Вы тут

Беларусы-параалімпійцы рыхтуюцца да стартаў у Токіа


Да пачатку Параалімпійскіх гульняў у Токіа засталося крыху больш за месяц. Галоўныя старты для спартсменаў з асаблівасцямі здароўя адбудуцца адразу пасля Алімпійскіх гульняў — з 24 жніўня да 5 верасня. Як да гэтых Гульняў рыхтуюцца беларусы і з якімі праблемамі прыйдзецца сутыкнуцца, журналістам на прэс-канферэнцыі расказалі першы сакратар Нацыянальнага параалімпійскага камітэта Мікалай Шудзейка, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па інваспорту Ігар Лапшын, старшы трэнер нацыянальнай каманды па плаванні Генадзь Вішнякоў і шматразовы чэмпіён Параалімпійскіх гульняў па плаванні Ігар Бокій.


Параалімпійскія гульні, таксама як і Алімпійскія, будуць праходзіць з выкарыстаннем жорсткіх эпідэміялагічных мер. Напрыклад, праз пандэмію каранавіруса на спартыўных аб'ектах Токіа не праводзіліся тэставыя спаборніцтвы. Падчас форуму спартсмены і члены дэлегацый павінны будуць пастаянна даваць інфармацыю аб сваіх перамяшчэннях і стане здароўя ў спецыяльным мабільным дадатку. «Становяцца больш жорсткімі непасрэдна прафілактычныя мерапрыемствы. Пакуль у нас такая ўстаноўка, што кожны дзень спартсмены будуць праходзіць па 2-3 тэсты на каранавірус. Гэта можа быць цяжка з псіхалагічнага боку для атлетаў, бо ўсякае можа здарыцца. Але ўсе ў роўных умовах, да ўсіх прад'яўляюцца аднолькавыя патрабаванні. Таму будзем усё выконваць і спадзявацца, што ўсё будзе добра», — сказаў Мікалай Шудзейка.

Дырэктар РЦАП па інваспорце Ігар Лапшын падкрэсліў, што сёння амаль усе арганізацыйныя пытанні па выступленні беларусаў у Токіа вырашаны. Пакуль складанасці ўзнікаюць толькі з пытаннямі дарогі да алімпійскай і параалімпійскай сталіцы і адтуль дадому.

На сёння беларускія параалімпійцы маюць ліцэнзіі на Гульні ў чатырох відах спорту: чатыры ў лёгкай атлетыцы, па адной ліцэнзіі ў веславанні на байдарках і каноэ і ў акадэмічным веславанні, дзве ліцэнзіі ў фехтаванні (у гэтым відзе запланавана яшчэ адна ліцэнзія). На кваліфікацыйным турніры за ліцэнзію зараз змагаюцца і дзюдаісты.

Максімальную колькасць пуцёвак у Токіа атрымалі плыўцы — 11 ліцэнзій. Своеасаблівы рэкорд яны ўстанавілі на нядаўнім чэмпіянаце Еўропы ў Партугаліі: беларусы заваявалі 19 медалёў. Па словах Генадзя Вішнякова, пасля такога паспяховага выступлення на кантынентальным першынстве каманда сур'ёзна нацэлена на падрыхтоўку да галоўных стартаў і на выдатнае выступленне. Асноўныя медальныя надзеі ўскладваюцца на найлепшага беларускага параалімпійца Ігара Бокія.

«Дасягнуць высокага выніку складана, але яшчэ складаней яго вытрымаць. У мяне хвалявання няма. Зараз ідзе сур'ёзны трэніровачны працэс. На Гульнях канкурэнцыя будзе на кожнай дыстанцыі. Кожны спартсмен моцны ў сваёй катэгорыі. Будзем рыхтавацца, працаваць на максімальны вынік і будзем змагацца з усімі. Якая ў мяне любімая дыстанцыя? Мабыць, няма такой. Я проста люблю гэты спаборніцкі працэс, заплывы. Няважна, якім стылем плыву, галоўнае — барацьба, азарт. Гэта дапамагае. Я імкнуся да паляпшэння свайго выніку. Стараюся на кожным турніры біць свае рэкорды, хацелася б гэта рабіць на кожнай дыстанцыі, але не заўсёды атрымліваецца трымаць такую форму. Але імкнуцца паляпшаць свой час — гэта галоўнае».

Уся беларуская каманда на Параалімпійскія гульні — гэта сімбіёз маладосці і вопыту. Самы малады спартсмен — 15-гадовы плывец Уладзімір Сотнікаў. Як падкрэсліў Мікалай Шудзейка, ён — будучыня беларускага параалімпійскага плавання. «Ігар Бокій — сярэдняе пакаленне, але на яго ўсе раўняюцца дзякуючы яго дасягненням. У плаванні могуць задаць тон і Дзмітрый Салей, і Уладзімір Ізотаў, гэта людзі, ад якіх мы чакаем медалёў. У лёгкай атлетыцы Сяргей Бурдукоў лічыцца ветэранам. Людміла Волчак таксама на Гульні адабралася. На гэтых людзей мы разлічваем, на іх будуць глядзець маладыя спартсмены і браць з іх прыклад. Сплаў маладосці і вопыту павінен даць свае вынікі», — расказаў генеральны сакратар Нацыянальнага параалімпійскага камітэта.

Галоўная мэта беларускай параалімпійскай каманды — выступіць не горш, чым на папярэдніх Параалімпійскіх гульнях. Як адзначыў Мікалай Шудзейка, 10—12 медалёў будзе добрым вынікам для беларускіх спартсменаў.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну

Як выглядае «беларускі Праванс», дакладна ведаюць жыхары глыбінкі Гомельскай вобласці.

Эканоміка

«Прадам утульную кватэру, а куплю яшчэ лепшую». А пра падаткі вы не забыліся?

«Прадам утульную кватэру, а куплю яшчэ лепшую». А пра падаткі вы не забыліся?

Адна мая добрая знаёмая вырашыла палепшыць свае жыллёвыя ўмовы — прадаць сваю двухпакаёвую кватэру і купіць трохпакаёвую.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

БЛІЗНЯТЫ. Калі ёсць цікавыя ідэі, то менавіта цяпер яны будуць запатрабаваныя і нарэшце ажыццёвяцца. Тыдзень прынясе знаёмствы з новымі людзьмі, спатканні, вандроўкі і шмат яркіх уражанняў. Асабістае жыццё рэзка зменіцца, прычым менавіта так, як вы марылі. Вы больш не будзеце самотныя, сітуацыя вырашыцца на вашу карысць.

Грамадства

Ці варта засцерагацца ад вяртання анамальнай спякоты? Дзмітрый Рабаў расказаў пра надвор’е на астатнюю частку лета

Ці варта засцерагацца ад вяртання анамальнай спякоты? Дзмітрый Рабаў расказаў пра надвор’е на астатнюю частку лета

«Верхавіна лета» прайшла, і ўжо мала хто памятае, што першая дэкада чэрвеня была халаднаватай і з замаразкамі.