Вы тут

Экасістэмы: аднавіць, захаваць і прымножыць


Адна з самых цікавых секцый ХVІ Рэспубліканскага экалагічнага форуму — «Аб захаванні і аднаўленні прыродных экасістэм». Гэта — моцны састаў дакладчыкаў, замежныя госці, якія ўдзельнічалі ў пасяджэнні анлайн, зацікаўленыя ўдзельнікі, якія задавалі пытанні, дыскутавалі.


Тэхніка для апрацоўкі пойменных лугоў.

Адкрываючы работу секцыі, намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр КОРБУТ адзначыў, што ў краіне пастаянна нарошчваецца плошча асабліва ахаваных прыродных тэрыторый. У нас 26 водна-балотных угоддзяў міжнароднага значэння, фарміруецца нацыянальная экалагічная і ізумрудная сеткі.

Заказнік «Спораўскі» — кузня новых методык

Міхаіл МАКСІМЕНКАЎ, старшы навуковы супрацоўнік Навукова-практычнага цэнтра НАН па біярэсурсах расказаў аб праблеме зарастання лугавых і балотных экасістэм драўнінна-хмызняковай расліннасцю і трыснягом. За апошнія дзесяцігоддзі гэты працэс закрануў больш за 606 тысяч га натуральных водна-балотных угоддзяў. Як дадзеная праблема вырашаецца? Па-першае, трэба вярнуцца да традыцыйнага выкарыстання пойменных лугоў, то-бок касіць на іх траву. Больш складаная работа — высечка драўнінна-хмызняковай расліннасці з наступнай перапрацоўкай у паліўныя шчэпкі. Скошаны трыснёг можна выкарыстоўваць у якасці матэрыялу для ўладкавання дахаў. Таксама на лугах праводзіцца кіруемае выпальванне расліннасці. І яшчэ адзін спосаб — гэта зноў-такі вяртанне да традыцыйнага выкарыстання лугоў — выпас жывёлы. Але толькі цяпер на змену хатнім рагулям прыходзяць завезеныя турападобныя быкі і тарпанападобныя коні. Апошнія былі завезены ў нашу краіну з Нідэрландаў, добра прыжыліся і ўжо далі патомства. Як растлумачыў Міхаіл Максіменкаў, коні асвоілі ўсе адкрытыя прасторы плошчай каля 350 га, выядаючы пажухлую траву, асаку і трыснёг, яны спрыяюць росту травяной расліннасці.

Таксама навуковец расказаў пра досвед заказніка «Спораўскі» па аднаўленні пойменных лугоў. Тут з дапамогай сучаснай тэхнікі выдалілі драўнінна-хмызняковую расліннасць. Затым яе здрабнілі, спрасавалі і ў выніку атрымалі паліўны матэрыял. Таксама ў заказніку на аснове ўстойлівага выкарыстання пойменных лугоў і нізінных балот нарыхтавалі сена і траву на падсцілку. Усё гэта было рэалізавана, і атрыманай выручкі хапае на наступны цыкл работ па кіраванні балотнымі і лугавымі сістэмамі. Заказнік «Спораўскі», па ацэнцы Міхаіла Максіменкава, з'яўляецца кузняй новых методык па аднаўленні экасістэм балот і пойменных лугоў.

Падыходы па аднаўленні прыродных экасістэм адкрытых пойменных лугоў і балот апрабаваны ў рамках чатырох праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Гэта праект ЕС-ПРААН «Кліма-Іст: захаванне і ўстойлівае кіраванне тарфянікамі ў Рэспубліцы Беларусь для скарачэння выкідаў вугляроду і адаптацыі балотных экасістэм да змены клімату», два праекты ПРААН-ГЭФ: «Устойлівае кіраванне ляснымі і водна-балотнымі экасістэмамі для дасягнення шматмэтавых пераваг» і «Распрацоўка інтэграваных падыходаў да кіравання водна-балотнымі ўгоддзямі з улікам прынцыпу шматмэтавага ландшафтнага планавання з мэтай атрымання шматбаковых экалагічных выгод», а таксама праект ЕС LІFE15 NAT/LT/ 001024 «Стварэнне сеткі ключавых месцапражыванняў для забеспячэння доўгатэрміновага спрыяльнага ахоўнага статусу вяртлявай чаротаўкі
ў Літве».

Міхаіл Максіменкаў асабліва адзначыў, што найважнейшай умовай з'яўляецца забеспячэнне ўстойлівасці. Прасцей кажучы, павінна весціся сістэмная работа: мала выдаліць расліннасць, трэба затым забяспечыць пастаяннае скошванне лугавых траў або іншае іх выкарыстанне.

Тарпанападобныя коні ў заказніку «Налібоцкі».

Вінаваты не толькі караед

Сасна займае больш за палову плошчы нашых лясоў. Яна ж першая пакутуе ад усыхання. Алег БАРАНАЎ, загадчык лабараторыі геномных даследаванняў і біяінфарматыкі Інстытута лесу НАН, доктар біялагічных навук, расказаў аб асноўных прычынах усыхання хвойных дрэў. Сярод іх: павышэнне сярэднясутачнай тэмпературы паветра, зніжэнне колькасці атмасферных ападкаў і ўзроўню грунтовых вод у вегетацыйны перыяд, цыклічныя ўспышкі колькасці насякомых-шкоднікаў, несвоечасовае правядзенне санітарна-аздараўленчых і лесаахоўных мерапрыемстваў, парушэнне функцыянавання гідралесамеліярацыйнай сеткі.

Вялікую небяспеку для сасны ўяўляе караед — вельмі агрэсіўны і хуткі жук. Дастаткова сказаць, што ад першых сімптомаў паражэння да поўнага ўсыхання кроны праходзіць тры тыдні. Дрэва дыяметрам 19 сантыметраў знішчаюць пяць жукоў. У той жа час правесці раннюю дыягностыку практычна немагчыма. Пры гэтым жывучасць караеда досыць высокая.

Што прапануюць беларускія навукоўцы ў барацьбе з гэтым агрэсарам? Па словах Алега Баранава, распрацаваны і ўкаранёны ў практыку ферамонныя прэпараты для маніторынгу і барацьбы са ствалавымі шкоднікамі, сярод якіх і караед. Інстытутам лесу НАН сумесна з Белдзяржуніверсітэтам распрацаваны ферамоны для вяршыннага караеда, вялікага і малога сасновага лубаеда, шасцізубчатага караеда, паласатага караеда. Таксама распрацавана тэхналогія ДНК-дыягностыкі патагенных грыбоў.

У сваім выступленні Алег Баранаў назваў наступныя практычныя крокі па барацьбе з караедам, якія рэалізоўваюцца ў краіне: ферамонны нагляд, рэгуляцыя колькасці караедаў шляхам выдалення заселеных шкоднікамі дрэў. Не лішняй з'яўляецца і апрацоўка пасечаных рэшткаў інсектыцыдамі. Вельмі важна правільна правесці ўтылізацыю пасечаных адходаў — спальваць іх або мульчыраваць.

«Смала — асноўная зброя супраць усялякіх караедаў», — падкрэсліў вучоны. Таму ў Інстытуце лесу распрацавана тэст-сістэма для ранняй дыягностыкі высокасмолапрадукцыйных дрэў сасны звычайнай. Таксама навукоўцы праводзяць селекцыйна-генетычны адбор устойлівых да змены клімату дрэў сасны. Для захавання генафонду створаны генетычны банк Інстытута лесу, які дазволіць зберагчы ўсе віды пры лесааднаўленні на высечках у ачагах усыхання.

Апрацоўка высечкі інсектыцыдамі.

Аперацыя «ліквідацыя» для інвазійных раслін

Баршчэўнік Сасноўскага, сумнік канадскі, эхінацысціс лопасцевы — кожнае лета ідзе барацьба з гэтымі і іншымі інвазійнымі раслінамі. Алег МАСЛОЎСКІ, загадчык сектара кадастру расліннага свету Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН, кандыдат біялагічных навук, расказаў аб асноўных кірунках барацьбы з інвазійнымі відамі раслін. Перш за ўсё, складзены прагноз экспансіі найбольш небяспечных з іх да 2025 года на тэрыторыі Беларусі па шчыльнасці займаемай плошчы на 100 тысяч гектараў. Найбольшую небяспеку ўяўляюць гіганцкі баршчэўнік, інвазійныя сумнікі і эхінацысціс лопасцевы.

Вучоны нагадаў, што Мінпрыроды з 2008 года вядзе планамерную работу па барацьбе з найбольш небяспечнымі інвазійнымі відамі раслін і ў першую чаргу з баршчэўнікам Сасноўскага. Практычныя мерапрыемствы па знішчэнні гэтага агрэсара пачаліся ў 2010 годзе. Цяпер рэалізуецца стратэгія барацьбы з інвазійнымі відамі дзікарослых раслін на 2017–2025 гады, адобраная Мінпрыроды. Асноўная мэта стратэгіі, як растлумачыў Алег Маслоўскі, — поўная ліквідацыя месцаў росту баршчэўніка ў Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай, Магілёўскай абласцях і ў Мінску і значнае скарачэнне месцаў яго росту ў Віцебскай (на 30 %) і Мінскай (на 50 %) абласцях.

«Калі не змагацца з інвазійнымі відамі раслін, то іх плошча штогод будзе павялічвацца на 10-15 %», — перасцярог навуковец. А як змагацца з непажаданымі прышэльцамі, падрабязна сказана ў «Патрабаванні да правядзення работ па абмежаванні распаўсюджвання і колькасці інвазійных раслін (баршчэўніка Сасноўскага, сумніка канадскага, эхінацысціса лопасцевага і іншых) рознымі метадамі». Гэта адзін з раздзелаў Тэхнічнага кодэкса ўстаноўленай практыкі «Ахова навакольнага асяроддзя і прыродакарыстанне. Раслінны свет».

Гаворачы аб стратэгіі барацьбы з інвазійнымі раслінамі, перш за ўсё маецца на ўвазе поўная інвентарызацыя, карціраванне і пашпартызацыя тэрыторый, дзе яны растуць. Затым праводзяцца аналіз атрыманых даных і распрацоўка метадаў барацьбы і планаў практычных мерапрыемстваў для кожнага адміністрацыйнага раёна і ўласніка ці арандатара зямель з улікам спецыфікі кожнай папуляцыі.

Як паясніў Алег Маслоўскі, для рэгулявання распаўсюджвання і колькасці інвазійных раслін у нашай краіне ўжываюцца наступныя метады: выдаленне кветканосаў; ручное знішчэнне раслін; ручное і механічнае скошванне; апрацоўка гербіцыдамі; узворванне; засеў травасумесямі; пасадка раслін; выпас жывёлы; выкарыстанне святлонепранікальных покрыўных матэрыялаў; зняцце кары з дрэвавых інвазійных раслін. Цікава, што замежныя эксперты самым эфектыўным спосабам барацьбы з інвазійнымі раслінамі прызнаюць выпас жывёлы, у прыватнасці авечак.

Вельмі важна, падкрэсліў вучоны, каб усе рэкамендацыі выконваліся ўдумліва і максімальна дакладна. Толькі тады можна дасягнуць станоўчага выніку, таму ў гэтым вялікая роля тэрытарыяльных структур Мінпрыроды як кантралюючых органаў.

Трэба разумець, што неабходна весці прафілактычную работу па недапушчэнні распаўсюджвання новых інвазій, у першую чаргу з боку памежных тэрыторый суседніх краін. «Для гэтых мэт у Нацыянальнай акадэміі навук з 2019 года пачаў стварацца спецыялізаваны цэнтр, які будзе абагульняць наяўную інфармацыю і праводзіць адпаведныя даследаванні», — рэзюмаваў Алег Маслоўскі.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Часта незразумелы «шарык» можа быць, напрыклад, фібрадэномай.

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.