Вы тут

У Беларусі ствараюць антыковідны імунаглабулін


Праект па атрыманні антыковіднага імунаглабуліну рэалізоўваецца ў РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій. Пра гэта «Звяздзе» расказаў яго дырэктар Фёдар Карпенка.


— У нас выпушчаны вопытныя серыі, адпрацавана вопытная тэхналогія. Зараз мы пачынаем даклінічныя даследаванні, і, спадзяюся, на працягу трох-чатырох месяцаў пяройдзем да клінічных выпрабаванняў.

Імунаглабуліны атрымліваюць з плазмы крыві і выкарыстоўваюць пры розных інфекцыйных захворваннях. Адпаведна, з антыковіднай плазмы мяркуецца атрымліваць імунаглабулін, які будзе дапамагаць у лячэнні каранавіруснай інфекцыі. Ён будзе выклікаць імунны адказ у арганізме, што дазволіць спраўляцца з інфекцыяй.

— Плазму дастаткова цяжка пераліваць, бо ёсць свае паказанні і супрацьпаказанні. Гэта працэдура для стацыянара. Атрыманне антыковіднага імунаглабуліну накіраванага дзеяння спрашчае дадзеную задачу, — кажа Фёдар Карпенка.

Што датычыцца самой антыковіднай плазмы, Фёдар Карпенка паведаміў, што з пачатку пандэміі донары выканалі каля васьмі тысяч данацый, было нарыхтавана пяць тон крыві. Цяпер у запасе яе каля 2,5 тоны. Сёлета патрэба ў антыковіднай плазме меншая.

— З пачатку года выканана каля 1,5 тысячы данацый, нарыхтавана 700 літраў плазмы. На цяперашні момант гэтага хапае. Нашы ўрачы навучыліся дастаткова эфектыўна лячыць COVІD-19. Выкарыстанне антыковіднай плазмы для пералівання — працаёмкая тэхналогія, таму ўсе ідуць па шляху выкарыстання не кампанентаў крыві, а лекавых прэпаратаў. Плазма застаецца запатрабаванай у больш цяжкіх выпадках, на пачатковых стадыях, — растлумачыў Фёдар Карпенка.

Фота БелТА.

Што вырабляюць з плазмы крыві?

Ён адзначыў, што з развіццём новых тэхналогій у медыцыне страты крыві пры планавых і экстранных аперацыях зменшыліся, таму цяпер патрабуецца менш донарскай крыві і яе кампанентаў. Аднак усё роўна ёсць аперацыі, дзе выкарыстоўваецца яе вялікая колькасць. Напрыклад, на трансплантацыю печані патрабуецца каля 30 доз эрытрацытаў, 20 доз плазмы, каля 20 доз крыапрэцыпітату. Адпаведна, такая колькасць донараў павінна здаць кроў. Пры стандартных аперацыях затраты больш сціплыя — ад двух да шасці доз розных кампанентаў донарскай крыві.

Разам з тым павялічваецца колькасць лекавых прэпаратаў, якія вырабляюцца з плазмы крыві. У адрозненне ад кампанентаў крыві, якія падбіраюцца ў залежнасці ад групы, лекавыя сродкі падыходзяць абсалютна ўсім. Напрыклад, лекавы прэпарат альбумін вырабляецца з плазмы і выкарыстоўваецца для аказання медыцынскай дапамогі пацыентам з апёкамі, з парушэннем работы печані, падчас рэанімацыйнага лячэння.

— За апошнія гады ўжыванне плазмы знізілася на чвэрць, а вытворчасць альбуміну павялічылася на 25 %, — кажа Фёдар Карпенка.

Таксама з плазмы атрымліваюць згаданыя імунаглабуліны, фактары згусання крыві. Наша краіна адна з першых у свеце вырабіла плазму, якая ўзбагачана трамбацытамі. Яна выкарыстоўваецца не для пералівання, а для ўнутрысустаўнага ўвядзення пры астэаартрозах, у касметалогіі, пры спартыўных траўмах, для зажыўлення і рэгенерацыі тканак.

Бязвыплатны — не бясплатны

У хуткім часе ў парламенце будзе разгледжаны закон аб бязвыплатным донарст-ве. Мяркуецца паэтапны пераход, платныя данацыі па-ранейшаму часткова будуць захаваныя. Ды і бязвыплатныя данацыі прадугледжваюць поўную кампенсацыю расходаў, якія панёс чалавек.

— Прынцып бязвыплатнасці — гэта не бясплатна, — тлумачыць Фёдар Карпенка. — Гэта кампенсацыя затрат донара ў адпаведнасці з міжнароднымі прынцыпамі фінансавай нейтральнасці: чалавек не павінен панесці фінансавых страт, але і не павінен набыць фінансавых выгод. Усе краіны Еўропы, у тым ліку суседкі Беларусі, дзейнічаюць на прынцыпах бязвыплатнага донарства. Мы таксама плануем паступовы пераход да бязвыплатнага донарства, захоўваючы грашовыя кампенсацыйныя выплаты. Захоўваецца сярэдні заробак у дзень данацыі і вызваленне ад работы, прадугледжана грашовая кампенсацыя на харчаванне да і пасля данацыі, уводзіцца новая кампенсацыйная выплата на ўзмоцненае харчаванне паміж данацыямі, каб аднавіць жалеза і гемаглабін. Гэта дакладна пралічана ў межах навуковых і агульнасусветных стандартаў.

На сёння адна данацыя цэльнай крыві абыходзіцца бюджэту ў 100 долараў, плазмы — каля 150 долараў, трамбацытаў — каля 300. На службу крыві штогод траціцца ад 20 да 40 мільёнаў долараў.

— Гэта вялікі плюс, бо стандарты ў беларускай трансфузіялогіі максімальна высокія. І важна, што яны аднолькавыя ва ўсіх рэгіёнах, — падкрэслівае кіраўнік РНПЦ.

Новы законапраект прадугледжвае, што донар будзе ведаць, куды пойдзе яго кроў.

— Прынцып Сусветнай арганізацыі аховы здароўя — донар павінен ведаць, куды ідзе яго кампанент крыві. І калі я здаю бязвыплатна, я не хачу, каб на маім кампаненце хтосьці зарабляў грошы. У новым законе выдзяляюцца тыпы донараў, у тым ліку і донары плазмы для фракцыяніравання. Платнае донарства таксама захоўваецца — гэта права выбару кожнага. Але каб стаць ганаровым донарам, здаваць кроў трэба бязвыплатна, — упэўнены Фёдар Карпенка. — У Еўропе, напрыклад, толькі бязвыплатнае донарства, у тым ліку такія прынцыпы дзейнічаюць ва Украіне, Расіі, і мы будзем укараняць такі ж падыход.

Кіраўнік РНПЦ прыводзіць такі прыклад: з 2010 да 2015 года, нягледзячы на тое, што донарства было толькі платнае, колькасць донараў пастаянна зніжалася.

— Устанавіць планку, колькі трэба плаціць, вельмі складана. Увесь час гэтага можа здавацца мала. Сёння прамыя грашовыя выплаты донару крыві складаюць у эквіваленце каля 50 долараў, донару плазмы — 70—80. Колькі каштуе чалавечае жыццё — столькі, ці больш, ці менш? Усіх нас павінны рухаць не грошы, а матывы: я хачу дапамагчы такому ж грамадзяніну, як і я, — упэўнены Фёдар Карпенка.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?