Вы тут

ЦТ па беларускай мове плануюць прайсці 17,9 тыс. абітурыентаў


Цэнтралізаванае тэсціраванне па беларускай мове сёння плануюць прайсці 17,9 тыс. абітурыентаў, паведаміў БелТА дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый Міксюк.


Беларуская мова — першае выпрабаванне ў спісе прадметаў ЦТ, якія прапанавана здаць абітурыентам для паступлення ў ВНУ Беларусі. Тэсціраванне пройдзе на базе 41 ўстановы адукацыі. Выпрабаванне стартуе па ўсёй краіне адначасова — у 11:00.

Варта своечасова прыбываць да пунктаў цэнтралізаванага тэставання. «Абітурыент павінен вызначыць сваю аўдыторыю ў корпусе. Ён павінен таксама прайсці лёсаванне месцаў у аўдыторыі, ідэнтыфікацыю асобы. То бок, гэта такі вельмі працяглы працэс. Таму абітурыенты не пазней чым за паўгадзіны павінны прыбыць у пункт тэставання», — распавёў Юры Міксюк.

Абітурыенты павінны мець пры сабе дакумент, які сведчыць асобу (пашпарт, від на жыхарства, пасведчанне бежанца), пропуск, гелевую або капілярную ручку з чарніламі чорнага колеру. Дзяржкамісія рэкамендуе мець дзве ручкі — на выпадак, калі раптам адна з іх падвядзе.

Забаронена праносіць сродкі прыёму, захоўвання і перадачы інфармацыі, то бок мабільны тэлефон і іншыя гаджэты. Абітурыентам нагадаюць перад уваходам у аўдыторыю, каб яны здалі тэлефон. «У аўдыторыі павінна быць рабочая абстаноўка, таму нельга шумець, мяняцца месцамі, абменьвацца матэрыяламі, атрымліваць падказку або камусьці падказваць. Нельга працаваць пасля заканчэння часу. Трэба слухаць арганізатараў, яны будуць гэтым працэсам строга кіраваць. У іх ёсць інструкцыя, якую яны будуць зачытваць, каб ва ўсіх аўдыторыях была аднолькавая абстаноўка. Парушальнікі будуць выдаленыя. Акрамя таго, пасля таго, як ужо ўскрылі пакеты з тэстамі, абітурыент ужо не можа патрапіць на тэсціраванне ў аўдыторыю», — адзначыў дырэктар РІКВ.

Разам з тым ёсць паважлівыя прычыны, якія дазволяць абітурыенту здаць ЦТ у рэзервовы дзень. Гэта тычыцца непрадбачаных абставінаў. «Напрыклад, электрычка спынілася ці яшчэ штосьці. Абітурыент можа звярнуцца і атрымаць дакументальнае пацверджанне гэтага факту. Пры наяўнасці прыкмет нядужання рэкамендуецца своечасова звяртацца да медыцынскіх работнікаў. У выпадку дрэннага самаадчування, пацверджанага дакументальна, абітурыент можа прайсці цэнтралізаванае тэціраванне ў рэзервовыя дні», — дадаў Юрый Міксюк.

У пунктах правядзення ЦТ прадугледжаны сродкі для дэзінфекцыі рук, рассаджваць у аўдыторыях будуць з захаваннем патрабаванняў сацыяльнага дыстанцыявання. У пункце цэнтралізаванага тэсціравання дазваляецца выкарыстоўваць маскі. Пры гэтым на этапе ідэнтыфікацыі асобы маску спатрэбіцца зняць.

Іспыт па рускай мове чакае абітурыентаў — 18 і 19 чэрвеня, ЦТ па грамадазнаўстве адбудзецца 21 чэрвеня, матэматыцы — 23 і 24 чэрвеня, біялогіі — 26 чэрвеня. ЦТ па замежнай мове можна будзе здаць 28 чэрвеня, хіміі — 30 чэрвеня, фізіцы — 2 ліпеня, гісторыі Беларусі — 4 ліпеня, геаграфіі — 6 ліпеня, сусветнай гісторыі (найноўшы час) — 8 ліпеня.

Даты рэзервовых дзён — 14 і 16 ліпеня (беларуская і руская мовы), 14 і 18 ліпеня — грамадазнаўства, матэматыка, біялогія, замежная мова, хімія, фізіка, гісторыя Беларусі, геаграфія, сусветная гісторыя (найноўшы час). Тэрміны рэгістрацыі абітурыентаў для праходжання ЦТ у рэзервовыя дні — з 2 па 9 ліпеня.

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?