Вы тут

Ад­ва­рот­ны бок ме­да­ля


Здараюцца падзеі альбо выпадкі, калі не толькі асобны чалавек, але і цэлая грамада можа сябе ўбачыць нібы ў люстэрку — такім адлюстраваннем звычайна становяцца паводзіны ды ўчынкі. У мінулую суботу адбылася значная падзея ў жыцці многіх грамадзян нашай краіны. Па ўсіх вайсковых часцях прайшла прысяга навабранцаў. Гэта ўрачыстае мерапрыемства нярэдка арганізоўваецца ў памятных мясцінах, такіх як Брэсцкая крэпасць. Іншыя праводзяць рытуал у сябе на пляцы. У любым выпадку ў часць у такі дзень прыязджаюць бацькі і сваякі, салдатам даецца звальненне.


Хто бываў на падобных мерапрыемствах, ведае, пра што я кажу. Вось і мне ў суботу давялося наведаць адну з вайсковых часцей пад Барысавам з нагоды прысягі сына. Іх, віноўнікаў урачыстасці, было амаль 1300 чалавек. Ну і, адпаведна, гледачоў з ліку родных і знаёмых, трэба думаць, тысячы тры, а то і больш. Пасля мерапрыемства нашы салдаты, ва ўсякім разе абсалютная большасць з іх, пайшлі ў сутачнае звальненне. Але паколькі камандаваннем было прадпісана знаходжанне вайскоўца ў радыусе 150 кіламетраў ад часці, дадому забраць сыноў атрымалася далёка не ва ўсіх. Ды і немагчыма гэта зрабіць тым, хто прыехаў з Брэста, як мы, альбо з Гомеля, Магілёва, нават калі б падобных абмежаванняў не было.

За некалькі дзён да падзеі мы з дачкой сталі разглядаць варыянты сутачнага пражывання ў ваколіцах Барысава, тым больш што прапановы на адпаведных сайтах як быццам бы вісяць пастаянна. Ну вось, напрыклад, у Барысаве здаюць пасутачна аднапакаёвую кватэру за 25 рублёў. Мы палічылі гэта якраз прымальным, а калі патэлефанавалі, дзяўчына на тым канцы безэмацыянальна паведаміла, што менавіта ў гэты дзень дадзеная кватэра каштуе 120 рублёў. Ад нечаканасці не сталі яе замаўляць, вырашылі пашукаць іншыя варыянты. Але гадзіны праз дзве пашкадавалі, бо праз указаны час і гэтая жылплошча аказалася занятая. Мы махнулі рукой, маўляў, не суджана, і вырашылі, што за такія грошы здымем кватэру ў Мінску, 70 кіламетраў — не такая ўжо вялікая адлегласць. Ды як казаў герой папулярнага ў савецкія часы анекдота: «Штырліц памыліўся».

У чацвер заказаць кватэру ў Мінску на суботу аказалася нерэальна. Адна дзяўчына з агенцтва напеўным голасам сказала, што на найбліжэйшыя выхадныя трэба замаўляць хоць бы ў панядзелак. Такім чынам, на сваіх інтэрнэт-пляцоўках сталіца нам нічога не прапаноўвала. Праўда, у пятніцу высвецілася аднапакаёўка ў Жодзіне коштам 150 рублёў за суткі. У выніку мы амаль выпадкова заўважылі нумар на траіх за 130 рублёў, які здавала аграсядзіба пад Барысавам, ды потым не пашкадавалі. І ўмовы пражывання, і сервіс былі на прыстойным узроўні. Аграсядзіба, якая пабудавала сваю «фішку» на гісторыі вайны 1812 года, мае ўласны музей, карыстаецца папулярнасцю ў турыстаў. І што самае важнае, яны не накручвалі цэны менавіта ў гэты дзень — у іх заўсёды такі кошт.

У адрозненне ад тых суайчыннікаў, якія робяць бізнес на здачы ў арэнду кватэр. Выходзіць, для іх прысяга вайскоўцаў — зорная гадзіна, калі можна садраць тры скуры і зарабіць. Назаўтра на сайты ў іх зноў вярнуліся рэальныя цэны. Не ведаю, ці выратавалі яны свой бізнес гэтым днём, а вось сутнасць сваю паказалі. А калі да нейкага навабранца прыехалі зусім небагатыя з аддаленай вёскі родзічы, у якіх няма грошай, каб заплаціць за жыллё? Той, вядома, на вуліцы не застаўся б, ён мог пайсці на некалькі гадзін у звальненне, а нанач пайсці ў казарму, у нядзелю абяцалі святочны абед для салдат. Але ж усе навокал пайшлі са шчаслівымі мамамі, узрушанымі татамі, усмешлівымі дзяўчатамі... Заставацца ў такі дзень аднаму ў казарме — ну, вы разумееце.

Ведаю, што скажуць мне местачковыя прадпрымальнікі: «Нічога асабістага, гэта бізнес». Толькі, шаноўныя, як паказвае ход гісторыі, часцей выжывае бізнес менавіта з чалавечым тварам. Пачытайце, як у Амерыцы перад нацыянальным святам — Днём падзякі — зніжаецца кошт на індычку, бо гэта абавязковы атрыбут названага свята для ўсіх сем'яў. У нас жа перад святамі цэны на папулярныя прадукты на рынках падскокваюць. І на кватэры, як высветлілася, у асобных выпадках.

Вядома, не варта стрыгчы ўсіх пад адзін грэбень. Можна прывесці мноства прыкладаў, калі таксісты бясплатна развозілі людзей пры розных надзвычайных сітуацыях. Так было, напрыклад, пасля тэракта ў метро. Ды і з пачаткам пандэміі нашы людзі паказалі сябе здольнымі на спагаду, падтрымку; нярэдка могуць падзяліцца з незнаёмым чалавекам, калі той мае патрэбу ў гэтым. Падобнае, на шчасце, ёсць у нашым грамадстве, але прысутнічае і апісанае вышэй.

І яшчэ пра што не магу не сказаць заадно: здзівіла проста нейкая ваяўнічая неабачлівасць бацькоў і родных, якія прысутнічалі на цырымоніі прысягі. Шчыльнасць натоўпу гледачоў можна параўнаць хіба з тралейбусам у гадзіну пік. У масках было менш за адзін працэнт. Вынік падобнага ўзроўню рэспіраторнага этыкету звычайна не прымушае сябе чакаць. Ужо праз тры дні чатырох салдат з нашай роты шпіталізавалі з усімі прыкметамі COVІD-19.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю — pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.