Вы тут

Кожны другі падлетак сутыкаецца з гвалтам у школьным асяроддзі


Праспект Сяброўства намалявалі на агароджы, што  ўздоўж дарогі на Рэчыцу насупраць конна-спартыўнай школы, вучні Азяршчынскай сярэдняй школы № 1 Рэчыцкага раёна.


І гэта не проста маляўнічае графіці, а прапанова дапамагчы тым, хто пакутуе ад праяў булінгу, знак, што яны не адны. Праз карцінку аўтары хацелі праінфармаваць людзей, якія праходзяць міма, пра тое, як важна змагацца з цкаваннем і праявамі знявагі.

Работа школьнікаў — адзін з двух пераможцаў трэнінгу па тэхналогіі АПШЫФТ «Пошук рашэнняў для супрацьдзеяння булінгу ў школьным асяроддзі», які Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ) рэалізаваў у партнёрстве з Інстытутам псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта.

— Згодна са статыстыкай, кожны другі падлетак сутыкаецца з цкаваннем і гвалтам у школьным асяроддзі. Вельмі важна, што менавіта самі школьнікі, падлеткі стваралі вырашэнне гэтай праблемы падчас праекта і ўвасаблялі ў жыццё свае ідэі, як супрацьстаяць булінгу. Калі мы абвяшчалі вынікі спаборніцтваў, якія праходзілі ў межах праекта «Сяброўскае і падтрымліваючае асяроддзе ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі», то абяцалі дапамагчы двум пераможцам рэалізаваць іх праекты, — нагадаў Дзмітрый ШЫЛІН, старшы каардынатар па пытаннях аховы дзяцінства прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Беларусі.

Ідэя азяршчынскіх навучэнцаў скарыла журы тым, што праект абазначае праблему булінгу праз выявы, у якія ўкладзены адпаведны сэнс. Да таго ж графіці — актуальная патрэба падлеткаў у самавыяўленні.

— Мы ўпэўнены, што наш праект «Графіці супраць булінгу, або Праспект Сяброўства» дапаможа людзям, якія будуць праязджаць міма малюнка, — выказаўся Уладзімір ГРЫЦКОЎ, вучань 11 класа Азяршчынскай сярэдняй школы № 1, удзельнік праекта. — Булінг цяпер ёсць бадай што ў кожным горадзе, школе, класе, і пра гэта трэба гаварыць.

Такога ж меркавання прытрымліваюцца і педагогі.

— Многія дзеці, адчуўшы на сабе нейкія элементы гвалту, дадаюць да яго нешта сваё і прыносяць гэта ў школу. Такім чынам яны намагаюцца паказаць свае перавагі над іншымі, — заўважыла Таццяна ГАРДЗЕЙ, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Азяршчынскай сярэдняй школы № 1.

— Вельмі важна атрымаць пазітыўны вопыт дыялогу і рашэння праблем, якія ўзнікаюць ва ўзаемаадносінах аднагодкаў, і прыйсці да сяброўскіх адносін, — падкрэсліла Ала МУЗЫЧЭНКА, загадчык кафедры псіхалогіі адукацыі БДПУ імя М. Танка.

Падчас стварэння работы ў графіцістаў была вялікая група падтрымкі. Школьнікі змаглі яшчэ раз абмеркаваць пытанні булінгу, падзяліцца сваімі думкамі і нават зладзіць невялікі музычны флэшмоб.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».