Вы тут

Справа для алкаНАТА/ Як пачуваюць сябе замежныя вайскоўцы ў Эстоніі?


У Эстоніі за парушэнне грамадскага парадку ў цягніку затрымалі шасцярых нецвярозых брытанскіх салдат. Аб гэтым паведаміла The Daіly Mіrror. Інцыдэнт адбыўся ў горадзе Йыгева. Пасажыры паскардзіліся на шумныя паводзіны вайскоўцаў, якія, па словах відавочцаў, былі вельмі п'яныя і агрэсіўныя. Праваднікі паспрабавалі вырашыць праблему самастойна, аднак гэта не дапамагло, і давялося выклікаць паліцыю. У выніку салдат знялі з цягніка, затрымалі і перадалі ваеннай паліцыі НАТА. Эксперт Брус Джонс з лонданскай кампаніі Jane's, у сваю чаргу, палічыў, што да інцыдэнту могуць мець дачыненне... усюдыісныя «агенты расійскай разведкі» (хіба што алкаголь брытанскім вайскоўцам у рот залівалі?). Прадстаўнік Міністэрства абароны Вялікабрытаніі адмовіўся паведамляць падрабязнасці інцыдэнту, спаслаўшыся на тое, што расследаванне працягваецца. Як паведамляюць СМІ, гэта далёка не першы скандал з удзелам салдат Паўночнаатлантычнага альянсу. Як пачуваюць сябе замежныя вайскоўцы ў Эстоніі?


Месцічы з дому не выходзяць

Цяпер некалькі соцень брытанскіх вайскоўцаў знаходзяцца ў Эстоніі ў складзе баявой групы НАТА. У 2016 годзе ў рамках узмацнення перадавой прысутнасці на ўсходнім флангу Паўночнаатлантычны альянс размясціў чатыры шматнацыянальныя баявыя групы памерам да батальёна ў Эстоніі, Латвіі, Літве і Польшчы, склад якіх змяняецца на ратацыйнай аснове. Гэтыя падраздзяленні знаходзяцца пад камандаваннем Брытаніі, Канады, Германіі і ЗША. Цяпер на эстонскай тэрыторыі знаходзіцца першы батальён брытанскага Мерсійскага палка, які прыбыў туды ў сакавіку.

«Разборкі» ў цягніку — другі падобны інцыдэнт з удзелам прадстаўнікоў альянсу ў Эстоніі за апошні месяц. У сярэдзіне мая ў эстонскім мястэчку Тапа адбылася масавая бойка паміж вайскоўцамі НАТА і тутэйшымі жыхарамі. Кіраўнік мясцовай патрульнай паліцыі Тауна Лемпу апісаў сітуацыю наступным чынам: «Паміж замежнымі салдатамі, якія праходзяць службу ў Эстоніі, і мясцовымі мужчынамі ўзнікла непаразуменне. Зараз вядома, што салдаты размаўлялі з адной жанчынай, што было непрымальна для мясцовых мужчын. Калі прыехала паліцыя, у бакоў не было прэтэнзій адзін да аднаго, сітуацыя ўжо супакоілася. На той момант ніхто не паведаміў, каб хтосьці пацярпеў у бойцы, выкліканай непаразуменнем».

Прадстаўнік НАТА ў Эстоніі таксама заклікаў не згушчаць фарбы: «Цяпер было б недарэчна каментаваць дэталі таго, што адбылося». А вось мясцовы жыхар, які стаў сведкам бойкі, заявіў выданню «Vіrumaa Teataja»: «Я бачыў, як мясцовы жыхар і брытанскі салдат сварыліся адзін з адным у Тапа каля кафэ Pats, а пасля лаянка перарасла ў бойку. Яна перамясцілася ад кафэ Pats да крамы Grossі. На жаль, у бойку ўцягнулі і жанчыну, якую салдаты таксама білі. Усяго ў бойцы ўдзельнічалі тры жанчыны, дзве, відавочна, пайшлі абараняць сваю сяброўку ад салдат... Я таксама чуў, што за дзень да гэтага салдаты пабіліся паміж сабой побач з крамай Grossі. Шчыра кажучы, у Тапа больш нельга выходзіць паесці ў выхадныя дні, паколькі пасля абеду, у чатыры гадзіны дня, брытанскія салдаты ўжо моцна п'яныя і чапляюцца да мясцовых».

Камандуючы баявой групай НАТА ў Эстоніі палкоўнік Дын Кэмхэм заявіў, што да скаргаў месцічаў ставіцца «вельмі сур'ёзна» і з эстонскімі ўладамі наладжана ўзаемадзеянне, паведаміла
err.ee. Але чамусьці каменціраваць канкрэтны інцыдэнт прадстаўнікі альянсу адмовіліся. У адрозненне ад іх дырэктар гімназіі ў Тапа Эльма Капельмаа не хаваў, што вучні неаднаразова расказвалі яму аб непрыстойных паводзінах салдат у горадзе. «Я адмаўляюся такое трываць. Няправільна, што нашы салдаты-саюзнікі так сябе паводзяць», — падкрэсліў дырэктар тапаскай гімназіі.

І гэта далёка не першы выпадак. У адным са SPA-цэнтраў Таліна 27-гадовы вайсковец сіл НАТА, дыслацыраваных у Эстоніі, зладзіў дэбош: напаў на наведвальнікаў і супрацоўнікаў. Прыбылі прадстаўнікі і «звычайнай», і ваеннай паліцыі, але парушальнік парадку прафесійна збег, хоць кажуць, што пазней ён нібыта усё ж прынёс прабачэнні SPA-салону.

Газ супраць дэбашыраў

Калі прагледзець зводкі навін за апошнія гады, то інцыдэнты з вайскоўцамі НАТА на глебе ўжывання спіртнога адбываюцца рэгулярна. У чэрвені 2019-га ваеннаслужачыя Каралеўскай марской пяхоты Вялікабрытаніі зладзілі на борце карабля п'яны дэбош падчас вучэнняў Baltіc Protector у Балтыйскім моры. Паведамляў таблоід Daіly Maіl. У Сетцы таксама былі апублікаваны кадры з цырымоніі «прысвячэння» навабранцаў. На адным з кадраў быў заўважаны нецвярозы салдат з намаляванай на грудзях нацысцкай сімволікай. Пасля гэтага камандаванне марской пяхоты загадала вайскоўцам выдаліць усе матэрыялы з мерапрыемства і забараніла публікаваць іх у сацсетках. У выпадку парушэння загаду ім прыгразілі дысцыплінарнымі мерамі.

Годам раней тры афіцэры брытанскай арміі, якія знаходзіліся ў Латвіі ў складзе кантынгенту войскаў НАТА, учынілі бойку з рыжскімі паліцэйскімі, паведамляла газета The Sunday Tіmes. Падчас бойкі вайскоўцы знаходзіліся ў нецвярозым стане. Адзін з іх служыў у 19-м Каралеўскім артылерыйскім палку, двое іншых — у 4-м Каралеўскім артылерыйскім палку. Каб утаймаваць дэбашыраў, праваахоўнікі былі вымушаны прымяніць пярцовы газ. Аднаго з афіцэраў затрымалі на некалькі гадзін, пасля чаго супрацоўнікі ваеннай паліцыі Латвіі і Канады даставілі ўсіх вайскоўцаў у іх вайсковыя часці.

У 2014 годзе, пасля вучэнняў Open Spіrіt у Латвіі, мэр Вентспілса Айварс Лембергс звярнуўся ажно да тагачаснага генсека НАТА Андэрса Фог Расмусена: «Маракі НАТА ў Вентспілсе паводзілі сябе па-свінску, — напісаў ён, — ігнаравалі законы Латвіі і правілы самакіравання. Напіўшыся, яны спраўлялі патрэбу ў грамадскіх месцах і на вітрыны, ванітавалі, публічна ўжывалі спіртное. Яны таксама зрывалі кветкі з кветнікаў, каб дарыць іх прастытуткам». Пасля гэтага Лембергса абвінавацілі ў... рабоце на Маскву. Ён, маўляў, ганіць гонар байцоў НАТА, якія «абараняюць Прыбалтыку ад акупацыі».

Вайскоўцы НАТА ў краінах Балтыі адчуваюць сябе гаспадарамі, што ўсё больш выклікае незадаволенасць у тутэйшых жыхароў. Замежныя салдаты заўсёды дастаўляюць месцічам вялікі дыскамфорт, заўважыў журналіст Антанас Тубеліс у інтэрнэт-выданні The Baltіc Word. Вядомыя выпадкі п'янства, боек з мясцовым насельніцтвам, арыштаў паліцыяй, дарожна-транспартных здарэнняў, псавання маёмасці і нават апаганьвання дзяржаўнага сцяга. Падобныя здарэнні ў краінах Балтыі адбываюцца пастаянна, іх ужо дзясяткі.

Так, у лютым 2016 года п'яныя амерыканскія салдаты разграмілі аквапарк у літоўскім курортным горадзе Друскінінкай. У будынку спарткомплексу яны чапляліся да персаналу аквапарка і правакавалі супрацоўнікаў.

У лістападзе таго ж года брытанскія салдаты збілі мясцовых жыхароў Рыгі. У лютым 2017-га пяць п'яных чэшскіх салдат біліся ў Клайпедзе. У чэрвені чацвёра п'яных нямецкіх салдат збілі мясцовых у Ёнава, а праз месяц п'яныя галандскія салдаты ўчынілі бойку з-за рахунку ў рэстаране.

Вядомым скандалам з удзелам ваенных НАТА стала бойка, зладжаная нецвярозымі нямецкімі вайскоўцамі ў літоўскім горадзе Рукла. Апагеем «п'яных гісторый» стала апаганьванне дзяржаўнага сцяга Літвы. У красавіку 2016 года амерыканскія салдаты сарвалі сцяг Літоўскай Рэспублікі з будынка пракуратуры Клайпеды.

«Войскі НАТА сталі пастаяннай пагрозай для мірнага насельніцтва Латвіі, Літвы і Эстоніі. У іх невысокая дысцыпліна. П'яныя замежныя салдаты часта запалохваюць і зневажаюць мясцовых жыхароў. Вайсковыя манеўры парушаюць спакойнае жыццё дзяржаў», — рэзюмаваў Тубеліс.

Раней baltnews.lt пісаў пра метад набору вайскоўцаў у войска Літвы, які выклікае ў мясцовых жыхароў шмат сумненняў. Падыход да вярбоўкі па прынцыпе латарэі прыводзіць да з'яўлення ў арміі асоб са злачыннымі намерамі і схільнасцямі. Пачасціліся выпадкі супрацьпраўных дзеянняў, учыненых літоўскімі вайскоўцамі. У мінулым годзе ў краіне адзначаўся рэгулярны паўтор непрыемных інцыдэнтаў з удзелам вайскоўцаў.

Напрыклад, у кастрычніку 2020-га каля горада Юрбаркас быў затрыманы салдат літоўскага войска, які знаходзіўся за рулём у стане алкагольнага ап'янення. У снежні ў Шаўляі таксама быў затрыманы вайсковец, які падазраецца ў кіраванні нападпітку. Паведамлялася і аб выпадках дэзерцірства, якія траплялі пад расследаванне Галоўнага камісарыята паліцыі літоўскіх муніцыпалітэтаў.

Без аркестра

Хапае праблем і ў эстонскім войску. Высветлілася, што адно з элітных падраздзяленняў Сіл абароны гэтай краіны складаецца з асоб, якія пакутуюць на алкагалізм. Эстонская газета Eestі Paevaleht у 2016-м апублікавала даныя магістарскай працы лейтэнанта Танэля Ратыстэ, у якой ён даследуе ўплыў спіртнога на боегатоўнасць. «Дзеючыя ваенныя Сілы абароны Эстоніі апынуліся ў цэнтры ўвагі з-за сумных падзей, у якіх меў месца алкаголь і яго ўжыванне. Прыкладамі няхай будуць выкарыстанне зброі падчас свят і два самагубствы: у адным выпадку сур'ёзна пацярпеў дзеючы ваенны, а ў іншым байцу быў пастаўлены дыягназ «посттраўматычны стрэс», — заўважыў Танэль Ратыстэ ва ўступе да даследавання.

Лейтэнант Ратыстэ, які праходзіў службу ў скаўцкім батальёне — разведвальным злучэнні Сіл абароны Эстоніі (манеўранае злучэнне хуткага рэагавання, якое складаецца з вайскоўцаў, якія служаць па кантракце, і ўваходзіць у склад Першай пяхотнай брыгады), правёў апытанне сярод сваіх аднапалчан. Вынікі аказаліся несуцяшальнымі. З 327 апытаных 161 (49,3 %) прызнаўся ў злоўжыванні алкаголем звыш той нормы, якая лічыцца небяспечнай для здароўя, 14 байцоў лічаць сябе алкаголікамі.

Правёўшы дадатковае апытанне сярод таварышаў па службе, якія п'юць, даследчык высветліў, што 36 з іх пакутуюць на дэпрэсію і парушэнні сну, 23 прызналіся ў магчымай сацыяфобіі (апасенне знаходзіцца ў грамадстве і выконваць грамадскія дзеянні), 22 заявілі, што адчуваюць павышаную трывожнасць, а шасцёра пакутуюць на панічныя атакі.

Па сцвярджэнні Ратыстэ, ужыванне алкаголю сярод вайскоўцаў разведвальнага батальёна з'яўляецца сур'ёзнай праблемай, якая ў пэўнай ступені ўплывае на боегатоўнасць часці. І калі не звяртаць на яе ўвагу, то гэта можа прывесці да сур'ёзных праблем у будучыні.

Прыкладна ў той жа перыяд часу ўспыхнуў скандал вакол міннага тральшчыка «Сака» Сіл абароны Эстоніі. Пры вяртанні з баявога паходу ў Талін каманду сустрэлі мытнікі і пракуратура, якія дакладна ведалі, што і дзе шукаць. На борце тральшчыка былі выяўлены 56 скрынь цыгарэт і 1000 літраў спіртнога. Выяўленая кантрабанда прывяла да серыі адставак сярод эстонскага ваеннага кіраўніцтва.

Як заўважыў міністр здароўя і працы Танэль Кіік, «алкаголь па-ранейшаму адыгрывае занадта вялікую ролю ў нашым грамадстве. Нас занадта мала, каб страціць сотні жыццяў з-за злоўжывання алкаголем, калі мы выйдзем з пандэміі каранавіруса».

Цяжкай праблемай для Сіл абароны Эстоніі застаюцца нестатутныя ўзаемаадносіны. У войску развіліся так званыя зямляцтвы: там, дзе пераважаюць прызыўнікі-эстонцы, яны кааперыруюцца для здзекаў з рускамоўных таварышаў па службе. Тыя, у сваю чаргу, плацяць той жа манетай. З адпаведным запытам у 2019 годзе дэпутат парламента Эстоніі Марцін Хельмэ звяртаўся да міністра абароны краіны.

Тым часам стала вядома, што ў Эстоніі распусцілі адзіны ваенны аркестр. Аб гэтым абвясціў прэс-сакратар Сіл абароны Тааві Каротам. У інтэрв'ю парталу Delfі ён заявіў, што «скарачэнне пройдзе пры прыняцці мер эканоміі, прадугледжаных у новай стратэгіі». Па рашэнні камандуючага Сіламі абароны Эстоніі Марціна Херэма, на працягу 2021 года ў розных падраздзяленнях будзе скарочана 200 пасад з 5000, якія існуюць на сённяшні дзень. «Дзейная стратэгія дзяржаўнага бюджэту прадугледжвае скарачэнне выдаткаў. Паколькі такія патрабаванні былі прад'яўлены ў тым ліку і да Сіл абароны, мы вымушаны прыняць складанае рашэнне», — заўважыў Херэм. Апроч аркестра, у які ўваходзіў 41 чалавек, пад скарачэнне трапіла і служба ваенных капеланаў. Таксама звальненні закрануць рэферэнтаў, фінансістаў, юрыстаў і кадравікоў.

Аднак ёсць пазіцыі, якія застаюцца непахіснымі нават падчас рэжыму звышжорсткай эканоміі. Напрыклад, ваенныя выдаткі. Эстонія чакае, што ўсе краіны НАТА будуць выдзяляць на абарону не менш чым два працэнты свайго ВУП. Пра гэта заявіла пасол Эстоніі ў альянсе Кюліке Сіластэ-Элінг напярэдадні саміту альянсу ў Бруселі. «Калектыўная абарона — найважнейшая задача НАТА», — заўважыла прэм'ер-міністр Эстоніі Кая Калас. Раскажыце гэта лепш месцічам з Тапа.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

З пачатку года ўступілі ў сілу змены ў Падатковы кодэкс.

Культура

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

 У 2019 годзе прэміяй «За духоўнае адраджэнне» былі адзначаны перакладчыкі Бібліі на беларускую мову.

Палітыка

Алег Іваноў: Наша супрацоўніцтва — вуліца з двухбаковым рухам

Алег Іваноў: Наша супрацоўніцтва — вуліца з двухбаковым рухам

У бягучым годзе стартуе рэалізацыя 28 інтэграцыйных праграм Саюзнай дзяржавы.

Грамадства

Чым прыцягвае гісторыя ваеннай авіяцыі бераставіцкіх аматараў тэхнічнай творчасці

Чым прыцягвае гісторыя ваеннай авіяцыі бераставіцкіх аматараў тэхнічнай творчасці

Ідэя стварыць гурток авіямадэлістаў у нейкім сэнсе звязана і з размяшчэннем побач з райцэнтрам былога ваеннага аэрадрома.