Вы тут

Ва ўсім вінаваты... заяц. Як не падхапіць інфекцыю на прыродзе і падчас сельгасработ


Выпадак захворвання тулярэміяй зарэгістраваны ў чэрвені ў Магілёўскім раёне. Крыніцай інфекцыі стаў заяц. У Беларусі кожны год выяўляюць адзінкавыя выпадкі дадзенай хваробы. Гэтым разам заражэнне адбылося кантактным шляхам падчас разбірання тушкі без выкарыстання пальчатак. Падхапіць тулярэмію можна некалькімі спосабамі. Хвароба адносіцца да патэнцыйна смяротных. Пра яе праявы і правілы прафілактыкі расказаў урач-інфекцыяніст 11-й гарадской паліклінікі Мінска Андрэй Макарэвіч.


Узбуджальнікам захворвання з'яўляецца бактэрыя francіsella tularensіs. Яна трапляе ў арганізм чалавека ў выпадку атрымання ўкусу ад хворай жывёліны або пасля ўжывання ў ежу заражанага мяса. Таксама бактэрыі пранікаюць у арганізм чалавека праз скуру, слізістыя абалонкі, дыхальныя шляхі і страўнікава-кішачны тракт, выклікаючы інтаксікацыю і, як вынік, запаленне лімфатычных вузлоў.

— Рэзервуар і крыніца інфекцыі — шматлікія віды дзікіх грызуноў, зайцападобныя, птушкі, сабакі і іншыя. Хворы чалавек не небяспечны для навакольных. Механізм перадачы — множны, часцей за ўсё трансмісійны — праз укусы крывасосных членістаногіх. Узбуджальнік захоўваецца ў прыродзе ў цыкле «клешч — жывёла», перадаецца сельскагаспадарчым жывёлам і птушкам з кляшчамі і крывасоснымі насякомымі. Спецыфічныя пераносчыкі тулярэміі — іксодавыя кляшчы. Чалавек заражаецца тулярэміяй або ў выніку прамога кантакту з жывёламі (зняцце шкур, збор загінулых грызуноў і іншае), або праз інфікаваныя грызунамі харчовыя прадукты і ваду. Часта заражэнне адбываецца праз крывасосных пераносчыкаў (кляшчы, камары, блыхі, слепні і іншыя членістаногія). Магчымае нават заражэнне рэспіраторным шляхам — пры ўдыханні інфікаванага пылу ад збожжа, саломы, агародніны, — расказвае Андрэй Макарэвіч.

Успрымальнасць людзей да згаданай інфекцыі высокая — практычна 100 %. Сярод хворых пераважаюць дарослыя. Часта захворванне звязанае з прафесіяй (паляўнічыя, рыбакі, сельскагаспадарчыя работнікі). Мужчыны хварэюць у 2-3 разы часцей, чым жанчыны.

Тулярэмія застаецца хваробай сельскай мясцовасці, аднак сёння адзначаюць устойлівае нарастанне захваральнасці сярод гараджан. Тулярэмію рэгіструюць на працягу ўсяго года, больш за 80 % выпадкаў прыпадае на лета і восень. Успышкі звычайна пачынаюцца ў ліпені або чэрвені, дасягаюць максімуму ў жніўні і спыняюцца ў верасні-кастрычніку. Уздыму захваральнасці спрыяюць касьба і ўборачныя работы.

Заразіцца тулярэміяй можна вельмі хутка, калі побач ёсць крыніца інфекцыі.

— Бактэрыі пранікаюць у арганізм чалавека праз скуру, нават непашкоджаную, слізістыя абалонкі вачэй, дыхальных шляхоў і СКТ. У зоне «ўваходных варот» нярэдка развіваецца першасны эфект у выглядзе паслядоўна змяняючых адзін аднаго плям, папул, везікул, пустул і язваў. У далейшым тулярэмійныя палачкі трапляюць у рэгіянальныя лімфатычныя вузлы, дзе адбываецца іх размнажэнне і развіццё запаленчага працэсу з фарміраваннем так званага першаснага бубона — запаленне лімфатычнага вузла, — кажа ўрач.

Інкубацыйны перыяд звычайна доўжыцца ад 1 да 30 дзён, часцей за ўсё 3—7 сутак. Захворванне праяўляецца павышэннем тэмпературы цела да 38-40 °С з развіццём іншых сімптомаў інтаксікацыі — дрыжыкаў, галаўнога болю, цяглічных боляў, агульнай слабасці, анарэксіі. Ліхаманка можа быць хвалепадобная (у выглядзе 2-3 хваляў). Яе працягласць розная, ад аднаго тыдня да 2-3 месяцаў, часцей за ўсё яна працягваецца 2-3 тыдні.

Аснова прафілактыкі тулярэміі — абясшкоджванне крыніц інфекцыі, нейтралізацыя фактараў перадачы і пераносчыкаў узбуджальніка, а таксама вакцынацыя груп рызыкі.

Каб пазбегнуць заражэння праз укусы крывасмокаў, прымяняюць рэпеленты, ахоўную вопратку, абмяжоўваюць доступ непрышчэпленых людзей на небяспечныя тэрыторыі. Вялікае значэнне мае барацьба з грызунамі і членістаногімі (дэратызацыйныя і дэзынсекцыйныя мерапрыемствы). Для прафілактыкі аліментарнага заражэння варта пазбягаць купання ў адкрытых вадаёмах, а для гаспадарча-пітных мэт трэба выкарыстоўваць толькі кіпячоную ваду. На паляванні неабходна дэзынфікаваць рукі пасля зняцця скурак і разбірання зайцоў, андатраў, кратоў і вадзяных пацукоў.

Вакцынацыю праводзяць у планавым парадку. Прышчапляюць пераважна насельніцтва, якое пражывае ў прыродных ачагах тулярэміі, і кантынгенты, якія падвяргаюцца рызыцы заражэння, а таксама пры пагаршэнні эпідэмічнай і эпізааталагічнай сітуацыі і ўзнікненні пагрозы заражэння пэўных груп насельніцтва. Вакцынацыя забяспечвае фарміраванне ўстойлівага імунітэту на працягу 5-7 гадоў і больш.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

«Ураджайны» тэст

«Ураджайны» тэст

Надыходзіць жнівень — самы ўраджайны, працоўны, смачны час. І наш чарговы тэст менавіта пра ўраджай і ўсё, што з ім звязана.

Грамадства

Лета выходзіць на фінішную прамую! Чаго чакаць ад надвор'я ў жніўні? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Лета выходзіць на фінішную прамую! Чаго чакаць ад надвор'я ў жніўні? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

У жніўні цяпла будзе ўдосталь, але без дажджу і маланкі не абыдзецца.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. На гэтым тыдні будзе карыснае ўменне аналізаваць сітуацыю і паводзіны людзей і рабіць правільныя высновы. Паспрабуйце быць гранічна сумленнымі з самімі сабой, зніміце ружовыя акуляры. Цяпер пажадана не эпаціраваць навакольных экстравагантнасцю і рэзкімі развагамі. 

Грамадства

Адзін дзень у Вязынцы: вандруем разам са «Звяздой» па Беларусі

Адзін дзень у Вязынцы: вандруем разам са «Звяздой» па Беларусі

У летні час так хочацца на мора, ці, хоць бы ў падарожжа...