Амаль 40 гадоў назад пайшоў з жыцця вядомы ў свой час беларускі пісьменнік, публіцыст Макар ПАСЛЯДОВІЧ. Дарэчы, яго імя носіць адна з вуліц горада Мар’іна Горка — раённага цэнтра Пухавіччыны. Калі быць дакладным, то памёр пісьменнік 30 снежня 1984 года...
Перада мною — два фотаздымкі літаратара. На адным ён — на рыбалцы на Пцічы каля вёскі Гарэлец Пухавіцкага раёна. Родныя мясціны. Ён і нарадзіўся на Пухавіччыне, у вёсцы Караваева. І летаваць выбіраўся сюды, у родны край. Часта бываў у Караваева, Гарэльцы, Ліпску, самой Мар’інай Горцы. Дарэчы, у час Вялікай Айчыннай вайны Макар Трафімавіч быў кіраўніком мар’інагорскай падпольнай групы і сувязным партызанскага атрада імя Сталіна, які дзейнічаў у Пухавіцкім раёне. Па падазрэнні ў сувязях з партызанамі Макара Паслядовіча ў 1943 годзе арыштавалі і адправілі ў Германію на катаржныя работы.
Пасля вызвалення пісьменнік вярнуўся ў Беларусь і прадоўжыў займацца літаратурнай, публіцыстычнай працай. У 1945 — 1948 гг. быў спецыяльным карэспандэнтам гаеты «Звязда».
За плячыма ў Макара Паслядовіча мнеўся і даваенны літаратурны вопыт. Друкавацца ён пачаў яшчэ ў 1920-я гады. У 1926 годзе як актыўны селькор быў запрошаны на сталую працу ў газету «Беларуская вёска». У 1935 — 1939 гг. працаваў адказным сакратром літаратурна-мастацкага часопіса «Полымя рэвалюцыі». У 1936 годзе журналіста і на той час аўтара некалькіх кніг прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР. А што да кніг, то ў 1930-м выйшаў зборнік апавяданняў «Зруйнаваныя межы». І ў тым самым годзе — «Людзі вясны». Праз чатыры гады — «Чатырнаццаты нумар». З даваенных твораў — яшчэ і кніга «Снайпер» (1937), аповесці «Марсель» (1931), «Хада ў заўтра» (1933)... Макар Паслядовіч шмат ездзіў па краіне. Яго героі прыходзілі ў творы з вёсак, калгасаў, проза «звяздоўца» насіла выключна сацыяльны характар. Здавалася, што Макар Паслядовіч спяшаўся апісаць усё новае жыццё, тыя змены, якія прыходзілі ў вёску, у грамадства... Спрабаваў сябе і ў драматургіі. Напісаў яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны п’есы «Гонар», «Гарачае сэрца», «Шалёная рысь».
І ў час работы ў «Звяздзе», і пазней, калі быў выключна на творчай працы, Макар Паслядовіч заставаўся ўважлівым да такога жанру як нарыс. У 1949 годзе асобным выданнем выйшаў яго расповяд «Аляксандра Шаплыка». Нарыс — пра Героя Сацыялістычнай Працы Аляксандру Аляксандраўну Шаплыка (1893 — 1988), якая ў Любанскім раёне ўзначаліла звяно па вырошчванню кок-сагызу ў калгасе «Чырвоаня змена». У 1949 годзе працалюбівай жанчыне было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. А што да кок-сагызу, то для сённяшніх чытачоў трэба ўжо і патлумачыць, што гэта за культура, што за расліна такая... Адзін з найлепшых натуральных каучукносьбітаў у СССР. З 1933 года быў уведзены ў культуру. Культаваўся гэтаксама як і крым-сагыз і тау-сагыз. Найперш — у еўрапейскай частцы Савецкага Саюза. У тым ліку — і ў Беларусі. А з 1954 года ў краіне пачалася вытворчасць ізапрэнавага сінтэтычнага каучука. Адпаведна плантацыі кок-сагызу сыйшлі на нішто... А вось нарыс і памяць пра людзей, дзякуючы намаганням якіх вырашалася значная народнагаспадарчая задача, засталіся.
Пасля вайны Макар Паслядовіч часта персанажы, вобразы герояў сваіх твораў знаходзіў на Пухавіччыне. Не выключэнне — і раманы «Цёплае дыханне» (1948), «Святло над Ліпскам» (1950). А ў 1988 годзе яны былі перавыдадзены ў адной кнізе. Мяркуючы па біяграфіі пісьменніка, старонкі гэтых твораў пісаліся ў час яго працы ў «Звяздзе».
А здымкі, якія патрапілі да мяне ад гарэлецкага настаўніка і краязнаўца Сяргея Сіпача, стваральніка музея «Партызанская слава», — выразная дакументальная згадка на тое, што Макар Трафімавіч быў цесна звязаны з родным краем. На адной з фотавыяў: пісьменнік ловіць рыбу. На Пцічы. Каля вёскі Гарэлец. 1972 год. На другім здымку, які чамусьці датаваны 1990-м годам (памёр Макар Паслядовіч у 1984 годзе), — пісьменнік Макар Паслядовіч і гарэлецкі настаўнік Сяргей Іванавіч Сіпач. Рукою краязнаўца падпісана (алоўкам): «... у час сустрэчы ў лесе каля в. Ліпск...» Дарэчы, у 1942 годзе ў вёсцы Гарэлец прайшоў партызанскі парад. Удзельнічала ў ім каля 1200 чалавек. Арганізатары — партызаны 2-й Мінскай партызанскай брыгады. Фашысты, даведаўшыся пра гэта, спалілі не толькі Гарэлец, але яшчэ і пяць навакольных вёсак — Ліпнікі, Пясчанку, вёску Янка Купала, Ліпск, Ржышча...
21 жніўня 2021 года — 115 гадоў з дня нараджэння пісьменніка, журналіста газеты «Звязда» Макара Паслядовіча. Мо дату заўважаць землякі-пухавіччане?.. Напрыклад, вечарам у раённай бібліятэцы альбо адмысловай экспазіцыяй у Пухавіцкім раённым краязнаўчым музеі. Добра было б арганізаваць хаця б невялікую кніжую выстаўку ў гонар Макара Паслядовіча ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. А мо ў кагосьці з’явяцца і іншыя цікавыя ідэі ў знак ушанавання памяці беларускага літаратара...
Кастусь ЛАДУЦЬКА
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.