Вы тут

Зрабіць свет чысцейшым можна толькі сумеснымі намаганнямі


Цэнтральнай тэмай XVІ Рэспубліканскага экалагічнага форуму значылася «Далучэнне грамадскасці да прыняцця экалагічна значных рашэнняў». На секцыі, прымеркаванай да 20-годдзя грамадскага каардынацыйнага экалагічнага савета Мінпрыроды, прадстаўнікі дзяржорганаў і грамадскіх арганізацый падзяліліся сваім вопытам рашэння праблем у гэтай сферы.


Дзякуючы дзейнасці праекта «Прырода без фармацэўтычных адходаў» у краіне пашыраецца сетка збору пратэрмінаваных лекаў.

— Без грамадскіх аб'яднанняў, грамадзян мы не змаглі б вырашыць ніводную экалагічную задачу, — адзначыў першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Баляслаў ПІРШТУК. — Мінпрыроды заўсёды аддае ўвагу пазіцыі грамадскасці па ўсіх прыродаахоўных пытаннях, улічвае іх заўвагі па праектах нарматыўных прававых актаў, мерапрыемствах, кампаніях. Пры гэтым у нас ёсць рэзервы для яшчэ больш поўнага і адкрытага
ўдзелу грамадскасці. З улікам гэтага рыхтуюцца і змяненні ў Закон «Аб ахове навакольнага асяроддзя».

Алена ПАЎЛАВА, начальнік аддзела аховы навакольнага асяроддзя ўнітарнага прадпрыемства «БелНДІ горадабудаўніцтва» расказала пра спосабы саўдзельніцтва грамадскасці ў праектаванні гарадскога асяроддзя. Па яе словах, правядзенне розных апытанняў, інфармацыйных сустрэч дапамагае не толькі даведацца, чаго хочуць гараджане, але і дазваляе сфарміраваць іх горадабудаўнічую культуру.

Яна таксама дала рэкамендацыі жыхарам, якія хочуць актыўна ўдзельнічаць у прыняцці рашэнняў: сачыць за рэсурсамі, дзе з'яўляецца інфармацыя пра новыя праекты, не чакаць грамадскіх абмеркаванняў, а прапаноўваць свае ідэі па змене гарадской прасторы ўжо цяпер, звяртацца за дапамогай да мясцовых дэпутатаў, рабіць канструктыўныя заўвагі.

Дырэктар установы «Цэнтр экалагічнага і сацыяльнага развіцця» Вікторыя КАЛАЧ упэўненая — галоўнае, каб пры рэалізацыі праектаў насельніцтва і ўлада ішлі насустрач адзін аднаму. Так адбываецца ў краіне з вырашэннем праблемы збору пратэрмінаваных лекаў. Праект «Прырода без фармацэўтычных адходаў» дзейнічае
з 2019 года. З яго дапамогай у 16 гарадах і гарадскіх пасёлках Беларусі з'явіліся 33 спецыяльныя кантэйнеры для пратэрмінаваных лекаў, і дадзеная сетка паступова пашыраецца. У 2020 годзе ў краіне быў прыняты ТКП, які прадугледжвае стварэнне сістэмы збору фармацэўтычных адходаў. А сёлета пачалася ўстаноўка адпаведных кантэйнераў у паліклініках Мінска.

Старшыня Краснапольскага раённага савета дэпутатаў Анжаліка ГОМАН падзялілася досведам узаемадзеяння ініцыятыўнай групы з органамі ўлады, мясцовым самакіраваннем, бізнесам. З 2014 года ў рэгіёне былі рэалізаваны шэсць экаініцыятыў на суму больш за 250 тысяч еўра, складзена пагадненне па клімаце і энергіі, распрацаваны пашпарт тэрытарыяльнаарыентаванага развіцця раёна, а цяпер распрацоўваецца стратэгія яго ўстойлівага развіцця да 2035 года. Тут ствараюцца гадавальнікі пладова-ягадных культур, дзе мясцовыя жыхары вучацца вырошчваць экалагічна чыстую прадукцыю; рэалізоўваюцца ініцыятывы па ўключэнні прыродных аб'ектаў у турыстычныя маршруты і многае іншае.

Грамадскія абмеркаванні — вельмі важная дыялогавая пляцоўка, упэўнены старшыня ГА «Экаманіторынг» Яўген ФІЛІМОНАЎ. Толькі мясцовыя жыхары ведаюць, дзе лепш пасадзіць дрэвы, па якіх сцежках ходзяць людзі, якая колькасць аўтамабіляў можа размясціцца ў двары...

— Без уліку іх меркавання прымаць якія-небудзь рашэнні бывае вельмі дорага з-за сацыяльнай напружанасці, якая можа ўзнікнуць пасля. Таму лепш ствараць дыялогавую пляцоўку да моманту рэалізацыі праекта, каб былі прынятыя ўзаемавыгадныя і правільныя рашэнні, — падкрэсліў эколаг.

Ён таксама абазначыў вялікую ролю валанцёраў у вырашэнні экалагічных праблем, правядзенні розных акцый, рэалізацыі праектаў. З дапамогай неабыякавых людзей і арганізацый у Гродзенскай вобласці ахоўваюцца рэдкія віды рыб, ачышчаюцца ад смецця берагі Нёмана і праводзіцца азеляненне тэрыторый.

Уладзімір НІСЦЮК, выканаўчы дырэктар асацыяцыі «Аднаўляльная энергетыка», лічыць, што без усіх складнікаў — дзяржавы, бізнесу, навукі, адукацыі і грамадскасці — экалагічныя ініцыятывы не могуць рэалізавацца. Так, пры ўдзеле асацыяцыі, куды ўваходзяць розныя юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, у краіне рэалізаваны праекты па ўстаноўцы біягазавых установак, будаўніцтве гідра- і сонечных электрастанцый, энергаэфектыўных дамоў.

— У ГКЭС мы можам браць удзел у фарміраванні нарматыўна-прававой базы, экалагічнай палітыкі, выказваць свае прапановы і быць упэўненымі, што нас выслухаюць, — адзначыў Уладзімір Нісцюк. — Гэта размова дзвюх сіл, якія здольныя ўплываць на рашэнне задач.

Настасся АЛЯКСЕЕВА

Загаловак у газеце: Крок насустрач

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?