Вы тут

На Блакітнай крыніцы ў Слаўгарадскім раёне адбыліся адразу некалькі фестываляў — кулінарны, народнай прыпеўкі і веласіпедны


Яшчэ з раніцы на новым мосце праз раку Сож, які летась адкрыў Прэзідэнт, назіраўся ажыўлены рух — народ ехаў, хто на машынах, хто на роварах, хто на аўтобусах. Самыя прадпрымальныя ўжо раскладвалі тавар на гандлёвых плошчах — тыя, дарэчы, на адлегласці ад Блакітнай крыніцы. За апошнія некалькі гадоў гэта месца, дзякуючы ініцыятыўным і прагрэсіўным людзям, палепшылася і цывілізавалася. Цяпер ніхто ўжо не прыпаркоўваецца, як раней, у двух метрах ад вады і не чэрпае з яе бітонамі — ахоўная зона! Мёдавараў і сыравараў тут можна сустрэць у любыя выхадныя, але на свята з'язджаецца яшчэ больш гаспадароў, рамеснікаў, майстроў, аматараў народных песень і традыцый. Гэтым разам сюды завіталі ўдзельнікі Х рэгіянальнага фестывалю «Народная прыпеўка» і ІХ кулінарнага фэсту «Гаспадарчы сыр». Было весела і смачна!


Малады сыравар Лізавета КРЫВОШЫНА. Фота БелТА.

Падарункі ад «Звязды»

Наш экіпаж у складзе начальніка Слаўгарадскага ўчастка паштовай сувязі Раісы Лысянковай, начальніка і спецыяліста гарадскога аддзялення сувязі Кацярыны Анішчанкі і Таццяны Жукавай (адпаведна) высадзіўся ў запаветным месцы яшчэ а дзявятай гадзіне раніцы. Раіса Лысянкова з веданнем справы растлумачыла, што трэба хуценька паставіць «паштовую» палатку, раскласці падарункі «Звязды» бліжэй да народа і бегчы па радах з абвесткай, што прыехалі прадстаўнікі газеты і можна ісці знаёміцца, а заадно падпісвацца і атрымліваць «звяздоўскія» прызы. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слаўгарадскага райвыканкама Галіна Купрыянцава адна з першых прыйшла павітацца. І адразу ж, не марнуючы часу, аформіла квартальную падпіску.

— Я ж актыўная чытачка «Звязды», — прызналася яна. — На яе старонках падымаюцца актуальныя пытанні, вельмі важныя для ўсёй Беларусі. Можна даведацца, якія дзе адбываюцца мерапрыемствы. Нехта вось пачытае і пра нашы святы, а наступным разам, магчыма, і прыедзе.

Для выдання вельмі важна, каб у яго былі вось такія ўсім сэрцам адданыя чытачы. Для іх мы і працуем. А наша «звяздоўская» фуфайка стала для падпісчыцы прыемным сюрпрызам.

— У нас ёсць падпісчыкі, якія без «Звязды» жыць не могуць, — запэўнівае начальнік Слаўгарадскага ўчастка паштовай сувязі Раіса Лысянкова. — Як толькі паштальён крыху затрымаецца, ужо тэлефануюць: дзе газета? Некаторыя чытаюць яе ўжо больш як 30 гадоў. Шукаем і новых падпісчыкаў. І такія вось святы — вельмі добрая для гэтага падстава. А яшчэ будучых сяброў «Звязды» знаходзяць нашы паштальёны і распаўсюджвальнікі. Апошнія працуюць на вядучых раённых прадпрыемствах. Цяпер падпіска ідзе штомесячная. Людзям так прасцей і танней.

Яшчэ адна наша падпісчыца адшукалася сярод сыравараў. «Звязда» таксама ўручыла ёй прыз за вернасць. А яна пачаставала сваімі вырабамі. М-м-м, якія ж яны смачныя!..

— А сыр, падпечаны на патэльні, спрабавалі? — пытаецца яна.

Цікава, што за навінка? І рука ўжо сама цягнецца па кашалёк. Вока ж, як той казаў, адпачывае на ўсіх гэтых рыкотах, качотах, халумінах і іншых сырах з не менш гучнымі назвамі. З прыправамі, духмянымі травамі, разынкамі, шакаладам, цукатамі — усё такое апетытнае, прыгожае... Дарэчы, сыры слаўгарадскіх сыравараў вельмі любяць італьянцы. Тыя разбіраюцца ў падобных стравах.

Галіна Купрыянцава (са «звяздоўскай» фуфайкай) — пастаянная падпісчыца «Звязды». Раіса Лысянкова (у кепцы) запрашае далучыцца.

У народнага свята — спартыўны дух

Зранку каля галоўнай сцэны збіраецца група на роварах: арганізатары вырашылі ў рамках кулінарнага фэсту правесці яшчэ і велафестываль. Дзеля яго асноўная частка ўдзельнікаў пераадолела больш за 10 кіламетраў ад Слаўгарада да Блакітнай крыніцы. Што ні зробіш, каб прадэманстраваць спартыўны дух?!.

— Я пастаянны ўдзельнік велапрабегаў па памятных мясцінах, — кажа 68-гадовы Аляксандр Іванавіч Малянкоў. — Гэтым разам едзем па запаведных засожскіх мясцінах — да Чорнага возера, што каля Дубны, і назад.

Перад тым, як стартаваць, веласіпедысты становяцца на флэшмоб каля вялікага дзяржаўнага сцяга і фатаграфуюцца на памяць.

— Нядаўна стартаваў рэспубліканскі праект «Роднае — народнае», і мы падтрымліваем яго, — заўважае сакратар слаўгарадскай арганізацыі БРСМ Вікторыя Гарадзецкая. — Наогул, такія фэсты, як сённяшні — сапраўднае натхненне для моладзі.

Арганізатары велафестывалю заклікаюць гасцей удзяліць крыху ўвагі і спартыўна-забаўляльнай пляцоўцы, што размясцілася на карце свята. Там можна было зарабіць бонусы і атрымаць за актыўнасць падарунак.

Таццяна Гурына (пасярэдзіне) з каляжанкамі па «сырным» руху.

З жартамі ды музыкай

— Даражэнькія нашы, рады вас усіх бачыць, — вітае гасцей у мікрафон мужчына ў народным строі і саламяным капелюшы і звяртаецца да суседкі па сцэне. — І табе, добры дзень, Кума. Прыбралася, расфуфырылася — куды намылілася? Замуж сабралася? Або кароўка стала даіцца? А можа, у артысткі вырашыла падацца і ў кіно пра вампіраў без грыму здымацца? — кпіць Кум і працягвае «здзекавацца». — Што маўчыш, як язык з'ела? Кажы, у чым справа?

У Кумы ад такога пасажу нібы аж дыханне перахапіла: «Так я табе і прызналася! Не твая справа — навошта і куды я сабралася!»

— А можа, падкажаш, што тут у нас сёння адбываецца? — ужо міралюбіва пытаецца Кум.

— Як што? — абураецца Кума, паставіўшы рукі ў бокі. — Слаўгарадчына ў дзявяты раз прымае кулінарны фэст «Гаспадарчы сыр»!

— Дык што ж ты маўчыш, загадзя не папярэдзіш? — хапаецца за галаву Кум.

Наталля Купрэеева і Яўген Аношка на беларускай мове з задзірыстымі ноткамі разыграваюць сапраўднае прадстаўленне і з першых хвілін зараджаюць публіку на добры настрой. На свята з'ехаліся ўсе зоркі мастацкай самадзейнасці Слаўгарадскага раёна. У народных касцюмах, галасістыя, завадныя — народныя прыпеўкі ў іх выкананні гучалі над Блакітнай крыніцай два дні, не змаўкаючы. Асобна віталі слаўгарадскіх сыравараў.

— Гэта наш гонар, наш брэнд, — аб'явіла намеснік старшыні Слаўгарадскага райвыканкама Алена Шаўцова. — Сырны фэст атрымаў пачатак у 2012 годзе, і сёння ён папулярны не толькі на Магілёўшчыне. Цяпер ён дапамагае нам развіваць гастранамічны турызм.

Перад тым, як аб'явіць адкрыццё «сырнага» фэсту, Алена Шаўцова са словамі: «Гэта каб натхніць на свята!» — уручыла ўдзельнікам спецыяльныя дыпломы.

Дарэчы, у фестывальныя дні гучалі не толькі прыпеўкі, але і вершы. Сярод гасцей, якія прыехалі на фестываль, былі літаратары з Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці.

— Гэта ўжо другая сустрэча з нашымі сябрамі з клуба «Натхненне», — пазнаёміла з таварышамі па пяры старшы навуковы супрацоўнік Слаўгарадскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея Вера Стасенка. — Яны завіталі да нас на чале са старшынёй суполкі Міхасём Міронавым. Нам пашчасціла ўбачыць таксама Валянціну Несцярэнку, Васіля Зайцава, Алу Прымакову і іншых таленавітых аўтараў.

На свяце працавала літаратурна-краязнаўчая экспазіцыя ад раённага музея, якая знаёміла з гісторыяй фестывальнага руху на Слаўгарадчыне, беларускім хатнім інтэр'ерам, стравамі і традыцыямі. Ідэя выстаўкі належыць Веры Стасенцы.

Сыраварам — слава!

Прыемна было даведацца, што «сырны» рух на Слаўгарадчыне не толькі не слабее, але ўсё больш набірае моц і распаўсюджваецца на іншыя раёны Магілёўскай вобласці. Рэгіянальная ініцыятыва «На скрыжаванні густаў», якая цяпер рэалізоўваецца ў рамках праекта «Сеткавае ўзаемадзеянне для паляпшэння магчымасцяў занятасці ў сельскіх раёнах Магілёўскай вобласці» і фінансуецца Еўрасаюзам, ажыццяўляецца Слаўгарадскім райвыканкамам у партнёрстве з Клічаўскім, Быхаўскім, Краснапольскім і Чэрыкаўскім райвыканкамамі і Міжнародным фондам развіцця сельскіх тэрыторый.

На свяце ўшаноўвалі і аксакалаў сырнай справы. Каля вытокаў яго стаяла Таццяна Гурына.

— Калі мы праводзілі першы фестываль, нам было нават цяжка ўявіць, што з гэтага можа нешта атрымацца, — прызналася яна карэспандэнту «Звязды». — Мы яго ўпісалі ў праект, а што рабіць, не ведалі. Гэта ўжо з вопытам прыйшло. Былі і скептыкі, якія адгаворвалі гэтым займацца, але мы не адмовіліся. Цяпер, бачыце, які ўздым. Людзям гэта стала прыносіць даход. Адна з нашых паплечніц з турфірмамі працуе, не паспявае прымаць дэлегацыі. Усе дзяўчаты маюць пастаянны даход. Гэта нялёгкая работа трымаць жывёлу і даглядаць яе. І я ганаруся, што мае калегі гэтым займаюцца. У рамках праекта «На скрыжаванні густаў» мы прыцягнулі ў сваю групу яшчэ і сыравараў з вёскі Горы Краснапольскага раёна і з Чэрыкава.

Каля палаткі сыравараў была такая чарга, што я па-добраму парадавалася за поспех суполкі. Прыемна было сустрэцца і са старымі знаёмымі. Галіна Таран заўсёды радуе смакатой з казінага малака. Гэтым разам яна пераўзышла сябе. Такога далікатнага і прыемнага на смак казінага сыру я яшчэ не спрабавала. Ён літаральна раставаў у роце! Вось што значыць ініцыятыва плюс добрая глеба для яе росту.

Сыры і прысмакі з малака і тварагу былі не адзіным пачастункам на свяце. І нават калі б вы прыехалі на яго зусім без грошай, галодныя дакладна не засталіся б! Сельскія клубы, цэнтры творчасці, садкі, бібліятэкі раёна нагатавалі столькі смакаты, пачынаючы ад каўбас і бліноў, заканчваючы бярозавікам і медавухай, што прайсці міма гэтага багацця, не пакаштаваўшы, было немагчыма. Мне, напрыклад, вельмі спадабаліся грыбкі ад Алесі Кураковай з Шаламоў, а яшчэ бярозавік ад ржаўкаўскіх кулінарак! Дзяўчаты падзяліліся рэцэптам — на тры літры соку чайная лыжка «лімонкі», цукар і апельсін, і запрасілі ў Ржаўку на майстар-клас. Абавязкова з'езджу, бо ведаю, што там жывуць сябры «Звязды». Іх наогул на гэтым свяце было шмат.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Слаўгарадскі раён

Загаловак у газеце: Кулінарнае свята ў народных традыцыях

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

«Ураджайны» тэст

«Ураджайны» тэст

Надыходзіць жнівень — самы ўраджайны, працоўны, смачны час. І наш чарговы тэст менавіта пра ўраджай і ўсё, што з ім звязана.

Грамадства

Лета выходзіць на фінішную прамую! Чаго чакаць ад надвор'я ў жніўні? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Лета выходзіць на фінішную прамую! Чаго чакаць ад надвор'я ў жніўні? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

У жніўні цяпла будзе ўдосталь, але без дажджу і маланкі не абыдзецца.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. На гэтым тыдні будзе карыснае ўменне аналізаваць сітуацыю і паводзіны людзей і рабіць правільныя высновы. Паспрабуйце быць гранічна сумленнымі з самімі сабой, зніміце ружовыя акуляры. Цяпер пажадана не эпаціраваць навакольных экстравагантнасцю і рэзкімі развагамі. 

Грамадства

Адзін дзень у Вязынцы: вандруем разам са «Звяздой» па Беларусі

Адзін дзень у Вязынцы: вандруем разам са «Звяздой» па Беларусі

У летні час так хочацца на мора, ці, хоць бы ў падарожжа...