Вы тут

Вік­то­рыя Ла­зіц­кая: «Дзя­ку­ю­чы дзі­ця­ці я ста­ла больш па­спя­ваць»


У далікатнай маладой жанчыне, якая ішла побач з высокім хлопцам, які каціў каляску з чароўнай малечай, я так і не пазнала вакалістку гурта «БайСіці» Вікторыю Лазіцкую. Яна сама да мяне падышла. Ох ужо гэты сцэнічны макіяж — мяняе чалавека да непазнавальнасці, нібы выбудоўвае ахову паміж артыстам і публікай.


А на прагулцы з мужам і дачкой Вікторыя выглядала вельмі міла, неяк па-хатняму і ў той жа час дагледжана. Тэма размовы была акрэслена загадзя — сямейнае жыццё. Мы прыселі на лаўку ў парку, каб пагаварыць, а муж артысткі шпацыраваў непадалёк з каляскай. У нейкі момант і ён паўдзельнічаў у інтэрв'ю.

— Як вы пазнаёміліся з мужам?

Вікторыя: — Як бы банальна ні гучала, але пазнаёміліся мы на адпачынку ў Егіпце. Было гэта яшчэ ў даковідныя часы. У нас у калектыве традыцыя: пасля шматлікіх канцэртаў і карпаратываў добра адпачыць. А тады мы вырашылі пагрэцца і паляцелі ў цёплую краіну. Мой будучы муж у гэты ж дзень паляцеў на адпачынак са сваімі сябрамі. Сустрэліся вечарам у рэстаране, аднак першым нас з дзяўчатамі заўважыў сябар мужа. Праходзячы міма нашага століка, ненадакучліва адарыў нас кампліментамі, пазнаёміўся, і ў выніку ўсе хлопцы далучыліся да нашай дзявочай кампаніі. Мы міла размаўлялі ў той вечар, а маё знаёмства з Антонам працягвалася і далей.

— А далей — гэта колькі часу прайшло да вяселля?

В.: — Пасля прыезду дамоў мы сустракаліся паўтара месяца, а потым малады чалавек з'ехаў працаваць па кантракце за мяжу. Але ўвесь гэты час былі палкія стэлефаноўванні, зносіны ў сацсетках. Увосень Антон вярнуўся ў Мінск і за дзень да майго дня нараджэння зрабіў прапанову.

— Нярэдка адносіны, якія толькі пачынаюцца, адлегласць разбурае…

Антон: — У нас атрымалася наадварот: на адлегласці пераканаўся ў сваіх пачуццях да Вікі.

В.: — Добра, што мы жывём у век высокіх тэхналогій і можам карыстацца сучаснымі сродкамі сувязі.

— А як прайшло знаёмства з бацькамі?

В.: — Мае бацькі, калі ўбачылі Антона, сказалі, што яны быццам ведалі яго ўсё жыццё, вельмі хутка пачалі называць яго сынам. Я ні кроплі не хвалявалася за адносіны Антона і бацькоў, ён ім спадабаўся адразу, а маму проста скарыў сваімі бліскучымі кулінарнымі здольнасцямі. Пры гэтым бывае ж так, што мужчына выдатна гатуе, а вось прыбіранне на кухні пасля кулінарных эксперыментаў дастаецца жанчынам. Антон гатуе ў тым ліку складаныя стравы, і на кухні ў яго ідэальны парадак. У мяне таксама цёплыя адносіны з бацькамі мужа. Свякроў — мая другая мама, яна таксама называе мяне сваёй дачкой.

— Як спраўлялі вяселле, хто з артыстаў спяваў?

В.: — Так атрымалася, што на падрыхтоўку да вяселля ў нас было ўсяго тры тыдні. Фактычна ўсе клопаты па сцэнарыі, культурнай праграме я ўзяла на сябе, бо перад маімі вачыма прайшло шмат розных урачыстасцяў. Хацелася пазбегнуць памылак, якія я заўважала ў іншых. Мне дапамагалі ўсе дзяўчаты з «БайСіці» і наш прадзюсар Уладзімір Іванавіч Бранкоўскі. На ўрачыстасць сабралася амаль сто чалавек! Прыехалі ўсе родныя і сябры, не абышлося без сваякоў з далёкіх краін. Музычная частка была аддадзена бэнду «Ячны солад», вядучым у нас быў Сяргей Епіхаў, а яго танцавальнае шоу таксама забаўляла гасцей. Было вельмі прыемна, што прыехала павіншаваць са шлюбам мая сяброўка Ірына Дарафеева, з песняй-віншаваннем з'явіўся Аляксей Хлястоў. Вядома, я крыху нервавалася падчас падрыхтоўкі, хоць мяне падтрымлівалі родныя і сябры. Сама ўрачыстасць прайшла нефармальна і прыгожа, як я і хацела.

— У гурта «БайСіці» нямала прыхільнікаў. Як вы, Антон, спраўляецеся з пачуццём рэўнасці?

А.: — Я давяраю Вікторыі, таму раўнаваць неяк і не думаў. Калі няма даверу, то і не варта ствараць сям'ю. Замест рэўнасці я захапляюся дасягненнямі сваёй жонкі, радуюся новым песням, кліпам і нават прыхільнікам (смяецца). Хоць, трэба прызнаць, я вельмі раўнівы, якім і мусіць быць Леў па гараскопе.

— Якая песня ў выкананні гурта «БайСіці» ваша самая любімая?

А.: — Самая любімая — «Я за табой пайду». Упершыню я яе пачуў на вяселлі, калі жонка і ўдзельніцы гурта выконвалі яе разам з бэндам «Ячны солад». Памятаю, як у той момант, як кажуць, ляглі на сэрца тэкст і музыка, а яшчэ ж і Віка вельмі прыгожа спявала.

— Як змянілася ваша жыццё з нараджэннем дзіцяці?

В.: — Яно змянілася цалкам. Дзіця доўгачаканае і вельмі жаданае. Дзіця, якое прынесла шчасце ад мацярынства і ад бацькоўства. Вельмі хацелі першую дзяўчынку, так і атрымалася. Усё па-іншаму закруцілася. Нельга сказаць, што гэта цалкам перыяд ружовага шчасця, бо бываюць моманты, калі ты не ведаеш, як сябе паводзіць. Першыя тры месяцы малая нам зусім не давала спаць. Часам за ноч выпадала паспаць усяго толькі паўгадзіны. На шчасце, дапамагалі нашы бацькі. Потым усё нармалізавалася, і я ўжо задумвалася над тым, каб вярнуцца да работы. І, ведаеце, аказалася, што ўсё можна сумяшчаць, і пасля канцэртаў асабліва прыемна вяртацца дадому, дзе цябе чакаюць, а больш за ўсіх — дачушка.

Менавіта з таго моманту гэта мая любімая песня.

Як гэта ні дзіўна, але дзякуючы дзіцяці я стала больш паспяваць. Пакуль не было Паліны, дазваляла сабе даўжэй паспаць, часам, можа, крыху нават ленавалася. Цяпер у мяне атрымліваецца не толькі планаваць свой дзень, але і ажыццяўляць задуманае.

А.: — Нягледзячы на тое, што былі цяжкія моманты, нам вельмі спадабаўся першы вопыт бацькоўства. І зараз мы ўжо задумаліся пра другое дзіця.

— Ці замацаваны за кожным з вас пэўныя хатнія абавязкі?

В.: — У нас у сям'і няма падзелу на жаночыя і мужчынскія хатнія справы. Ніколі нават не звярталіся да паслуг няні. Калі канцэрты — прыязджае мая свякроў. Я ёй вельмі ўдзячная. Яна выгадавала сына, які ўмее ўсё: прыбраць, прыгатаваць, нешта добраўпарадкаваць. Мы стараемся абачліва ставіцца адзін да аднаго: калі заўважаем, што нехта больш стаміўся, то даём магчымасць адпачыць. Мне здаецца, што сям'я ствараецца ў тым ліку для таго, каб дапамагаць, падтрымліваць адзін аднаго.

— Хто адказвае за сямейную бухгалтэрыю?

В.: — Галоўны фінансіст — муж. Антон скрупулёзна вядзе хатнюю бухгалтэрыю. У замужжы і ў мяне змянілася стаўленне да грошай. Калі раней я магла купіць сёе-тое пад настрой, але не вельмі патрэбнае, то цяпер значна больш сур'ёзна падыходжу да шопінгу. І пры гэтым не магу сказаць, што ў чымсьці сабе адмаўляю, проста, з аднаго боку, стала больш рацыянальнай, з іншага — я ж зараз не адна, і мне прыемна клапаціцца аб сваіх блізкіх. Мы ствараем, як жартам называем, «залаты фонд», які плануем выдаткаваць на будаўніцтва дома. Пры гэтым частка маіх даходаў застаецца выключна ў маім распараджэнні на ўсякія жаночыя радасці — масажы, SPA-працэдуры. Муж не супраць.

— Дзе і як ваша сям'я любіць адпачываць?

В.: — У цёплыя краіны, якія вельмі любім, пакуль яшчэ не выляталі, бо з маленькім дзіцем гэта вельмі хвалююча. Ды і цяпер пандэмія, да якой мы сур'ёзна ставімся. У асноўным адпачывалі за горадам, да таго ж у Беларусі вельмі шмат цікавых і прыгожых месцаў. Часам бацькі застаюцца з Палінкай, а нас адпускаюць на рамантычныя вячэры ў рэстараны.

— У беларускім шоу-бізнесе нямала сямейных пар. Ці ёсць такая, якой вы захапляецеся і чаму?

В.: — Класічны прыклад пары, якая глядзела ў адным кірунку, — Ірына Відава і Алег Молчан. У іх былі проста ўнікальныя адносіны: і партнёрства ў творчасці, і бясконцае захапленне адно адным. Калі не стала Алега Уладзіміравіча, Ірына зрабіла вельмі шмат для захавання памяці пра яго як пра выдатнага сучаснага кампазітара. Наша група заўсёды падтрымлівае Ірыну, калі трэба выступіць на мерапрыемствах памяці Алега Молчана, бо ён падарыў нам выдатныя песні. А яшчэ мне вельмі імпануе пара Вольгі Плотнікавай і Генадзя Маркевіча. Яны адзін аднаго выдатна дапаўняюць, у іх добра ўладкаваны побыт, выхаваныя дзеці, пры гэтым усё трапятліва і душэўна. Падабаецца іх пазітыўнае стаўленне да жыцця. Вольга для мяне — натхняльны прыклад таго, як удала сумяшчаць мацярынства і сцэну.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота з асабістага архіва Вікторыі Лазіцкай

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».