Вы тут

Аскар БЕЙСЕНБАЕЎ: З марай пра мір, дабрыню і шчасце


У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшла прэзентацыя літаратурна-мастацкага альманаха «Казахстан — Беларусь». Выданне з'явілася на свет дзякуючы плённаму супрацоўніцтву пісьменнікаў дзвюх краін на працягу некалькіх апошніх гадоў.


Фота БелТА.

Сярод ганаровых удзельнікаў сапраўды святочнай імпрэзы быў і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Казахстан Аскар БЕЙСЕНБАЕЎ. Дарэчы, ён выступіў і з прадмовай, якая адкрывае альманах, выдадзены ў Алматы на трох мовах — казахскай, беларускай і рускай. Вось што, у прыватнасці, заўважыў спадар пасол: «Вы трымаеце ў руках першы том альманаха «Казахстан — Беларусь», якія ўвабраў у сябе мудрасць, сілу і прыгажосць слоў, якія гучаць на трох мовах — казахскай, беларускай і рускай. На мовах еўразійскай прасторы, багатай гісторыяй, адзначанай самабытнасцю культур, якія захоўваюць спадчыну вялікіх майстроў мастацкага слова, якое выпеставала не адно пакаленне таленавітых паэтаў, празаікаў, драматургаў.

Невыпадкова яго адкрывае вялікі казахскі паэт, філосаф, Настаўнік — Абай Кунанбаеў, чый 175-гадовы юбілей сёлета (размова пра 2020 год, напрыканцы якога выйшаў альманах. — М. Б.) шырока адзначаецца ў свеце. Абай завяшчаў будучым пакаленням сваю мудрасць у «Кнізе слоў», паэмах, лірыцы. Ён упершыню пераклаў на казахскую мову творы геніяў, паэтаў-рэфарматараў рускага пісьменства — А. Пушкіна і М. Лермантава». Ён сам стаў рэфарматарам казахскай мовы, казахскай душы, казахскага грамадства. Яго творы перакладзены на 116 моў народаў свету. Мікола Мятліцкі сваімі перакладамі Абая на беларускую мову парадніў нашы народы». І вось што яшчэ дадаў Аскар Бейсенбаеў: «Тэрмін «альманах» мае на ўвазе працяг і перыядычнасць, а значыць, у гэтага выдання павінна быць будучыня. І не столькі тып выдання дыктуе гэтую заканамернасць, і нават не велізарнае багацце нашых літаратур, якое яшчэ не адкрыта чытачамі нашых дзяржаў, колькі патрэба нашых народаў быць бліжэйшымі, разглядаць агульнае ў розным, улаўліваць вібрацыю пачуццяў у моўных фарбах і разам рухацца да мары, якая аб'ядноўвае аўтараў фаліянта. Мары пра мір, дабрыню і шчасце».

Сваімі развагамі пра альманах, ініцыятыву нараджэння якога падтрымала Міністэрства культуры і спорту Рэспублікі Казахстан, над стварэннем якога рупіліся ў Саюзе пісьменнікаў Казахстана, Саюзе пісьменнікаў Беларусі, Выдавецкім доме «Звязда», на прэзентацыі падзяліліся лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь перакладчык Абая Мікола Мятліцкі, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі доктар філалагічных навук Іван Саверчанка, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі перакладчык рамана Мухтара Аўзава, прысвечанага Абаю, Міхась Пазнякоў, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аксана Кніжнікава... Кожны знайшоў свае словы, якія сведчылі пра цеснае гуманітарнае, культурнае супрацоўніцтва Беларусі і Казахстана. Пра гэта гаварылася і ў прывітальным слове ад імя міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатоля Маркевіча.

З Казахстана на прэзентацыю прыляцела намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Простор», паэтэса, публіцыст Любоў Шашкова, ураджэнка Беларусі. У альманаху, дарэчы, змешчаны ўрывак з яе паэмы «Рагнеда». Таксама ў фармаце анлайн удзел у прадстаўленні альманаха беларускім чытачам прынялі пісьменнікі, літаратуразнаўцы Казахстана — Арынбай Жанайдараў, Святлана Ананьева, Бахытжан Канап'янаў...

На старонках альманаха «Казахстан — Беларусь» з беларускага боку выступілі Алена Стэльмах, Алена Мальчэўская, Алесь Бадак, Віктар Шніп, Марыя Кобец, Віктар Гардзей, Андрэй Федарэнка, Людміла Рублеўская, Таццяна Сівец, Мікалай Аляксандраў, Мікола Мятліцкі, Міхась Пазнякоў, Васіль Ткачоў, Валерый Казакоў, Іван Арабейка, Генадзь Аўласенка, іншыя паэты, празаікі. Несумненна, плён кожнага з іх і ў перакладчыцкай працы, і ў арыгінальнай мастацкай творчасці звязаны з сяброўствам, трывалымі стасункамі з братнім Казахстанам. І, канешне ж, беларуская літаратурная грамадскасць не можа не паспрыяць нараджэнню ўжо новага выпуску альманаха пад назвай «Беларусь — Казахстан».

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.