Вы тут

Якія папярэднія вынікі ўказа «Аб развіцці аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці»


Пра пытанне, прадыктаванае жыццём, беларусы кажуць — «ад зямлі». Такім у Падзвінні называюць прэзідэнцкі Указ «Аб развіцці аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці» (ад 25 лютага 2020 года № 70). Праз яго на ўзроўні кіраўніцтва краіны развіццю галіны былі дадзены новыя імпульс і магчымасці. Якія папярэднія вынікі? І як справы ў фермераў, на якіх не распаўсюджваюцца ўмовы дакумента?


pixabay.com

«Ад поля да прылаўка»

Указам прадугледжаны комплекс прэферэнцый і не толькі. У прыватнасці, адтэрміноўка па выплаце крэдытаў, магчымасць службы ў войску ў рэзерве для рабочых і служачых, неабходных на вёсцы. Маюцца і розныя эканамічныя стымулы.

Каб не распыляцца ў выдатках, акумуляваць намаганні, стварылі сем буйных аграпрамысловых холдынгаў на базе магутных у эканамічным плане прадпрыемстваў: Віцебскі мясакамбінат, Аршанскі мясакансервавы камбінат, Пастаўскі малочны завод, Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат, Полацкі малочны камбінат, ААТ «Малако» (г. Віцебск), Верхнядзвінскі масласырзавод.

Сельскагаспадарчыя аб'яднанні дазваляюць больш эфектыўна кіраваць фінансамі, весці работу з кадрамі, купляць оптам сельскагаспадарчую тэхніку і ўгнаенні, прадаваць канчатковую прадукцыю, у тым ліку на экспарт.

Прынцып «ад поля да прылаўка» часта згадвае старшыня Віцебскага абласнога выканкама Мікалай Шарснёў. Задача пастаўлена: пры мінімуме выдаткаў і моцнай кадравай палітыцы дасягнуць максімальных вытворчых вынікаў. Нядаўна кіраўнік рэгіёна падзяліўся з журналістамі нагодай для аптымізму: прадукцыя рэалізуецца паспяхова, сяляне адчулі добрыя змены. І нават гарадскія хлопцы і дзяўчаты пасля заканчэння сельскагаспадарчай ВНУ хочуць размеркавання ў глыбінцы, бо прыцягваюць высокія заробкі, магчымасць атрымаць уласнае жыллё, а ўмовы ў аграгарадках — на ўзроўні гарадскіх.

Вопыт будуць пераймаць

З тым, як рэалізоўваюцца пункты ўказа на месцы, рэгулярна знаёміцца міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Іван Крупко. Апошнім часам ён двойчы пабываў на Віцебшчыне. Падчас камандзіроўкі ў Глыбоцкі раён агледзеў аб'екты жывёлагадоўлі. У холдынгу, лакаматывам якога стаў Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат, рамонтныя і будаўнічыя работы вядуцца ў дваццаці месцах. У аб'яднанне ўвайшлі дваццаць тры гаспадаркі. Колькасць фермаў павінна адпавядаць лагістычным параметрам, каб аптымізаваць працэсы кармлення.

Намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Барыс Яфрэмаў агучыў ідэю стварэння памяткі для кіраўніка кожнай гаспадаркі. Каб яны разумелі, чаго канкрэтна ад іх чакаюць у вызначаны тэрмін, падлічвалі выдаткі і памер выручкі і пры неабходнасці нарошчвалі аб'ёмы, высвятлялі, што зроблена не так. Адным словам, рабілі работу над памылкамі.

А як справы ў фермераў?

Паводле інфармацыі Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Віцебскай вобласці, у Падзвінні на пачатак бягучага года налічвалася 417 дзеючых сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак. За апошнія дзесяць гадоў іх колькасць павялічылася на 36, або на 9 %.

У іх карыстанні знаходзіцца каля 42 тысяч гектараў сельскагаспадарчых угоддзяў, у тым ліку ворных — амаль 26 тысяч га. У параўнанні з 2010 годам землі, якія займаюць фермерскія гаспадаркі, павялічыліся ў два разы, амаль на столькі ж — ворныя.

Аб'ём вытворчасці прадукцыі фермераў за 10 гадоў павялічыўся ў супастаўных цэнах удвая, прадукцыі раслінаводства — утрая. У жывёлагадоўлі вытворчасць знізілася — амаль на 30 %. Дарэчы, у агульным аб'ёме вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі на долю фермерскіх гаспадарак прыпадае нязначная частка.

Пры гэтым узрасла доля фермерскіх гаспадарак у агульным аб'ёме вытворчасці прадукцыі. Летась яна склала 1,2 % (у 2010 годзе — 0,6 %).

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну

Як выглядае «беларускі Праванс», дакладна ведаюць жыхары глыбінкі Гомельскай вобласці.

Эканоміка

«Прадам утульную кватэру, а куплю яшчэ лепшую». А пра падаткі вы не забыліся?

«Прадам утульную кватэру, а куплю яшчэ лепшую». А пра падаткі вы не забыліся?

Адна мая добрая знаёмая вырашыла палепшыць свае жыллёвыя ўмовы — прадаць сваю двухпакаёвую кватэру і купіць трохпакаёвую.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

БЛІЗНЯТЫ. Калі ёсць цікавыя ідэі, то менавіта цяпер яны будуць запатрабаваныя і нарэшце ажыццёвяцца. Тыдзень прынясе знаёмствы з новымі людзьмі, спатканні, вандроўкі і шмат яркіх уражанняў. Асабістае жыццё рэзка зменіцца, прычым менавіта так, як вы марылі. Вы больш не будзеце самотныя, сітуацыя вырашыцца на вашу карысць.

Грамадства

Ці варта засцерагацца ад вяртання анамальнай спякоты? Дзмітрый Рабаў расказаў пра надвор’е на астатнюю частку лета

Ці варта засцерагацца ад вяртання анамальнай спякоты? Дзмітрый Рабаў расказаў пра надвор’е на астатнюю частку лета

«Верхавіна лета» прайшла, і ўжо мала хто памятае, што першая дэкада чэрвеня была халаднаватай і з замаразкамі.