Вы тут

Што рабіць, каб глеба ўрадзіла?


Шматлікія агароднікі ўжо даўно палюбілі мульчыраванне, паколькі яно аблягчае догляд за градкамі і павышае ўрадлівасць глебы. А трава з прысядзібнага ўчастка — самая даступная мульча. Аднак часта паўстае пытанне: што рабіць, калі траву не пакасілі своечасова, і ў ёй поўна пустазелля з насеннем?


pixabay.com

Нават калі трава ўжо высокая і на ёй саспела насенне, не варта вывозіць яе за межы ўчастка. Любую траву можна ўжываць з карысцю для агарода: раскласці на градках тоўстым пластом; скласці для кампаставання або ферментацыі; зрабіць вадкае зялёнае ўгнаенне (травяны настой).

Карысць мульчыравання

Мульчыраванне арганікай — гэта самы просты і даступны спосаб аднаўлення ўрадлівасці глебы і паляпшэння яе структуры.

Мульчыраванне стабілізуе тэмпературу глебы на працягу сутак, засцерагае карані раслін ад перагрэву ў гарачы поўдзень. Пласт мульчы дапамагае ўтрымліваць вільгаць і ў цёплы час года радзей паліваць пасадкі.

На нізкіх, забалочаных участках з гліністай глебай мульчыраваць можна толькі прыўзнятыя градкі. Калі іх няма і пасадкі рэгулярна затапляюцца вадой (напрыклад у дажджлівае лета), пласт мульчы прывядзе да застою вады і ўзнікненню гніляў.

Мульчыраванне пазбаўляе агародніка ад неабходнасці рыхліць глебу, прадухіляе ўтварэнне земляной скарынкі, засцерагае ўрадлівы пласт ад выветрывання. Пад пластом мульчы актыўна развіваюцца карысныя глебавыя мікраарганізмы. Дажджавыя чарвякі хутчэй перапрацоўваюць арганіку, ператвараючы яе ў біягумус. Таму на працягу сезона неабходна пастаянна падкладваць свежы пласт травы.

Каб трава актыўна перапрацоўвалася, яе трэба здрабняць і перыядычна паліваць, падтрымліваючы ніжні пласт мульчы ў вільготным стане.

Мульчыраванне дазваляе скараціць колькасць падкормак, паколькі ў працэсе раскладання арганікі ў зямлю вяртаюцца ўсе пажыўныя рэчывы, неабходныя раслінам.

Трава для мульчыравання не павінна быць апрацавана гербіцыдамі, паколькі яны, нават у мікрадозах, могуць нанесці шкоду культурным раслінам.

Мульча стрымлівае рост пустазелля. Пласт мульчы павінен быць досыць шчыльны і тоўсты, не меншы як сем сантыметраў.

Пад пластом мульчы з травы ствараюцца аптымальныя ўмовы для развіцця сеннай палачкі, якая душыць рост многіх патагенных грыбоў і нармалізуе глебу.

Калі ў траве шмат насення пустазелля

Вядома, здробненая трава лепш за ўсё падыходзіць для мульчыравання: яна хутчэй раскладаецца і перапрацоўваецца чарвякамі і рознымі глебавымі мікраарганізмамі. Да таго ж у здробненай траве суквецці розных раслін маюць значна менш шанцаў даспець і сфарміраваць жыццяздольнае насенне. Але што рабіць, калі насенне пустазелля ўжо паспела, а трава — высокая (пасля пакосу звычайнай касой або трымерам)?

Калі травы няшмат, яе можна выкарыстаць для прыгатавання зялёнага ўгнаення: пакласці ў бочку, заліць вадой і пакінуць на некалькі тыдняў для закісання. За гэты час усё насенне стане нежыццяздольнае, а вы атрымаеце выдатную падкормку для агарода і саду.

Травяныя настоі: як гатаваць і ўжываць

Калі травы з насеннем вельмі шмат, яе можна адразу раскласці ў садзе, на градках (у міжраддзях), на дарожках тоўстым пластом (большым за дзесяць сантыметраў) і ўвесь час накладваць зверху новыя порцыі травы, каб насенне не мела магчымасці прарасці. Пры гэтым пласт павінен быць дастаткова шчыльны, святлонепранікальны. Буйныя, няздробненыя травы будуць раскладацца павольна і, хутчэй за ўсё, не паспеюць за лета аддаць пажыўныя рэчывы глебе. Таму пажадана такую траву раскладваць у тых месцах, дзе вы не будзеце яе чапаць на працягу доўгага часу.

Гарачая мульча

Яшчэ адзін выдатны спосаб прыгатавання мульчы з травы з насеннем — зрабіць з яе гарачую, або актыўную, мульчу. Для гэтага траву складваюць у невялікі стог або мяшкі, дзе пачынаецца працэс ферментацыі, а потым, ужо праз некалькі дзён, ферментаваную траву раскладваюць па градках. Унутры мяшка або стога тэмпература можа дасягаць 60 °С. Чым яна вышэйшая, тым хутчэй ідзе працэс ферментацыі. Пры гэтым гінуць лічынкі шматлікіх шкоднікаў, узбуджальнікі хвароб і насенне пустазелля.

Гарачую мульчу трэба раскладваць на градках вельмі акуратна, каб не абпаліць расліны. Гарачая прэлая трава ні ў якім разе не павінна датыкацца да сцёблаў культурных раслін.

Як і пры звычайным мульчыраванні сенам, прэлую траву варта класці на вільготную і рыхлую глебу. Пасля таго як трава будзе раскладзена, яе зноў варта паліць, каб спыніць «гарэнне».

Ферментаваная трава значна больш актыўна перапрацоўваецца глебавымі насельнікамі, чым звычайнае сена. Пры падтрыманні вільготнасці ніжні пласт мульчы хутка раскладаецца на рэчывы, даступныя для харчавання раслін. Акрамя таго, падчас ферментацыі травы вылучаецца вуглякіслы газ, які патрэбны нашым зялёным гадаванцам для фотасінтэзу і актыўнага росту.

Гарачую мульчу пажадана выкарыстоўваць у першай палове вегетацыі раслін, калі ім неабходна шмат азоту.

У канцы сезона, напярэдадні ўборкі ўраджаю, травы, якія адцвітаюць, не варта ўкладваць на градкі, але можна скласці іх у кампосцер або мяшкі і атрымаць ужо на наступны год выдатнае ўгнаенне.

Загаловак у газеце: Ці можна мульчыраваць градкі травой з насеннем?

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.