Вы тут

З любоўю да справы і жыцця


Галоўнае багацце чалавека, відаць, складаецца, з дзвюх рэчаў, з двух складнікаў жыцця: сям’я і праца. Заўсёды, каб жыць светла і ў дабрыні і лагодзе, хочацца прыходзіць дахаты як на свята. Каб у клопатах, якімі б яны складанымі не былі, каб за мітуснёю, без якой, відаць, і дня не бывае, радавацца, што ў цябе, у тваіх самых блізкіх людзей усё добра, што мы любім і паважаем адзін аднаго, што гатовы заўсёды спрыяць, дапамагаць адзін аднаму. І другая частка шчаслівага жыцця — ісці з радасцю на працу, рабіць нешта вартае, быць запатрабаваным людзьмі, калектывам... Мне здаецца, што якраз у такім святле, у такім добрым атачэнні жыла і жыве Алена Васільеўна ЛІПІНСКАЯ, якая многія гады адпрацавала галоўным заатэхнікам ААТ «Шчомысліцы» у Мінскім раёне. 


Спярша, у 1977-м, закончыла Болагаўскі саўгас-тэхнікум па спецыяльнасці «заатэхнія». Закончыла «з адзгнакай» ці, як яшчэ гавораць, з «чырвоным дыпломам». Разумела, што прафесія патрабуе ведаў, што заўтра ў працы спатрэбіцца многае адкрываць наноў, таму максімальны грунт трэба было займець у час вучобы. Праз год адважылася і паступіла ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, якую закончыла ў 1983 годзе і па сваёй роднай спецыяльнасці атрымала кваліфікацыю «зааінжынер». 

Разам з Аленай Васільеўнай перабіраем стос грамат, падзяк, пад якімі стаяць подпісы аўтарытэтных, вядомых і сёння кіраўнікоў АПК, Мінскай вобласці і Мінскага раёна. Ганаровая грамата камітэа па сельскай гаспадарцы і харчаванню Мінскага аблвыканкама, падзяка Мінскага аблансога камітэта Беларускага прафсаюза працаўнікоў АПК, падзяка Мінскага аблвыканкама, Ганаровая грамата Мінскага райвыканкама... А вось — дыпломы аб занясенні галоўнага заатэхніка Алены Ліпінскай на раённую Дошку гонара. І ў 2005 годзе такая падзея здарылася, і ў 2016-м... На адной з грамат такі надпіс: «... за добрасумленную плённую працу і значны асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці Мінскай вобласці». Можна толькі здагадвацца, колькі выпрабаванняў, які ўклад за такімі адзнакамі!.. Колькі недаспаных начэй, колькі трывог за жывёлу, за гаспадарку!.. Няма ніякіх сумненняў, што Алена Васільеўна — чалавек моцнай загартоўкі, моцнай волі, моцнага характару. У гэтай жанчыны зараз юбілей, з якім і хацелася б павіншаваць... Упэўнены, што да мяне можа шмат хто далучыцца з ААТ «Шчомысліца», дзе яна 41 год (з 1977 па 2018 гады!) адпрацавала галоўным заатэхнікам. Уражлівы працоўны стаж шчыравання на адным месцы, на адной пасадзе, такой нялёгкай, няпростай пасадзе... Павіншуюць маці і цешчу муж — Аляксандр Аляксандравіч, ды дзве дачушкі, два зяці, двое ўнукаў. І ў сямейным атачэнні, у сямейнай цеплыні прадаўжаецца новае працоўнае, зусім не пенсійнае жыццё Алены Васільеўны Ліпінскай. Дабрыні і святла вам, шчырай любові родных і блізкіх, дарагая Алена Васільеўна!..

Сяргей ШЫЧКО,

Мінскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.