх краін. Яна заклікала не плаціць падаткі, не прызнаваць „нелігітымны“ ўрад, заклікала армію пераходзіць на яе бок. Яна пачала ствараць не толькі альтэрнатыўны ўрад, але і альтэрнатыўныя пасольствы сваёй краіны за мяжой». І сам жа агучыў правільны адказ, для многіх нечаканы: «Гэта палітык з Аўстрыі Моніка Унгер. У 2019 годзе яна атрымала 14 гадоў зняволення за спробу мецяжу. Знаёмыя пункты, вы не знаходзіце?..»

Па словах старшыні Следчага камітэта, Раман Пратасевіч абвінавачваецца па трох складах злачынстваў: арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікам улады, арганізацыя масавых беспарадкаў і распальванне сацыяльнай варожасці і розні па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці.


Даслоўна

«Фігуранты выехалі ў Польшчу добраахвотна і без якіх-небудзь умоў»

Старшыня Следчага камітэта Дзмітрый Гара распавёў на брыфінгу, як ішлі перамовы аб вызваленні польскіх актывістак Ірэны Бярнацкай, Марыі Цішкоўскай і Ганны Панішавай.
«Гучаць супярэчлівыя заявы, па-першае, паказваючы на прымусовы характар выправаджэння гэтых асоб супраць іх волі, і адначасова гучаць заявы, што польскі МЗС актыўна ўдзельнічаў у рэалізацыі гэтага працэсу, — сказаў Дзмітрый Гара. — Гэта з’яўляецца выключна жэстам добрай волі беларускага боку, прадыктаваным гуманітарнымі меркаваннямі і прынцыпамі добрасуседства. Ініцыятарам названага рашэння з’яўляецца афіцыйная Варшава. Пры гэтым польскі МЗС не мае да гэтага абсалютна ніякага дачынення. Пытанне вырашалася па лініі спецыяльных службаў».

Па яго словах, кіраўніцтва Казахстана па просьбе польскага прэзідэнта звярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з хадайніцтвам аб прадастаўленні магчымасці выезду асобам, абвінавачаным у злачынствах у сферы распальвання нацыянальнай і рэлігійнай варожасці і розні. Абвінавачаных наведаў консул Польшчы Анджэй Рачкоўскі, на прапанову якога пакінуць СІЗА і краін, яны адказалі згодай.

Паводле слоў старшыні Следкама, усе фігуранты выехалі ў Польшчу добраахвотна і без якіх-небудзь умоў. «Разам з тым па цяперашні час яны застаюцца абвінавачанымі па крымінальнай справе, якая мае пэўную судовую перспектыву, — дадаў Дзмітрый Гара. — Хочацца адзначыць, што дэманстратыўная і ўсвядомленая адмова польскага боку ад выканання прынцыпу канфедэнцыяльнасці ставіць пад абгрунтаванае сумненне раней заяўленую Варшавай зацікаўленасць выезду ў Польшчу пакінутых двух фігурантаў гэтай крымінальнай справы. Напэўна, іх лёс там ужо мала каго цікавіць.

Дзмітрый Гара выказаў меркаванне: прычына таго, што адбываецца, крыецца ва ўнутраных палітычных раскладах сумежнай дзяржавы і імкненні асобных дзеячаў зарабіць лёгкія палітычныя балы нават у шкоду інтарэсам «асоб, аб правах якіх яны нібыта дбаюць».

Марыя ДАДАЛКА


Генерал-маёр Ігар ГОЛУБ, камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных Сіл:

«Дадзеныя аб’ектыўнага кантролю пераканаўча пацвярджаюць, што ніякага перахопу, прымусовага развароту ад дзяржаўнай мяжы і прымусовай пасадкі самалёта Ryanair не было. Гэта было неаднаразова даказана і паказана ўсім жадаючым аб’ектыўна разабрацца ў гэтай сітуацыі. Па наяўных у нас пэўным даным, гэты факт таксама прызналі ў сваіх закрытых крыніцах інфармацыі і мае калегі па прафесіі ў краінах НАТА, якія мяжуюць з Беларуссю ... Мы ўважліва вывучылі траекторыю палёту самалёта Ryanair у паветранай прасторы Беларусі, інструкцыі па ажыццяўленні палётаў, схемы заходу на пасадку ў аэрапорце Вільнюс. Незразумела доўгае маўчанне ў радыёэфіры камандзіра паветранага судна ( каля 12-14 хвілін) падчас прамалінейнага палёту праз тэрыторыю Беларусі ад паўднёвага ўчастка дзяржмяжы да пачатку развароту, а таксама яго паводзіны пасля пасадкі ў аэрапорце Вільнюс і маўчанне ў СМІ да гэтага часу. Мы так і не пачулі яго каментар пасля 23 мая і да сённяшняга дня, акрамя адной заявы прадстаўніка паліцыі ў Вільні. Але гэты каментар прыбраны з усіх крыніц ».

Арцём СІКОРСКІ, дырэктар Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый:

«Не чакаючы нават папярэдніх вынікаў расследавання ІКАО, уся Еўропа, якая выступае за вяршэнства права, звалілася ў беззаконне, у поўнае зневажанне нормаў міжнароднага паветранага права, стварыўшы ў сусветнай авіяцыі нестабільнасць і непрадказальнасць — галоўных ворагаў бяспекі. І самае страшнае, што да гэтага часу многія не разумеюць, што яны нарабілі. Таму мы зараз і назіраем, што вынікі расследавання акрамя Беларусі нікому не патрэбныя».

«Прынцыповыя крывадушнікі» — Захарава аб паводзінах журналістаў BBC на прэс-канферэнцыі ў Мінску

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі Марыя Захарава пракаментавала ў тэлеграм паводзіны журналістаў BBC сёння на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры Беларусі, арганізаванай МЗС Беларусі, паведамляе БелТА.

«Журналісты Бі-бі-сі сышлі з прэс-канферэнцыі МЗС Беларусі ў знак пратэсту супраць таго, што Рамана Пратасевіча, на іх думку, прымушаюць у ёй удзельнічаць, — напісала Марыя Захарава. — Я вельмі спадзяюся, што калі-небудзь тое ж самае журналісты Бі-бі-сі змогуць паўтарыць на прэс-канферэнцыі з удзелам Джуліяна Асанжа. Прынцыповыя крывадушнікі».

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

«Ураджайны» тэст

«Ураджайны» тэст

Надыходзіць жнівень — самы ўраджайны, працоўны, смачны час. І наш чарговы тэст менавіта пра ўраджай і ўсё, што з ім звязана.

Грамадства

Лета выходзіць на фінішную прамую! Чаго чакаць ад надвор'я ў жніўні? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Лета выходзіць на фінішную прамую! Чаго чакаць ад надвор'я ў жніўні? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

У жніўні цяпла будзе ўдосталь, але без дажджу і маланкі не абыдзецца.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. На гэтым тыдні будзе карыснае ўменне аналізаваць сітуацыю і паводзіны людзей і рабіць правільныя высновы. Паспрабуйце быць гранічна сумленнымі з самімі сабой, зніміце ружовыя акуляры. Цяпер пажадана не эпаціраваць навакольных экстравагантнасцю і рэзкімі развагамі. 

Грамадства

Адзін дзень у Вязынцы: вандруем разам са «Звяздой» па Беларусі

Адзін дзень у Вязынцы: вандруем разам са «Звяздой» па Беларусі

У летні час так хочацца на мора, ці, хоць бы ў падарожжа...