Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Толькі ўсенародная абарона здольная даць сапраўдны адпор праціўнікам


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў Шклове праводзіць сустрэчу па пытаннях тэрытарыяльнай абароны, перадае БелТА.


Кіраўнік дзяржавы прыбыў у Шклоўскі райвыканкам, дзе яго сустрэлі міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін, дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч, а таксама прадстаўнікі мясцовых органаў улады. Падчас кароткай размовы перад мерапрыемствам кіраўнік дзяржавы ўзгадніў прызначэнне намесніка старшыні Горацкага райвыканкама Андрэя Камко кіраўніком Шклоўскага раёна.

«За мінулы год мы на сабе адчулі, як дэструктыўнае інфармацыйнае ўздзеянне, эканамічны, палітычны ціск, якія ішлі з Захаду, уплывалі на светапогляд нашых людзей і штурхалі некаторых з іх фактычна на здраду ўласнаму народу. Заўсёды неабходна даваць такі адпор падобным дзеячам, каб у памяці ворага ён аддрукаваўся на многія гады. І на гэта здольная толькі ўсенародная абарона, калі мы ўсе будзем абараняць сваю зямлю», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што ў пачатку тыдня наведваў прадпрыемства па вытворчасці стралковай зброі і боепрыпасаў. Да іх стварэння якраз і падштурхнула неабходнасць умацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу войскаў тэрытарыяльнай абароны. «У выпадку канфлікту кожны двор, кожны дом, галава сям’і, па меншай меры, павінны здолець абараніць сваю сям’ю, сябе і, натуральна, усе разам тую зямлю, тэрыторыю, на якой яны жывуць. Вось гэта будзе ўсенародная абарона», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.


Рашэнне аб стварэнні тэрытарыяльнай абароны пацвердзіла сваю мэтазгоднасць

«Рашэнне, прынятае 20 гадоў таму, аб стварэнні тэрытарыяльнай абароны за гэтыя гады пацвердзіла сваю мэтазгоднасць. Рашэнне было аб’ёмнае і, напэўна, адносна нятаннае. Я заўсёды перажываў: трэба рабіць, не трэба. Сёння мы перакананы, што зрабілі правільна. Гэта трэба было рабіць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, аб’яднанне мясцовых улад з насельніцтвам умацоўвае здольнасць краіны процідзейнічаць знешнім і ўнутраным пагрозам. «У пытаннях развіцця тэрытарыяльнай абароны мы зрабілі нямала: як ваенныя мне дакладваюць, удасканалены спосабы выканання задач, забяспечана ўзгодненасць дзеянняў розных сілавых структур, павышана аператыўнасць, устойлівасць сістэмы кіравання тэрытарыяльнай абароны. Праводзіцца мэтанакіраваная падрыхтоўка службовых асоб — ад губернатараў да камандзіраў рот і радавых байцоў тэрытарыяльных войскаў», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Таксама вядзецца планамерная работа па забеспячэнні ўзбраеннем і тэхнікай, накопліваюцца матэрыяльныя сродкі для патрэб тэрытарыяльнай абароны гарадоў і раёнаў. «Узбраенне ўвогуле добрае, толькі трэба яшчэ раз праверыць (што мы і будзем рабіць на працягу гэтага і будучага года), наколькі ў спраўным стане знаходзяцца зброя і боепрыпасы», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Рыхтуюцца да абароны ад розных замахаў і аб’екты, неабходныя для работы эканомікі, забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва, дадаў ён.

Прэзідэнт расказаў, што некалькі гадоў таму яму прапаноўвалі перадаць ваенныя камісарыяты ў падначаленне мясцовых органаў улады. Тады кіраўнік дзяржавы не прыняў гэтыя прапановы, каб не ламаць добра працуючую сістэму. «Тут вельмі важна не толькі спалучэнне мясцовых ваенных камісарыятаў з Міністэрствам абароны, але і кіруемасць краіны павінна быць, мясцовых органаў улады, старшынь райвыканкамаў, аблвыканкамаў. Вось мяне тады насцярожвала, каб мы не зрабілі горш у гэтай рэарганізацыі, — растлумачыў кіраўнік дзяржавы. — Але гэта пытанне не знята, мы можам яго разглядаць і далей. Таму калі будуць разумныя, пераканаўчыя прапановы аб рэарганізацыі ваеннай вертыкалі, мы можам іх разгледзець. Але справа не ў гэтым. Пакуль працуе нядрэнна ў плане кіруемасці і тая сістэма, якая ў краіне існуе».


Кожны рэгіён Беларусі павінен быць гатовы правесці мабілізацыю ў кароткі тэрмін

Прэзідэнт звярнуў асаблівую ўвагу на забеспячэнне поўнай гатоўнасці органаў кіравання тэрытарыяльнай абаронай і хуткай мабілізацыі сіл і сродкаў. «Нам самім на месцах, старшыням райвыканкамаў і аблвыканкамаў, трэба навучыцца ваяваць. Трэба ведаць свае аб’екты, якія вы будзеце ахоўваць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Таксама кіраўнікі на месцах павінны забяспечыць хуткую мабілізацыю грамадзян, якія падпадаюць пад мабілізацыю. «Вы павінны ведаць, дзе яны знаходзяцца, каб не 5-6 месяцаў мы іх адмабілізоўвалі, а, калі патрэбна, паднялі па трывозе і на працягу сутак яны прыехалі да вас», — звярнуў увагу беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы таксама закрануў тэму забяспечанасці транспартнымі сродкамі ў час мабілізацыі. «Усе кіраўнікі прадпрыемстваў, дзе гэта тэхніка сканцэнтравана, у мірны час павінны ведаць, што гэта тэхніка падлягае мабілізацыі», — адзначыў ён.

«Словам, у любы момант прыехалі, паднялі па трывозе, трое сутак — і ўсе на месцах, ахоўваюць тыя аб’екты, якія трэба тут ахоўваць, — падагульніў Аляксандр Лукашэнка. — Да гэтага ў краіне ўсе павінны рыхтавацца пасля сённяшняга мерапрыемства. Адна з мэт сустрэчы — даць сігнал на месцы, каб яны такім жа чынам у кожнай зоне (у нас іх 7), у кожным раёне былі гатовы адмабілізавацца ў той тэрмін, у які будзе прынята рашэнне Прэзідэнтам. Каб усе пачулі адсюль, з гэтага кабінета, сігнал да таго, што ўсе павінны быць гатовы»

Па матэрыялах БелТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».