Вы тут

Што рабілі дзеці і бацькі на сямейным фестывалі «Букідс»


Паспрабаваць сябе ў 58 прафесіях, уласнымі рукамі зрабіць гліняны магніцік, распісаць узорамі пернік ці будаўнічую каску, зваляць цацку з лямцу, паставіць хімічны дослед, нанесці макіяж, навучыцца жангліраваць, паўдзельнічаць у раскопках... Гэта і мноства іншага два дні рабілі дзеці на сямейным фестывалі «Букідс. Прафесіі» ў сталічным Батанічным садзе. Дадайце сюды магчымасць самастойна зарабіць мясцовую валюту — букідсы, паўдзельнічаць у спектаклях, праверыць сябе на спрытнасць і кемлівасць у віктарынах, лоўлі мыльных бурбалак і карасканні па «гарах». Атрымаецца поўнае сюрпрызаў месца для адпачынку з бацькамі.


Барыста, зваршчык, кветкавод...

Набыўшы «працоўную кніжку», малыя адразу кідаліся шукаць першае месца працы і заўзята спрабавалі паўтарыць усё, што ім паказвалі і расказвалі пра пэўную прафесію. Бацькі ж з веданнем справы глядзелі, куды ўладкаваць дзіця наступным разам. А заняцца тут было чым. Хочаш — ідзі ў аўтамайстэрню і станавіся прадаўцом ці канструктарам аўтамабіляў. Або ўладкоўвайся на аўтазапраўку аператарам АЗС. Ці стварай уласны смак, стаўшы барыста або чайным самелье.

Многія прафесіі пераносілі дзяцей у віртуальную рэальнасць, як, напрыклад, віртуальны зваршчык: праз спецыяльную маску малыя назіралі, як яны самі нібыта сапраўды робяць металічнае шоу. А тыя, хто вырашыў стаць мультыплікатарам, пабачылі на маніторы ўласна «зняты» мульцік.

— Мы стараліся, каб атрымалася свята для ўсёй сям'і, дзе было б цікава і дарослым, і дзецям. Для малых гэта пэўны адукацыйны момант, а дарослых стараліся здзіўляць арганізацыяй пляцовак. Мне падабаецца дарыць добрыя эмоцыі, — абазначыла мэты Таццяна ЮЗАФОВІЧ, арганізатар фестывалю «Букідс». — Па маштабе мы сталі большымі, і гасцей значна павялічылася. Толькі за першы дзень выдалі 4,5 тысячы працоўных кніжак, а прылічыце яшчэ бацькоў... Нават прафесій напачатку было заяўлена 58, але на некаторых лакацыях знаходзілася па некалькі спецыяльнасцяў, так што ў выніку атрымалася 82.

Юныя садаводы высаджвалі ў агародзе, што стварыла кампанія дзіцячага харчавання Bambolіna, расаду перцаў ды памідораў, а кветкаводы ладзілі прыгожую кампазіцыю, якая застанецца квітнець у батанічным садзе. Мадэлі вучыліся дэфіліраваць па подыуме, а візажысты асвойвалі навуку макіяжу.

— Мы хацелі, каб наша дачка паспрабавала розныя прафесіі і, магчыма, у далейшым вызначылася, што ёй больш па душы. А можа, і нейкія таленты раскрыюцца, — падзялілася ўражаннямі Вераніка, якая разам з дачкой Дамінікай і мужам прыйшла на фестываль.

На некалькі хвілін можна было адчуць сябе артыстам, цік-токерам, акцёрам ці журналістам. Выдаўцы рабілі кнігі, стаматолагі чысцілі зубы беламу мядзведзю, медыкі ставілі кропельніцы, акварэлісты малявалі нацюрморты. Артысты Белдзяржцырка вучылі рабіць з шарыкаў фігуркі, жангліраваць, круціць абруч — да апошніх двух заняткаў з захапленнем далучаліся і мамы.

Кёрлінгісты накіроўвалі да мішэняў камяні па ламінаце. Мішка Барні зладзіў для юных палеантолагаў майстар-клас па лепцы дыназаўраў з гліны, а таксама раскопкі «костак дыназаўраў» у пясочніцы — тут вам і заробак букідсаў, і проста задавальненне.

Сустракаліся і незвычайныя прапановы, напрыклад пераўтварыцца ў фею і змайстраваць сабе папяровыя крылцы.

Энергетычныя, салодкія і творчыя бонусы

Іх можна было атрымаць, зарабляючы грошы на фестывалі. На пляцоўцы з атамнымі прафесіямі — капітанам атамнага ледакола, аператарам блочнага пульта кіравання атамнай станцыі, будаўніком атамнага аб'екта і іншымі — можна было, напрыклад, зарадзіць мабільны «экалагічна чыстай энергіяй».

А распісаныя падчас работы кандытарам пернікі — забраць з сабою і падсілкавацца, гэтаксама як і гарбатай, якую гатавалі маленькія самелье. Увогуле, усе вырабы, створаныя маленькімі работнікамі, можна было захапіць з сабою на памяць аб незвычайных «працоўных днях».

— У мяне дзеткі рабілі цацкі з нарыхтовак англійскага велюру: магніцікі, брошкі, бірулькі, ляльку ў ручку, бо наш майстар-клас скіраваны на самых маленькіх, — расказала майстар Алеся. — Дзіця з любымі навыкамі можа сшыць дэталі, і не будзе заўважна, як яно гэта зрабіла, бо любое шво схаваецца ў ворс тканіны, што зручна.

На майстар-класе па роспісе імбірных пернікаў дзеці з задавальненнем працавалі з салодкімі колерамі.

— Спачатку было 115 вялікіх пернікаў: коцікі, зайчыкі, сэрцайкі, кветачкі, але іх дзеці вельмі хутка распісалі. Думаю, і 500 бы пайшлі, — упэўнена майстар Алена, якая і гатуе смакату, і вучыць яе распісваць. — Цяпер толькі маленькія засталіся — але і іх толькі паспяваю даставаць.

А на іншай пляцоўцы малыя траплялі ў сапраўдную лабараторыю з прабіркамі, колбамі і каляровымі «хімікатамі», дзе стваралі палімернага «чарвяка».

— Наш «чарвяк» робіцца з раствору альгінату натрыю. Падобным чынам робяць і штучную ікру. «Чарвяк» таксама ядомы, але я спецыяльна дадала падчас эксперымента ў яго блёсткі, каб дзеці ведалі, што пасля лабараторных доследаў нельга нічога з гэтага ні есці, ні піць, — падкрэсліла Вікторыя, кіраўнік клуба «Малекула».

Дзіцячы маркет і другое жыццё рэчаў

Хоць работа на фестывалі і цікавая, але ж і ад яе трэба адпачываць, каб не думаць увесь час, куды яшчэ бегчы зарабляць букідсы. Замест гэтага можна было адправіцца ў «Тэатр пад дрэвам», каб паглядзець спектакль і нават крыху ў ім паўдзельнічаць. Залезці ў кабіну міні-эскаватара і пасігналіць. Паваляцца ў пясочніцы з гарохам. Сабраць з канструктара машыну — на гэтай пляцоўцы таты хіба не з большым захапленнем, чым дзеці, скручвалі гайкамі дэталі. Для актыўнага адпачынку былі батуты, скалалазанне, паласа вяровачных перашкод, заняткі ёгай. Можна было зрабіць аквагрым ці згуляць у шахматы і, вядома, запісацца на заняткі ў любую з секцый, якія былі прадстаўлены на свяце.

Некаторыя юныя ўдзельнікі «Букідса» зараблялі сапраўдныя грошы, бо гандлявалі на Дзіцячым маркеце — спецыяльнай пляцоўцы для юных бізнесменаў. Прайсці міма было складана, чуючы заклікі «Кнігі па рублі — дарма бяры!», «Зніжкі на ўсё!».

— Мама сказала, што будзе такі фестываль, і я адразу захацела ўдзельнічаць, — кажа Кіра. — У мяне былі бранзалеткі, міні-размалёўкі, варажылкі, лінейкі з паперы. Большасць рэчаў я зрабіла сама, нешта купіла, а кнігі мне для продажу даў тата.

Яе суседка па маркеце Ксюша гандлявала мяккімі цацкамі і ўласна зробленымі вырабамі-свечкамі два дні.

— Я зрабіла піньяту з цукеркамі. Цацкі свае прадаю тыя, якія мне ўжо не патрэбны. Але большасць засталася ўсё ж дома, — смяецца яна. — А яшчэ ў мяне бяспройгрышная латарэя.

Нестандартным і карысным для мам стаў абмен дзіцячымі рэчамі і цацкамі на пляцоўцы «KІDS FREE MARKET». Гэта ініцыятыва дзвюх мам, якія такім чынам даюць непатрэбным рэчам шанс на другое жыццё.

Заробкі і пакупкі

На першы погляд здаецца, што, каб пазнаёміцца з прафесіяй, на свяце дастаткова некалькі хвілін, але гэта не так. Колькі ні спяшайся, каб атрымаць букідсы, лакацый і заданняў процьма. Кажуць, што шмат букідсаў (600 і больш) удалося зарабіць тым, хто прыйшоў у першы дзень з самага ранку. Яны ж і набылі за іх найлепшыя падарункі — мальберты. А з-за вялікай колькасці наведвальнікаў валанцёры проста з ног збіваліся.

— Валанцёры прыходзяць а сёмай раніцы і працуюць да дзевяці вечара ў рэжыме нон-стоп. Перапынак толькі на абед, таму ім цяжкавата, — прыадкрыў таямніцу работы альтруістаў Яўген МАРЭЦКІ, кіраўнік адной з дзесяці каманд валанцёраў, якія працавалі на фестывалі.

— Адукацыйны момант як першапачатковая мэта фестывалю — гэта добра, аднак з улікам такога масавага сумбуру задача са знаёмства і атрымання нейкага ўяўлення аб прафесіях на пляцоўках ператварылася ў гонку за букідсамі, якія пасля трэба абмяняць на падарункі, — заўважыла мама Вольга.

Іншыя мамы прапанавалі арганізатарам пры абмене букідсаў на падарункі арганізаваць маленькае бліц-апытанне для дзяцей накшталт: што табе спадабалася, чаму ты навучыўся, што карыснае ты атрымаў ад сённяшняга дня?

Самі ж малыя ў цэлым засталіся задаволенымі і з радасцю дзяліліся ўражаннямі з бацькамі і светам.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Крылы феі, палімерны «чарвяк» і кёрлінг на ламінаце

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну

Як выглядае «беларускі Праванс», дакладна ведаюць жыхары глыбінкі Гомельскай вобласці.

Эканоміка

«Прадам утульную кватэру, а куплю яшчэ лепшую». А пра падаткі вы не забыліся?

«Прадам утульную кватэру, а куплю яшчэ лепшую». А пра падаткі вы не забыліся?

Адна мая добрая знаёмая вырашыла палепшыць свае жыллёвыя ўмовы — прадаць сваю двухпакаёвую кватэру і купіць трохпакаёвую.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

БЛІЗНЯТЫ. Калі ёсць цікавыя ідэі, то менавіта цяпер яны будуць запатрабаваныя і нарэшце ажыццёвяцца. Тыдзень прынясе знаёмствы з новымі людзьмі, спатканні, вандроўкі і шмат яркіх уражанняў. Асабістае жыццё рэзка зменіцца, прычым менавіта так, як вы марылі. Вы больш не будзеце самотныя, сітуацыя вырашыцца на вашу карысць.

Грамадства

Ці варта засцерагацца ад вяртання анамальнай спякоты? Дзмітрый Рабаў расказаў пра надвор’е на астатнюю частку лета

Ці варта засцерагацца ад вяртання анамальнай спякоты? Дзмітрый Рабаў расказаў пра надвор’е на астатнюю частку лета

«Верхавіна лета» прайшла, і ўжо мала хто памятае, што першая дэкада чэрвеня была халаднаватай і з замаразкамі.