Вы тут

Чым паломніцтва адрозніваецца ад турызму?


Лета ва ўяўленні сучаснага чалавека непарыўна звязана з паездкамі і падарожжамі. Але калі ў звычайнае падарожжа падчас адпачынку мы адпраўляемся для аднаўлення фізічных сіл, то паломніцтва — гэта дарога, закліканая аднавіць нашы духоўныя сілы. Паломніцтва — натуральная патрэба чалавечай душы, са спрадвечных часоў яно ёсць ва ўсіх народаў і ва ўсіх рэлігіях.


Будслаўскі касцёл.

— Галоўнае адрозненне паломніцтва ад турызму — тыя мэты, якія ставіць перад сабой чалавек, — кажа настаяцель прыхода храма Свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага ў Мінску святар Аляксандр Пальчэўскі. — Мэта паломніцтва — дотык да духоўнай рэальнасці праз фізічнае, канкрэтнае месца. Напрыклад, праз святыні, помнікі царкоўнай архітэктуры або месцы, якія згадваюцца ў Свяшчэнным Пісанні і гісторыі Царквы. Нядаўна ў нас было Евангельскае чытанне — апавяданне пра тое, як Ісус Хрыстос сустрэўся з жанчынай-самаранкай каля калодзежа Іакава. То-бок каля таго калодзежа, які пабудаваў яшчэ старазапаветны патрыярх Іакаў. Гэты калодзеж захаваўся да часоў, калі Гасподзь жыў на Зямлі, і, больш за тое, ён захаваўся да нашых дзён. Размешчана святыня недалёка ад Іерусаліма, у старажытным горадзе Сіхар (цяпер горад Наблус на заходнім беразе ракі Іардан, у Палесцінскай аўтаноміі). На працягу многіх стагоддзяў такія паважаныя паломнікамі месцы захоўваюцца і ўяўляюць велізарную духоўную каштоўнасць.

Чалавек — гэта яшчэ і плоць

Здавалася б, навошта адпраўляцца ў доўгі шлях да святыняў у эпоху інтэрнэту? Адказ просты. Чалавек — не толькі душа, гэта яшчэ і плоць. Святыні сілкуюць душэўна-цялесныя пачуцці — зрок, слых, дотык. Датыкаючыся да святыні, паломнік таксама асвячае і сваю плоць, настройваецца на духоўны лад, узбагачаючыся ўзнёслымі ўражаннямі. Таму паломніцтва (як і пост) — найважнейшы спосаб яднання цялеснага і духоўнага складнікаў чалавека, сцвярджае царква.

— Старажытная традыцыя паломніцтва ў сучасным свеце не страціла значэння, — кажа айцец Аляксандр. — Многія людзі імкнуцца да святых месцаў, каб унутрана дакрануцца да Божай благадаці, адчуць свет у душы праз далучэнне да святыні. У сучасным рытме жыцця гэта зрабіць складана.

— Да святых месцаў людзі адпраўляюцца з рознымі мэтамі. Вылечыцца, папрасіць дапамогі ў жыццёвых справах або здароўя блізкім. Гэта правільна? Або любыя жыццёвыя мэты тут непрымальныя?

— Вядома, гэта правільна. Хоць першараднымі, зразумела, павінны быць духоўныя мэты. Але і простыя жыццёвыя просьбы таксама могуць быць дадатковай матывацыяй да паломніцтва. Многія людзі адпраўляюцца да святых месцаў, ставячы перад сабой мэту змяніцца як духоўна, так і фізічна — атрымаць благаславенне, вылячэнне або падтрымку. І часта атрымліваюць, ёсць такія выпадкі і ў нашы дні. Але, паўтаруся, паломнік галоўнай мэтай павінен лічыць імкненне наблізіцца да Бога, і Бог, бачачы жаданне чалавека, дапамагае яму на гэтым шляху.

Жыровіцкі манастыр.

Хто такі паломнік

Паломнікам можа стаць любы хрысціянін. Важна толькі, каб ён быў у стане фізічна пераадолець тыя адлегласці, якія прадугледжвае паломніцтва. Але самае галоўнае пытанне, на якое павінен знайсці ў сваёй душы адказ чалавек, выпраўляючыся ў паломніцтва: навошта ён гэта робіць? Куды вядзе гэты шлях асабіста яго? Што ён хоча знайсці? Ці толькі дакрануцца да царкоўнай культуры і ўбачыць славутасці? Гэта ж не зусім паломніцтва — гэта турызм. Правільная мэта для паломніка — папрацаваць дзеля Бога, для духоўнага росту. Менавіта з усведамлення гэтай простай ісціны варта пачынаць свой шлях да святыні. Бо паломніцтва — не спосаб вырашэння асабістых праблем і не турыстычная паездка. Адпачыць і развеяцца у такой паездцы наўрад ці атрымаецца. І яшчэ адна важная ісціна: у паломніцтва можа адправіцца кожны, але паломніцтва — не для кожнага. Калі прайсці міма гэтай значнай ісціны, можа атрымацца, што вы пабывалі ў храмах і манастырах, але па-сапраўднаму нічога там так і не ўбачылі...

— Наколькі важна тое, што сучасны чалавек наўрад ці перажывае сур'ёзныя нястачы і цяжкасці на шляху да святыняў, як гэта было стагоддзі таму?

— Паломніцтва ў тым класічным сэнсе, якім яно было некалькі стагоддзяў таму, калі гэта сапраўды быў вялікі подзвіг і людзі маглі пешшу пераадольваць велізарныя адлегласці, а іх шлях доўжыўся некалькі месяцаў, наўрад ці магчыма ў нашы дні. Але ў кожным стагоддзі вернікі сутыкаюцца са сваімі цяжкасцямі. Так, сёння мы маем магчымасць з камфортам дабрацца да святыні. Разам з тым для сучаснага чалавека знайсці час і магчымасць, вырваць сябе з мітусні і клопатаў, аддаць асабісты час на тое, каб адправіцца ў паломніцтва, — таксама свайго роду духоўны подзвіг.

Святая зямля.

Аб цяжкасцях шляху

Не варта ўспрымаць паломніцтва як дарогу да нейкіх выгод, якія можна папрасіць, прыбыўшы ў святое месца, і абавязкова атрымаць. Імкнучыся да матэрыяльных выгод, можна не заўважыць значна большага дару, які здабывае чалавек, дакрануўшыся да святыняў. Пазбавіўшыся раздражняльнасці, мітусні, зайздрасці, эгаізму, мы здабудзем гармонію і Бога ў душы. Наведаўшы манастыр або храм, куды вернік адпраўляецца ў паломніцтва, чалавек адчуе спакой і радасць. А вось наколькі камфортнай будзе дарога да святыні і колькі зорак будзе ў гасцініцы, у якой давядзецца жыць, — другарадна і, па сутнасці, да паломніцтва дачынення не мае.

— Як паломніку варта рыхтавацца да свайго падарожжа?

— Вядома, важна духоўная падрыхтоўка, бо турызм і паломніцтва вельмі моцна адрозніваюцца. Напрыклад, арганізоўваючы паломніцтва, мне даводзілася сутыкацца з людзьмі, якія не заўсёды гатовы да нейкіх абмежаванняў, і для іх гэта сур'ёзнае выпрабаванне. Сучасны чалавек прывык да камфартабельных гасцініц, а калі мы едзем у нейкі манастыр, зразумела, умовы пражывання не будуць адпавядаць атэлям на курортах. Для тых, хто ўпершыню адпраўляецца ў паломніцтва, гэта добрая школа набожнасці і выхавання цярпення ў адносінах да людзей і абставін.

— То-бок цяжкасці і нястачы — і ў нашы дні непазбежная частка шляху паломніка да святыняў?

— Так, і лепш маральна падрыхтавацца да іх загадзя.

— А ці патрэбныя перад паломніцтвам пост, споведзь?

— Так, калі мы едзем у святое месца — храм або манастыр, дзе праводзяцца богаслужэнні, і калі мы хочам прыняць удзел у таінствах, плануецца і пост, і чытанне малітваў, і споведзь. Вельмі важна настроіцца ў дарозе — не слухаць музыку і не глядзець кіно, а пачытаць Святое Пісанне і малітвы.

Зразумела, перад дарогай трэба як мага больш даведацца аб святыні, куды вы адпраўляецеся — не з турыстычных даведнікаў, а з духоўных тэкстаў. Толькі тады ваша дарога стане сапраўдным паломніцтвам. Таму што паломнік павінен убачыць у першую чаргу не архітэктурныя помнікі і не прадметы мастацтва — хоць і гэта таксама. Побач са святыняй паломнік бачыць свае недахопы — і набывае сілу іх выправіць.

Куды адправіцца?

— У паломніцтва лепш ехаць аднаму або з групай?

— Можна адправіцца і аднаму. Але, вядома, калі едзе прыход, калі людзі адзін аднаго ведаюць ці знаёмяцца ў дарозе і праводзяць час разам, гэта духоўна настройвае кожнага і аб'ядноўвае.

Калі вы адчулі ў сваёй душы жаданне дакрануцца да святыняў, стаўшы паломнікам, спачатку варта пагутарыць са святаром і ўзяць благаславенне на паездку.

— Пры многіх храмах існуюць паломніцкія цэнтры, якія займаюцца арганізацыяй і правядзеннем такіх паездак, — кажа суразмоўнік. — Наш прыход таксама пастаянна праводзіць паломніцкія паездкі вернікаў як у межах Беларусі, так і ў Святую Зямлю, Грэцыю, Грузію.

— Сёння ў беларускіх падарожнікаў варыянтаў вельмі няшмат. А куды вы параілі б адправіцца ў паломніцтва ў Беларусі гэтым летам?

— У нашай краіне ёсць выдатныя месцы — перш за ўсё гэта Жыровіцкі манастыр. У 2020 годзе споўнілася 550 гадоў з дня з'яўлення Жыровіцкай іконы і 500 гадоў з дня заснавання манастыра. Гэта найстаражытнейшы і найбуйнейшы манастыр на тэрыторыі Беларусі. Тут можна прыняць удзел у богаслужэнні, пагутарыць з манахамі, дакрануцца да духоўнай традыцыі праваслаўнай Царквы. Варта наведаць і Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр у Полацку, куды штогод прыязджае мноства паломнікаў. Гэта дзіўнае месца, я сам вельмі люблю там бываць і стараюся кожны год яго наведваць. А ў цэлым у кожнай епархіі, у кожнай вобласці Беларусі ёсць святыні, якія могуць быць мэтай паломніцтва.

— А калі казаць пра найбольш знакавыя для праваслаўя святыні, размешчаныя за мяжой?

— Для хрысціяніна дорага наведванне тых месцаў, якія ў першую чаргу звязаны з жыццём Збавіцеля (Святая Зямля, Іерусалім). А таксама месцы, звязаныя з жыццём Прасвятой Багародзіцы і святых. У праваслаўнай традыцыі паломнікі любяць наведваць Святую Зямлю і Святую гару Афон (але на Афоне могуць пабываць толькі мужчыны). Гэтыя месцы асабліва каштоўныя тым, што на працягу многіх стагоддзяў там захоўвалася і падтрымлівалася духоўнае жыццё. Манахі, старцы, падзвіжнікі дзеляцца сваім вопытам духоўнага жыцця з тымі, хто прыязджае да іх, удзельнічае ў богаслужэннях. Святыя месцы прыцягваюць да сябе вернікаў яшчэ і тым, што тут прысутнічаюць людзі, да якіх імкнуцца душы і сэрцы. Наш храм прысвечаны Спірыдону Трыміфунцкаму, а яго нятленныя мошчы захоўваюцца на востраве Корфу — у адным з самых шанаваных у праваслаўным свеце месцаў паломніцтва. У Расіі вядомыя месцы паломніцтва — Троіца-Сергіева Лаўра і Опціна Пустынь. Наогул, праваслаўных святынь мноства, адшукаць іх можна нават у Сан-Францыска, дзе захоўваюцца мошчы святога Іаана Шанхайскага і Сан-Францыскага.

— У нашы дні ў сувязі з пандэміяй і іншымі звязанымі з перамяшчэннем праблемамі вы б параілі паломнікам не адмаўляцца ад жадання на свае вочы ўбачыць тыя ці іншыя святыні?

— Я думаю, калі ёсць магчымасць, ад паломніцтва адмаўляцца не варта. Наадварот, у складаныя перыяды жыцця, каб умацаваць веру і здабыць душэўны спакой, вельмі добра наведаць святое месца — для ўнутранага, духоўнага абнаўлення.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Дарога да міру ў душы

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

«Прадам утульную кватэру, а куплю яшчэ лепшую». А пра падаткі вы не забыліся?

«Прадам утульную кватэру, а куплю яшчэ лепшую». А пра падаткі вы не забыліся?

Адна мая добрая знаёмая вырашыла палепшыць свае жыллёвыя ўмовы — прадаць сваю двухпакаёвую кватэру і купіць трохпакаёвую.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

БЛІЗНЯТЫ. Калі ёсць цікавыя ідэі, то менавіта цяпер яны будуць запатрабаваныя і нарэшце ажыццёвяцца. Тыдзень прынясе знаёмствы з новымі людзьмі, спатканні, вандроўкі і шмат яркіх уражанняў. Асабістае жыццё рэзка зменіцца, прычым менавіта так, як вы марылі. Вы больш не будзеце самотныя, сітуацыя вырашыцца на вашу карысць.

Грамадства

Ці варта засцерагацца ад вяртання анамальнай спякоты? Дзмітрый Рабаў расказаў пра надвор’е на астатнюю частку лета

Ці варта засцерагацца ад вяртання анамальнай спякоты? Дзмітрый Рабаў расказаў пра надвор’е на астатнюю частку лета

«Верхавіна лета» прайшла, і ўжо мала хто памятае, што першая дэкада чэрвеня была халаднаватай і з замаразкамі.

Грамадства

Усё што трэба ведаць пра пляжны сезон

Усё што трэба ведаць пра пляжны сезон

У апошнія тыдні на краіну абрынулася небывалая спякота...