Вы тут

«Мала пасеяць разумнае, добрае, вечнае. Трэба яшчэ і бараніць яго ад лухты і хлусні»


Не вам казаць: у нашым календары багата розных свят, не меней — памятных дат, і самая жалобная, вядома ж, вось гэта — 22 чэрвеня: сёлета — 80 гадоў ад пачатку Вялікай Айчыннай... Сыходзяць ад нас яе ветэраны (на 1 мая іх заставалася 3337 чалавек), сыходзяць апошнія сведкі — тыя, хто жахі вайны перажыў у дзяцінстве. Але разам з імі не павінна сыходзіць памяць. Гэтая думка аб'ядноўвае многія лісты. На жаль, не без падстаў.


pixabay.com

«Я нарадзіўся ў 1940-м і пра ваеннае ліхалецце помню, вядома ж, няшмат, — піша спадар Анатоль Хлапкоў з аграгарадка Чырвоны Бераг, што на Жлобіншчыне. — Помню страшныя ўзрывы, ад якіх, малым, хаваўся пад печ, помню свой адчай — немцы забіралі маму на прымусовыя работы, помню пастаянны голад: калі была такая магчымасць, пасля з'едзенай бульбіны браў яшчэ адну — заесці...

І цяпер страшна ведаць, што людзі, якія лічаць сябе разумнымі, набожнымі, адукаванымі, дзеля ўлады і грошай працягваюць вырабляць смертаносную зброю. Так і хочацца крыкнуць ім: «Спыніцеся! Адумайцеся! Не зведалі самі, дык хоць уявіце жыццё ў акопах і зямлянках, у пастаянным страху за жыццё сваіх родных і блізкіх, якіх можна болей не ўбачыць»...

Потым на змену абурэнню прыходзіць хваляванне: трэба, каб чалавецтва не забылася на тое, што ўжо перажыло. Амаль 60 гадоў пражыўшы ў Чырвоным Беразе, я не мог не зацікавіцца яго гісторыяй. Мне ўдалося сабраць матэрыялы пра лёс падпольшчыка Віктара Васільчыка — і цяпер у мястэчку ўсталявана памятная дошка, — запісаць успаміны людзей.

За гады вайны ў нашым Чырвоным Беразе загінула 173 чалавекі, у тым ліку 112 дзяцей. Нямецкі акупацыйны парадак — гэта расстрэлы, катаванні і здзекі, гэта два разрабаваныя і разгромленыя заводы, пяць калгасаў, два саўгасы, сельгастэхнікум, гэта 112 спаленых будынкаў, у тым ліку трох школ, бібліятэкі, клуба.

Па ўспамінах сведак, перамяшчацца дазвалялася толькі па пропусках. Школы не працавалі. Медустановы былі зачынены. Калгасных кароў і коней на зіму раздалі насельніцтву, але малако трэба было здаваць акупантам. Людзей штодзень з нагайкамі зганялі на прымусовыя работы.

І нават пры гэтым немцы штовечар абыходзілі падворкі, зазіралі ва ўсе куты, правяралі, ці не сышоў хто ў партызаны...»

Факт агульна- і сумнавядомы, але ж, як успамінае спадар Хлапкоў, за тры гады акупацыі фашысты стварылі ў Чырвоным Беразе два лагеры. У той, што на тэрыторыі ваеннай часці, з найбліжэйшых раёнаў звозілі ваеннапалонных і асоб працаздольнага ўзросту. Сярод іх быў і бацька спадара Анатоля, які потым расказваў, што немцы кожны дзень строілі вязняў у шарэнгі, і кожны пяты альбо дзясяты атрымліваў удар, ад якога доўгі час мог ляжаць без прытомнасці...

«Другі лагер размяшчаўся на тэрыторыі сядзібы Козел-Паклеўскіх і быў для дзяцей. Іх, ва ўзросце ад пяці да чатырнаццаці гадоў, прывозілі з найбліжэйшых раёнаў Гомельшчыны, мясцовых прымушалі прыходзіць самім на «здачу аналізаў крыві». Такое вось было «донарства» для нямецкіх салдат.

Дзяцей купалі ў рацэ. Некаторыя з іх кідаліся ў ваду, спрабавалі пераплыць на іншы бераг, каб схавацца ў кустах. Іх даганялі аўтаматныя чэргі.

Дзеці спалі на саломе, і марна спадзяваліся, што пасля забору крыві ім дадуць паесці. Як успамінаў Рыгор Галубіцкі, салодкая вада ды ў супе 10 крупінак проса, і гэта ўсё.

...Звестак пра такія лагеры амаль не засталося. Сіламі спецыяльнай зондаркаманды целы забітых спальваліся, дакументы знішчаліся, а значыць, знішчаліся доказы.

Калі Чырвоная Армія была блізка, фашысты пагрузілі дзяцей у вагоны, але на перагоне Асіповічы — Пухавічы эшалон быў перахоплены савецкімі войскамі, і вязняў вызвалілі. З Чырвонага Берага выратавалася адна дзяўчынка — дачка Нікадзіма Раманенкі, але і яна праз тры дні памерла.

...Чым далей ад нас жахі вайны, — падсумоўвае спадар Анатоль Хлапкоў, — тым цяжэй паверыць у тое, што падобнае сапраўды было».

І насамрэч: цяжка паверыць, забыць немагчыма.

Гэтая ж думка — чырвонаю ніткай — у іншых лістах.

«Для маіх дзяцей (а тым больш для ўнукаў) вайна — тэма, як той казаў, не асабістая. Нават дзень Перамогі для іх не такі ўрачысты, як для мяне. І гэта пры тым, што людзі яны адукаваныя, пра вайну і чыталі, і чулі, і ведаюць шмат. Не абмінула яна, відаць, ніводную сям'ю, — «прайшлася» і па нашай, — піша спадар Аляксандр Матошка з Расоншчыны. — Загінуў на фронце, не дажыў да Перамогі мой дзед, бабуля Антаніна свой доўгі век звекавала ў адзіноце. Вайна забрала ў яе і траіх дзяцей, якія памерлі ад голаду і хвароб... Гэта і мая страта, бо мог мець дзядзьку Уладзіміра, якому на той час было 12 гадоў, цётак Любу (4 гадкі) і Ніну. Ёй, двухгадовай, дамавінай была звычайная даматканая хустка.

Бабуля помніла гэта да скону. Помню і я. А вось ці будзе гэта памяць святой для ўнукаў ды праўнукаў...

У іх сёння новыя, электронныя забавы, якія часцяком да таго ж — крыніцы хлусні: паспрабуй яшчэ разбярыся, з якіх трэба «піць»...

Людзі старэйшых пакаленняў скажуць адназначна: з чыстых — з расказаў родных бабуль і дзядоў, з твораў сумленных гісторыкаў і пісьменнікаў», — лічыць спадар Аляксандр Матошка. І згадвае, што некалі ім, вучням малодшых класаў, настаўніца ўголас чытала расказы беларускіх дзяцей аб тым, што яны перажылі ў гады вайны. Кніга называлася «Ніколі не забудзем». Слухаючы яе, асобныя з вучняў плакалі і, напэўна ж, верылі, што сапраўды не забудзем, але...

«Неяк мы, самадзейныя паэты, выступалі ў адной з нашых школ: чыталі свае вершы пра вайну, расказвалі пра герояў-землякоў і раптам пачулі: «Ой, гэта ж было так даўно...»

«Думаеце, фраза зляцела з вуснаў нейкага неразумнага дзіцяці? Не, — канстатуе спадар Аляксандр, — так сказала... настаўніца. Чаго тады чакаць ад вучняў?»

Згадзіцеся: ёсць пытанне. Як і спроба адказу ў лісце спадара Яўгена Долава з Мінска. «Пачуў пра намер Міністэрства адукацыі ўвесці ўступны экзамен па гісторыі Беларусі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы і падумаў, ці не будзе ён трохі запозненым і недастатковым, бо мала пасеяць у галовах нашых недаросткаў разумнае, добрае, вечнае. Трэба яшчэ і бараніць яго ад засмечвання лухтой, хлуснёй, а то і адкрыта варожай дэзынфармацыяй, скіраванай на тое, каб ператварыць нашу моладзь у манкуртаў...»

Яшчэ ў канцы пазамінулага стагоддзя выгнаны з Англіі англійскі пісьменнік Оскар Уайльд заявіў: «Адзіны наш доўг перад гісторыяй — гэта пастаянна яе перапісваць». Падобна на тое, што на Захадзе свята выконваюць гэты цынічны запавет. І такой бяды, калі б, хочучы займець сваіх герояў і ўзвысіць свае заслугі, яны не прыніжалі подзвігі нашых бацькоў, дзядоў і прашчураў. Забыліся, відаць, пра таго ж Цыцэрона, які лічыў, што першы закон гісторыі — баяцца любой хлусні, а потым не баяцца любой праўды. Ці камусьці хочацца паказаць нас untermensch-амі, недачалавекамі, як гэта было ў мінулую вайну?

«Больш за 30 гадоў я не трымаў у руках падручнікаў па гісторыі, але гэта не перашкаджае мне прызнаваць значны ўклад у агульную перамогу генерала Эйзенхаўэра і бэсціць прэзідэнта Эйзенхаўэра за эскалацыю халоднай вайны і паляванне на ведзьмаў. Я помню пра Дэ Голя і Чэрчыля, пра Людвіка Свобаду, Войцэха Ярузельскага,
нават Героя Савецкага Саюза немца Фрыца Шменкеля. Упэўнены, што легіён нашых прафесійных гісторыкаў можа стварыць (калі ўжо не стварылі) нашу праўдзівую гісторыю і здольны данесці яе да розумаў нашай моладзі. Больш складанай мне падаецца праблема абароны тых самых розумаў ад заразы, якую імгненна разносіць інтэрнэт...»

Напрыканцы аўтар ліста заўважае: «Не магу не выказаць свайго абурэння некаторымі журналістамі, асабліва тэлевізійнымі. Дзень пры дні чую ад іх: «батл», «лакацыя», «калабарацыя»... Чым гэтым «грамацеям» не дагадзілі словы «спаборніцтва», «месца», «супрацоўніцтва»? Хто патлумачыць гледачам, якія не вучылі англійскай мовы, што такое лайфхак, хайп і (даруйце) фэйк?»

І яшчэ адзін ліст, амаль даслоўна: «21 чэрвеня 1941 года дзве сяброўкі Клава і Фрося паспяхова здалі апошні экзамен за першы курс Крычаўскага педвучылішча. Наперадзе ў іх былі канікулы з хатняй ежай, з вячоркамі... Дзяўчаты ехалі дамоў, — піша спадарыня Наталля Сівак з вёскі Заполле Чэрвеньскага раёна. — Аднак найперш яны спяшаліся ў вёску Каранец да знакамітай краўчыхі цёткі Варкі, якая шыла ім новыя штапельныя сукенкі.

Абновы атрымаліся што трэба! Фросі з Клавай заставалася прабегчы апошнія 8 кіламетраў. У лесе вадзіліся ваўкі, таму дзядзька Макар даў дзяўчатам па снапку абмалочанага жыта. Напагатове былі і запалкі. Ваўкі, як вядома, баяцца агню, але ж, дзякаваць богу, абышлося: дзяўчаты амаль дабеглі да месца, кінулі на дарогу непатрэбныя снапы і на нешта падпалілі... Салома тут жа ўспыхнула і амаль у тую ж хвіліну пачуўся незвычайны гул: ад лесу на дзяўчат насоўвалася цёмная сцяна вышынёю да самага неба.

Не помнячы сябе ад страху, час ад часу падаючы, да крыві разбіваючы локці і калені, сяброўкі дабеглі да патрэбнай хаты і там праз колькі гадзін пачулі страшную навіну: пачалася вайна...

Клавай, — піша спадарыня Наталля, — была мая мама, Фросяй — яе сяброўка. Ні давучыцца, ні сустрэцца адразу пасля вайны ім не давялося. Ды і не шукалі яны сустрэчы — іншых хапала клопатаў, аднак...

Летам 1977-га ў нас заначаваў татаў калега. Звалі яго Іван Паўлавіч Стагначоў. Досыць рэдкае прозвішча. «У Фросі было такое ж», — сказала мама, успомніўшы сваю найстрашнейшую ноч. І аказалася, што мужчына ўжо чуў гэту гісторыю: Фрося была яго сястрой.

Праз два тыдні сем'і сябровак сустрэліся. Мяне, шкада, дома не было. І потым я не распытала маму пра гэту сустрэчу...

Але 22 чэрвеня мы, яе дзеці і ўнукі, запалім свечкі, памянём загінулых, усіх, хто спазнаў тую бяду, хто выжыў і перамог. Успомнім гэты самы страшны, самы жалобны дзень і накажам нашчадкам, каб і яны таксама памяталі і бераглі, шанавалі мір».

Дадаць да гэтых слоў як быццам няма чаго. Ці не так?

Пошту чытала Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».