Вы тут

Нататкі шматдзетнага таткі


Малодшай дачцэ стукнула тры гады. Старэйшыя дзеці разам з жонкай угаварылі мяне купіць ёй у якасці падарунка бегавел, маўляў, гэта вельмі крута. На маё пытанне: «Што гэта такое?» мне было сказана, што гэта як веласіпед, толькі без педаляў.

Я ўявіў, што мне ў дзяцінстве падарылі веласіпед без педаляў, жахнуўся ад гэтай думкі і спытаў: «А навошта патрэбен веласіпед без педаляў?» Але мне сказалі, што я адстаў ад жыцця і нічога не разумею ў падарунках.

Цяпер я гляджу, як дачка вучыцца ездзіць на бегавеле, адштурхоўваючыся нагамі ад зямлі, і думаю, што маё бацькоўскае сэрца гэтага доўга не вытрымае і я ўсё ж куплю ёй педалі.

Зрэшты, дачка шчаслівая, астатнія — таксама, таму, можа, я і праўда чагосьці ў гэтым жыцці не разумею...

P. S. І ўсё ж у глыбіні душы я вельмі рады, што ў нашым дзяцінстве не было бегавелаў. У нас быў альбо бег, альбо вел — і гэтага, паверце, было больш чым дастаткова.


Зайшоў раніцай у пакой сына, у яго там традыцыйны творчы беспарадак. Кажу яму:

— Прыбяры пакой.

Нуль рэакцыі.

Сфатаграфаваў яго пакой разам з ім і кажу:

— Калі не прыбярэш, буду цябе гэтым фота шантажыраваць.

Ён, не адрываючыся ад экрана ноўтбука:

— Можаш хоць у «Фэйсбук» выкласці: «чорны» піяр — гэта таксама піяр.

Як ні сумна канстатаваць, але з гэтым пакаленнем шантаж не праходзіць — для іх чым больш пра іх гавораць, тым лепш. І няважна, з якой нагоды.

Па-ранейшаму безадмоўна дзейнічае толькі стары добры подкуп, але на подкуп тату з мамай трэба яшчэ зарабіць. А шантаж заўсёды быў зручны тым, што ён нічога не каштаваў.

P. S. Мінус адзін інструмент уплыву на падлеткаў.


Сынок-малы да бацькі прыйшоў і спытаў:

— Тата, слухай, я тут перапісваюся з адным замежным універам аб залічэнні без экзаменаў, і мне трэба выбраць адзін з факультэтаў па фізіцы.

Я, зрабіўшы максімальна сур'ёзны твар:

— А якія там ёсць?

— Авіяцыйная фізіка, аэракасмічная і малекулярная, у малекулярнай там яшчэ мікраэлектроніка і нанатэхналогіі.

(Атрымліваецца, што фізікі, якія б разумныя ні былі, усё роўна маюць патрэбу ў парадах гуманітарыяў, таму што гуманітарыі, у адрозненне ад фізікаў, лепш разбіраюцца ў жыцці.)

Кажу яму:

— І які ты хочаш выбраць?

— Напэўна, авіяцыйны. А ты як думаеш?

— Навошта табе авіяцыйны? Самалёты ўжо даўно вынайшлі, там асабліва ўдасканальваць няма чаго — засталося толькі раздаць пасажырам парашуты і папрасіць пілотаў лятаць павольней.

— А куды лепш ісці?

— Вядома, на аэракасмічны.

— Чаму?

— Па-першае, я ў дзяцінстве марыў стаць астрафізікам. А па-другое, з гэтай планеты, калі ўсё так пойдзе і далей, хутка прыйдзецца «звальваць».

Потым мы яшчэ паспрачаліся, ці павінен сын здзяйсняць нязбыўныя мары свайго бацькі, і ў выніку сышліся пасярэдзіне — на малекулярнай фізіцы з нанатэхналогіямі. Таму самалёты, а таксама касмічныя караблі пакуль могуць спаць спакойна.

Але калі сын раптам стане вядомым фізікам — малекулярным нанатэхнолагам і будзе даваць інтэрв'ю, я спадзяюся, ён скажа, хто ў свой час прадвызначыў яго выбар.

P. S. А ўвогуле вельмі складана ў канцы рабочага дня, замест таго каб спакойна паглядзець тэлевізар, рухаць наперад сусветную навуку.


Успомнілася... Калі мы пазнаёміліся з маёй будучай жонкай, мне было 23, а Тані толькі-толькі споўніўся 21. Я ўжо некалькі гадоў працаваў перакладчыкам, а яна вучылася на перадапошнім курсе журфака.

І неяк усё імкліва адбылося: пазнаёміліся, пачалі сустракацца, праз сем месяцаў пажаніліся і паехалі ў вясельнае падарожжа... на Нарач.

Мы тады былі вельмі маладыя, поўныя сіл і нават не думалі, як будзем жыць, не маючы сваёй кватэры, на адну маю даволі сціплую зарплату. Нам здавалася: хіба ўсё гэта мае значэнне, калі людзі хочуць быць разам? Мы былі вельмі наіўныя, абсалютна не практычныя, і ў гэтым, як ні дзіўна, была наша сіла.

І з першым дзіцем мы таксама не зацягвалі: не думалі, што трэба, як кажуць, спачатку «пажыць для сябе», «лепш прыгледзецца адно да аднаго». Ды і з наступнымі дзецьмі, па вялікім рахунку, таксама.

І цяпер, гледзячы на свайго сына і чатырох дачок, я вельмі рады, што мы ніколі нічога ўсур'ёз не планавалі: маўляў, спачатку кватэра, потым кар'ера, потым штосьці яшчэ, а потым ужо дзеці. Мы ўвогуле заўсёды жылі і жывём, не будуючы далёкіх планаў: будзе дзень — будзе ежа.

І многія падзеі, дарэчы, сведчаць пра тое ж: трэба жыць сённяшнім днём, бо ніхто з нас не ведае, што будзе заўтра. Хоць усе мы, безумоўна, спадзяёмся і верым: па-першае, у тое, што заўтра абавязкова будзе, а па-другое, у тое, што яно будзе лепшым, чым сёння.

І ўсё ж жыць трэба, на мой погляд, менавіта сённяшнім днём. І тады заўтрашні таксама будзе цудоўны.

Павел ХОЛАД

Прэв’ю — pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».