Вы тут

Андрэй Худык: Беларусь значна прасунулася ў вырашэнні смеццевай праблемы


Удзел грамадскасці ў вырашэнні экалагічных праблем і абмен вопытам у прымяненні «зялёных» тэхналогій сталі галоўнымі тэмамі І Міжнароднай спецыялізаванай экалагічнай выстаўкі «Ecology Expo — 2021» і XVІ Рэспубліканскага экалагічнага форуму.


Анатоль КЛЯШЧУК

Мерапрыемствы, якія праходзілі з 3 да 5 чэрвеня ў Мінску, сабралі ў нацыянальным выставачным цэнтры «БелЭкспа» прадстаўнікоў прыродаахоўнай службы краіны, дзяржорганаў, бізнесу, прамысловых прадпрыемстваў, навуковых устаноў і грамадскіх арганізацый, міжнародных партнёраў і экспертаў, якія працуюць на «зялёнае» развіццё нашай краіны, папулярызацыю экалагічнага ладу жыцця, удасканаленне тэхналогій для менш шкоднага ўплыву на навакольнае асяроддзе.

Арганізатарамі выстаўкі і форуму выступілі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, нацыянальны выставачны цэнтр «БелЭкспа», Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт.

Удзельнікі форуму разгледзелі пытанні ўдасканалення экалагічнай палітыкі, развіцця эканомікі замкнутага цыкла і нізкавугляроднага развіцця, адаптацыі розных галін да змены клімату, павышэння ўстойлівасці экасістэм, механізмаў рэгіянальнага супрацоўніцтва, а таксама павышэння ролі грамадскасці ў прыняцці экалагічна значных рашэнняў.

Падчас цырымоніі адкрыцця выстаўкі і форуму намеснік прэм'ер-міністра Аляксандр Субоцін адзначыў, што «зялёны» парадак дня становіцца модным, важным трэндам ва ўсіх галінах беларускай эканомікі. У краіне ўдзяляецца ўвага перапрацоўцы адходаў і ўдасканаленню работы палігонаў ЦКА, ліквідуюцца несанкцыянаваныя звалкі, будуюцца станцыі абезжалезвання ў рамках праграмы «Чыстая вада», працуюць над мінімізацыяй вугляродных выкідаў у атмасферу. Вялікім попытам пачынаюць карыстацца экалагічныя прадукты, развіваецца экалагічнае земляробства.

Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык адзначыў, што экалагічная тэматыка займае высокія пазіцыі ў глабальным парадку дня.

— Я ўпэўнены, што пляцоўкі гэтай выстаўкі і экалагічнага форуму паслужаць далучэнню да гэтай тэматыкі ўсё большай колькасці людзей, і эканоміка будзе станавіцца ўсё больш экалагічнай, цыркулярнай, «зялёнай», — падкрэсліў міністр.

Паводле яго слоў, кожны форум ніколі не праходзіць бясследна — абавязкова рэалізоўваюцца розныя праекты, малыя ці вялікія, але значныя для экалогіі. Так, сёлета ў краіне на базе ўжо існуючага прадпрыемства пачне працаваць завод па ўтылізацыі небяспечных адходаў у Чачэрску.

Смеццевая праблема стала адной з цэнтральных тэм як на выстаўцы, так і на форуме. Андрэй Худык адзначыў, што Беларусь значна прасунулася ў яе вырашэнні і знаходзіцца ў лідарах на постсавецкай прасторы па ўцягванні ў гаспадарчы абарот камунальных адходаў. Сёння 27 % ЦКА з агульнай колькасці вымаецца і выкарыстоўваецца ў эканоміцы краіны.

— За пяцігодку мы павінны дайсці да 35 %, а да 2035 года — да 65 %, — сказаў міністр. — Гэта даволі амбіцыйныя планы. І толькі разам мы зможам вырашыць гэту задачу. Гэта паасобны збор і максімальнае выманне другасных матэрыяльных рэсурсаў, стварэнне аб'ектаў па выкарыстоўванні адходаў — усё тое, што сёння ўрадам і робіцца.

Акрамя рэалізацыі канкрэтных праектаў, вельмі важна далучаць грамадскасць да экалагізацыі жыцця ў цэлым і эканомікі ў прыватнасці, упэўнены Андрэй Худык. Ён падзякаваў грамадскасці і асабліва грамадскім эколагам, якія падтрымалі мерапрыемства, а таксама прыехалі на форум з канкрэтнымі прапановамі і рашэннямі экалагічных праблем.

Генеральны партнёр выстаўкі — брэнд электразарадак «Malanka». Мерапрыемствы праводзіліся пры падтрымцы кампаній «ТКО-Інфарм», сістэмы Coca Cola ў Беларусі, УП «Кока-Кола Беўрыджыс Беларусь», філіяла «Вытворчы камбінат» ААТ «Гомельтранснафта Дружба», ААТ «БелАЗ», ААТ «Рагачоўскі
малочнакансервавы камбінат», групы кампаній 1АК-Group, базы адпачынку «Мілаград».

Павіншавала ўдзельнікаў выстаўкі і форуму пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Іаанна Казана-Вішнявецкі. Яна адзначыла рух нашай краіны па шляху да вугляроднай нейтральнасці.

— Спадзяёмся, што Рэспубліка Беларусь працягне павышаць узровень свайго нацыянальнага ўкладу ў глабальнае зніжэнне шкодных выкідаў, — сказала Іаанна Казана-Вішнявецкі. — Надзвычайна важна, што ў краіне ідзе работа над цэлым шэрагам экалагічных законаў, якія датычацца «зялёнай» эканомікі, кіравання адходамі і воднымі рэсурсамі, нізкавугляроднага развіцця, а таксама захавання біяразнастайнасці.

Пастаянны каардынатар ААН таксама адзначыла, што пераход да «зялёнай» эканомікі з'яўляецца адным з чатырох стратэгічных прыярытэтаў дзейнасці арганізацыі ў межах рамачнай праграмы супрацоўніцтва ААН і Беларусі на 2021—2025 гады:

— Мы гатовы працаваць з усімі партнёрамі, паказваць найлепшы замежны вопыт і расказваць свету пра тое, што ў Беларусі атрымалася, як добра краіна развівае гэты кірунак, і прасоўваць партнёрства з дзяржаўнага боку, недзяржаўных арганізацый і прыватнага сектара.

Вераніка КОЛАСАВА

Загаловак у газеце: ​Экалогія аб'ядноўвае

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».